“Берагіня”: сістэмны падыход да аўтэнтыкі

№ 26 (844) 28.06.2008 - 04.07.2008 г

V Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” адскакаў боцікамі, адгрымеў трашчоткамі і залівістым баянам, адспяваў звонкімі галасамі. Гарадскі пасёлак Акцябрскі (у народзе — Рудабелка, прычым гэтую назву жыхары ўжываюць значна часцей) на Гомельшчыне прыняў больш за семсот чалавек — прадстаўнікоў усіх абласцей Беларусі і Мінска, а таксама замежных гасцей з Расіі, Літвы, Польшчы і Малдовы.

Гэтак шмат беларускага каларыту адразу не бачыла нідзе і ніколі. На кожным кроку можна было сустрэць гурты малечы і падлеткаў у нацыянальных касцюмах, якія ўжывалі столькі цікавых беларускіх слоў, што ў сталіцы пра іх застаецца толькі марыць. І пазней, калі выступоўцы вырашалі адпачыць ад вышываных кашуль і доўгіх спадніц, гэта вельмі кідалася ў вочы — да такой ступені яны зліваліся са сваім ранейшым вобразам.

Але чатырох дзён фестывальных імпрэз хапіла, каб пераканацца: моладзь з вялікай ахвотай узнаўляе наша мінулае.

 
Сэрца і сэнс свята

У розных кутках цэнтральнай плошчы і гарадскога сквера чуваць гукі гармонікаў, настаўнікі дбайна акідваюць вокам кашулі і спаднічкі сваіх русявых “куранятак”. Тут і там зазвініць раптам нечы галасок і спыніцца на паўслове, падскокваюць у час нецярплівай рэпетыцыі зграбныя ножкі. У гэтым вулеі давялося апынуцца за некалькі хвілін да пачатку фестывалю.

 /i/content/pi/cult/166/1526/Beraginya1.jpg
Самым хвалюючым і запамінальным этапам “Берагіні”, безумоўна, стаў V Рэспубліканскі конкурс танцавальных пар — выканаўцаў народных танцаў.

На працягу адборачнага тура, паўфіналу і фіналу глядацкая зала была перапоўнена, з азартам пазіралі на сцэну жыхары Рудабелкі, а дзеці-ўдзельнікі — адзін на аднаго. А для журы задача была неверагодна складаная. Тры пары ад кожнага калектыву ў залежнасці ад узроставай групы павінны былі адскакаць “Лявоніху”, “Польку”, “Мікіту”, “Кракавяк”, “Падэспань”, “Лысага”, “Какетку”, “Суботу”, “Вальс”, “Каханачку” і іншыя танцы. А сэнс якаснага выканання — у імправізацыі. І калі 6 пар адначасова імправізуюць на сцэне, паспрабаваць хутка вызначыць лепшыя становіцца цяжкай задачай. Некаторыя дзяўчаты і хлопцы танцавалі згодна з правіламі, а некаторыя, асабліва самыя маленькія, так жвава кружыліся і шчыравалі локцікамі, былі настолькі раскаваныя ў творчасці, што ім нельга было не паставіць самыя высокія адзнакі.

Адзін з самых яркіх фестывальных успамінаў — слёзы дзяцей, якія не занялі прызавое месца. Калі на сцэне адбывалася свята, то за ёй — сапраўднае няшчасце малечы. Але ж узнагародзіць усе 87 пар немагчыма, і тут, відаць, гаворка вядзецца не пра абавязковую перамогу, а пра радасць удзелу, якой кіраўнікам таксама трэба навучаць юных талентаў.

