Пераканаўчасць няправільнай графікі

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

У самым пачатку лета ў Мінску адкрыліся дзве выставы прызнанага майстра афортаў Сяргея БАЛЯНКА. Графічныя і жывапісныя творы сабраны ў экспазіцыі “Так, мы знаёмыя” ў мастацкай галерэі “Арцель” і толькі графічныя — у Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура на выставе “Яшчэ адзін Месяц... ” І адна, і другая выставы прымеркаваны да дня нараджэння творцы, чые афорты добра знаёмыя аматарам мастацтва яшчэ з тых часоў, калі яны патрапілі на вокладкі і старонкі кнігі “Калыска для коткі” Курта Вонегута, зборнікаў “Прадаецца планета”, “Крылы ночы”, выбраных твораў Міхаіла Булгакава, Іосіфа Бродскага. Ці нават яшчэ раней — з часу першай персанальнай выставы, якая адбылася ў 1987-м годзе.

/i/content/pi/cult/697/15301/15.JPGФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

У Мінск Сяргей Балянок прыехаў пасля заканчэння аддзялення кніжнай графікі Украінскага паліграфічнага інстытута імя Івана Фёдарава ў Львове. На карысць выбару беларускай сталіцы сыгралі восем паліграфічных выдавецтваў, у адрозненне ад двух львоўскіх, а таксама гасціннасць сваякоў, што тут жылі. Мінск так і не змог адваяваяць любоў да роднага горада ў Львова, але знаёмыя сёння далёка за межамі Беларусі афорты з’явіліся менавіта тут.

“Адкуль ты ўзяўся?”

— Вы казалі, што сямейныя карані губляюцца недзе ў стэпах сонечнай Таўрыі. А нарадзіліся вы дзе?

— У прыгарадзе Кіева, але мая сям’я жыла там нядоўга. Калі бацькі скончылі аспірантуру, мы пераехалі ў Львоў, які і стаў для мяне родным горадам. Я маю на ўвазе горад як архітэктуру. Пра людзей нічога не скажу, яны ўсюды аднолькавыя. А з таўрычаскіх стэпаў паходзіць мой прадзед па мамінай лініі. Яго дачка, мая бабуля, Агаф’я Міхайлаўна пераехала жыць у Мелітопаль. Там і нарадзілася мая маці. А па татавай лініі дзед — чыгуначнік. Ён сам з Клінцоў — на той час гэта была Гомельская губерня. Бацька нарадзіўся ўжо ў Днепрапятроўску. Усе паравозныя дэпо знаходзіліся на ўскраіне горада, аднойчы дзед мяне туды прывёў паказаць, дзе працуе.

— А мастаком у сям’і хто-небудзь быў?

— Дзякуй Богу, не. Я першы. І вельмі рады таму, што і апошні. Мая дачка і два сыны не мастакі. Я ўвогуле не разумею такой спадчыннай пераемнасці ў любой творчай прафесіі. У Льва Мікалаевіча Талстога было шмат дзяцей, і ніводны не стаў пісьменнікам, хаця пісаць умелі ўсе. І маляваць умеюць многія.

— Калі вы зразумелі, што хочаце быць мастаком?

— Я і зараз у гэтым не ўпэўнены, — смяецца суразмоўца. — На самай справе я і не хацеў. Мне як раз вельмі падабалася мая прафесія — мастацкі рэдактар. На жаль, камп’ютар сёння яе знішчыў.

— Украінскі паліграфічны інстытут быў адным з лепшых у Савецкім Саюзе. Як і Маскоўскі паліграфічны інстытут, выпускнікі якога ў Мінску ўзнялі мастацкае афармленне кнігі на высокі ўзровень. Адчувалася, што ваша школа іншая і творчасць таксама?

— Адчувалася. “Адкуль ты ўзяўся?” — гэта словы Адама Глобуса. Мы разам з ім рабілі выставу, калі ўступалі ў Саюз мастакоў. Але гэта не пра школу, гэта пра светаадчуванне. Я прыехаў у Мінск мастацкім рэдактарам, уладкаваўся на працу, пяць гадоў быў звычайным мастаком-афарміцелем. Але ў друкарні я атрымаў доступ да матэрыялу — у той час цынк для афорта нідзе не прадаваўся. Нават у спецыяльнай краме для мастакоў гэта была рэдкасць. Пра тэхніку афортаў я ведаў, у інстытуце нас гэтаму вучылі, а практыкі амаль не было.

/i/content/pi/cult/697/15301/16.JPG“Правільнае не будзе пераканаўчым”

— Такім чынам, афорты з’явіліся менавіта ў Мінску?

— Так. Пры аздабленні кніг я быў звычайным мастацкім рэдактарам, устаўляў у макет чужыя работы, сам не маляваў. І толькі калі адбылася першая выстава, рэдактар зацікавіўся маёй графікай, адчуў, што яна сугучна тэксту. Мастак — ён заўсёды мастак, не так важна, Вонегут ці Балянок, у іх падобны тып мыслення.

