Дзень Незалежнасці ў Мінску: 350 кВт — каб пабачыць, 150 кВт — каб пачуць

№ 26 (844) 28.06.2008 - 04.07.2008 г

Каб даведацца, дзе, калі і як пройдуць у Мінску асноўныя мерапрыемствы па святкаванні Дня Незалежнасці, карэспандэнт “К” звярнуўся да начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзіміра КАРАЧЭЎСКАГА. Уладзімір Міхайлавіч не толькі распавёў аб святочнай праграме ў сталіцы, але і падзяліўся планамі працы калектыву ўпраўлення.

 /i/content/pi/cult/166/1527/Dzen'-nezalezhnasci.jpg
— Ці можна гаварыць пра тое, што вы ўжо паспрабавалі выкарыстаць “свежы” падыход да справы ў падрыхтоўцы да святкавання Дня Незалежнасці?

— Найперш, я імкнуўся як мага больш даведацца пра назапашаны досвед: якім чынам праводзіліся святы раней, якія былі пытанні, праблемы, як іх пазбегнуць, што скарэкціраваць. Праведзены былі шматлікія нарады, абмеркаванні, сустрэчы. Усё ж такі Дзень Незалежнасці — гэта свята рэспубліканскага маштабу, і падрыхтоўка да яго мусіць быць належная.

А што да працы менавіта нашага ўпраўлення, дык мы заняты арганізацыяй святочнага спартыўна-маладзёжнага шэсця, якое адбудзецца адразу пасля ваеннага парада па праспекце Пераможцаў 3 ліпеня, і вячэрняга канцэрта-акцыі “Мы — беларусы!”. Акрамя таго, у кожным раёне Мінска будуць ладзіцца свае святочныя мерапрыемствы як напярэдадні, так і цягам галоўнага дня ўрачыстасцей.

Агляд жа цэнтральных рэспубліканскіх мерапрыемстваў, што пройдуць у сталіцы ў гэтыя дні, відаць, трэба пачаць з фізкультурна-спартыўнага свята, якое прыме 29 чэрвеня праспект Пераможцаў. 2 ліпеня канцэрт майстроў мастацтваў у Палацы Рэспублікі прадоўжыць серыю ўрачыстасцей. 3 ліпеня ў першай палове дня, каля стэлы “Мінск — горад-герой” распачнецца ваенны парад, пасля якога, як ужо адзначаў вышэй, адбудзецца спартыўна-маладзёжнае шэсце. Увечары 3 ліпеня там жа, на спецыяльна зманціраванай сцэне, пройдзе канцэрт-акцыя “Мы — беларусы!”, у межах якога ў 23.00 возьме старт Рэспубліканская акцыя “Спяваем гімн разам!”. Пад час яе ўсе прысутныя на ўрачыстасцях у Мінску і абласных цэнтрах разам выканаюць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Што да праграмы гала-канцэрта, то ў шоу прымуць удзел зоркі беларускай і расійскай эстрады і найлепшыя творчыя калектывы рэспублікі. Запрошаны і беларусы, што жывуць у Расіі: Анжаліка Агурбаш, Наталля Падольская, Руслан Аляхно. Мяркуецца ўдзел гурта “Чайф”, абяцалі прыехаць Алег Газманаў, Леў Лешчанка… Завершыцца праграма святочным салютам, які, як абяцаў ваенны камендант Мінскай ваеннай камендатуры Анатоль Грыцаў, будзе відавочна адрознівацца ад тых, што былі ў мінулыя гады.

— Пад час адзначэння такіх маштабных свят арганізатары трапляюць у залежнасць ад многіх фактараў: пачынаючы ад надвор’я і заканчваючы тэхнічным забеспячэннем…

— Таму сёлета мы імкнуліся падысці да арганізацыі так, каб пазбегнуць ранейшых недарэчнасцей. Калі гаварыць пра тэхнічнае забеспячэнне (а за святло, гук, афармленне, энергазабеспячэнне адказвае горад), сёлета на вячэрнюю праграму ля стэлы закладваецца гук у 150 кВт (можна і болей, але мы заклапочаны тым, каб вытрымалі электрасеткі), на падсветку — 350 кВт. Максімальныя арганізацыйныя сілы мы сцягваем тут. Моцныя светладынамічныя прыборы, вялізныя экраны — усе гэта павінна працаваць зладжана і без збояў. Нават сама стэла, лесвіца мемарыяла, высвечаныя спецыяльным святлом, глядзяцца зусім інакш — яны становяцца сапраўднымі ўдзельнікамі святочнай дзеі. Улічваючы досвед мінулага года, мы спецыяльна сустракаліся з прадстаўнікамі тэлебачання, каб пракансультавацца, дамовіцца аб тым, як найлепш падсвяціць, упрыгожыць месца правядзення парада, шэсця, канцэрта, каб у выніку ўсё выглядала належна, нічога не знікла ў кадры і адпавядала нашым задумам. Пагадзіцеся, калі свята будзе трансліравацца на ўсю краіну, яно павінна выглядаць на высокім узроўні.

Дарэчы, у гэтым плане мы асабліва намагаліся зрабіць відовішчным тэатральнае спартыўна-маладзёжнае шэсце. Спецыяльна насупраць цэнтральных фігур ля стэлы ўстановяць трыбуны, на якіх будуць працаваць 1600 чалавек, ствараючы эфект “яскравага фону”. У іх руках будуць рознакаляровыя сцяжкі, якія ўдзельнікі будуць складваць у разнастайныя фігуры: сцяг, герб і іншыя выявы. Акрамя таго, само шэсце будзе падзелена на сем блокаў.

