“Magnificat-2008”: калі ўсе сталі адно

№ 26 (844) 28.06.2008 - 04.07.2008 г

Вось ужо чацвёрты раз на гасціннай Глыбоччыне прайшоў Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnifikat-2008”. Сёлета, як і да гэтага тры гады запар, ён яшчэ раз пацвердзіў слушнасць і запатрабаванасць свайго дэвіза “Ut unum sint” — “Каб усе былі адно”.

Нягледзячы на тое, што фестываль гэты традыцыйна ладзіцца не на прасторах якога-небудзь буйнога мегаполіса, а ў беларускай глыбінцы, сюды, у Глыбокае, з задавальненнем і непадробным інтарэсам з’язджаюцца кінематаграфісты-дакументалісты не толькі з нашай краіны, але і з замежжа. Сёлета ў конкурснай праграме фестывалю былі заяўлены стужкі з 12 краін свету, у тым ліку ўпершыню — з Грузіі, Лівана і ЗША. Прычым, як зазначыў нязменны старшыня журы фестывалю Юрый Гарулёў, калі ранней “Magnifiсat” запрашаў тыя ці іншыя стужкі, то сёлета ўжо дакументалісты самі шукалі дарогі да фестывальнага гледача. Так што ў выніку перад аргкамітэтам паўстала задача папярэдняга адбору: не ўсе з той вялікай колькасці фільмаў, дасланых на адрас фестывалю, змаглі трапіць у конкурсную праграму.
 /i/content/pi/cult/166/1528/Magnificat1.jpg

“Гісторыя рук”.

