Сем дарог у Навагрудак, або Калі экстрэмальны сервіс набудзе бюджэтаўтваральны змест?

№ 27 (845) 05.07.2008 - 11.07.2008 г

“К” зноў звяртаецца да актуальнай тэмы турызму. Папярэднія публікацыі і журналісцкі камандзіровачны досвед сведчаць пра запатрабаванасць належнай інфраструктуры ў кожным з цэнтраў, куды будуць і ўжо цяпер імкнуцца патрапіць землякі ды замежнікі ў адпачынак ці на выхадныя. Сервіс для турыста відавочна пачынаецца і з адметнасцей краю, і з прыдарожнага абслугоўвання. Гэта тым больш актуальна для тых месцаў, дзе насельніцтва, як у Навагрудку, “у сезон” павялічваецца за кошт вандроўнікаў ледзьве не ўдвая. Ці здольны горад сёння задаволіць гасцей і рэалізаваць свой патэнцыял па ўязным і ўнутраным турызме напоўніцу? Сацыякультурны погляд на турызм — на старонках “Соцыума”.

Што было, або Турыстычны цэнтр з іміджам васьмі стагоддзяў
Галоўная плошча Навагрудка з адыходзячымі ад яе дарогамі-вуліцамі нагадвае ў плане сонца.“Промні”звязваюць старадаўняе мястэчка з Мірам, Нясвіжам, Баранавічамі, Слонімам, Ваўкавыскам, Гроднам і Лідай. Усё натуральна. Яшчэ ў ХІІ стагоддзі мясцовыя залатары ды збройнікі зарабілі на ўласным майстэрстве сусветны імідж, “прыцягнулі” да сябе, нібы магнітам, шляхі для актыўнага гандлю з Візантыяй, Іранам і Сірыяй — на поўдні, з Балтыяй і Скандынавіяй — на поўначы, з Еўропай — на захадзе.
 /i/content/pi/cult/167/1530/Navagrudak1.jpg

На Замкавай гары.

Дый статус сталіцы ВКЛ (менавіта на Навагрудскай зямлі ў 1253 годзе адбылася каранацыя князя Міндоўга “на каралеўства Літоўскае”) вымагаў адпаведнага геапалітычнага становішча, калі мястэчка не толькі геаграфічна знаходзілася ў цэнтры падзей, але і палітычна ўплывала на фарміраванне магутнай дзяржавы “ад мора да мора”... Карацей, і па сёння тыя дарогі вядуць у Навагрудак, а мясцовы аўтавакзал наўпрост звязвае горад нават з няблізкай усходняй Магілёўшчынай.
Натуральна, паглядзець цікаўнаму турысту тут ёсць на што. Вабяць не толькі архітэктурныя карункі готыкі, рэнесансу і барока ў эклектычным аздабленні канструктывізму і сацрэалізму. Усё тым жа магнітам невынішчальнай цікаўнасці прыцягваюць постаці Міндоўга, Вітаўта, Міцкевіча, прычым не толькі беларусаў...
Дом-музей слыннага рамантыка толькі за май правёў больш за 100 экскурсій, прыняў 3400 турыстаў, у тым ліку з Велікабрытаніі, Аўстраліі, Турцыі, Кітая, Ірана і Мексікі, зарабіўшы на гэтым 4 мільёны рублёў. А ў час традыцыйнага сярэднявечнага фэсту “Навагрудскі замак” 30-тысячнае насельніцтва райцэнтра павялічваецца за кошт удзельнікаў і гасцей ледзь не ўдвая... Словам, на вандроўнікаў (“сасватаных” тураператарамі і “саматужных”) дэфіцыту ў рэгіёне няма. Па словах старшыні Навагрудскага райвыканкама Анатоля Кулака, штогод райцэнтр наведвае да 20 тысяч турыстаў. Колькасць — мінімальная, бо для таго, каб унутраны і ўязны турызм з экстрэмальнага па сэрвісе пачаў рабіцца бюджэтаўтваральным па змесце, пакуль не стае, па меркаванні кіраўніка рэгіёна, самага галоўнага — адпаведнай інфраструктуры, планавага ўкладання інвестыцый, адладжанай сістэмы культурнага забеспячэння айчынных і замежных гасцей.
