— Спачатку давайце згадаем, як усё пачалося?
Жанна АНГЛІНСКАЯ: Мы вялі ў гімназіі ўрокі рытмікі. Па тры ансамблевыя гадзіны на паралель дазвалялі рабіць штосьці сур’ёзнае. Потым быў раённы конкурс. Кожны з нас паказаў свой нумар і меў поспех. З’явілася ідэя працаваць на адну мэту, разам.
— Але, наколькі ведаю, працавалі вы ў розных кірунках?
Тамара КАНАШЭВІЧ: Мая адукацыя звязана з народным танцам, спачатку займалася яго стылізацыяй.
Ж. А.: А я эстрадным і класічным танцам. Мы спачатку пасябравалі з Тамарай Канстанцінаўнай, потым вырашылі аб’яднаць намаганні: стварылі калектыў. Адбіралі лепшых дзяцей. Пачыналі з эстрады, бо для народнага танца патрэбны касцюмы, з шыццём якіх узніклі праблемы. Як і з колькасцю хлопчыкаў, а без іх народны танец — падробка, што для нас рэч непрымальная.
— Вы парушальнікі стандартаў. У калектыве — два кіраўнікі.
Т.К.: Мы нават не спрачаемся паміж сабой. Выслухаем адна адну, паглядзім два варыянты, а выбіраем найлепшы.
І.С.: Вы людзі савецкія, у пэўнай ступені — кансерватары. Што прымусіла займацца танцам зусім іншага часу?
Ж.А.: Час жа і прымусіў. Тое, чым займаліся раней, стала сумным, аднастайным. Эстрадны танец надакучыў. А ў сучаснага — неймаверная прастора магчымасцяў. Тут трэба думаць, прапускаць матэрыял праз сябе. І дзеці гэта вельмі адчуваюць. Адна справа — выйсці на сцэну і штосьці там увасобіць. І зусім іншая — адлюстраваць унутраны свет героя, яго характар. Цікавая справа! Я назвала б гэта выпадковым рухам у невыпадковым парадку.
Т.К.: Эстрада — гэта збольшага папса, а сучасны кірунак мае на ўвазе любую годную музыку, нават класіку. Але выканаўца ў ёй павінен пачуваць сябе, як рыба ў вадзе. Падрыхтаваць такога, значыць, даць яму школу. Я кажу пра валоданне целам, каардынацыяй рухаў, гнуткасцю, пластычнасцю, уменне быць напоўненым сэнсам.
— Вы прызвычаіліся да “думання” на сцэне? А дзеці як да гэтага прыходзяць? Ці дапамагае ім тое, што яны — выхаванцы фізіка-матэматычнай гімназіі? Словам, як дзеці “зрастаюцца” з сэнсавай харэаграфіяй?
Ж.А.: Мы дзяцей з першага класа “лепім”. І яны паступова разумеюць, што ад іх патрэбна. Працуем разам над акцёрскім майстэрствам. Без гэтага немагчыма. Да прыкладу, у старэйшых ёсць нумар “Не танга”. Назваць яго танга было немагчыма, бо ў складзе ансамбля адны дзяўчаты. А як усё зрабіць, каб гэта чыталася і гучала? Толькі ў стылістыцы сучаснай харэаграфіі, толькі на піку высокага акцёрскага самавыяўлення.
— Дык мо вы — дыктатары, а дзеці — выканаўцы? Ці ўсё ж саўдзельнікі?
Т.К.: І дыктатары, і саўдзельнікі. Галоўнае, каб у групе быў лідар і дзеці за ім цягнуліся.
— А калі ён выканаўца цудоўны, а па характары дзеці яго не прымаюць?
Ж.А.: Найлепшы адчувае сваю значнасць, імкнецца ўсіх аб’яднаць, настроіць усіх на перамогу.
— Ёсць тут вельмі важны нюанс для мяне. Адзінота ў натоўпе, глабалізацыя, перанасычэнне інфармацыяй прывялі да таго, што лідарства перайшло да тых, у каго ёсць сіла ды нахабства. Лідарства вашых дзяўчынак — для сцэны? Ці яно дапамагае зацвердзіцца ім і ў соцыуме?
Т.К.: Несумненна!
— Гаворка пра клан амазонак?
Ж.А.: Не, хлопчыкі пад дзвярыма чакаюць — каб паднесці заплечнікі, прыходзяць на нашы канцэрты.
— Трэба выносіць сацыяльныя праблемы на сцэну?
Т.К.: Нельга гэта рабіць просталінейна. Мы прыдумалі назву для чарговага нумара — “Адчуваю”. Знайшлі музыку, падбіраем лексічны матэрыял, думаем над выразнасцю харэаграфіі, каб ненавязліва ўключыць гледача ў асэнсаванне таго, што адбываецца на сцэне.
Жаданне працаваць на адну ідэю спраўдзілася і пацвердзіла сваю мэтазгоднасць: сёлета калектыву — 20 гадоў. У яго ёсць будучыня — у вучнях, якія хочуць атрымаць прафесійную адукацыю і працягнуць творчую дзейнасць у калектыве ўжо ў якасці педагогаў.
Ірына СТРУЖКО,
метадыст па харэаграфіі
“Мінскканцэрта”