Рэнесансны палёт дэміурга

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

Да 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі, двойчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны Аляксандра Кішчанкі

/i/content/pi/cult/694/15258/24.JPG(Заканчэнне. Пачатак у №№ 19 — 21.)

— Што значыць для цябе новае ў мастацтве?

— Новае? Пытанне няпростае. Напэўна, гэта неабходнасць свядомага парушэння, а часам і рэвалюцыйнага разбурэння звыклага старога. Творчае парушэнне, нават самае нязначнае, і ёсць старт навізны. Але спачатку трэба засвоіць устаялыя правілы і законы ў мастацтве, каб потым вызначыць — што можна свядома і творча парушыць, а чаго нельга. Пікаса, напрыклад, перш чым стаць кубістам, у дасканаласці авалодаў усімі таямніцамі класічнага, акадэмічнага мастацтва: малюнкам, перспектывай, мадэліроўкай формаў, колерабачаннем. Тое самае я магу сказаць пра Кандзінскага і Малевіча: сваю мастакоўскую кар’еру яны пачыналі з цалкам рэалістычных рэчаў.

А з чаго пачыналі, напрыклад, мексіканскія муралісты? З чыстага пераймання майстроў Адраджэння. Скажам, энкаўстыка “Мацярынства” Ароска ў галерэі першага паверха Вялікага двара Прэпараторыі ў Мехіка цалкам выйшла з Батычэлі, а роспіс Сікейраса “Стыхіі” ў Малым двары той самай школы — перайманне рымскіх манументалістаў эпохі трачэнта.

У сваю чаргу, Міхаіл Савіцкі не грэбаваў пераймаць некаторыя кампазіцыйныя і пластычныя рашэнні тых самых мексіканцаў, а таксама Пятрова-Водкіна, іконапісу і Высокага Адраджэння. З “шыняля” французскага імпрэсіянізму выйшлі Канстанцін Каровін і Ігар Грабар, Васіль Кандзінскі і Казімір Малевіч, Рауль Дзюфі і Фернан Лежэ, а з Левітана вырас наш Вітольд Бялыніцкі-Біруля. І гэтак далей. Аднак, думаю, нам на сучасным этапе неабходна стварыць голад на свежыя ідэі — калі гаворка ідзе пра наш час, пра новыя духоўныя каштоўнасці.

У звязку з гэтым успомнім Дантэ. Ён насяліў пекла тымі людзьмі, з якімі ўступаў у канфлікты. Змагаўся з чарцямі. А што, хіба яны зніклі сёння? І я як мастак схіляюся перад Дантэ і хацеў бы на сваіх палотнах змагацца з Люцыферам, ваяваць з самім Злом. Але не гуляць у банальныя дробязі, бо банальшчына — гэта смерць для мастацтва. Надта высока нацэліўся? Магчыма. Але лесвіца, якая вядзе на неба, а таксама амбівалентнасць, дваістасць чалавечай натуры, маральнасць і амаральнасць сучаснага свету — вось мае тэмы. А яшчэ каханне і жыццё чалавечае ў яго вясёлкавым асвятленні.

— Леанарда да Вінчы прыпісваюць такія словы: “Усякае жыццё, добра пражытае —жыццё доўгае”. А вось Ясенін пісаў, што “жизнь — обман с чарующей тоскою”. Што табе бліжэй?

— Я скажу так: жыццё, нават добра пражытае, тым не менш, поўніцца падманам з чароўнаю тугою. А што тычыцца яго даўжыні... Мікеланджэла, Тыцыян, Хальса, Пікаса, Шагал, Какошка, дэ Кірыко ды многія іншыя дажылі да глыбокай старасці. А Караваджа, Вато, Шчадрын, Ван Гог, Мадыльяні, Чурлёніс пайшлі ў лепшы свет у даволі маладым веку. Але кожны з іх зрабіў у сусветнае мастацтва свой непаўторны ўнёсак. Так што жыццёвая біяграфія мастака ў “лічбавым вымярэнні” і ўласна творчы яго лёс неабавязкова павінны супадаць. Таму будзе глупствам гадаць: ах, вось калі б Мазачча, Рафаэль, Тулуз-Латрэк або Джэйсан Полак пражылі б даўжэй, то... Ведаеш, за час сваіх кароткіх жыццяў яны, як і многія іншыя, аб’ектыўна зрабілі максімальна ўсё, што наканавана ім было здзейсніць па волі Лёсу — не менш і не больш за тое.

Асабіста я ўдзячны Богу, што жыву ў цудоўнай Беларусі, якая палюбоўна “вылепіла” мяне такім, якім я ёсць сёння; што худа-бедна, але працую ў майстэрні да гэтага часу. Урэшце за тое, што я, Аляксандр Кішчанка, з’явіўся на свет — дзякуючы, канешне, і маім бацькам. Здаецца, Мікалай Бярдзяеў сказаў: “Я” ёсць першасная дадзенасць, “асоба” ж ёсць якаснае дасягненне: у маім “я” ёсць шмат чаго не ад мяне”.

