Запавет чалавечнасці

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

20 чэрвеня слыннаму мастаку Гаўрылу Вашчанку споўнілася б 90 гадоў. Вопытны дызайнер, кіраўнік студыі Сollection Канстанцін ВАШЧАНКА вельмі падобны да свайго бацькі — такія ж блакітныя вочы глядзяць шчыра і адкрыта, а ў іх зіхаціць творчы агеньчык.

/i/content/pi/cult/697/15309/30.JPG— Нашы адносіны з бацькам былі цудоўнымі, але я ставіўся да яго не толькі як да таты, але як да мэтра, у якога была незвычайная аўра, — кажа Канстанцін. — Дома ён не займаўся гаспадарчымі справамі. Мацільда Адамаўна аберагала яго ад хатніх клопатаў. Ён вучыў мяне ў форме простай гутаркі падчас нашых сумесных паходаў і падарожжаў. Магу назваць яго сапраўдным палешуком: спакойным, працавітым, задуменным, разважлівым. У яго было абвостранае пачуццё справядлівасці. Ён ніколі не павышаў голас у сям’і, быў карэктным і інтэлігентным, не даводзіў сітуацыі да канфліктаў.

— Як склаўся ваш асабісты творчы лёс?

— Мне не хацелася быць другім маленькім Вашчанкам у жывапісе, я імкнуўся знайсці свой шлях, таму выбраў факультэт графікі. Пасля абароны дыплома ў інстытуце пайшоў у армію і служыў паўтара гады. Не паспеў вярнуцца дадому і павячэраць, як мне патэлефанаваў аднакурснік Валерый і паклікаў працаваць у часопіс “Рабочая смена”. Там мяне захапіў сам працэс, калі мой малюнак выходзіў з друкарскай машыны і трапляў на старонкі часопіса.

Я маляваў ілюстрацыі для часопіса, адказваў за дызайнерскую частку вёрсткі. У 1990-я гады з маім сябрам Дзмітрыем мы арганізавалі сваю прыватную фірму, у якой працуюць дзесяць дызайнераў. Так у нашым маленькім з’яднаным калектыве мы працуем ужо 24 гады — афармляем кнігі, альбомы жывапісу, выпускаем мастацкія календары, плакаты, буклеты, рыхтуем выставачныя стэнды. Мы выпускалі зборы твораў Мая Данцыга, Георгія Скрыпнічэнкі і іншых мастакоў і фатографаў. Асноўным кірункам працы студыі з’яўляецца якасная паліграфія. Мы імкнемся выпускаць календары на беларускую тэму, каб узняць прэстыж нашай краіны.

— Вы выдатна знайшлі дызайнерскае рашэнне для вёрсткі факсімільнага ўзнаўлення кніг Францыска Скарыны.

— Грандыёзны бібліятэчны праект мы рабілі цягам пяці гадоў — упершыню ў свеце быў выдадзены ўвесь Скарына. Мы гарантавалі высокую якасць дызайну, рэдактарскай працы, вёрсткі і друку. Бібліятэка перадала нам сканы ўсіх кніг Францыска Скарыны, мы прапанавалі пакласці іх на шэра-зялёны фон, каб розныя фарматы выданняў добра чыталіся. Мы рабілі пробы колераў. Была абрана адмысловая шведская папера для факсімільных выданняў, на якую добра кладуцца фарбы. Якасная італьянская скура была выкарыстана для вонкавага афармлення. Праект доўжыўся пяць гадоў. Мне пашчасціла патрымаць у руках рарытэты Скарыны.

Я адчуў прыліў сіл. Скарынавыя тытулы, буквіцы, гравюры мяне вельмі ўразілі! Параўноўваю іх з Дзюрэрам, але яны эмацыйна цяплейшыя. Нямецкая школа больш халодная, стрыманая. Асветнік выканаў асноўную задачу паліграфіі — данесці кнігу да шырокіх мас людзей. Простымі сродкамі ён дасягнуў дасканаласці.

— Гаўрыла Харытонавіч увасобіў вобраз першадрукара манументальна.

— Гэта тэма хвалявала яго. Да вобраза Скарыны бацька звяртаўся тройчы. Першы раз — у роспісе “Асветнікі”, дзе Францыск Скарына ідзе з разгорнутай кнігай. Другім зваротам стаў партрэт першадрукара пад назвай “Роднае слова”. На карціне “Нашчадкам” ён напісаў яго за сталом са свечкай.

Перад смерцю тата намаляваў эскіз помніка — валун з крыжом пасярэдзіне. Ён памёр у мяне на руках. Яго блакітныя вочы ззялі і глядзелі ў неба. Я часта думаю, як бы ён ацаніў мае дзеянні. Думаю, што яму было б прыемна, што сын займаецца скарынаўскай тэмай. Я рады, што мае дачкі Яна і Ангеліна шмат кантактавалі з бацькам. Яна працуе ў мяне ў студыі. Ангеліна нядаўна паступіла вучыцца на графіку.

Мне б хацелася зрабіць альбом з творамі бацькі. Яны варты добрага выдання. Мне хочацца, каб яго работы выстаўляліся і зараз. Мастак жыве, пакуль людзі бачаць яго творы. Сапраўныя майстры пакідаюць нам запавет чалавечнасці. Тата быў перакананы, што кепскі чалавек не можа быць добрым мастаком. Святло душы павінна вылівацца на твор. Ён заўсёды так жыў.

Гутарыла Эла ДЗВІНСКАЯ