Усё могуць каралі

№ 23 (1358) 09.06.2018 - 16.06.2018 г

Гэты найталенавіты, разумнейшы, добры, іранічны, інтэлігентны чалавек, які ўмее ўкруціць у размове нечакана моцнае слоўца так, што ты таго не заўважаеш, у 2018-м адзначае дзве круглыя даты. Сёння, 9 чэрвеня, яму споўнілася 60 гадоў. А ў 1988-м ён пакінуў пасаду загадчыка кабінетам філасофіі ў Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт). Апошнюю падзею, хай даруе мне Алесь КАМОЦКІ — мэтр айчыннай аўтарскай песні, я пакіну на гэты раз па-за ўвагай. А прапаную вам інтэрв’ю са спеваком, кампазітарам і паэтам, з якога вы даведаецеся…

/i/content/pi/cult/695/15271/23.JPG...чаму Камоцкі не стаў рок-музыкантам

— І як сябе адчуваеце ў 60? Здароўе як, цяжэй даецца складанне песень?

— Здароўе — не дачакаецеся. Турбуе сэрца, ну так я па рэкамендацыі лекараў у дзень пэўную колькасць кіламетраў праходжу, на ровары езджу. Першыя званочкі нагналі, увогуле. Але 60 — не 90, ёсць яшчэ час хвароб нахапаць. А з песнямі... Свядомей яны, ці што, зараз пішуцца. І раней цешыла з’яўленне любой новай песні, а сёння шчасце ў тым, калі, нягледзячы на пачатковую няўпэўненасць, што нешта атрымаецца, гэта “нешта” ўсё ж такі нараджаецца. Але я ніколі не пісаў шмат, самы мой прадуктыўны ў гэтым сэнсе перыяд — праца ў 2003 годзе над альбомам Зміцера Вайцюшкевіча “Паравiны году”, для якога ён з сарака прапанаваных маіх тэкстаў абраў дванаццаць. Зараз, дарэчы, зноў паступілі заказы на напісанне песень. Але пакуль не скажу ад каго.

— З гадамі да нейкіх новых тэм звяртаецеся?

— Я ж заўсёды пісаў пра адно — пра любоў. У самым шырокім сэнсе гэтага слова. Аб любові да чалавека, да жанчыны, да зямлі сваёй наогул і да нейкіх мястэчак, да прыроды, да важных для мяне рэчаў, да свету, калі ўжо зусім глабальна казаць. Так што радыкальна тэмы я ніколі не мяняў і ўсё новае — гэта пераасэнсаванне старога. Прыходзьце 11 чэрвеня ў сталічны музей Янкі Купалы на мой канцэрт “Лятуць гады”, пачуеце, пра якую любоў я сёння спяваю.

— Да таго, што Камоцкі перыядычна перапявае і запісвае творы класічнай савецкай эстрады, у некаторых слухачоў стаўленне, скажам так, неадназначнае.

— І “блатнячок” люблю паспяваць — “Мурку”, напрыклад. І песні дваровыя, і тое, што транслявалася па савецкім радыё, я ўвабраў у сябе з дзяцінства і не магу іх выкрэсліць з памяці. Як можна выкрэсліць “Жураўлёў” або “Самотную гармонь”? Яны ж настолькі пад скурай у людзях майго пакалення, што нікуды ад іх не дзецца. Ну а калі ты спяваеш, калі разбіраешся, што ў творчасці добра і дрэнна, то часам вельмі цягне пераспяваць вось тую музычную спадчыну — шчырую, пачуццевую, сапраўдную. Я, маю права спадзявацца, разбіраюся. І мне хочацца яшчэ столькі ўсяго выканаць з тых часоў — тую ж “Цёмную ноч”, што сапраўды прыйдзецца жыць як мінімум да дзевяноста гадоў. І потым я ж спяваю гэтыя тэксты, пераклаўшы іх на беларускую мову, і часам дазваляю сабе ўмешвацца ў першапачатковыя варыянты. Ну як можна спяваць сёння “Немало я стран перевидел, шагая с винтовкой в руке”? Таму я па-свойму крочу — па-беларуску. Да мяне неяк пасля канцэрта падышлі дзве жанчыны, дагледжаныя з выгляду, позняга бальзакаўскага ўзросту, і пытаюцца: “А чаго вы “Стары клён” на беларускай спяваеце?” Я ім: “Дык я ж беларус”. Яны: “Мы таксама, накшталт, як беларускі”. Я: “А я не “накшталт”, я — проста беларус”. І выдаў ім... Што калі чалавек вось такі — “накшталт” па нацыянальнасці, калі не карыстаецца роднай мовай, то наступствы для яго могуць быць самыя сумныя, аж да таго, што гены ўзбунтуюцца і ён заробіць сабе цэлюліт. А там пайшло і паехала: маўляў, і наступны муж таксама будзе алкаголікам. Карацей, пажадаў я ім новых непітушчых мужоў, і яны так і засталіся з адкрытымі ратамі. Прыгожую тэорыю я прыдумаў, так? А калі развіць яе, падмацаваць навуковымі пошукамі, Фрэйда ўзяць у дапамогу?