Дыяпазон работ, прадстаўленых сёлета ў конкурснай праграме, даволі шырокі. Гэта і гісторыка-біяграфічныя стужкі-расповеды пра знакавых асоб хрысціянскага свету, святых,
падзвіжнікаў, а разам з імі — і пра простых людзей, якія сваім шчырым служэннем ідэям веры могуць быць прыкладам для іншых. Гэта і шэраг фільмаў ды тэлепраграм, асноўная задача якіх — прасвятліць для гледача тыя ці іншыя пытанні хрысціянскага жыцця. Асобна можна было б вылучыць стужкі, прысвечаныя таму, як жа насамрэч выглядае наша людское жыццё з пазіцый хрысціянскай дагматыкі і дзе ў сваіх будзённых клопатах мы, свецкія людзі, яшчэ не знаходзім паразумення з патрэбамі ўласнай душы.
Хтосьці можа запытацца: а што ж уяўляе сабою сучаснае хрысціянскае кіно? Яно не вызначаецца ні колькасцю святароў і цэркваў на экране, ні тым, наколькі актыўна яны “павучаюць” нас жыць па нормах маралі. Сутнасць хрысціянскага кіно нашмат глыбейшая: сваёй найважнейшай задачай яно бачыць вяртанне чалавека да ягонай душы, што магчыма сёння толькі праз веру. А яшчэ — абуджэнне ў нас любові не толькі да Бога, але і да яго стварэнняў — тых, хто знаходзіцца побач з намі. Менавіта таму шмат стужак, прадстаўленых у конкурснай праграме, так ці іначай асвятлялі праблемы талерантнасці, адносін у нашым грамадстве да людзей з фізічнымі і псіхічнымі адхіленнямі, да старых і хворых, да прадстаўнікоў іншай веры. І вось людзі з хваробай Дауна (“Свет прастадушных”) прадэманстравалі нам узор трапятлівых адносін да сабе падобных; жанчына, прыкутая з маладых гадоў да інваліднай каляскі (“Паварот да лепшага. Годнасць, спачуванне, эўтаназія”) — непрымальнасць ідэі пазбаўлення людзей жыцця нават пад самым дабрадзейным выглядам; маладыя людзі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў (“Вуліца Бейрут, 17 — 19”) — уменне пры жаданні знайсці паразуменне і агульныя “кропкі судакранання”, нягледзячы на рознасць веравызнанняў, а героі амерыканскай стужкі, якая распавядала пра наступствы ўрагану “Катрына” (“Нязломныя”) — пра тое, як агульная бяда здольная з’яднаць людзей, дадаючы ім сілы ў барацьбе са стыхіяй.
Па сутнасці, хрысціянскае кіно сёння намагаецца вярнуць экраннае мастацтва да яго сутнасных каранёў: шчырай размовы з гледачамі пра жыццё і тыя праблемы, з якімі мы сутыкаемся ў ім. Даверлівая гутарка з экрана, якая не вымагае ад нас, гледачоў,
 /i/content/pi/cult/166/1528/Magnificat2.jpg
“Мяжа Манголіі”.
суперменства з
яго высілкамі выдаваць не тымі, кім мы ёсць на самой справе, а, хутчэй, дае шанц на роўных пагаварыць на тыя тэмы, якія ў нашым, нібыта цывілізаваным грамадстве, па тых ці іншых прычынах абмяркоўваць “не прынята”. А таму якраз гэтая канкрэтная скіраванасць да людзей, да лепшага, што ў іх ёсць, — адзін з найважнейшых фактараў сапраўднага хрысціянскага кіно.
Бліскучым прыкладам дзейснасці глыбока хрысціянскай дакументалістыкі стаўся лёс стужкі “Крышталёвы хлопчык” расійскага Першага канала, якая летась у Глыбокім атрымала Гран-пры. Беларускі “Magnifiсat” распачаў чараду ўзнагарод, атрыманых фільмам на самых розных міжнародных фестывалях. Але нашмат больш важкім вынікам сталася тое, што пасля публічнай дэманстрацыі гэтай работы па тэлебачанні герой фільма — Саша Пушкароў, хворы на крыштальную хваробу, што выяўляецца ў надзвычайнай крохкасці касцей, знайшоў… прыёмных бацькоў і новую сям’ю! Акурат пра гэта распавяла новая стужка гэтай жа здымачнай групы пад назвай “Новы дом для “крышталёвага хлопчыка”. Яе рэжысёр Аляксандр Цяпаў у кулуарах з прыемнасцю распавядаў, што шмат людзей аказаліся неабыякавымі да лёсу хлопчыка.
 /i/content/pi/cult/166/1528/Magnificat3.jpg
“Свет прастадушных”.
А аднойчы ў інтэрнат, дзе жыў Саша, прыехаў
нейкі крымінальны “аўтарытэт” з Санкт-Пецярбурга, прывёз шмат падарункаў для ўсіх дзяцей і прапанаваў… усынавіць Сашу. Праўда, кіраўніцтва інтэрната і выхавацелі аддаць хлопчыка менавіта яму не згадзіліся.
Дарэчы, азначэнне “каталіцкі” ў назве фестывалю ніякім чынам не абмяжоўвае кола ўдзельнікаў, наадварот: сёлета надзвычай багата, як ніколі ў ранейшыя гады, былі прадстаўлены і фільмы праваслаўнай тэматыкі, і пратэстанцкія стужкі…
Ды і прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы (пераважна з Расіі ды Украіны) з задавальненнем прынялі запрашэнне прыняць удзел у фестывалі. Адна з такіх гасцей — матушка Сафія, прэзідэнт фестывалю праваслаўных фільмаў “Сустрэчы” ў расійскім Обнінску, заклікала ўсіх тых, каму не абыякавы лёс хрысціянскага кінематографа, аб’яднацца для далейшай стваральнай працы. Бо, як слушна было заўважана пад час выніковай прэс-канферэнцыі, сёння кінематаграфісты-практыкі вельмі часта не адчуваюць тых далікатных тонкасцей, на якіх трымаецца хрысціянскае кіно, у той час як людзі царкоўныя не заўсёды валодаюць прафесійнымі навыкамі кінавытворцаў.
Асобна хацелася б адзначыць той факт, што беларускія кінематаграфісты ў праграме фестывалю выглядалі надзвычай годна — сведчаннем гэтага і тое, што Гран-пры сёлета дастаўся Міхаілу Жданоўскаму. Праўда, хацелася б, каб больш шырока было прадстаўлена і наша тэлебачанне, не толькі сталічнае, але і рэгіянальнае, дзе сёння робіцца шмат цікавых тэлеперадач, якія незаслужана невядомыя шырокаму колу гледачоў.
Так, тое, што сёлетні “Magnifiсat” сабраў у Глыбокім ажно чатырох дырэктараў буйных еўрапейскіх хрысціянскіх кінафестываляў, надзвычай паказальна: беларускі форум прызналі на еўрапейскім узроўні і знайшлі магчымым павучыцца ў нас. У прыватнасці, тонкасцям арганізацыі, дзякуючы якім фестываль “каціўся” роўна, зладжана, без закулісных “аўралаў”. Але ж не менш важным сталася і тое, што абласная адміністрацыя не проста прызнала “Magnifiсat” адным з неад’емных “іміджавых” мерапрыемстваў Віцебшчыны, але і тое, што фестываль мае значны рэзерв для свайго развіцця. У прыватнасці, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Пётр Южык паабяцаў, што з наступнага года Гран-пры будзе падтрымана значнай грашовай сумай ад аблвыканкама, а начальнік Віцебскага абласнога кінапракату Алена Матус — што лепшыя стужкі, якія атрымалі адзнакі фестывалю, будуць закуплены ў абласны пракат.
Ну, а мы будзем чакаць наступнага — пятага фестывалю, пад час якога “Magnifiсat” адзначыць свой першы маленькі юбілей… 

