Чым насыціць пашчу сцэны?

№ 23 (1358) 09.06.2018 - 16.06.2018 г

Летась эпатажны мастак Руслан ВАШКЕВІЧ увайшоў у тэатральную прастору, стварыўшы сцэнаграфію для пастаноўкі “Школа падаткаплацельшчыкаў”. Мінула крыху больш за год — і яго імя ізноў на афішы Купалаўскага тэатра: гэтым разам у дэкарацыях Вашкевіча зажылі персанажы п’есы Ясміны Рэзы. Ці не вырашыў мастак асталявацца ў новай прафесіі?

— Мне падаецца, не так важна, у якасці каго сябе ідэнтыфікаваць, — кажа Руслан Вашкевіч. — Сцэнаграфія для мяне эксперымент. Калі я пабачыў расхінутую пашчу сцэны, мне падалося надзвычай цікавым паспрабаваць загаварыць яе маштабы, формы, фактуры. Прапанова ад Мікалая Пінігіна прыйшлася як раз да часу. Гэта ж крута, калі ты працуеш не для абстрактнага наведвальніка, а для непасрэднай тэатральнай публікі, якая тут жа рэагуе на твае вынаходкі. Ты нават бачыш адразу рэакцыю: дрыжанне, пот, вочы, абурэнне. Мне ўвогуле падабаюцца новыя задачы, бо яны прымушаюць спазнаваць невядомае і некуды імкнуцца.

Не магу сказаць, што спрабаваў сябе ў нечым кардынальна новым. У апошні час я шмат займаўся персанальнымі праектамі, а яны таксама патрабуюць драматургічнага падыходу, выбудовы адмысловай сцэнаграфіі — маю на ўвазе неабходнасць арганізацыі экспазіцыйнай прасторы, уменне звязаць шматлікія выставачныя залы ў адзіную канцэпцыю. Ты бярэш адказнасць на сябе за гледача, выбудоўваеш лагістыку яго перасоўвання па залах, каб знаёмства з інтэрактыўнай экспазіцыяй атрымалася ўсвядомленым, а чалавеку было б як мінімум цікава. Мне заўжды важна скампанаваць аб’екты так, каб узварухнуць гледача, справакаваць яго на імгненную рэакцыю.

Распачынаючы тэатральны эксперымент, раіўся па пэўных пазіцыях з Барысам Герлаванам, з Мікалаем Пінігіным. З ім нават заехаў у “Ленком”, дзе пазнаёміўся з тамтэйшымі сцэнографамі. Я адчуў асаблівасці гэтай прафесіі: праца з маштабам сцэны, святлом, глыбінёй. Шчыра кажучы, напачатку работы над сцэнаграфіяй для купалаўцаў, не ўтыкаў, навошта мяне паклікалі, калі ўвесь час рэжысёр мяне перапыняў, адхіляючы экстраардынарныя прапановы. Ён тлумачыў: галоўны на сцэне акцёр, таму дэкарацыі не павінны перацягваць увагу на сябе, ператварацца ў самадастатковы арт-аб’ект. Імкнуўся рухацца ў гэтым рэчышчы. Праўда, усё роўна атрымалася так, што напачатку трэцяй дзеі “Школы падаткаплацельшчыкаў”, калі за заслонай глядач бачыць свет парыжскай раскошы, штораз гучаць апладысменты. Па словах Пінігіна, сапраўдная рэдкасць, каб зала рэагавала на дэкарацыі.

У “Ленкоме” я бачыў моцна перагружаныя спектаклі са шматслойным занадта арэчаўленым светам. Гэтыя рэплікі з 1980-х падаюцца мне празмернымі, бо ў нас час глядач іншы. У тэатр прыходзяць людзі, якія штодня жывуць і ў віртуальным свеце, які можа быць куды цікавейшым за прапанаваны рэжысёрам ці мастаком. Тэатр становіцца мабільным, усмоктвае ў сябе праявы нашага жыцця, насычаецца элементамі вулічных пастановак, мастацкіх пошукаў аматараў. На вуліцы сёння бывае цікавей, чым у тэатры ці музеі. Таму класічны сцэнограф у сваім сур’ёзным падыходзе часам закрываецца ад нерва часу, ад сённяшняга рытму. Магчыма, такі погляд з боку будзе карысным сучаснаму тэатральнаму мастацтву. Бо, як гаварыў мне Пінігін, у тэатры ўсё ідзе нядрэнна, але ёсць адчуванне руху па накатанай.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"