Свой сярод сваіх

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

“К” даследуе архіў фатографа Пятра Таранды
Калі хтосьці з нас звычайна знаходзіць старую фатаграфію — у першую чаргу мы імкнёмся персаналізаваць асобу, якую бачым на адбітку. Але арганізатары выставы “Мірны час” у Музеі гісторыі беларускага кіно пайшлі іншым шляхам — вылучылі час і вобразы, пакінуўшы здымкі фатографа-аматара з Ляхаўшчыны без подпісу. Гаворка ідзе пра ўнікальны архіў 1950 — 1960-х гадоў нядаўна адкрытага беларускага майстра — Пятра Таранды.

/i/content/pi/cult/697/15307/25.JPGАсалода ад мірнага часу

Першае, што ўражвае, калі глядзіш на здымкі невядомага фатографа з вёскі Зарытава Ляхавіцкага раёна — як прыгожа ды каларытна выглядаюць людзі на іх. Пётр Таранда фатаграфаваў блізкіх ды знаёмых са сваёй роднай вёскі Зарытава, з суседніх — Шавялі ды Вялікае Падлессе, а таксама — працаўнікоў Баранавіцкай швейнай фабрыкі, дзе ён працаваў у пасляваенны час. У аб’ектыве фатографа — людзі горада і вёскі, што займаюцца сваімі паўсядзённымі ды ўрачыстымі справамі.

І тое надзвычай цікава — няхай святкуюць яны ці то дні народзінаў, ходзяць купацца, ладзяць мотапрабегі, збіраюцца на дэманстрацыі, ці вядуць гаспадарку, працуюць на калгасных палях. Слова “эпоха” тут атрымлівае чалавечае ўвасабленне. Ды стыль! Гараджане, асабліва жанчыны-калегі Пятра Таранды па фабрыцы выглядаюць проста неверагодна. Вяскоўцы — трошкі больш сціпла — лад жыцця абавязвае, але “забітымі” гэтых людзей ніяк не назавеш: з гонарам і гумарам у іх усё ў парадку.

У самаго Таранды мелася машына — прычым не якая-небудзь, а старэнькі “Опель”. Таксама Пятро Пятровіч ездзіў на матацыкле ды акрамя фатаграфіі захапляўся калекцыянаваннем песень — запісваў на магнітафон спевы вясковых жанчын, хору швейнай фабрыкі і ветэранаў. Нельга недаацаніць талент фатографа, які здолеў так прэзентабельна і жыва паказаць суайчыннікаў.

— Ад архіва сыходзіць дзіўнае адчуванне бесклапотнасці часу 1950 — 1960-х, — адзначае куратар Алена Пратасевіч. — Заўважна, што людзі атрымлівалі асалоду ад мірнага часу — таму мы так і назвалі выставу. Гэта быў пэўны момант адлігі, калі было лягчэй, вальней. Мне падаецца, што ў гэтых здымках адчуваюцца трымценне, шчасце і радасць, быццам у дзіцячых успамінах.

Цікава, што Пятро Таранда рабіў фотаздымкі адначасова з блізкай і далёкай дыстанцыі. З блізкай таму, што ён свой сярод сваіх, а з далёкай — таму, што ён фатограф. У тыя часы фатаграфія не была справай распаўсюджанай, таму рэдка якая “мадэль” не хвалявалася падчас здымак.

— Мне вельмі даспадобы гэты момант, — распавядае Алена Пратасевіч, — калі людзі ставяцца да фатографа добра, але аб’ектыўна адгароджваюцца, “сціскаюцца” перад аб’ектывам. Гэта надае адбіткам неадназначнасць. Але заўважна, што фатограф быў цікаўным да ўсяго чалавекам, такім эмацыйным лавеласам, здольным у кожную хвіліну выправіцца на здымкі. Заглыбіўшыся ў архіў, мне, увогуле, стала цікава: калі Пятро фатаграфаваў, ці друкаваў ён адбіткі, мо аддаваў людзям, альбо для яго фатаграфаванне было самакаштоўным працэсам? Хацелася б даведацца.

