Астроўскі без ботаў і барады

№ 24 (1359) 16.06.2018 - 22.06.2018 г

У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы адбылася прэм’ера драматычнай камедыі “Нявольніцы”. Гэты спектакль — вынік сумеснага праекта з Саюзам тэатральных дзеячаў Расійскай Федэрацыі.

/i/content/pi/cult/696/15286/9.JPGЛетась на брэсцкай сцэне тры маладыя рэжысёры з суседняй краіны паказалі эскізы па класічных творах. З Ягорам Равінскім з Масквы тэатр вырашыў працягнуць супрацоўніцтва. Да працы з беларускай трупай выпускнік РАТИ-ГИТИС паклікаў мастака з Санкт-Пецярбурга Аляксея Вацякова і мастака па святле Нарэка Туманяна (апошні афармляў дыпломныя спектаклі курсаў Сяргея Жанавача, Дзмітрыя Бруснікіна, клас-канцэрт курса Канстанціна Райкіна, зараз працуе ў Вялікім тэатры Масквы).

Рэжысёр змясціў герояў п’есы Аляксандра Астроўскага “Нявольніцы” ў абстрактную прастору, наўмысна размываючы часавыя межы. У свеце Равінскага тэлеграф і кучар канца XIX стагоддзя спалучаюцца са стылем лофт, вінілавымі кружэлкамі, карцінамі Эндзі Уорхала, караоке і песнямі 1980 — 1990-х гадоў. Бясколерныя цьмяныя сцены на працягу дзеяння сціскаюцца ўсё мацней і паступова літаральна выпіхваюць артыстаў на авансцэну, падкрэсліваючы націск грамадства на асобна ўзятага чалавека.

Спектакль сканцэнтраваны на асабістай драме Яўлампіі Андрэеўны (Таццяна Строк), якая вызваляецца з-пад уціску мацярынскай апекі і трапляе ў чарговую няволю — гэтым разам у шлюб са сталым багачом Стыравым (заслужаны артыст Беларусі Міхаіл Мятліцкі). Замужняя Яўлампія не хоча развітвацца са сваімі рамантычнымі ілюзіямі: з бесхарактарнага служачага Муліна (Аляксей Шчарбакоў) яна імкнецца вылепіць высакароднага прынца. Толькі ў апошняй сцэне яна прызнаецца, што купляе каханне Муліна падарункамі. Скрыўшы вочы за цёмнымі акулярамі, Яўлампія Андрэеўна танцуе блюз, паступова зліваючыся з цынічным светам Стырава і Муліна. Рэжысёр пакідае гледачу дастаткова шырокае поле для рэфлексіі. У спектаклі можна прасачыць крытыку фемінізму і новай маралі.

Рэжысёр імкнуўся паставіць тонкую салонную камедыю Астроўскага па-наватарску, пазбегнуць звыклых барод і ботаў. Да гісторыі галоўнай гераіні Равінскі паставіўся сур’ёзна, у некаторых момантах — нават жорстка. У выніку гледачы пабачылі экспансіўную меладраму з элементамі балагана пра тое, як пошласць грамадства перамагла рамантычныя мары.

Вера ШЕЛЕСТ,
кіраўнік літаратурнай часткі
Брэсцкага акадэмічнага
тэатра драмы