— Упэўнены, што паненкі тыя беларускую цяпер ведаюць у дасканаласці. У музыцы ж вы пачыналі ў канцы 1980-х як рок-музыкант — у гурту Zartipo, якому і дагэтуль няма аналагаў у Беларусі. Ён выконваў нешта такое ўжо зусім наварочанае — перш постпанк, потым штосьці псіхадэлічнае, “індустрыяльнае”.

/i/content/pi/cult/695/15271/22.JPG— А паўстаў ён з гурта “Близнецы”, у якiм я таксама граў на саксафоне. Дудзеў, дакладней. І атрымлівалася ў мяне толькі тады, калі я перад выступам выпіваў партвейну, інакш гукі не нараджаліся. А так “нагазуешся” — і чаду даеш. Цікава было, мне падабалася. Тых музыкантаў сёння па ўсім свеце раскідала: Дзмітрый Плотка ў ЗША жыве, Андрэй Іваноў, як я разумею, на два дамы — Беларусь і Германiю. Кагосьці наогул ужо няма на свеце. Можа, каб гурт працягваў існаваць пастаянна, а не перыядычна, каб яго рэанімаваў у сваім твары Іваноў, я б і па гэты дзень граў рок. Але ж свой дэбютны альбом “Першы сшытак” я запісаў яшчэ да “Близнецов”, у 1986-м. Мабыць, у Беларусі гэта быў першы сапраўдны альбом аўтарскай песні. Гэта значыць, мне было чым заняцца пасля знікнення Zartipo. Але тады я больш складаў песні на чужыя вершы.

— Пра іх, дарэчы. Цікавыя паэты сёння ёсць, на вершы якіх хацелася б напісаць песні?

— Ёсць. Рэкламаваць іх не буду, а то хто-небудзь у мяне іх перахопіць. Наогул, на мой погляд, таленавітых літаратараў стала больш. Усе ж графаманы дзе зараз? У інтэрнэце. Там гэтаму фуфлу і месца. А сапраўдныя пісьменнікі па рэдакцыях таўкуцца. Камусьці, бывае, шанцуе, выдаецца ў такіх нешта. Іншыя чакаюць, пакуль я на іх звярну ўвагу. Шкада будзе, калі што-небудзь вартае прашчоўкаю. Затое больш песень на ўласныя вершы прыдумаю.

...чым пахне артыст

— Вы ж кароль беларускай аўтарскай песні?

— А таксама прынц, прымадона, імператрыца, залаты, срэбны і аксамітны яе галасы. Я — птушачка божая, якая пырхае з галінкі на галінку і спявае.

— Добра, але меркаваннем сваім на гэты жанр падзяліцеся? Што з ім адбываецца ў Беларусі, наколькі ён запатрабаваны? Вунь, тэлеперадача Анатоля Длускага “Подых струн”, прысвечаная яму, чамусьці перастала выходзіць.