Распачнуць яго спартсмены, якія будуць несці факелы з агнём, сімвалізуючы алімпійскую эстафету, затым “вогненны” блок, а мерапрыемства завершыцца вынасам Дзяржаўнага сцяга памерам 24 на 48 метраў.

Кожны блок — гэта маленечкі твор мастацтва, над якім працуе група, пачынаючы ад рэжысёра і заканчваючы ўдзельнікамі шэсця. І натуральна, усё гэта можа зацікавіць, зачараваць, калі пройдзе зладжана і дакладна. З такіх нюансаў і складваецца вынік.

— Уладзімір Міхайлавіч, акрамя парада і шэсця, якія яшчэ мерапрыемствы вы параілі б наведаць 3 ліпеня мінчанам і гасцям сталіцы?
 /i/content/pi/cult/166/1527/Dzen'-nezalezhnasci2.jpg

— Канешне, пачынаць трэба з парада і шэсця. Але параіў бы мінчанам абавязкова зазірнуць і на канцэртныя пляцоўкі сваіх раёнаў. Мы спецыяльна ўдзень не робім аніякіх цэнтральных мерапрыемстваў, каб кожны раён мог паказаць усё падрыхтаванае да вялікага свята. У шасці пунктах Мінска нават будзе наладжаны ўвечары салют, хай і не такі магутны, як каля стэлы, але мінчанам не трэба будзе ехаць у цэнтр.

Увогуле, кожны раён, улічваючы і асаблівасці свайго ландшафту ды “характару”, будзе прапаноўваць сваю праграму. Мерапрыемстваў і канцэртаў — безліч, таму я параіў бы мінчанам проста патэлефанаваць у сваю раённую адміністрацыю, каб дазнацца, што і дзе будзе адбывацца, ды не прапусціць цікавую падзею. І закончыць дзень, мяркую, варта зноў каля стэлы “Мінск — горад-герой”, дзе адбудзецца святочны гала-канцэрт.

— Пра святочныя мерапрыемствы горада на Дзень Незалежнасці вы распавялі досыць падрабязна. Але хацелася б пачуць і пра далейшыя планы культурнай работы ў сталіцы.

— Наступнымі мерапрыемствамі, да якіх мы ўжо пачалі рыхтавацца, стануць Дзень горада — 13 верасня і справаздачны канцэрт дзеячаў мастацтваў Мінска ў галоўнай зале краіны — Палацы Рэспублікі: кожны з 9 раёнаў сталіцы падрыхтуе невялікую 15-хвілінную праграму, якую прадэманструе перад канцэртам.

Што да гаспадарчых спраў, дык зазначу, што зараз у наша падпарадкаванне перайшоў будынак цырка, у якім распачынаецца рэканструкцыя. Улічваючы тэмпы росту горада, упраўленне культуры плануе будаўніцтва новых школ мастацтваў.

Не забываемся і на рэстаўрацыю будынка ТЮГа. Сёння наша гаспадарка расце, і, мяркую, нам давядзецца рабіць рэарганізацыю ўпраўлення, каб стала прасцей кіраваць усімі структурамі. Гэта тэндэнцыя літаральна апошніх месяцаў, але магу канстатаваць: наша ўпраўленне сёння мае патрэбу не толькі ў творчых калектывах, артыстах, а менавіта ў будаўніках, рэстаўратарах, якія б былі здольны ўзяцца за будаўніцтва і аднаўленне вельмі спецыфічных, няпростых будынкаў культуры.

— Уладзімір Міхайлавіч, распавядзіце, калі ласка, і пра сабе. На пасадзе начальніка ўпраўлення культурысталіцы вы ўжо амаль паўгода, аднак гэта першае эксклюзіўнае інтэрв’ю нашаму выданню.

— Я працую ва ўпраўленні культуры, калі быць дакладным, з 4 студзеня 2008 года. Аднак і да таго, як прыйшоў на гэтую пасаду, да культуры меў самае непасрэднае дачыненне. Па першай адукацыі я баяніст: скончыў Магілёўскае музычнае вучылішча. Потым атрымаў вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “рэжысёр свят”. Культурную “кухню” ведаю не на словах, бо за свой век давялося працаваць і выкладчыкам музыкі, і культарганізатарам, і вядучым, і гукарэжысёрам, і рэжысёрам па святле, і артыстам эстрады… Нават выдаў свой дыск, а некаторыя кампазіцыі ў маім выкананні да гэтай пары знаходзяцца ў эфіры шэрагу радыёстанцый. Апошняе маё месца працы — начальнік аддзела культуры адміністрацыі Савецкага раёна Мінска.

— Вы з’яўляецеся пераемнікам колішняга начальніка ўпраўлення культуры сталічнага гарвыканкама Віктара Кураша, і Віктар Іосіфавіч, цяпер намеснік міністра культуры, заўжды рады падтрымаць добрай парадай?

— Так, з Віктарам Іосіфавічам мы знаёмы даўно. Ён сапраўды імкнецца падтрымліваць мяне ў складаных пытаннях, заўжды падкажа штосьці карыснае і важнае. Многія рэчы ў гэтай працы для мяне новыя — тыя ж фінансавыя пытанні, пытанні будаўніцтва, і ў гэтым сэнсе добрая парада часам бывае вельмі неабходнай. Нягледзячы на досвед, пасада кіраўніка сталічнага ўпраўлення вымагае многіх дадатковых навыкаў, якія прыходзяць з часам.

З іншага боку, тое, што пакуль для мяне ўсё не стала звычайным, — своеасаблівы “плюс”. Ну, скажам, калі я прапаноўваў на сваю мінулую пасаду пераемніка, думаў пра тое, каб ён не ўсё рабіў гэтак жа, як я, але па-свойму, адметна.


Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