Увасабляў сабой Радзіму

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

Да 90-годдзя з дня нараджэння Гаўрылы Вашчанкі
На працягу нашага шматгадовага сяброўства я з кожнай яго выставай, кожнай нашай размовай усё больш пераконваўся ў тым, што Гаўрыла Вашчанка — вялікі мастак. Цяпер, калі засталіся сведкамі толькі творы, якія гавораць самі за сябе, асаблівую значнасць набывае кожнае слова, сказанае мастаком. Сярод шматлікіх маіх запісаў пра Гаўрылу Харытонавіча ёсць і вось гэты.

/i/content/pi/cult/697/15308/29.JPG— Упершыню вы прыехалі ў Светлагорск у 1972 годзе. Рабілі роспіс тагачаснага Палаца культуры хімікаў. Той, які зараз лічыцца хрэстаматыйным, рэпрадукцыі якога змешчаны ў самых аўтарытэтных выданнях, прысвечаных манументальнаму выяўленчаму мастацтву Беларусі. І вось зноў вы ў нашым горадзе. Якім ён вам памятаецца?

— Тады такога горада не было. Памятаю толькі дамы першага мікрараёна і пасёлак Шацілкі. Разам з архітэктарам мы хадзілі каля Бярэзіны і гаварылі аб будучым гэтага месца. Многае з таго, што я тады чуў, стала рэальнасцю. Светлагорск мае сучаснае архітэктурнае аблічча.

— Як працавалася вам у той час?

— З уздымам. І не толькі мне. Можа, таму і рабіў сваю справу з захапленнем. Меў вопыт такой працы, здабыты ў Кішынёве і Маскве. Гэтым роспісам мне хацелася не толькі спалучыць сённяшні і заўтрашні дзень, але і выклікаць адчуванне касмічнасці. Не ў сэнсе палётаў у космас. Не толькі гэта. Проста я думаў аб тым, што мы не адзінокія ў Сусвеце. Для мяне касмічнасць — гэта і патаемная прадвызначанасць. Вось паэты іншы раз скардзяцца або наракаюць, што “не ідуць” вершы. У мастакоў працэс, або, даруйце за такое слова, тэхналогія больш складаная. І ўсё ж, здараецца, ноч не спіш. Усё да дробязей прадумаеш. Але раніцай прыйдзеш у майстэрню, зробіш першы мазок — і павяло... Хто, як — аднаму Богу вядома. Але ад задуманага амаль нічога не застаецца. Хаця здараецца і наадварот. Тады ці не цалкам увасабляеш тое, што прымроілася, задумвалася.

— Якімі былі для вас гады пасля роспісу Палаца хімікаў — цяперашняга Гарадскога цэнтра культуры ў Светлагорску?

— Гэта былі гады мастакоўскай сталасці. Я рабіў вітражы ў Доме кіно. Цяпер там зноў касцёл Сымона і Алены. Мае эскізы не зусім суадносіліся з існаваўшым ужо агульным праектам. Я прапанаваў свой.

Вітражы былі зроблены. І настаў дзень, калі ў канферэнц-зале Дома кіно абмяркоўвалі перспектывы забудовы Мінска. Памятаю, было сонечнае надвор’е: промні як дадуць па вітражах — уся зала зіхаціць. Машэраў маўчаў, азіраючыся, а потым выдыхнуў: “Божа мой, а мы хацелі знесці такую прыгажосць!” Потым я займаўся роспісам “Асветнікі” ў Доме настаўніка.

/i/content/pi/cult/697/15308/27.JPG— Дзесьці я чытаў, што да гэтай працы вы рыхтаваліся шэсць гадоў.

— Справа нават не ў тым, што сама жывапісная кампазіцыя
займае звыш 50 квадратных метраў. Яна ўвасабляе Францыска Скарыну, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага, Кастуся Каліноўскага, Алаізу Пашкевіч, Яўхіма Карскага, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янку Купалу.

— Зараз асабліва відавочна, што гэта быў пачатак духоўнага адраджэння беларушчыны.

— Без залішняй сціпласці скажу, што твор па праву лічыцца хрэстаматыйным. Па ім студэнты пішуць курсавыя і дыпломныя работы. Мне хацелася хоць крыху адкрыць тую частку нашай гісторыі, якая ўтойвалася.