Ад краўца — да фатографа

/i/content/pi/cult/697/15307/26.JPGУвогуле, лёс Пятра Таранды — тэма для асобнага артыкула. За сваё жыццё яму ўдалося засвоіць рамяство краўца, інструктара па радыёфікацыі, памочніка машыніста, трактарыста, конегадоўцы, урэшце, фатографа… У Вялікую Айчынную вайну Пятро Пятровіч вазіў да фронту эшалоны з салдатамі, падчас бамбёжкі ў Брэсце вывез на цягніку савецкіх працаўнікоў з сем’ямі, выратаваў, лічы, архіў Брэст-Літоўскай чыгункі. Удзельнічаў у абароне Кіева, Масквы, расчышчаў ад руін Сталінград, нарыхтоўваў лес у Сібіры, будаваў чыгунку ў горадзе Сяроў. Яго шляхі былі складанымі — Пятро Таранда нават патрапіў у турму: калі ў тым жа Сярове галадалі, каб выратаваць знаёмую дзяўчыну ад пакут, яны з сябрам скралі мяшок мукі. Атрымалі за “злачынства” па пяць гадоў. Пятра выпусцілі па амністыі праз два з паловай, ён вярнуўся ў родны край, ажаніўся і ўладкаваўся на швейную фабрыку ў Баранавічы.

І ў гэты — ужо мірны — час яго і захапіла фатаграфія. За амаль два дзесяцігоддзі актыўнай дзейнасці няўрымслівы фатограф зрабіў больш за тысячу негатываў. Іх было б яшчэ больш, калі б у Пятра Пятровіча не пачаў псавацца зрок — у 1970-х з любімым хобі прыйшлося развітацца. Аднак сёння творчай спадчыны таленавітага фатографа цалкам дастакова, каб зрабіць самыя розныя праекты на базе яго архіву без паўтораў.

Што далей?

Важна адзначыць, што “Мірны час” — гэта ўжо другая выстава па матэрыялах архіва. Першая стала адкрыццём імя Пятра Таранды летась — у галерэі TUT.BY: куратарамі выставы выступілі фатографы Наталля Дораш і Валерый Вядрэнка. Ды і самая галоўная асоба, без якой каштоўны архіў фатографа з-пад Ляхавічаў застаўся б у прыцемках, — гэта Мікалай Таранда, пляменнік майстра, які вырашыў падзяліцца творчай спадчынай дзядзі. Ён звярнуўся да Наталлі Дораш з просьбай алічбаваць старыя стужкі — і знайшоў падтрымку. Адзін кантакт вядзе да іншага — і сёлета мы можам бачыць другую выставу спадара Таранды. Дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў заўважыў каштоўны матэрыял — ды атрымаў стужкі на захоўванне. Далейшую і асобную праграму па працы з архівам прапаноўвае Беларускае грамадскае аб’яднанне фатографаў.

— Зараз мы вядзем перамовы з Мікалаем Тарандам, каб ён перадаў нашаму аб’яднанню, пад патранатам якога адбываецца выстава “Мірны час”, аўтарскія правы на здымкі, — распавядае старшыня саюза Сяргей Міхаленка. — Для чаго нам гэта патрэбна? Мы хочам працаваць з матэрыялам і прасоўваць імя Пятра Таранды далей. Яго архіў — неацэнная спадчына, якую трэба паказваць не толькі як гістарычную, але і мастацкую з’яву. І акурат саюз як профільная арганізацыя здольны зрабіць гэта на адпаведным узроўні.

Высілкі саюза нельга не адзначыць: дзеля таго, каб зрабіць выставу “Мірны час” і прэзентаваць фотаздымкі Пятра Таранды ў добрай якасці, аб’яднанне адмыслова друкавала выявы ў Вільнюсе. Гэтаксама былі
падабраныя і закупленыя новыя паспарту. Ды ўласна істотным было запрашэнне да супрацоўніцтва куратара Алены Пратасевіч.