Натуральна, ёсць у незлічонай турыстычнай грамадзе і зацятыя аматары экстрыму (пераважна — замежнікі), якія літаральна прагнуць пакарміць на лясным маршруце камароў, пажыць гадзіну ў будане, паласавацца смажанінай з вогнішча, жахнуцца на хвілінку ад непраходнасці нашых балот, але пасля “подзвігу” вярнуцца нязменна жадаюць у камфартабельны гасцінічны нумар, дзе ёсць халадзільнік, тэлевізар, тэлефон, ложак не рыпіць і ванна радуе стэрыльнасцю...
На кожным кроку ў горадзе і раёне я чуў ад людзей: “Мясцін у нас выдатных — процьма, а вось глянцу добраўпарадкаванасці не хапае!” Пра гэта і гаворка. У Навагрудскай культурна-турыстычнай зоне знаходзіцца больш за сто аб’ектаў гістарычнай спадчыны (рэкорд па адпаведных Гродзенскай і Слонімскай зонах), але далёка не ўсе з іх напоўніцу працуюць на выкананне Нацыянальнай праграмы развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь на 2008 — 2010 гады.
Інфраструктурнага глянцу сапраўды не стае...
Чаго няма, або Што пакласці ў “кішэню” для адпачынку?
Старшыня райвыканкама Анатоль Кулак, дырэктар краязнаўчага музея Тамара Вяршыцкая і дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба прымалі ў дзень нашай сустрэчы яшчэ і польскую дэлегацыю з Мазавецкага ваяводства на чале з дырэктарам Музея рамантызму Раманам Кахановічам. Нашы суседзі заключылі з навагрудскімі музеямі дамову на правядзенне супольных з Украінай і Літвой
 /i/content/pi/cult/167/1530/Navagrudak2.jpg
Дом-музей Адама Міцкевіча.
канферэнцый па вывучэнні творчасці Міцкевіча, на арганізацыю мастацкіх пленэраў на радзіме пісьменніка з перадачай пэўнай часткі твораў у мясцовую галерэю.
Відаць, трэба ўжо сёння думаць у тым ліку і пра базу для таннага начлегу творцаў і турыстычнай моладзі.
Сапраўды, праблему “дзе пераначаваць?” наяўныя гасцініцы “Навагрудак” (з улікам браніравання — 22 тысячы рублёў у суткі за аднамесны нумар з маразільнікам, тэлефонам і тэлевізарам) і “Панскі двор” вырашаюць у час летніх адпачынкаў не надта паспяхова. Хоць і не рыпяць тут ад старасці ложкі, і з душавымі ўсё як мае быць, але жытла для летніх вандроўнікаў хранічна не хапае. Гэта маладым аматарам рыцарства файна — у час фэсту разбіў ля Замкавай гары шацёр дый жыві-радуйся. Больш сталыя цывілізацыі прагнуць...
У кіраўніка раёна шмат задумак па адладжванні сервіснай структуры з абавязковым прыцягненнем у турыстычныя праекты творчых магчымасцей аддзела культуры, але пра іх крыху пазней.
