Усе ў “горад-сад”

№ 23 (1358) 09.06.2018 - 16.06.2018 г

Сёння 60-годдзе святкуе Наваполацк — горад, што ўвайшоў у гісторыю перадусім як той, які даў краіне першы айчынны бензін (1963) і поліэтылен (1968). Але па-за ўвагай чамусьці застаецца яшчэ адна адметнасць нафтаграда — у першых пакаленняў яго жыхароў яшчэ і атрымалася стварыць горад, дзе людзі хочуць і могуць жыць у атачэнні прыгажосці. Калі паліклініка, то са скульптурамі на фасадзе. Калі кінатэатр, то абавязкова з роспісам унутры. Нават калі звычайныя дамы, то няхай з мазаікамі на пад’ездах — рознымі і ва ўсім мікрараёне. Мастацтва на кожным кроку. Хто бачыў у Наваполацку такі “горад-сад” і чаму без належнай увагі ён рызыкуе згубіць свой непаўторны твар, дазналася “К”, наведаўшы сёлетнюю культурную сталіцу Беларусі.

/i/content/pi/cult/695/15259/1.jpg— У мяне сёлета таксама юбілей — 50 гадоў жыву і працую ў Наваполацку, — жартуе мастак Віктар Лук’янаў. У 1968-м яго, тады нядаўняга выпусніка віцебскага педуніверсітэта, запрасіў прыехаць у горад першы сакратар Наваполацкага гаркама КПБ Артур Бязлюдаў.

— Горад толькі перасягнуў дзесяцігадовы рубеж, быў яшчэ зусім маленькі — ад кінатэатра “Мінск” да кінатэатра “Космас” — і складаўся, у асноўным, з баракаў. Палову аднаго з іх і выдзелілі пад музей, якім я павінен быў заняцца, — узгадвае Віктар Міхайлавіч. — З мастакоў тады жыў там хіба Мікалай Бруханаў, чыя мазаіка засталася каля ювелірнай крамы “Рубін”. Але хутка і ён на нейкі час з’ехаў у Омск. Давялося пачынаць фактычна з нуля і збіраць для працы каманду.

Да 15-годдзя Наваполацка пад музей гісторыі развіцця яго прадпрыемстваў Віктар Лук’янаў з памочнікамі аформілі ўжо ўвесь барак. Там ён і праіснаваў, пакуль установе не выдзелілі новае памяшканне на вуліцы Калініна. Цяпер ужо пад назвай Музей гісторыі і культуры месціцца ў новым будынку непадалёк ад цэнтральнай плошчы Будаўнікоў, а партрэт Віктара Міхайлавіча — элемент экспазіцыі.

— Я стаў галоўным мастаком горада, але на грамадскіх пачатках, — адзначае спадар Лук’янаў. — Зацікаўленую моладзь туды запрашалі не толькі на будоўлю і прадпрыемствы, таму паступова я змог скалаціць і вялікі калектыў мастакоў — больш за 20 чалавек: Аляксандр Канавалаў, Васіль Цецяноха, Пётр Грывусевіч, Мікалай Ступакоў, Віктар Пашкоў, Віктар і Галіна Стасевічы, Уладзімір Гавазюк, Сяргей Дзмітрыеў, Леў Аганаў, Уладзімір Шаппо, Ігар Куржалаў… Кожнага зараз паіменна нават не ўзгадаю — баюся памыліцца. Хай даруюць мне тыя, каго не назваў.

/i/content/pi/cult/695/15259/2.JPGУ кожным будынку — мастацкая работа

Усе яны працавалі ў майстэрнях на вуліцы Паркавай — так з’явіўся філіял Віцебскага мастацка-вытворчага камбіната. Не скарыстацца магчымасцю задзейнічаць у забудове горада такія творчыя сілы было б глупствам.

— Разам з архітэктарамі — Максам Маісеевічам Шлеймовічам і Аркадзем Цімафеевічам Каратковым — мы распрацавалі такую сістэму: ужо на стадыі праектавання будынка планавалі там якую-небудзь мастацкую працу, адразу закладвалі ў смету яе кошт — усё ж такі манументальныя працы патрабуюць затрат. Будаўнікі заключалі з намі пісьмовую дамову і не маглі здаць будынак, пакуль не гатова наша работа. Гэта было цудам, які не здзейсніўся б без нашай сістэмы. Роспіс у інстытуце, вітражы ў паліклініцы № 1 і скульптуры на яе фасадзе, кафэ “Віцязь”, адна кнігарня, другая — і пайшло-паехала, — распавядае Віктар Міхайлавіч.

