У пошуках прытулку для назапашанага

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

У сваёй творчай майстэрні ў Вілейцы лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Уладзімір ЛІХАДЗЕДАЎ прадставіў экспазіцыю, прысвечаную Тадэвушу Касцюшку.

/i/content/pi/cult/697/15297/9.JPGПрэзентацыя новага праекта вядомага даследчыка, які на працягу сарака гадоў калекцыянуе паштоўкі і фатаграфіі, датычныя гісторыі нашай краіны, сабрала ў Вілейцы прадстаўнікоў айчынных ведамстваў, дыпламатычнага корпусу, журналістаў, пісьменнікаў, гісторыкаў. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў падзячыў аўтару за адданасць абранай справе жыцця.

— Некалькі гадоў таму я быў тут, бачыў закінуты будынак і нават уявіць не мог, што ў ім атрымаецца зрабіць такую шыкоўную экспазіцыю. Гэтая творчая майстэрня — сапраўдны вянец шматгадовага калекцыянавання. Добра, што Уладзімір Ліхадзедаў вяртае нашай краіне імёны беларускіх сыноў, — дадаў спадар Рыжанкоў.

Гаспадар майстэрні — аўтар 20 кніг, выдадзеных у рамках праекта “У пошуках страчанага”. Адзін з тамоў прывечаны Тадэвушу Касцюшку. Спадара Ліхадзедава заклікалі прэзентаваць кнігу пра вядомага беларуса, ганаровага грамадзяніна Францыі, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі ў бібліятэцы Кангрэса ЗША, у Фондзе Касцюшкі ў Нью-Ёрку, у Музеі Касцюшкі ў Філадэльфіі. Апошняя ўстанова здзівіла: уся экспазіцыя змяшчалася ў прасторы аднаго пакоя. Той візіт натхніў калекцыянера на аднаўленне ў вілейскіх абшарах заакіянскай экспазіцыі.

Ён шукаў мэблю канца XVIII стагоддзя, расстаўляў яе ў адпаведнасці з мэбліроўкай мемарыяльнага пакою ў Філадэльфіі. Ліхадзедаў азадачыўся стварэннем поўнай копіі арыгінальных шпалер: дапамагчы перавесці старадаўні малюнак на сучасны матэрыял і надрукаваць неабходную колькасць рулонаў узялася тутэйшая шпалерная фабрыка.

Другая частка мемарыяльнай экспазіцыі створана на аснове калекцыі арыгінальных паштовак, кожнай з якіх як мінімум сто гадоў. Ёй спадар Ліхадзедаў ганарыцца па праве: у свеце падобных грунтоўных збораў існуе няшмат. Па прапанаваных ілюстрацыях можна прасачыць увесь жыццёвы шлях Тадэвуша Касцюшкі. Два стэнды распавядаюць пра асноўныя помнікі, прысвечаныя нацыянальнаму герою трох краін. Ёсць экспанаты, звязаныя з вуліцамі беларускіх гарадоў, што носяць яго імя, а таксама патрыятычныя тэлеграмы, датаваныя трыма першымі дзесяцігоддзямі ХХ стагоддзя.

— Звярніце ўвагу: на некаторых з іх напісана (у перакладзе з польскай на беларускую): “Няхай жыве маладая пара!” Тады было добрым тонам запрасіць на вяселле ці павіншаваць маладых тэлеграмай з выявай змагара. Напачатку мінулага стагоддзя Касцюшка быў для многіх людзей не толькі героем, барацьбітом, але і сімвалам шчасця ў шлюбе, — распавёў калекцыянер.

Гасцям майстэрні гаспадар прэзентаваў не толькі экспазіцыю, але і ўсё, што ўдалося зрабіць у рамках асабістага праекта “У пошуках страчанага”. Тут ёсць дзеючая выстава, прысвечаная беларускаму кнігадруку. У адрэстаўраваным будынку былой рэдакцыі вілейскай раёнкі на вуліцы Вадап’янава размясцілася друкарскае абсталяванне XVI — XX стагоддзяў. Кожны ахвотны можа атрымаць афорт ці ўласнаручна вырабіць аркуш паперы па старадаўняй тэхналогіі і надрукаваць на ім першы ліст Бібліі Францыска Скарыны. Тут прадстаўлены пакоі пісьменнікаў сярэдзіны ХІХ і сярэдзіны ХХ стагоддзяў. Неўзабаве з’явяцца экспанаты, прысвечаныя Адаму Міцкевічу, Элізе Ажэшка.

— У дачыненні да гэтай ініцыятывы (а яна будзе пашырацца і афармляцца ва ўсё новыя праекты і фарматы) можна ўжыць вычарпальны тэрмін — нацыянальны здабытак, — зазначыў пасля адмысловай экскурсіі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч.

Уладзімір Ліхадзедаў мае ў запасе шмат планаў: марыць ператварыць творчую майстэрню ў сапраўдны музей. Аднак, як прыватная асоба ён сутыкнуўся з шэрагам пытанняў, вырашыць якія можна толькі на дзяржаўным узроўні. Менавіта ў партнёрстве магчыма было б стварыць у Вілейцы культурны кластар, цікавы як айчынным наведвальнікам, так і замежным турыстам.

— Побач стаяць яшчэ два будынкі, але іх пакуль па розных абставінах нельга рэканструяваць. У перспектыве тут можна было б стварыць цэлы культурна-асветніцкі комплекс, аналагаў якому ў краіне няма, — упэўнены калекцыянер.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"