Расія ў разгар летняга адпачынку перажывае пачатак буму турыстычных вандровак на “караванерах” — аўтатрэйлерах, прыстасаваных для камфортнага “палявога” жытла. Мода імгненна выявіла амаль паўсюдную адсутнасць прыдарожнага сервісу не толькі на перыферыйных расійскіх абсягах, але і на буйных транспартных магістралях. Тут Беларусь ад сваёй суседкі не надта адрозніваецца. Навагрудчына — не выключэнне. Прыстасаваныя як след паркоўкі (са сметнікамі і прыбіральняй) я ўбачыў толькі ля знакамітай міцкевічаўскай Свіцязі. Але ў ідэале гаворка, як думаецца, не пра трывіяльную аўтастаянку, няхай і з надзвычай маляўнічымі краявідамі наўкола, а пра добраўпарадкаванае месца, дзе аўтатурысту прапануюць нацыянальныя стравы, каларытныя мясцовыя сувеніры, рэкламныя буклеты і маршрутныя схемы раёна з пазнакай любой культурнай адметнасці, а аддзел культуры па папярэдняй замове забяспечыць для турыстычнай группы “імправізаваны” канцэрт аўтэнтычнага мастацтва (тым больш, што ў начальніка аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Аляксандра Карачана назапашаны пэўны досвед прыцягнення мужчынскага гурта “Валеўскія музыкі” да “палявых” выступленняў на Свіцязі).
 /i/content/pi/cult/167/1530/Navagrudak4.jpg
Міцкевічаўскія мясціны Навагрудка.
Хтосьці запярэчыць, што пра масавае “караванерства” ва ўмовах Беларусі казаць зарана, бо далёка не кожнаму суайчынніку “аўтахата” па кішэні. Згодны, але ж ці пра гэта цяпер гаворка?! Дакладна ведаю, што некаторыя нашы падпісчыкі карыстаюцца публікацыямі “К” яшчэ і для таго, каб на звычайных легкавіках паўтарыць летам журналісцкія маршруты. Дый самы дэмакратычны турызм — веласіпедны — ніколі не губляў актуальнасці, і пра гэта “К” таксама пісала неаднаразова. Так што пытанне наяўнасці кемпінгаў, прыдарожных кавярняў і ўтульных “кішэняў” для адпачынку і адносна таннага гасцінічнага бізнесу ніхто з парадку дня незнімаў...
Няма ў горадзе і раёне яшчэ многага. Карта міцкевічаўскіх мясцін была выдадзена ў 1998-м — да 200-годдзя паэта, з таго часу не перавыдавалася і стала рарытэтам. Турыстычны буклет “Навагрудскі раён. Край замкаў, рыцараў і паэтаў” па выканкамаўскіх аддзелах “гуляе”, але ў райцэнтраўскіх кіёсках не прадаецца, як, зрэшты, і сувенірныя ўзоры мясцовага традыцыйнага мастацтва, а да Дома рамёстваў, дзе, як кажуць, наладжаны гандаль творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, я асабіста дабрацца так і не паспеў. Даведаўся і пра тое, што Дом-музей Міцкевіча, маючы касавы апарат і права на продаж літаратуры, звязанай з творчасцю паэта, рэалізоўваў калісьці да 42 найменняў сувеніраў. Са зменай парадку ліцэнзавання платных паслуг карысная і даходная справа на пэўны час прыпынілася, але сёлета аднаўляецца...
Ніякім чынам не хачу цяпер зазначыць, што ў горадзе і раёне няма ініцыятараў неадкладнага навядзення “глянцу” ў культурнай прасторы горада і раёна. Ужо згаданы начальнік аддзела культуры Аляксандр Карачан, галоўны спецыяліст аддзела Вячаслаў Лаўрашчук, дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба і іх падначаленыя робяць ва ўмовах астаткавага фінансавання многае, каб самабытная Навагрудчына захавала твар і аблічча. Толькі культасветнік з вялікім працоўным стажам ведае, якіх неймаверных высілкаў вымагае гэтая справа. Але...