Бадай, самым вясёлым этапам “Берагіні” было выступленне салістаў калектываў з народнай прозай. Смешныя жарты, запісаныя з аповедаў бабуль, паданні, найгрышы-невялічкія прыпеўкі пад акампанемент народных інструментаў, выкананне абрадавай песні, ці жалобнай, ці зухаватай са звонкім дзявочым піскам. Вельмі ярка выступіла Раіса Мосбак, вучаніца Вілейскай гімназіі №2 з экалагічным ухілам. Гэтая ўстанова была прадстаўлена на конкурсе ўпершыню. Раясыграла на дудачцы, расказала з цудоўнай інтанацыяй народны жарт “Мы с табой ішлі?”, праспявала велікодную валачобную песню “Учора з вячора”. Гэта неблагі пачатак творчасці, тым больш, што яна збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць “этнафоназнаўства”.

А ў час мастацкага свята давялося назіраць нешта надта ж процілеглае агульнаму настрою: хлапчукі ў шырокіх штанах і дзяўчаты, аголеныя вышэй нормы, злосна выказваліся на адрас маленькіх зорачак, перакрыўлівалі іх спевы. Пытаюся, чаму яны глядзяць на гэтае дзейства, калі яно ім не падабаецца. А тыя адказваюць, што таксама ўдзельнікі, але не ў захапленні ад свята.

Проста ў іх раёне не хапала дзяцей для паездкі, і кіраўнік запрасіла “занадта сучасную” моладзь па добрым знаёмстве выступіць. Хіба ж бывае свята пад прымусам?!

У межах фестывалю праходзіў таксама III Рэспубліканскі турнір па калектыўнай творчасці, на якім удзельнікі паказвалі сваё ўменне вадзіць карагоды і танцаваць кадрылю. Грукат туфлікаў па сцэне разносіўся далёка. Турнір па музычным майстэрстве ўключаў у сябе выкананне песні ў хоры і ігру на старадаўніх музычных інструментах. Трашчоткі, лыжкі, музычны прас, дошка для мыцця бялізны, шматлікія дудачкі, скрыпачкі, акарыны — на што толькі ні былі здатны нашы продкі!
 /i/content/pi/cult/166/1526/Beraginya2.jpg

А ў гэты час рыхтаваліся калектывы для паказу майстар-класаў па дэкаратыўна-побытавым мастацтве. Дзяўчаткі плялі паяскі, выразалі выцінанкі, чаравалі з саломкай. Хлопцы майстравалі кошыкі, стваралі розныя вырабы з прыродных матэрыялаў, выразалі ўзоры на дрэве. Прыязна ставіліся ўсе да цікаўных гледачоў, расказвалі падрабязнасці сваіх рамёстваў, нават браліся майстраваць падарункі. А на наступны дзень жыхары падняпроўска-паўночна-палескага памежжа частавалі гасцей і журы сваімі прысмакамі, паказвалі рамесніцкія вырабы і карціны. Вёску Обчын Любанскага раёна запомняць усе: беларускія пачастункі з рыфмаванымі надпісамі, якія характарызуюць кожную страву, выглядалі так апетытна, што немагчыма было не пачаставацца.

А крыху далей ад цэнтра…

Адной з “разыначак” “Берагіні” стала паездка ў вёску Кавалі Акцябрскага раёна. Расійскі калектыў “Конікаў лес” і “Рудабельскія зорачкі” прывезлі канцэртную праграму бабулям і дзядулям, якія не могуць самі дабрацца да свята. Жыхары гэтай вёскі, насельніцтва якой катастрафічна змяншаецца, былі шчаслівыя, што на іх не забыліся. Узорны аматарскі калектыў “Рудабельскія зорачкі” быў пераможцам першай “Берагіні”, і зараз авацыі ў іх гонар былі вельмі моцныя. Галасістыя дзяўчаткі і харызматычныя хлапчукі спадабаліся пажылым людзям. Шкада толькі, што 8 чалавек з гэтага яркага калектыву будуць паступаць у мінскія універсітэты, але кіраўнік Вольга Дульская спадзяецца, што яны вернуцца ў Акцябрскі, каб унесці свой уклад у культуру раёна.