— На працягу ўсіх гэтых гадоў вы займаліся не толькі манументальным роспісам, але і пісалі шмат карцін, якія былі паказаны ў Мінску, у Маскве. Сталі народным мастаком, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, атрымалі міжнароднае прызнанне...

— Прызнанне дае толькі адну перавагу: яно забараняе працаваць горш, чым можаш. І наадварот: вымушае працаваць лепш, чым звычайна.

— Ведаю, што вы спачатку займаліся ў Кіеўскім мастацкім вучылішчы, потым — у Львоўскім інстытуце, працаваць пачыналі ў Кішынёве, выкладалі і выстаўляліся ў тагачаснай Малдавіі. Там і ў Саюз мастакоў уступілі. Жыццё магло распарадзіцца так, што і наогул жылі б за межамі Беларусі. Напэўна, і тады б Вашчанка стаў Вашчанкам. Але ці стаў бы ў поўным сэнсе беларускім народным мастаком?

— Я ўжо гаварыў аб касмічным уплыве на лёс кожнай сапраўднай карціны мастака. Напэўна, ёсць такі ўплыў і на ўсё, што адбываецца з самім мастаком. У маім лёсе атрымалася тое, што павінна было. Я перакананы: мастак не можа не быць нацыянальна свядомым чалавекам. Ён — барометр свайго часу. Між іншым, можна быць барометрам для сям’і, для сяброў, для свайго горада, для краіны або для Сусвету. Але перш за ўсё мастак належыць свайму народу. Скажам, Леанарда да Вінчы — сусветны мастак, але па мысленні ён мастак італьянскі. Гэта ж можна сказаць пра знакамітага нямецкага жывапісца і гравёра Альберта Дзюрэра. А хіба Шэкспір не брытанскі пісьменнік?

/i/content/pi/cult/697/15308/28.JPG— І тут, мабыць, самы час вярнуць вас да размовы не толькі пра вялікую, але і пра малую радзіму. Нарадзіліся вы ў вёсцы Чыкалавічы Брагінскага раёна. Ці паўплывала на творчасць гэтая акалічнасць?

— А хіба можа быць інакш? Гады дзяцінства і юнацтва даюць запас уражанняў на ўсё жыццё. Брагіншчына — сама зямная прыгажосць. А Чарнобыль зрабіў яе небяспечнай для жыцця. У ранні перыяд сваёй творчасці я часта звяртаўся да родных мясцін, да блізкіх людзей, якія нарадзіліся і жывуць там або, на вялікі жаль, ужо пайшлі з жыцця. Памятаеце карціны “Маё Палессе”, “Нафтавікі Палесся”, шэраг партрэтаў?

— Не хацелася б гаварыць, Гаўрыла Харытонавіч, але пагадзіцеся, што далёка не заўсёды на малой радзіме шануюць некаторых сваіх слынных мастакоў. У гэтым сэнсе цудоўны прыклад паказвае Магілёў — там ёсць музей Бялыніцкага-Бірулі, галерэя Масленікава. А ў нас, на Гомельшчыне?

— Магілёў сапраўды — цудоўны прыклад. Знайшлі старажытны будынак, адрэстаўравалі — і які музей, якую галерэю зрабілі! Зараз там не проста асяродак — цэнтр культуры. Міжнародныя пленэры ладзяць. А хіба ў Гомелі няма старажытнага будынка? Той жа палац, пабудаваны фельдмаршалам Румянцавым, які потым належыў графу Паскевічу. Вось дзе б стварыць музей выяўленчага мастацтва з твораў слынных мастакоў Гомельшчыны.

— Але ж Вам прапанавалі зрабіць выставу ў адной з залаў палаца Паскевічаў. Здаецца, у Паляўнічым доміку.

— Так, яна адбудзецца, але загадваць наперад нічога не хачу...