Не надта прэзентабельна выглядае галоўная плошча горада, колішняя Рынкавая, цяпер — Леніна. Культурная яе дамінанта— будынак РДК і адначасова помнік архітэктуры — у аварыйным стане, а самадзейныя клубныя калектывы заняты толькі выязной канцэртнай дзейнасцю... Выгляд адной са старажытных вуліц, Паштовай, таксама аптымізму выпадковаму пешаходу не дадае. Мо сітуацыя зменіцца, калі ў адзін з будынкаў неўзабаве перабярэцца краязнаўчы музей і з’явіцца тут урэшце карцінная галерэя? А пакуль адно толькі Свята-Барысаглебская царква прыцягвае на Паштовай цікаўнае турыстычнае вока. Прыкладна тая ж сітуацыя — і на вуліцы Замкавай, што вядзе ад “сямідарожнай” плошчы да Замкавай гары. Як паведамляе начальнік аддзела культуры, камерцыйнікі з Пецярбурга ўжо гатовы былі да ўзвядзення ў навагрудскім старасвецкім кантэксце і гасцініцы, і карчмы, але пабачылі, што няма тут адладжанай сацыякультурнай структуры пад назвай “стары горад”, і адступіліся з сумам ад заманлівай ідэі зарабіць на антуражы сівой даўніны. Пытанне прадуманага камерцыйнага і культасветнага сервісу засталося адкрытым. Расіян зразумець можна, а нас?! Як той казаў, грошы можна віламі грэбці. Але турысту, гатоваму да запланаваных летніх расходаў, у час адпачынку проста няма дзе пакідаць грошы. Перад уездам у дагледжаны Мір выстаўлена карта, што паведамляе вандроўніку, колькі гісторыка-культурных аб’ектаў прапаноўвае яму паселішча. У Навагрудку вулічная рэклама адсутнічае.Сапраўды, дзе той Дом рамёстваў тут знаходзіцца?! Выразны турыстычны ўказальнік і ўзорнае добраўпарадкаванне тэрыторыі сустрэліся толькі ля музейнай сядзібы Міцкевіча.
І, напэўна, апошняе. Пры двух гарадскіх рэстаранах, дзвюх кавярнях і трох барах танна (дзесьці 4 тысячы рублёў) паабедаў у сталоўцы мясцовага гандлёва-эканамічнага каледжа.
Дзе ж выйсце, і з чаго трэба пачынаць?
“З надання гораду статуса запаведніка, не рэгіянальнага, а, як мінімум, абласнога”, — адказвае на гэтае далёка не рытарычнае пытанне начальнік раённага аддзела культуры Аляксандр Карачан.
“ Браць крэдыты, і самім даводзіць горад да ладу, у першую чаргу — рамантаваць гарадскі Дом культуры!” — катэгарычна даводзіць начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка.
 /i/content/pi/cult/167/1530/Navagrudak3.jpg

 Помнік Елісею Лаўрышаўскаму.


Абодва, напэўна, маюць рацыю.
Турыстычная інфраструктура развіваецца, як мокрае гарыць, не толькі ў Навагрудку. І, відаць, няма на Беларусі райцэнтра, дзе не чакалі б планавага правядзення Дня пісьменства ці Дажынак, каб добраўпарадкаваць вуліцы і плошчы, адрамантаваць установы культуры, займець імідж адметнага гарадскога асяродка. Навагрудку ў гэтым плане крыху лягчэй, бо славу ён займеў яшчэ ў часіны ВКЛ. Глянец цягам часу згубіўся, а брэнд застаўся. Таму Навагрудку проста гістарычна наканавана стаць адным з папулярных турыстычных цэнтраў не толькі Беларусі, але і Цэнтральнай Еўропы. Але справу варта рухаць па адзіна канструктыўным прынцыпе: “На дзяржаўную дапамогу спадзявайся, але і сам не лянуйся”.
Што ёсць, або “Залатая падкова” вандровак па міцкевічавым краі
І ўсё ж у шапку тут не спяць. Развіццё бюджэтаўтваральнага ў перспектыве турызму — справа карпатлівая, дарагая, грувасткая, шматгаліновая, разлічаная не на адзін год. Але па генеральных задачах сваіх Нацыянальная турыстычная праграма ледзь не цалкам супадае з Дзяржаўнай праграмай развіцця малых і сярэдніх гарадоў Беларусі. Таму і лічыць яе варта адной з першарадных. Кіраўнік Навагрудчыны гэта цудоўна разумее. Таму і зроблены тут першыя крокі, каб зямля навагрудская аддзячвала не толькі хлебам і малаком.