У раённым Цэнтры гісторыі і культуры выстаўляліся творы студэнтаў БДУКіМ. Пастаянныя дэлегацыі дзяцей і іх кіраўнікоў прыходзілі паглядзець на шыкоўныя габелены, вытанчаныя вырабы з саломкі, цікавыя скульптурныя работы. Заглядвалі з цікавасцю і мясцовыя жыхары: нячаста ім паказваюць творы, якія экспанаваліся на шматлікіх выстаўках.

Але эпіцэнтрам задавальнення і самай вялікай падзеяй стала святкаванне Купалля. Пасля гучнага шэсця на возеры сабраўся ўвесь горад — такога маштабу не памятаюць арганізатары.

Тры вялізныя карагоды вакол вогнішчаў, спевы народных песень і пусканне вянкоў, а пасля шыкоўны феерверк уразілі гледачоў і дзяцей-удзельнікаў.

Тут можна было прыйсці да высновы, што “Берагіня” — свята не толькі для прыхільнікаў мастацтва, як гэта падавалася на ціхіх вуліцах гарадка, а шчасце для ўсяго гарадка!

Вы — нам, а мы — вам!

Парадавалі сваёй прысутнасцю госці з замежжа. Ды не проста парадавалі, але і заахвочвалі беларускіх удзельнікаў танчыць весялей і ўсміхацца прыязней. Малдаване паказалі вышэйшы клас: калі астатнія калектывы ішлі спакойна — яны скакалі, калі ўсе спакойна вадзілі карагод — яны рухаліся бегам, калі на плошчы калектывы сарамліва стаялі— яны пускаліся ў скокі першыя і цягнулі ўсіх за сабой. Лаурэат міжнародных фестываляў, паказальны калектыў “Рэзэшый” (дзейнічае ўжо 26 гадоў) прыехаў усім складам, а гэта 30 звышэнергічных чалавек. Галоўны спецыяліст упраўлення культуры Целянешскага раёна Рэспублікі Малдова Ешану Тудор з упэўненасцю сказаў, што малдаўскі фальклор у параўнанні з фальклорам Беларусі больш энергічны, рухавы, ім можна ахапіць вялізную плошчу.

 /i/content/pi/cult/166/1526/Beraginya3.jpg
Яны не прафесіяналы, гэта сельскі калектыў, у якім удзельнічаюць работнікі дзіцячых садкоў, урачы, паштальёны, настаўнікі. Яны расказалі, што прымалі ўдзел у шматлікіх фэстах, але такога шчырага і вясёлага, з такой колькасцю таленавітых дзяцей яшчэ не бачылі.

“Конікаў лес” — фольк-квартэт фальклорнага цэнтра Паўночна-Заходняй адміністрацыйнай акругі Масквы. Удзельнікі яго — выпускнікі Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных. Да нас прыехалі два члены незвычайнага гурта: Любоў Карнеева — спявачка і Ксенія Мар’янава — мультыінструменталіст. Музыканты граюць на акарыне, дудачцы, флейце, балалайцы, варгане, розных ударных. А ў нас адбыўся дэбют: першы раз яны сталі выкарыстоўваць маленькія гуслі — канцілі.

Завіталі да нас госці з Вільнюса.

Ансамблю “Арынушка” ўжо 10 гадоў, яго кіраўнік Мікалай Захараў, выкладчык Школы славянскіх традыцый у Вільнюсе, дырэктар Цэнтра рускага фальклору пры ім, прыехаў з двума сваімі вучнямі выпадкова: яны падарожнічалі па нашай краіне з мэтай сабраць фанатэку для беларускага аддзялення школы. Там ужо існуюць рускае і польскае аддзяленні, а паколькі ў іх акрузе жыве шмат беларусаў, то неабходна ствараць і наша.

Удзел у гэтым фестывалі для іх аказаўся вельмі значным, бо настаўнікам неабходна засвоіць метады, формы, прынцыпы захавання і перадачы ведаў па народным мастацтве. Яны запісвалі спевы нашых бабуль у вёсках, за некалькі дзен да “Берагіні” даведаліся пра яе і прыехалі паказаць сваё майстэрства.