Прайшло 10 гадоў з таго інтэрв’ю. Выстава, якую прыгадаў Гаўрыіл Харытонавіч, сапраўды адбылася, — мастак усе работы з яе пакінуў у падарунак Гомелю. У двухпавярховым будынку на вуліцы Карповіча адкрылася карцінная галерэя Гаўрыіла Вашчанкі. Для стварэння яе фонду, акрамя ўласных твораў, мастак ахвяраваў і шмат карцін самых вядомых творцаў Беларусі з уласнай калекцыі. Зараз гэтую галерэю паважліва называюць “малой Траццякоўкай”. Зноў і зноў вяртаюся ў той дзіўны па настрою вечар, калі мы з Соф’яй Шах разам з Гаўрылам Харытонавічам і яго жонкай Мацільдай Адамаўнай пасля ўрачыстага адкрыця галерэі хадзілі па летніх вуліцах Гомеля.

Некалькі партрэтаў напісаў мастак і для палаца Румянцавых-Паскевічаў. Знайшлося там месца і для зменных экспазіцый гомельскіх мастакоў. А колькі асабістых выстаў правёў Гаўрыла Харытонавіч, і пералічыць немагчыма.

Адна з іх праходзіла ў Светлагорску — “17 зім”. Гэта сапраўды зімовыя пейзажы. Зрэшты, амаль усе яны ўвасабляюць не проста зіму розных гадоў яго творчага жыцця. Настраёвае адчуванне яе прыгажосці нярэдка становіцца толькі характэрным фонам. Ля адной з іх — “Іардан на Палессі” — мы доўга гутарылі з Гаўрылам Харытонавічам.

— Гэта я паспрабаваў узнавіць тое, што памятаецца з маленства. Жылі мы тады ў Чыкалавічах. Звычайна напярэдадні Вадохрышча нехта выразаў на рацэ з лёду вялікі крыж. Потым яго асцярожна ўзнімалі, неяк умацоўвалі і аблівалі бураковым расолам. Раніцай крыж ззяў пералівамі колераў ад аксамітнага да ружовага. Прыгажосць — святочная. Прыходзіў святар, хрысціў людзей, спраўляў малебен. Вяскоўцы запальвалі свечкі, бралі ваду з таго месца, адкуль быў выразаны крыж. І вось дзіва: вада заставалася чыстай, крынічнай аж да самага Вялікадня.

Усё гэта мы сапраўды бачылі на карціне: і ледзяны крыж, і натоўп вяскоўцаў, і святара, і рачны лёд. Экспазіцыя атрымалася незвычайнай не толькі па задуме, але і па ўвасабленні. Карціны быццам пазбаўлены, у большасці сваёй, самай характэрнай зімовай прыкметы — снежнай бялюткасці. Нават снег у Вашчанкі — настраёвы — то сінявата-блакітны, то блакітна-сіні, то з рэшткамі восеньскай жаўцізны, вечаровай ружовасці, марознай сівізны... Гэта цудоўным чынам пазбаўляла тэматычную экспазіцыю, здавалася б, непазбежнай каляровай аднастайнасці.

І яшчэ пра адну, апошнюю па часе выставу гэтага мастака ў Светлагорску захаваліся ў мяне нататкі. Ужо сама яе назва — “На скрыжаваннях” — шматасацыятыўная. Гэта скрыжаванні не толькі прасторавыя і часавыя, але наканаваныя лёсам. Сам мастак назваў сваю экспазіцыю з 33 твораў камернай. Па ўсім відаць, з-за невялікіх для яго фарматаў. Але ніякай сэнсавай ці мастацкай камернасці не адчувалася. Гаўрыла Харытонавіч застаўся верным сваёй надзвычай натуральнай філасафічнасці, гістарычнай асэнсаванасці, натхнёнаму ўвасабленню прыгажосці роднай зямлі, блізкіх яму людзей.

Цэнтральнае месца ў новай экспазіцыі заняў “Чарнобыльскі рэквіем” — пяць тэматычна аб’яднаных твораў. Мы ўбачылі вёску, нібы трывожна падсвечаную радыяцыйнымі бліскавіцамі, а ў небе над ёй — такія розныя і пазнавальныя твары вяскоўцаў. Нават назвы карцін цыкла гавораць вельмі многае: “Зыход”, “Аплакванне”, “Адлучэнне”, “Ачышчэнне”. Праз калючы дрот небяспечнай зоны сілуэты жаночых постацей. Затое ў іншых партрэтных творах гэтага цыкла мастак дазваляе нам угледзецца амаль у біблейскія твары шматпакутных ахвяр Чарнобыля.