Праца з архівамі

Зварот Сяргея Міхаленкі да праваўладальніка, якім на дадзеным момант з’яўляецца Мікалай Таранда, у цэлым прыцягвае ўвагу да такога пытання як праца з архівамі, іх выкарыстанне.

— На жаль, сёння культура працы з архіўнымі матэрыяламі ў нас не сфарміраваная, — канстатуе старшыня аб’яднання фатографаў. — Добра, калі чыйсьці архіў захоўваецца ў дагледжаным стане, але гэта толькі аснова. Дзеля таго, каб архіў жыў, яго трэба паказваць грамадскасці. І рабіць гэта павінны спецыялісты, якія ведаюць, што такое культура экспанавання, разумеюць каштоўнасць і ўсведамляюць глыбіню візуальнага дакумента.

Усе перасцярогі наконт таго, што ў падобным выпадку, калі правамі будзе валодаць саюз фатографаў, іншыя даследчыкі не здолеюць скарыстацца архівам, Сяргей Міхаленка лічыць пустымі.

— Наадварот, мы зацікаўлены ў тым, каб архіў выкарыстоўваўся і ўдзельнічаў у самых розных праектах, — падкрэслівае ён. — Аднак мы будзем весці кантроль якасці — і гэта звычайная практыка, калі нам не ўсё роўна, што адбудзецца з матэрыялам. У пэўных выпадках мы нават дапаможам куратару ці даследчыку, калі гэта спатрэбіцца. Да прыкладу, галерэі гэтаксама ўкладваюцца ў мастака, раскручваюць яго імя, каб у выніку ўзняць свой статус. Не трэба гэтага баяцца: калі ёсць асоба, якая адказвае за справу, гэта заўжды добра. А вось прынцып абстракнай адказнасці — гэта заганны шлях.

Калі ўсё атрымаецца, Сяргей Міхаленка хацеў бы зрабіць шэраг выстаў па матэрыялах архіва, запрашаючы розных куратараў і даючы ім магчымасці ўласнага прачытання калекцыі. Таксама адным з выдатных шляхоў папулярызацыі спадчыны Пятра Таранды старшыня аб’яднання фатографаў бачыць выданне адмысловага альбома.

— Гэта ж здорава — калі матэрыял па-рознаму інтэрпрэтуецца, — падкрэслівае фатограф. — Вось на выставе “Мірны час” мы свядома прыбралі подпісы пад здымкамі, каб надаць ім іншае гучанне, змяніць кантэкст успрыняцця.

Больш за гістарычны дакумент

— На маю думку, Пятро Таранда быў самабытным фатографам-тыполагам, які займаўся непасрэдным партрэтам, як вядомыя фотакласікі, — кажа Алена Пратасевіч. — Я ў яго работах знаходжу адсылкі і да Вівьен Маер ды нават да Дыяны Арбус, і гэта пераклічка проста агаломшвае. У цэнтры ўвагі аўтара — чалавек. І ў першай частцы выставы я імкнулася паказаць гэтыя абліччы людзей: як фатограф стварае гэты франтальны, трошкі заціснуты ў кадр, партрэт, як ён абірае святло, фон, як ставіць людзей. Такім чынам бачны яго творчы метад. Другая частка экспазіцыі — гэта жанравае фота, дзе Пятро Таранда ўжо выступае больш як рэпарцёр.

Як падкрэсліваюць арганізатары, іх варыянт выставы, які налічвае 76 работ, — адзін з многіх, што можна зрабіць на аснове багацейшага архіва Пятра Таранды. І падобны паварот да фатаграфіі, калі яна здольная ўтрымліваць у сабе мноства пластоў і сэнсаў, найбольш падкрэслівае яе мастацкі статус, а не толькі прэрагатыву гістарычнага дакумента.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"