“Жэмэрва” — фальклорны ансамбль беларусаў Падляшша, яны запісваюць, апрацоўваюць і выконваюць традыцыйны фальклор нашых землякоў. Складаецца ён з 17 чалавек ад 14 да 35 гадоў. Адзначым, што калектыў — лаўрэат XV польскага фестывалю “Беларуская песня-2008” у Беластоку, пра які “К” ужо пісала.

Не пакінулі без сюрпрызаў і беларускія госці. Фальклорны гурт “Раме” Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў быў створаны ў верасні 2007 года са студэнтаў першага курса спецыяльнасці “этнафоназнаўства”. Зараз хлопцы вельмі прафесійна граюць на музычных інструментах, іх гукі суправаджалі святочнае шэсце. А спявае ў іх гурце... дэкан факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва БДУКіМ Вячаслаў Калацэй.

Трансляваць традыцыі — ужо недастаткова

Калі дзеткі апранулі свае звычайныя вопраткі, адгучалі апошнія ноты песень і стомленыя кіраўнікі пачалі пералічваць дыпломы, прыйшоў час пагаварыць пра вынікі фестывалю. Слова — старшыні экспертнага савета Тамары ВАРФАЛАМЕЕВАЙ.

— Дзесяць гадоў — гэта пераломны ўзрост для фестывалю, падлеткавы, калі можна так сказаць. Першапачатковае станаўленне “Берагіня” прайшла, вытрымала ўсе іспыты і стала на шлях удасканалення. Цяпер гэтае дзейства — цэнтр этнакультурнага выхавання дзяцей і моладзі.

Па-першае, “Берагіня”— гэта фестываль, на якім удзельнікі павінны прадэманстраваць уменне ўвайсці ў стыль сваёй лакальнай культуры, а ён выяўляецца ў танцах, спевах, інструментальнай музыцы, дэкаратыўна-побытавым мастацтве, касцюме. Часткова гэта праблема вырашана: калі параўнаць калектывы “Сунічкі” з Лепельскага раёна, “Мемарат” з Зэльвенскага і “Нашчадкі” з Любанскага, то адразу відаць адметнасці іх рэгіёнаў. Але прыязджаюць калектывы ўсярэдненыя, якія не вельмі добра папрацавалі над сваім стылем, і іх “твар” не бачны, немагчыма даведацца, з якога яны раёна. Аднавіць мясцовы строй — навуковая работа, тут патрэбна прыкласці шмат намаганняў.

Па-другое, у экспертнай камісіі склалася ўражанне, што кіраўнікі раённых калектываў недастаткова працуюць над узнаўленнем традыцый.

Калі ёсць нешта ў раёне, яны гэта транслююць, але не паглыбляюцца настолькі, як гэта патрэбна на самой справе.

Па-трэцяе, эксперты, аналізуючы ўсе пяць “Берагінь”, прышлі да высновы, што навучыцца спяваць і граць на музычных інструментах калектывам значна цяжэй, чым танцаваць. Конкурс танцавальных пар выяўляе яркіх лідэраў. Калі даходзіць да спеваў — большасць ці то падрыхтаваны слаба, ці то выканаўцаў адабралі не тых. Гэта датычыцца і спеваў у групе: там дзеці не чуюць адзін аднаго. Каб дзеці не фальшывілі, з імі, зноў жа, трэба доўга працаваць.

Яшчэ патрэбна адзначыць, што некаторыя калектывы не выконваюць умоў фестывалю. У нашай культуры дзеці заўсёды былі побач з падлеткамі, вучыліся ў іх. І паказваць творчасць і тых, і другіх патрэбна. Але калі ў адной узроставай групе турніру ўдзельнічаюць і зусім маленькія дзеткі, і ўжо амаль дарослыя людзі, то гэта непарадак. На працягу фестывалю і ў конкурсе танцавальных пар, і ў спеўным мастацтве можна было заўважыць удзельнікаў розных узростаў, якіх прышлося судзіць на адных умовах. Вось гэта патрэбна ўдасканаліць.