Як паведамляе галоўны спецыяліст аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Віталь Грынь, пазалетась выканкам прыняў рашэнне аб стварэнні гасразліковайарганізацыі “Навагрудак-Тур”. За май турагенцтва зарабіла больш чым 24 мільёны рублёў. Аднадзённыя аўтобусныя экскурсіі ладзяцца з райцэнтра ва ўсе бакі Беларусі, арганізаваны і турыстычныя паслугі “на экспарт”: госці з іншых рэгіёнаў знаёмяцца з Навагрудкам, вандруюць па шляху Міцкевіча: Завоссе — Гарадзішча — Туганавічы — Валеўка — Навагрудак — Бярозаўка — Ліда — Беняконі — Бальценікі.
Пачаў развівацца і агратурызм. Сядзібны “гарадок” супрацоўніка раённага Цэнтра рамёстваў Аляксандра Піразева прымае ўжо экскурсантаў і турыстаў. А паглядзець тут ёсць на што.
Маю на ўвазе не тры ўтульныя дамкі, не лазню, сад і сажалку, а творы, якія дэманструе гасцям сям’я Піразевых.
Аляксандр — каваль, Алена — робіць карціны з бяросты, выпальвае па дрэве, распісвае батык. Сядзіба “Залатая падкова”, размешчаная ля вёскі Навасады і возера Свіцязь, мае Музей народных рамёстваў, жылыя памяшканні на дзесятак аматараў прыроды і мастацтваў і проста “асуджана” на камерцыйны поспех. Аляксандр, узяўшы сёлета крэдыт, не спыняе добраўпарадкаванне трох шматфункцыянальных дамкоў, прылеглай тэрыторыі. Ягоная кузня даўно стала для гасцей “інтэрактыўнай”, каваныя вырабы карыстаюцца попытам, а ў планах — шчыльнае ўзаемадзеянне з калектывамі мастацкай самадзейнасці для задавальнення эстэтычных патрэб заезджых вандроўнікаў...
Але вернемся ў горад-музей Навагрудак. Чым ён адметны для турыста, апрача Замкавай гары і Дома-музея Міцкевіча? Гарой Міндоўга, курганам Міцкевіча, двума касцёламі, царквою, саборам і мячэццю, нядаўнім помнікам Елісею Лаўрышаўскаму ля Навагрудскай епархіі, які ў ХІІІ стагоддзі не толькі святаром быў, але і меч у рукі браў, каб у часіны войнаў адстаяць Бацькаўшчыну. А яшчэ ёсць у райцэнтры музей, што не мае аналагаў у рэспубліцы. Дзейнічае ён на месцы колішняга гета і створаны дзеля ўвекавечання яўрэйскага антыфашысцкага супраціўлення. Вязні ў часы Вялікай Айчыннай збеглі з лагера па пракапаным падземным тунэлі і ўвайшлі ў склад яўрэйскага партызанскага атрада. Установа, што з’яўляецца лагічным працягам краязнаўчага музея, таксама вабіць айчынных і замежных турыстаў.Аднаго дня на агляд усіх навагрудскіх цікавостак відавочна не хопіць. Тут трэба пажыць хаця б крыху, падыхаць паветрам стагоддзяў, спрычыніцца да энергетыкі, якой сілкаваліся князь Войшалк (па меркаваннях некаторых навукоўцаў, ён і ёсць Елісей Лаўрышаўскі), пісьменнікі Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля; яшчэ раз пераканацца ў тым, што няма на Беларусі бляклых ды нецікавых для турыста рэгіёнаў, а вось упарадкоўваць у гэтым плане неабходна кожны з іх. І тут без дзейснай ініцыятывы мясцовых улад нам не абысціся.
