Прынц, Букашык і прыгоды

№ 23 (1358) 09.06.2018 - 16.06.2018 г

Лета. У малодшых школьнікаў — канікулы. Беларуская дзяржаўная філармонія, быццам узгадаўшы колішнія Тыдні музыкі для дзяцей і юнацтва, што ладзіліся ўвесну, склала для юных наведвальнікаў суцэльны парад музычна-тэатралізаваных казачных гісторый.

/i/content/pi/cult/695/15266/18.JPGРаспачаўся своеасаблівы “хіт-парад” 31 мая — інтэрактыўнымі “Музычнымі прыгодамі вушастага Бурыдуса”. Адна назва чаго каштуе! Васіль Дранько-Майсюк, за плячыма якога багаты вопыт працы з дзецьмі, разам з філарманічным ансамблем салістаў “Класік-Авангард” на чале з Уладзімірам Байдавым прапануюць публіцы сапраўдную музычную гульню, цікавую і знаўцам, і пачаткоўцам. Калектыў Дзіцячай філармоніі, што ў складзе “дарослай”, даўно практыкуецца на музычных спектаклях — найперш з музыкай кампазітара Уладзіміра Саўчыка, які там працуе. Вось і ў чэрвеньскай афішы ёсць і “Чырвоны Каптурык на новы лад”, і “Чароўнае дрэва спазнання”, увасобленыя рэжысёрам Таццянай Мажар.

На наступным тыдні — яшчэ дзве цікавосткі: “Незнаёмыя казуркі”, што нядаўна з’явіліся ў афішы, і ва ўсіх сэнсах класіка — “Маленькі прынц”, якога магчыма параўнаць з аднайменным балетам у Вялікім тэатры.

— Поўная назва маёй казкі, — гаворыць лектар Дзіцячай філармоніі, музыказнаўца і кампазітар Вячаслаў Пяцько, — “Незнаёмыя казуркі, ці Казка пра тое, як маленькі Букашык выбіраў сабе прафесію”. Імкнуўшыся неяк расквеціць канцэрт для дзяцей, я сачыніў гісторыю, у якой нечакана адкрылася некалькі сэнсаў. Гэта не толькі прагназаванне жыццёвага шляху і сваёй магчымай спецыяльнасці (зразумела, што прымерыўшы на сябе некалькі розных прафесій, у тым ліку фотамадэлі, Букашык прыходзіць да музыкі). Тут ёсць і думка пра касмічнасць, шматслойнасць нашага сусвету, што складаецца з многіх іншых. Закранута экалагічная тэма: прыроду трэба берагчы. Ёсць месца для ўласных фантазій: артысты выкарыстоўваюць толькі асобныя аксесуары, астатняе дзеці “дамалёўваюць” у сваёй галаве. І рады самі выбегчы на сцэну, каб паказаць, да прыкладу, тую ж сараканожку.

“Маленькі прынц” ідзе ў філармоніі ўжо цягам двух гадоў, але, на жаль, вельмі рэдка.

— У дзяцінстве мне было многае незразумела ў гэтай гісторыі, — распавядае Аляксандр Ждановіч, артыст Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. — Але вабілі яркія вобразы. Пазней я штораз нанова адкрываў для сябе глыбіні вядомага сюжэта. Раптам зразумеў, што гэта яшчэ і хрысціянская прытча пра вечныя каштоўнасці. Працуючы з дзецьмі, якія маюць асаблівасці развіцця, паставіў “Маленькага прынца” ў інклюзіўным тэатры “Радасць” пры Свята-Елазівецінскім манастыры — як аповед пра тых, хто ніколі не сталее, захоўваючы чысціню ўспрыняцця свету. Мы яго паказвалі пяць гадоў на самых розных пляцоўках — заўжды з нязменным поспехам. І калі “Класік-Авангард” звярнуўся да мяне з прапановай падрыхтаваць які-небудзь сумесны музычна-тэатральны праект (а з гэтым апантаным калектывам выдатных прафесіяналаў я пазнаёміўся яшчэ ў 1996-м, працуючы над “Гісторыяй салдата” Стравінскага), адразу згадаўся “Маленькі прынц”. Нумары аднайменнай балетнай партытуры Яўгена Глебава атрымалі ансамблевае пералажэнне, дадаліся відэапраекцыі, а я стаў пераўвасабляцца ва ўсіх персанажаў адразу. Бо прыйшло разуменне, што ў гэтым аповедзе не трэба адлюстроўваць знешнюю экзотыку падарожжа, як гэта звычайна робіцца. Наадварот, гэта падарожжа ўглыб сябе самога, сустрэча чалавека, які перажывае крызіс сярэдняга ўзросту, з самім сабой маленькім. Таму гэта прытча, расказаная пра дарослыя рэчы мовай казкі і падмацаваная музычна-эмацыйнай вобразнасцю, ідэальна падыходзіць для сямейнага прагляду.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"