— Я добра памятаю кнігу Курта Вонегута “Калыска для коткі” і мост на вокладцы. Па сённяшні дзень ён не дае мне спакою. Што гэта за масток? Куды ён вядзе?

— Добра яго памятаю. У часы СССР я быў у Дагестане на турбазе “Рубас” — гэта перадгор’е Каўказа, спякота, усё выпалена. Што гэты масток там рабіў, я і зараз не ведаю. Шмат святла бліскучага, сонца вочы слепіць, нікога няма побач — і раптам мост, доўгі, здаецца, канца яму няма, без парэнчаў, нават вяроўкі ніякай. Хто яго будаваў? Для чаго?

— А калі афорт з’явіўся?

— Праз год недзе.

— Замалёўкі былі?

— Не. Усё ў памяці. А потым убачанае пачынае вылазіць, увасабляцца. У жывапісных творах імкнуся зрабіць проста прыгожа, ні на што не прэтэндую. Галоўнае, стварыць добразычлівы настрой, я больш нічога не малюю ў жывапісе.

— Маляваць трэба няправільна?

— Так, тут без жартаў. Гэта маё, скажам, ноу-хау — “правільна-няправільна”. Ёсць акадэмічнае маляванне — гэта школа, авалодаць ёй трэба. І толькі. Паколькі ёсць яшчэ такое паняцце — “каб выглядала пераканаўча”. Свет вялікі, а аркуш паперы плоскі, ніякае 3D на ім не намалюеш, як ні старайся. Заўсёды будзе імітацыя, і яшчэ горш, калі паўтор, бо гэта ўвогуле не мастацтва. Таму вось на кавалку паперы адлюстроўваць трэба ўласную рэальнасць. Я ведаю, як правільна, але правільнае не будзе пераканаўчым. Таму я пачынаю яго ламаць, каб гучала і ўражвала па-свойму. На маіх афортах усё ж ёсць — пальчыкі, крэслы, лямпачкі. Але ў жыцці так быць не можа. Крэсла не стаіць на столі, а на маёй паперцы яно там цалкам нармальна выглядае.

/i/content/pi/cult/697/15301/17.JPG— Людзі там таксама ёсць? Але ці гэта людзі?

— Ёсць там і людзі. Але выйдзіце на тратуар, сажмурце вочы і паглядзіце ўдалечыню. Вы бачыце людзей? Наўрад ці. Вы бачыце фігуры. Таму што мы людзі, калі камунікуем тэт-а-тэт. А на адлегласці 15 — 20 метраў мы нейкія фігуры — ці то надзьмутыя, ці то скручаныя.

“Маляваць не абавязкова, можна думаць”

— Ёсць сюжэты малюнкаў, убачаныя ў Мінску?

— Безумоўна. Напрыклад, на малюнку “Ішоў буйны снег”. Аднойчы я ішоў па мосце праз Свіслач у Траецкае прадмесце. І раптоўна паваліў снег — буйнымі мокрымі камякамі. Ну, а потым я ўбачыў нейкія манекены, яны змяшаліся з мокрым снегам, Палацам спорту, які я змяніў да непазнавальнасці на малюнку. Для сябе я назваў яго так: “У закінутым завулку танцавалі забытыя манекены”. Гучыць прыгожа, але вельмі канкрэтна. А вось “Ішоў буйны снег” — гэта нібы ні пра што. Ці пра тое, пра што вы самі хочаце, не я. Вось так і атрымалася. Дарэчы, слова “атрымалася” для мастацтва ключавое. Таму, што яно сапраўды ці атрымаецца, ці не, і ад цябе практычна не залежыць. Можна намаляваць правільна ці няправільна, але няма вось гэтага “Ох!” І я перакананы, што з мастакамі лепш не знаёміцца. Ёсць карціна, ёсць глядач, і важны менавіта іх
дыялог. Навошта там мастак? Ён ужо зрабіў сваю справу.

— Для вас няма патрэбы — кожны дзень хадзіць у майстэрню?

— Не. Я загрунтаваў апошнюю пласціну тыдзень таму. Тры дні як зрабіў першую гравіроўку, але пакуль не вытравіў. Стаіць. Ну і няхай стаіць.

— Чакаеце натхнення?

— Усе прыгожыя словы накшталт “натхнення” не для мяне. Мне бліжэй бульба вараная ў шалупінні. Не, не натхнення. Я ведаю, што абавязкова зраблю. Не сёння, дык праз два дні. Калі ёсць талент, то ён і будзе дыктаваць. Сёння ты адпачываеш, затое потым тыдзень не адыдзеш ад станка.

— А калі не маляваць?

— І добра, і так можна. Маляваць не абавязкова, можна думаць. І такіх людзей шмат. Яны прыходзяць на выставы, каб адчуць энергію твора, параўнаць свае адчуванні — для іх і гэтага дастаткова.

— Атрымліваецца, што аматары мастацтва таксама мастакі?

— Мастак — гэта стан душы. Не мае словы, але гэта сапраўды так. Усё астатняе — дадатак.