Чарнобыльская тэма невыпадковая ў яго творчасці, бо родная вёска на Брагіншчыне апынулася ледзь ці не ў эпіцэнтры трагічных наступстваў вялікай экалагічнай катастрофы ХХ стагоддзя. А ўвогуле радзіма прысутнічае амаль у кожным творы Гаўрылы Вашчанкі. Нават партрэты пры іх канкрэтнай індывідуальнасці маюць абагулены характар. Гэта датычыцца не толькі “Прарока”, але і “Прафесара П. Семчанкі”, “Жонкі мастака”, “Ірыны Мятліцкай”, двайнога партрэта “Куды ідзем?” Нельга не пагадзіцца з тым, што на выставе экспанаваўся і адзін з найлепшых партрэтаў Васіля Быкава.

Шматасацыятыўнасць вельмі пераканаўча прысутнічае і ў жанравых партрэтных творах: “Шляхецкая годнасць”, “Каралева Бона”, “Грыбная пара”... Філасофскім роздумам аб часе і аб сабе прасякнута карціна “Сон”. Вельмі рэдка можна ўбачыць аўтапартрэт мастака, які спіць пад аховай анёлаў. Вашчанка здолеў перадаць няўлоўнасць спалучэння рэальнага з тым, што прымроілася.

Гаўрыла Харытонавіч аднолькава ўпэўнена пачуваў сябе і ў далёкай мінуўшчыне, і ў цяперашнім часе. Гістарычныя рэаліі ён па-майстэрску рабіў мастацкімі. Нават тады, калі ставіў перад сабой, здавалася б, чыста пейзажныя мэты, ён дасягаў такога прачулага краявіднага абагульнення, што яго творы рабіліся сімваламі Беларусі.

Аб гэтым міжволі думалася і ў Нацыянальным гістарычным музеі на калектыўнай выставе “Майстар і майстры”. Майстар — зразумела, Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка — прафесар, загадчык, а дакладней, стваральнік кафедры беларускага манументальна-дэкаратыўнага мастацтва ў тагачасным тэатральна-мастацкім інстытуце. Майстры ж — яго былыя вучні, вядомыя зараз мастакі Віктар Альшэўскі, Зоя Літвінава, Віктар Нямцоў, Уладзімір Зінкевіч, Аляксандр Ксяндзоў, Рыгор Несцераў, Віктар Ціханаў, Сяргей Рымашэўскі і іншыя. Ужо тое, што кожны з іх не здрадзіў свайму таленту, выяўляла многія ўнікальныя якасці Настаўніка. А з таго, што гаварыў на той імпрэзе Гаўрыла Харытонавіч, мне асабліва запомніліся словы: “Я ўдзячны Богу і за тое, што ён абдзяліў мяне зайздрасцю...”

У святочныя дні яго 80-годдзя, якое адзначаў ён выставамі спачатку ў Гомелі, а потым у Мінску, і пасля цяжкіх тыдняў у бальніцы, і ў час самазабыўнага захаплення яшчэ ненапісаным творам, і проста за сяброўскім сталом... Ніколі не пачуў ад яго зайздроснага слова. Яму заўсёды хапала адчування ўласнага таленту.

Неяк сказаў, нібыта працягваючы нашу даўнюю размову:

— Мне заўжды дзіўна чуць аб еўрапейскім узроўні беларускага выяўленчага мастацтва. У гэтым ёсць нейкая ўсярэдненасць. Што можа быць горш? Дасягненням розуму лягчэй стаць агульнымі. А дасягненням душы?

І пакінуў пытанне без адказу. Зрэшты, не толькі сабе, але і нам ён ужо даўным-даўно адказаў, стаўшы сапраўды народным мастаком. І я зноў прыгадваю аднойчы пачутае ад Гаўрылы Харытонавіча: “Кожны сапраўдны творца ўвасабляе сабой Радзіму...” А Радзіма? Так, у Гомелі ёсць галерэя. У Мінску ж спыніліся нават размовы аб памятным адзначэнні на доме, дзе ён жыў, або на будынку Акадэміі мастацтваў, дзе шмат гадоў працаваў. Ды і надаць адной з вуліц сталіцы яго слаўнае імя было б не перабольшваннем заслуг вялікага мастака.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