/i/content/pi/cult/695/15259/3.JPGЁн і сам — аўтар шматлікіх роспісаў, вітражоў і мазаік амаль у кожным мікрараёне Наваполацка.

— Калі ў 1982 годзе адкрыўся кінатэатр “Мінск” з маёй працай “Белая Русь”, я змог за яе атрымаць без чаргі машыну. Інакш дзесяць гадоў чакаць давялося б, — смяецца мастак. — Вось якое стаўленне было! Суседні Полацк — старажытны гістарычны цэнтр — быў на другім плане. Наваполацк на яго фоне выглядаў вельмі кантрастна. Кінатэатры “Мінск” і “Космас”, іншыя аб’екты, над якімі мы разам працавалі, радыкальна адрозніваліся ад звычайнай забудовы, рабіліся на новым узроўні, — адзначае першы галоўны мастак Наваполацка.

/i/content/pi/cult/695/15259/4.JPGМакс Шлеймовіч, на той час галоўны архітэктар горада, у сваёй кнізе “Наваполацк. Год за годам” назваў тыя працэсы “рашэннем унікальнай задачы па масавым укараненні ў гарадское асяроддзе дэкаратыўна-мастацкіх работ”. Аддзел пад яго кіраўніцтвам рыхтаваў і зацявярджаў у гарвыканкаме план сумеснай працы мастакоў і архітэктараў на год наперад. Плён такога грунтоўнага падыходу да справы відавочны — за планіроўку і забудову Наваполацка аўтарскаму калектыву на чале з Юрыем Шпітам у 1984 годзе была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР у галіне архітэктуры.

Лес у горадзе, а горад у лесе

/i/content/pi/cult/695/15259/5.JPG— Такога больш нідзе ў Беларусі не было і ўжо, відаць, не будзе, хаця менавіта так і павінна быць, — упэўнены скульптар Леў Аганаў, які пераехаў у Наваполацк у 1975 годзе. — Два працэнты ад агульнага кошту праекта будынка закладваліся на мастацкую працу ў ім, і гэтага хапала. Калі эскізы рыхтуюцца на стадыі праектавання, потым няма нечаканасцяў, таму так працаваць было зручна ўсім. І зрабіць удалося многае.

Хлопчык на шары ў фантане каля школы мастацтваў, “Нептун” побач з крамай “Пралеска”, бронзавы Аляксандр Пушкін ля бібліятэкі, што носіць імя паэта, вытанчаная жаночая постаць (яна ж Бярозка ў народзе) на вуліцы Ктатарава — усё гэта працы Льва Рыгоравіча, што можна ўбачыць на вуліцах горада, і гэты спіс можна працягнуць. Хаця шмат чаго з яго ўжо выкрэсліў час.

— Мая першая замова для Наваполацка — цыкл драўлянай скульптуры па матывах казак (“Воўк і Чырвоны каптурок”, “Група казачнікаў”, “Віцязі”, “Іван ды Мар’я” — “К”), — узгадвае Леў Рыгоравіч. — Спачатку для парку ў пятым мікрараёне, затым яшчэ на плошчы каля Дома культуры нафтавікоў паставілі “Музыку”, “Леля” і “Трох грацый”. Выразаў усё з дуба. Тады такая скульптура была моднай і добра ўпісвалася ў прастору — нібы лес у горадзе, а горад у лесе. Мне падавалася, што дрэва даўгавечнае, а яно прастаяла 25 гадоў — калі скульптуры разбурыліся, іх забралі. Але ўсё адно шмат работ у бронзе захавалася.

Месца для кожнай выбіралася невыпадкова.

— Напрыклад, таго ж “Нептуна” планавалі ўсталяваць у двары жылога дома, — кажа спадар Аганаў. — Там ужо адзін беленькі стаяў. Але калі я вылепіў скульптуру, галоўны архітэктар прапанаваў перанесці яе на фантан. Хлопчыка на шары таксама ў працэсе перарабілі ў цэнтральную фігуру яшчэ аднаго фантана. Кожны раз выбіралі найлепшае месца, каб скульптура арганічна ўпісвалася ў прастору.

