Смак кнігі ды густ чытача

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

Падведзены вынікі галоўнага бібліятэчнага конкурсу краіны
ХХVI рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” — падзея года для работнікаў кніжніц краіны. Сёлета за званне лепшых змагаліся 38 публічных бібліятэк: 21 цэнтральная і 17 філіялаў, у тым ліку 11 гарпасялковых і сельскіх.

/i/content/pi/cult/697/15306/24.JPGЖуры ў складзе прадстаўнікоў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, абласных устаноў, цэнтралізаваных сістэм публічных і дзіцячых бібліятэк Мінска, Беларускага фонду культуры адзначыла дыпломамі першай, другой і трэцяй ступеняў (50, 40 і 30 базавых велічынь адпаведна) 23 публічныя бібліятэкі. 8 прадстаўлены журы да заахвочвання (10 базавых велічынь).

Найбольшую колькасць работ даслалі ў намінацыі “За пошукавую і даследчую працу»”— 11.

Першае месца сярод гарадскіх і раённых устаноў — у Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Францыска Скарыны Полацкай ЦБС. У яе краязнаўчай базе даных — 7,5 тысяч тэкстаў, 85 відэафільмаў, больш за 100 фотадакументаў і рэпрадукцый твораў выяўленчага мастацтва. Архіўныя і бібліяграфічныя дакументы, фотаздымкі з фондаў Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, з уласных архіваў краязнаўцаў, гісторыкаў, выкладчыкаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і школ горада, а таксама актыўных чытачоў бібліятэкі.

Сярод размешчаных у сельскай мясцовасці прэміяй адзначана Жыліцкая сельская бібліятэка-філіял сеткі бібліятэк Кіраўскага раёна, якой складзены летапіс роднага сяла — краязнаўчы альбом “Жыліцкі версаль”. У багата ілюстраваным, унікальным па змесце і афармленні выданні — амаль 200-летняя гісторыя палацава-паркавага ансамбля. З розных крыніц па драбніцах сабраны матэрыялы аб вядомых прадстаўніках роду Булгакаў, складзена іх радавое дрэва.

На другое месца вылучана Навагрудская раённая бібліятэка за рэалізацыю праекта па стварэнні экспазіцыі макетаў старадаўніх будынкаў Навагрудчыны “Страчаная спадчына”. Пры ўстанове ёсць міні-музей, дзе размешчаны макеты палаца і бібліятэкі Храптовічаў у Шчорсах, веткі вузкакалейнай чыгункі Наваельня-Любча, партызанскай стаянкі каля вёскі Чарэшля і гандлёвай плошчы Навагрудка 20 — 30-х гадоў XX стагоддзя.

Сярод гарпасялковых і сельскіх найлепшай прызнана Жукоўшчынская сельская бібліятэка — цэнтр духоўна-мастацкай спадчыны Дзятлаўскай раённай бібліятэкі, што збірае матэрыялы аб мясцовых дзеячах. Так з’явіўся краязнаўчы літаратурны пакой “Знакамітыя людзі зямлі Жукоўшчынскай”, экспазіцыя якога ўключае архіўныя матэрыялы, копіі фрагментаў рукапісаў, пісьмы, фотаздымкі, копіі плакатаў і гэтак далей.

Трэцяе месца ў намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” заняла Рэчыцкая цэнтральная раённая бібліятэка Рэчыцкай раённай сеткі бібліятэк. Яе летапіс — калектыўная праца супрацоўнікаў і чытачоў бібліятэкі, ветэранаў раёна. Дакументы і матэрыялы па гісторыі ўстановы сістэматызаваны з 1919-га па 2017-ы.

Трэцюю прэмію сярод бібліятэк у сельскай мясцовасці журы вырашыла не прысуждаць.

У намінацыю “За падтрымку і развіццё чытання” прадстаўлена 10 работ.

На першае месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк журы вылучыла Гарадскую бібліятэку сямейнага чытання Светлагорскай раённай сеткі бібліятэк. Яна рэалізуе 12 творчых праектаў, у аснову якіх пакладзена выкарыстанне інавацыйных форм асветніцкай дзейнасці. Пры падтрымцы Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе Школа шчаслівай сям’і. Развіццю творчага кантакта з чытачамі, актыўнаму ўдзелу сем’яў у бібліятэчных праектах садзейнічаюць чатыры клубы па інтарэсах, якія аб’ядноўваюць звыш 100 дзяцей і дарослых.