Таццяна КОМАНАВА,
наш спецкарэспандэнт
Мінск — Глыбокае — Мінск
     

 /i/content/pi/cult/166/1528/Magnificat4.jpg
Віншуем!
Лепшы дакументальны фільм — “Дзяўчаты, Дзяўчаты”, “Лествіца”, Украіна;
Лепшая тэлепраграма — “Тэлевізійная служба добрых навін”, “Ангел ТV”, Беларусь;
Гран-пры — “Ва ўсе дні”, “Беларусьфільм”.

Дыпломы і прызы журы:
За адлюстраванне жывой веры — “74 рэгістры са Швейцарыі”, “Орціс-фільм”, Расія;
За творчае раскрыццё тэмы паклікання — “Дон Ларэнца Мілані — паслухмяны паўстанец”, Rai Educational, Італія;
За эстэтычна-філасофскае вырашэнне тэмы чалавечай годнасці — “Свет прастадушных” , ТСН, Расія;
За творчае спалучэнне ідэй міжрэлігійнага дыялога і патрыятызму — “Вуліца Бейрут, 17 — 19”, CAVV, Ліван;
За глыбокае асэнсаванне драматычных падзей сучаснасці з пазіцый веры — “Нязломныя”, Pluma Pictures, ЗША;
За стварэнне цэласнага мастацкага вобраза ў дакументальным фільме — “Гісторыя рук”, TSN, Швейцарскае італьянамоўнае тэлебачанне;
За рэжысуру — “Вальс”, “Беларусьфільм”, Беларусь;
За лепшы сцэнарый і дасканалую даследчую працу з архіўнымі матэрыяламі з гісторыі каталіцкага касцёла — “Прафесія: Прымас Польшчы”, Agencja Filmova TVP, Польшча;
За аператарскае майстэрства — “З Богам”, студыя EKU-TV, Латвія;
За пластыку і ўвасабленне тэмы прыгажосці — “Евангелле паводле Кловіа”, “Істра фільм”, Харватыя;
За актуальнасць тэмы — “Паварот да лепшага. Годнасць, спачуванне і эўтаназія”, Salt and Light Television Productions, Канада;
За прадстаўленую праграму і за паслядоўнае развіццё традыцый аўтарскага кіно ў беларускім кінематографе ВТАЛетапіскінастудыіБеларусьфільм”;
а таксама шэраг спецыяльных прызоў.