/i/content/pi/cult/695/15259/6.JPGАпошні раз скульптар прыязджаў у Наваполацк дзесяць гадоў таму — да 50-годдзя горада зрабіў трохфігурную кампазіцыю побач з помнікам першай палатцы.

/i/content/pi/cult/695/15259/7.JPG— У свой час Наваполацку вельмі пашанцавала з кіраўніцтвам — спачатку Бязлюдаў, затым Пётр Асіпенка — ініцыятыва ішла менавіта ад іх, асабістая зацікаўленасць давала вынікі, — разважае Леў Рыгоравіч. — Мастакі прыязджалі, паказвалі сябе і атрымоўвалі жыллё, таму заставаліся. Працы было шмат, і рабілася ўсё не куды-небудзь, а для свайго ж горада. Калі працы не стала, людзі пачалі з’язджаць у іншыя гарады. Я сам з 2005 года жыву ў Астрашыцкім Гарадку.

“Складана знайсці пад’езд, калі яго не абазначыць”

Упрыгожвалі мазаікамі пад’езды жылых дамоў у той час у розных гарадах, але звычайна тое было асобнымі невялікімі работамі. Наваполацк — адзіны ў Беларусі горад, дзе такім чынам дэкарыраваны кожны пад’езд у межах цэлага мікрараёна.

— Гэта была мая ідэя — дамы вялікія, некаторыя аж на 12 пад’ездаў, таму знайсці свой часам складана, калі яго неяк не абазначыць, — тлумачыць Віктар Міхайлавіч. — Эскізы для першых двух дзевяціпавярховікаў у 1975 годзе зрабіў сам, а затым ужо пайшлі замовы ў працэсе далейшай забудовы мікрараёна, да працы падключыліся іншыя мастакі.

Для кожнага будынка — свой сюжэт. Для кожнага пад’езда — свой колер. Уваходы ў дзевяціпавярховікі, узведзеныя ў сярэдзіне 1970-х — 1980-я гады, бачна здалёк — там і вавёркі, і кветкі, і птушкі ці нават шахматы і стрэльбы.

— Я не задаваўся мэтай сур’ёзны матыў вынаходзіць — толькі абазначыць пад’езды, — тлумачыць мастак. — У мяне былі дэкаратыўныя арнаментальныя кампазіцыі. У іншых масткоў — штосьці яшчэ. Ганаруся, што так атрымалася зрабіць!

Некаторыя з мазаік захаваліся выдатна, некаторыя ж — амаль цалкам абваліліся. Прыкра, што хтосьці лічыць патрэбным клеіць абвесткі “куплю-прадам” менавіта на дэкарыраваную сцяну ці ўвогуле зафарбоўвае яе.

Помнік часу і скарб

Для прыпынкаў грамадскага транспарту ў Наваполацку таксама рабілі мазаікі, але амаль у першапачатковым выглядзе захавалася толькі адна — з гербамі гарадоў Беларусі на вуліцы Калініна. Астатнія збольшага “асучаснілі”. Тое ж самае адбылося з некаторымі будынкамі —фасады, дзе раней былі нейкія манументальныя працы, затынкавалі падчас рэмонту.

У аддзеле архітэктуры і градабудаўніцтва Наваполацкага гарвыканкама патлумачылі — за стан кожнага аб’екта адказваюць яго ўладальнікі. Фантаны, скульптуры, мазаікі — гаспадары ва ўсіх іх розныя, але за агульнай карцінай па-ранейшаму сочаць мастацкая і архітэктурная рада. І кожную мазаіку ці пано стараюцца максімальна зберагчы.

— Мы клапаціліся пра тое, каб усё гэта было, — кажа архітэктар Макс Шлеймовіч. — Адказнасць за захаванне работ потым лягла на плечы іншых. Штосьці было загублена свядома, але штосьці сапраўды забраў час.