— Выдатна, што яна была, але планка, якую там задалі, з часам апускалася ўсё ніжэй і ніжэй, пакуль яна наогул на падлозе не апынулася. У перадачы ўсё больш стала з’яўляцца выканаўцаў, якія нават аддалена не мелі дачыненне да жанру. Праўда, да нядаўняга часу ён сапраўды настолькі размыўся, што ў чыстым выглядзе стаў сустракацца не так часта — у параўнанні з тымі гадамі, калі ў Саюзе быў яго бум. Але калі мне сёння тыя яго прыхільнікі з прыдыханнем кажуць, што ён збіраў стадыёны, я пярэчу ім: не ён, а стадыёны збіралі яго. І паэзію збіралі, і рок, і эстраду. Масам людзей трэба было нешта даць, і давалі — незалежна ад жанраў. А потым Грушынскi фестываль камерцыялізаваўся, удзельнікі яго пайшлі хто ў папсу, хто ў рок. Здарыўся крызіс асоб, а не жанру. У апошнія гады я сачу за гэтым музычным кірункам з аптымізмам — хай і асцярожным. Зноў з’явіліся асобы, зноў заспявалі свае песні, зноў засталася адна гітара.

— Але я па-ранейшаму з задавальненнем часцей слухаю Бартосіка ці Мельнікава, чым новыя імёны. Стары, напэўна, стаў.

— І я стары. Мы з вамі аднаго паху, а ў моладзі ён іншы. Яна прафесійна мацнейшая, больш граматная, піша не так, спявае не так, нават падыгрывае сабе не так, у яе інструменты класныя. А мы прывыклі да іншага. Сіла інэрцыі ў нас гаворыць. Не факт, што моладзь не лепшая за нас, але яна і не магільшчык той аўтарскай песні.

— Вы ездзіце па краіне, выступаеце і ў абласных цэнтрах, і ў вёсках. Як, на ваш погляд, жыве “культурна” менавіта ў глыбінцы?

— Скажу, гледзячы са сваёй званіцы. Людзі цяжка збіраюцца на канцэрты, літаральна за руку іх прыводзяць арганізатары выступаў. Дваццаць гадоў таму я свістаў у два пальцы — і народ запаўняў клуб да ўпору. Цяпер трэба вельмі і вельмі пастарацца, каб публіка прыйшла. Зараз палова залы — гэта шчасце і велізарны поспех. З чым звязана такая наведвальнасць? А то вы не ведаеце. І было б зусім сумна, калі б глядач змяніўся і якасна. Дзякуй Богу, мой глядач застаўся ранейшым. Вы ж, магчыма, будзеце ад сябе нешта такое пра мяне пісаць, маўляў, які я інтэлігентны, выхаваны, адукаваны? Вось і мой глядач такі ж. І яшчэ такую рэч скажу, напэўна, пакрыўдзіўшы людзей, але няхай яны мне даруюць, я, можа, у чымсьці і сам такі. Людзі развучыліся хацець. Не патэльні новай, а таго, што ўзвышае чалавека, што робіць яго ім. У тым ліку, развучыліся хацець культуры, не парагатаць над “клоўнам” заезджым, а куль-ту-ры. Яны сёння ахоўваюць тое, што ў іх ёсць, і правільна, вядома, робяць. Але яны здавольваюцца гэтым, астатняе іх мала цікавіць.

...што жонак — былых — не бывае

— Вядомая выканаўца аўтарскай песні і рок-музыкант Кася Камоцкая па-ранейшаму носіць прозвішча свайго былога мужа, хоць вы развяліся без малога 30 гадоў таму.

— Дзіўна, так? Прынамсі, за такую шматгадовую эксплуатацыю прозвішча можна было б што-небудзь заплаціць. Дзякуй, што вы мне нагадалі пра гэты факт, звяжуся абавязкова з Касяй. На самай справе, мы з ёй сябруем, гэта вельмі добры чалавек, я ўдзячны лёсу, што калісьці ён нас звёў. Удзячны Касі за многае. Мы ж расталіся як сямейная пара, а як творчая неаднаразова потым выступалі разам. І я хачу такіх канцэртаў яшчэ. Кася — абсалютны харызматык. Яна можа “лажаць” на гітары, забываць словы, але зала пры гэтым будзе з велізарнай цеплынёй яе прымаць. І яна — моцна недаацэнены творца. На 50-годдзе Касі я, спытаўшы дазволу ў яе цяперашняга мужа, падарыў ёй гітару. А ён падарыў чахол да яе. Атрымаўся поўны камплект. Шкада, што, наколькі я разумею, Кася амаль перастала пісаць новыя песні, а гітара тая, мабыць, “прастойвае”. Кася (я да яе звярнуся праз вашу газету, добра?), канчай ленавацца!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"