Што будзе, або Да альтанкі ХІХ стагоддзя — сервіс ХХІ-га
Старшыня райвыканкама Анатоль Кулак, працягваючы гаворку пра пашырэнне гасцінічнай гаспадаркі, распавядае, што распачата ў горадзе за кошт інвестараў узвядзенне гатэля “Еўропа” на падмурку аднайменнай гасцініцы ХІХ стагоддзя. А гэта яшчэ 40 месцаў і паркоўка для легкавікоў.
На аўкцыён выстаўляецца закінуты рэстаран ля возера Свіцязь. Ужо ёсць жадаючыя, у тым ліку і палякі. Не дзіва: для кемлівага прадпрымальніка гандлёвая прыазёрная кропка з гасцініцай на 40 месцаў — курачка, што нясе залатыя яйкі, бо на Свіцязі і ўзімку людна. У Любчы ўжо дзейнічае паляўнічы дамок. Ва Уселюбу інвестары плануюць узвядзенне 14 турыстычных домікаў, гасцініцы на 60 месцаў, рэстарана. У Сяльцы, дзе ўзнікне неўзабаве лыжаролерная траса, распачата фарміраванне прыдарожнай сервіснай структуры. “І аддзелу культуры з гэтай нагоды трэба пашырыць спектр платных паслуг, — упэўнены кіраўнік раёна. — Рабіць гэта планава, з прыкідкай на перспектыву развіцця рэгіёна”.
Справядліва! Дырэктар Дома-музея Міцкевіча Мікалай Гайба, да прыкладу, плануе стварыць ля прымузейнай альтанкі камерцыйную зону адпачынку ў стылі шляхты пазамінулага стагоддзя. З’явяцца тут новыя кветнікі, падавацца будуць нацыянальныя стравы, а музычнае суправаджэнне забяспечаць выкладчыкі і выхаванцы ДШМ. Праект, натуральна, працаёмкі, але і карысны, і прыгожы, і эканамічна выгадны...
Будзе даведзена да ладу і гарадская плошча. Па словах Анатоля Канстанцінавіча, сёлетні крэдыт на 6 мільярдаў рублёў выкарыстаць запланавана на добраўпарадкаванне вуліц... Дарэчы, на Замкавай давялося сустрэцца з жывапісцам Кастусём Качаном, які выкупіў на гэтай вуліцы занядбаны стары будынак і збіраецца на яго месцы ўзвесці гэткі мастацка-асветніцкі комплекс: выставачная зала, майстэрня, жылыя памяшканні для творцаў Беларусі, якія ладзяць на гэтых запаветных землях свае пленэры. Згодны цалкам! Гістарычны край не можа не быць краем нацыянальнай культуры і самабытнага мастацтва.А яшчэ навагрудцы жадаюць дадаць да помнікаў Адаму Міцкевічу (скульптар Валяр’ян Янушкевіч) і Елісею Лаўрышаўскаму (Генадзь Буралкін) конны помнік Міндоўгу. Як сцвярджае начальнік аддзела ідэалагічнай работы мясцовага райвыканкама Іван Грынь, выява асобы, якая адыграла важную ролю ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці, стане сімвалам захавання гістарычнай Памяці стагоддзяў. Пытанне знаходзіцца ў стадыі абмеркавання.
* * *
У наступным годзе Навагрудак адзначае сваё 965-годдзе, а сёлета — і 755-годдзе з часу каранацыі Міндоўга. Сем вуліц-дарог у чарговы раз заб’юць шматлюдным пульсам. І, неаспрэчна, будзе шмат гасцей і вандроўнікаў. Хочацца пажадаць ім самых незабыўных уражанняў: і ад гістарычных помнікаў старадаўняга Навагрудка, і ад таго ўзроўню прыёму і суправаджэння турыстаў, на які ўжо цяпер робіцца прыкідка. 

Яўген РАГІН,
наш
спецыяльны карэспандэнт
Мінск
Навагрудак Мінск
Фота
аўтара