— Я лічу, што горад губляе свой твар, — гаворыць Віктар Лук’янаў. — Мазаічныя плітачкі каля пад’ездаў адкалупалі ці зафарбавалі. Некаторыя пацярпелі парадкам, і ніхто за гэта не адказвае. Іду каля гасцініцы “Беларусь”, а там мазаіку на сцяне цэментам закрываюць. Добра, што большую частку паспелі выратаваць. А мой роспіс у першым корпусе ўніверсітэта? У 1970-я гэта было першае, што людзі бачылі на ўваходзе. Цяпер першым бачаць тое, як людзі ядуць — там зрабілі буфет, а на роспіс прыбілі меню. Жырандолю для рэстарана “Чабарок” я рабіў і манціраваў на шклозаводзе “Нёман”, спецыяльна для гэтага там печ усталёўвалі. Дык будынак прадалі нейкаму прыватніку, а той прадаў у Польшчу жырандолю. А нам што, не трэба? Там жа ўсё адно рэстаран і зараз, прыходзяць людзі. А вітражы на “Пралесцы” не разгледзіш за рэкламнымі шыльдамі на фасадзе. І мне шкада сваіх работ і работ іншых мастакоў, бо іх здымаюць не таму, што яны дрэнныя, а таму, што хтосьці можа сказаць: “Мне не падабаецца”. Так можна прыйсці да поўнага запусцення. Як гэта разумець? Чаму такое стаўленне?

Супрацоўнікі Музея гісторыі і культуры Наваполацка адзначаюць, што апошнім часам цікавасць да манументальных прац у горадзе ўсё ж такі павысілася, але яе пакуль недастаткова — камусьці даводзіцца доўга тлумачыць, у чым каштоўнасць тых жа мазаік ці скульптур. Але ёсць і тыя, хто ўпэўнены — гэта ж адметнасць горада, помнік часу і мастацкі скарб, які ў свой час атрымаў Наваполацк і які важна максімальна захаваць цяпер.

Асаблівую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла рэдакцыя “К” выказвае навуковаму работніку Музея культуры і гісторыі горада Наваполацка Веры ШУШКО.

Фота аўтара, Аляксандра ЯРМАЦА і з кнігі Макса ШЛЕЙМОВІЧА “Наваполацк. Год за годам”.

Меркаванне

“Толькі рэстаўрыраваць!”

Глеб ОТЧЫК, мастак:

/i/content/pi/cult/695/15259/8.JPG— Важна памятаць, што такія манументальныя работы — знакавыя, яны адлюстроўваюць эпоху і час. Ні ў якім разе іх нельга дэманціраваць, што б з імі ні зрабілі гады — толькі рэстаўрыраваць! Так робяць па ўсім свеце! Напрыклад, у тым жа Берліне ідзеш і бачыш дзесьці цэглу старую, а дзесьці калонну. Калі тырчыць труба якая, яе не прыбіраюць адразу — вырашаюць, як аб’ект зберагчы. Таму што ўсё — гісторыя. У нас нядаўна адкрылася кафедра рэстаўрацыі, і гэта толькі першыя крокі, каб ахоўваць такія помнікі часу. Хацелася б рабіць гэта на заканадаўчым узроўні. Таму што не паўсюль разумеюць каштоўнасць тых жа мазаік ці роспісаў, і мы губляем творы мастацтва. Праблема існуе і вырашаць яе трэба паступова, хаця б пачынаючы агучваць услых.

Супраца мастакоў і архітэктараў была распаўсюджанай з’явай у савецкія часы. Але ў 1990-я гады адбыліся перамены, якія заўважна адбіліся на розных аспектах жыцця. Працэс насычэння гарадской прасторы творамі мастацтва перарваўся. Замоў на дэкор проста не стала.

Калі чалавека з дзяцінства атачае прыгажосць розных эпох — гэта візуальнае выхаванне. А мы чым будзем выхоўваць, калі пабудуем вакол адны шэрыя дамы? Мастак не піша адну і тую ж карціну некалькі разоў, так сама і з архітэктарамі. Ды няхай бы хоць адзін працэнт ад агульнай сумы праекта будынка закладваўся б і цяпер на мастацкую работу — кардынальна змянілася б уся краіна! Дастаткова зрабіць нейкі савет ці даручыць пытанне тым радам, што ўжо існуюць. Каб прыходзіў да іх забудоўшчык: “Хачу паставіць дом”. І паказвае, які. Рада яму адказвае: “Такіх ужо тысячы. Чым ваш будзе адрознівацца?” Забудоўшчык прапануе варыянты: “Я хачу…” І вось тады ўжо мы маем творы мастацтва, а не шэрыя сцены. Мастацтва ў гарадскім асяроддзі — гэта доўгатэрміновая інвестыцыя. Яно будзе прыносіць прыбытак стагоддзямі! Ужо зараз да нас у краіну прыязджаюць турысты, якіх цікавіць савецкая эпоха. Час сыходзіць і яго ўжо не вернеш, але можна зберагчы памяць аб ім.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"