Найлепшай сярод гарпасялковых і сельскіх устаноў стала Лоеўская цэнтральная раённая бібліятэка. Вялікай папулярнасцю сярод жыхароў Лоеўшчыны карыстаецца аўтабібліятэка. Бібліёбус пачаў дзейнічаць з 2011 года, і ў 2017-м у бібліятэцы ўжо налічвалася 10 маршрутаў і 44 населеныя пункты абслугоўвання. Ён наведвае малочна-таварныя фермы, машынна-трактарныя паркі гаспадарак, прадпрыемствы, крамы.

Другое месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк у Цэнтральнай раённай бібліятэкі Круглянскай ЦБС. Адметная рыса дзейнасці бібліятэкі — пошук нестандартных форм, сярод якіх кніжны фрымаркет “Во! Круг кніг” і конкурс-сэлфі “Моладзь, якая чытае — надзея Кругляншчыны”. Для падлеткаў і моладзі пры бібліятэцы плённа працуюць літаратурна-пазнаваўчы клуб “Сустрэчы” і клуб эстэтычнай скіраванасці “У дзевяці муз”.

На другую прэмію сярод бібліятэк у сельскай мясцовасці журы вылучыла Здзітаўскую СБ Бярозаўскай раённай бібліятэчнай сістэмы. З 2014 года бібліятэка рэалізуе праект “БібліяНяня”, скіраваны на развіццё асобы дзіцяці, выхаванне цікавасці да кнігі, асэнсаванне маральна-эстэтычных каштоўнасцяў, стварэнне гарманічных адносін у сям’і.

Трэцяе месца сярод гарадскіх і раённых устаноў прысуджана Цэнтральнай раённай бібліятэцы Лёзненскай ЦБС за прыцягненне насельніцтва да чытання. Пазалетась пры ўстанове з’явілася літаратурная кавярня “Пад абажурам”, якая аб’яднала тых, хто цікавіцца сучаснай прозай і вершамі, спрабуе пісаць.

Трэцяй прэміяй сярод гарпасялковых і сельскіх устаноў адзначаны філіял Роская гарпасялковая бібліятэка Ваўкавыскай раённай бібліятэкі. Тут дзейнічае доўгатэрміновая мэтавая праграма “Да кнігі і чытання праз дасуг і зносіны”. Штогод у рамках Тыдня дзіцячай кнігі для юных чытачоў ладзяцца мерапрыемствы, у правядзенні якіх супрацоўнікі бібліятэкі аддаюць перавагу электронным прэзентацыям і гульням, буктрэйлерам і гэтак далей.

У намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” прадстаўлена 9 работ.

На першым месцы сярод гарадскіх і раённых устаноў — Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Аляксандра Герцэна Сеткі публічных бібліятэк Гомеля, дзе рэалізуюцца праекты “Лабараторыя творчага чытання” “Крок за крокам”, дзейнічае тэатр ценяў “Казкі святла і ценю”.

Найлепшай сярод гарпасялковых і сельскіх устаноў стала Гальшанская сельская бібліятэка Ашмянскай раённай бібліятэкі, якая з 2017 года рэалізуе праект “Мы чытаем” па папулярызацыі твораў беларускай літаратуры, роднай мовы, народных традыцый. Важную ролю ў выхаваўчым працэсе адыгрывае музей Дугі Струвэ ў бібліятэцы, які наведваюць як мясцовыя жыхары, так і турысты з іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа.

Другой прэміяй сярод гарадскіх і раённых устаноў адзначаны дзіцячы аддзел Краснапольскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Міколы Ткачова ЦБС Краснапольскага раёна. Комплексную работу праводзіць бібліятэка па прывіванні ў дзяцей і падлеткаў беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, фарміраванні экакультуры. Для навучання насельніцтва асновам бяспечнага пражывання і вядзення гаспадарчай дзейнасці на забруджаных тэрыторыях рэалізавана некалькі праграм.

Сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк найлепшай прызнана Рэдкарожская сельская бібліятэка Цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Бабруйскага раёна, дзе рэалізуецца мэтавая праграма “Бібліятэка — сям’я: чытанне, творчасць, натхненне”, працуе сямейны клуб “Пад шчаслівым дахам”, дзе праводзяцца конкурсы і спаборніцтвы, літаратурныя вечары, сямейныя святы, тэатралізаваныя прадстаўленні.