Мікалай КОЗЕНКА, мастацкі кіраўнік фестывалю, метадыст аддзела традыцыйнай культуры БДУКіМ таксама праясняе некаторыя моманты:

— Фестываль “Берагіня” — гэта сістэма, якая аб’ядноўвае народную творчасць і філасофію мыслення, і сёння ідзе пашырэнне геаграфіі гэтай сістэмы і яе паглыбленне ў мастацкасць, у традыцыйную культуру. За два гады падрыхтоўкі да фестывалю патрэбна “стварыць” паўнацэннае дзіця, нармальны калектыў, а не за месяц-другі.

Памірае шмат носьбітаў культуры, і мы мала ўвагі звяртаем на працэс пераймання аўтэнтычных форм ва ўсіх праявах. А да народнага мастацтва могуць далучыцца ўсе — і дарослыя, і малыя. У гэтай справе вельмі важная роля асобы. Патрэбна, каб мо ў школе настаўнікі выхоўвалі дзіця ў беларускіх традыцыях. Побач з намі стаяць хлопцы, якія лаюцца і кураць. Вы спытаецеся, ці можна вось такіх людзей, якім не патрэбна гэта ўсё, навучыць? Можна навучыць і дрэннага, і “глухога” да мастацтва чалавека.

У нашых калектывах ёсць дзеці са складанымі сямейнымі абставінамі, яны раней не мелі адчування рытму і стылю, а пасля сталі лаўрэатамі міжнародных фестываляў. Іх проста трэба палюбіць, і яны пацягнуцца да дабрыні. Усе дзеці — таленавітыя, мы павінны проста знайсці ключык да іх сэрцаў.

Праходзячы праз гэты фестываль, яны навучаюцца цэламу комплексу мастацтваў, самі становяцца носьбітамі, і такім чынам народная творчасць і эстэтычныя каштоўнасці Беларусі не паміраюць, а ўстойліва развіваюцца.

А што да прыемных момантаў сёлетняга фэсту, то, у параўнанні з мінулымі фестывалямі, на пятай “Берагіні” было нашмат больш гледачоў, глядацкую зону абсталявалі зручнымі крэсламі, сцэна стала значна больш прыгожай.

Не павінны асобныя побытавыя складанасці азмрочваць гэтае свята дзіцячай і маладзёжнай творчасці. І ўдзельнікі, і госці спадзяюцца, што пройдзе час, і іх будуць турбаваць толькі пытанні творчага росту дзяцей. Гасцінная Рудабельская зямля прыклала вялізныя намаганні, каб усім было тут максімальна камфортна.


* * *
Гэтая “Берагіня” стала юбілейнай, пятай па ліку. Раз на два гады, пачынаючы з 1998, праходзіць яна на Рудабельшчыне, і з’яўляецца тут самым важным мерапрыемствам. Сёлетні фестываль сабраў 25 салістаў, 86 танцавальных пар, 17 калектываў з розных абласцей краіны, 8 калектываў — гасцей фестывалю. Арганізацыю і падтрымку фестывалю аказваюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, Акцябрскі раённы выканаўчы камітэт, Грамадскае аб’яднанне “Беларускі фонд культуры”. У гэтым годзе ўпершыню “Берагіні” аказала фінансавую дапамогу ў выданні метадычных матэрыялаў Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.
Віктар Маліноўскі, намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, паведаміў, што “Берагіня” цяпер знаходзіцца ў праграме нацыянальнай бяспекі краіны. Міністэрства культуры надае вялікую ўвагу фестывалю, абяцае і надалей падтрымлівацьяго, таму што ён развівае дзіцячую творчасць у галіне традыцыйнай культуры, а менавіта з гэтага пачынаецца фарміраванне сталых творцаў.


Алена САБАЛЕЎСКАЯ,

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Акцябрскі — Мінск

Фота аўтар