Трэцяе месца сярод гарадскіх і раённых устаноў заняла цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Баранавічаў. Інфармацыйна-бібліяграфічная і культурна-асветніцкая дзейнасць тут скіравана на далучэнне маладога пакалення да гістарычнай спадчыны сваёй краіны, а таксама на папулярызацыю здабыткаў нацыянальнага кнігадрукавання і кніжнай культуры.

Трэцяя прэмія сярод гарпасялковых і сельскіх устаноў — у Баярскай сельскай бібліятэкі — доме вольнага часу Мядзельскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмыі. Для маленькіх чытачоў у бібліятэцы арганізаваны куток “Яркія фарбы дзіцячых кніг”, дзе можна прачытаць любімую кніжку, разгадаць крыжаванку. Таксама працуюць шэсць аматарскіх аб’яднанняў.

Менш за ўсё работ прадстаўлена ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” — 8.

Першае месца — у спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гродна. Сярод яе навацый — дзейнасць па ўсебаковым развіцці чытачоў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, павышэнні іх інтэлектуальнага і культурнага ўзроўню: тыфлакраязнаўчы праект “Гродна: пачуць нябачнае” (2014 — 2015), праект па агучванні і выданні аўдыёкніг гродзенскіх краязнаўцаў “Гродна: гісторыя ў гуку” (2017), па перакладзе кніг пра гісторыю Гродна сярод невідушчых людзей “Гісторыя на кончыках пальцаў” (2017 — 2018), па стварэнні тактыльных выданняў “Цёплыя кнігі” (2015 — 2017).

Сярод гарпасялковых і сельскіх устаноў першай прэміяй адзначана Цэнтральная раённая бібліятэка імя Яна Чачота Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Яе найбольш удалы праект “ИНФО.biblioteka//точки доступа”, у межах якога ажыццяўлялася PR-акцыя “Чытаючы прыпынак” — стваралася ўласная відэапрадукцыя, якая затым прасоўвалася на канале мясцовых тэленавін.

На другім месцы сярод гарадскіх і раённых устаноў — Цэнтральная раённая бібліятэка Віцебскай РЦБС. Тут прапануюць мультымедыйнае падарожжа па родным краі “Турыстычныя маршруты Прыдзвіння”. Мэта — звярнуць увагу на гістарычныя аб’екты, садзейнічаць раскрыццю турыстычнага патэнцыялу Віцебскага раёна. Падарожжа ўяўляе панараму яркіх эпізодаў гісторыі населеных пунктаў і бібліятэк, помнікаў архітэктуры, знакамітых асоб краю — на сайце бібліятэкі размешчана дзевяць маршрутаў.

Найлепшай сярод устаноў сельскай мясцовасці стала Вішоўская сельская бібліятэка-філіял № 6 Бялыніцкай ЦБС. Сярод навацый бібліятэкі — каворкінг-цэнтр “Сямейныя ўніверсітэты”, дзе людзі рознага ўзросту і прафесій сустракаюцца, каб прачытаць навінкі літаратуры, скарыстацца інтэрнэтам, знайсці аднадумцаў. Тут дзейнічае бібліякафэ з выставай “смачных” кніг, кавай і гарбатай.

Трэцюю прэмію журы прысудзіла Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Барыса Стральцова Цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Быхаўскага раёна. Плённая праца па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій у прадастаўленні карыстальнікам сучасных інфармацыйна-бібліятэчных паслуг вядзецца ў адпаведнасці з уласным праектам “Сучасныя тэхналогіі ў бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці” і комплекснай тэматычнай праграмай “Бібліятэка — цэнтр прававога інфармавання і асветы”.

На трэцяе месца сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк устаноў вылучана сельская бібліятэка-клуб № 17 вёскі Вязынка Маладзечанскага раёна. Летась работа “Вандроўкі па Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка” прадстаўляла ўстанову на раённым бібліятэчным конкурсе на найлепшую самаробную кнігу. Паводле яе бібліятэкары стварылі медыяфільм аб новай экспазіцыі музея, прысвечанай народнаму каляндарнаму колу свят, апаэтызаванаму ў творах Янкі Купалы.

Вольга КАКШЫНСКАЯ,
галоўны бібліятэкар
навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай
бібліятэкі Беларусі