Мне цяпер 64 гады — прыкладна ў гэтым узросце пайшлі з жыцця Рэмбрант і Рубенс. А я вось спадзяюся яшчэ пажыць, бо ў галаве маса задумак, зусім непадобных на тыя, што рэалізоўваў раней... Напрыклад, я хацеў бы арганізаваць у Мінску школу мастацкага ткацтва для моладзі, для мяне было б шчасцем убачыць Нацыянальны музей беларускага габелена.

— Ці можа мастацтва змяніць свет?

— Хтосьці сцвярджае, што можа. Але ў мяне такіх ілюзій няма. Выпраўляць свет — не мэта мастацтва. Мабыць, у першую чаргу трэба ўдасканальваць сябе. Якім позіркам глядзець на жыццё? Гэта залежыць ад нутра мастака — яго пароды, выхавання, адукацыі, унутранай культуры, адносінаў да зямлі, якая яго нарадзіла і зрабіла чалавекам. Асабіста я імкнуся пільна ўглядацца ва ўсе рэчы, што адбываюцца ў свеце, знаходзіць у іх нейкі стваральны, пераўтваральны пачатак, які закладзены ў натуры любога індывіда — адно што гэты пачатак, ва ўсіх яго праявах, трэба адчуць сэрцам, агаліць і захаваць.

Мне падабаецца, калі Фолкнер апісвае падзею мноства разоў, вуснамі розных персанажаў раскрывае бясконцае мноства варыянтаў аднаго і таго самага. Акіра Курасава прыкладна аналагічную задачу рэалізуе ў сваім геніяльным фільме “Расемоне”. Знаўцы мастацтва таксама па-рознаму могуць успрымаць творы, асабліва тыя, дзе закранаюцца глыбінныя маральныя праблемы, дзе ёсць павароты думкі.

— Ці павінна мастацтва быць скіраваным да нейкай мэты?

— Магчыма. Хаця... не ведаю. Дакладней кажучы, ведаю, што толькі творчасць надае майму жыццю сэнс. І чым далей, тым больш я пераконваюся, што сам працэс, мабыць, важнейшы за канчатковы вынік — як і штодзённае жыццё важнейшае за ўрачыстае пахаванне. Аднак ствараю не я — гэта Бог стварае праз мяне. Ён рэалізуе сябе маімі рукамі. Мая заслуга невялікая. Мастак павінен быць сціплым і ведаць, што ён — усяго толькі пасярэднік паміж Усявышнім і матэрыяй. Можа, я кажу занадта напышліва, але, думаю, толькі вера ў Дабро дае права мастаку тварыць. Не ўяўляю сабе, каб мастацтва было бездухоўным. Твор добры толькі тады, калі ў ім, акрамя выяўленага візуальна, ёсць і нешта большае — тое, што нельга выказаць словамі. Калі, паглыбляючыся ў той ці іншы сюжэт, адкрываеш нейкія новыя, невядомыя раней абшары.

— Што значыць для цябе захаванне духоўнай памяці народа?

— Спадзяюся, што сваю глухату, абкраданне саміх сябе мы, у рэшце рэшт, пераадолеем — як тое, што не пасуе народу са сваёю дзяржаўнасцю. Нам ёсць з чаго і ёсць на чым расці. Трэба толькі, каб нашыя духоўныя дасягненні не былі феноменамі ў кантаўскім сэнсе. Трэба з піетэтам “адкопваць” нашу памяць так, як археолагі раскрываюць помнікі мінуўшчыны. Каб нашы вялікія папярэднікі — ад Скарыны і Буднага да Напалеона Орды, Філіповіча, Драздовіча, — не заставаліся такімі маўклівымі і забытымі, як загадкавыя паганскія каменныя бабы, раскіданыя па Беларусі. Гэтыя постаці павінны быць заўсёды побач з намі, жывыя і непаўторныя.

— Твае бліжэйшыя планы?

— У маі гэтага года (1998-га — Б.К.) мне споўніцца 65. Лік нежартоўны. Вось і хачу паказаць на сваёй юбілейнай выставе, што я такое стварыў за 40 гадоў творчай дзейнасці. Карацей кажучы, зараз крыху папраўлюся, і разам з жонкай Нінай пачну адбіраць работы для экспазіцыі. Можа, і ты дапаможаш... Калі ўсё атрымаецца, гэта будзе знакавая для мяне духоўна-мастацкая акцыя — прынамсі, дастатковая для таго, каб пэўным чынам асэнсаваць пройдзены шлях і паглядзець, чаго ж я яшчэ не зрабіў.

— Ну што ж, Саша, дзякуй за цікавую гутарку. Спадзяюся, мы яе працягнем...

— Абавязкова працягнем, нам яшчэ ёсць пра што з табой пагаварыць!

На жаль, тая гутарка працягнутая не была, а юбілейная выстава 1998 года прайшла ў Палацы мастацтва ўжо без яе аўтара. І карысталася поспехам незвычайным. Сын Зямлі і Космасу ў якасці запавету зрабіў нам каштоўны падарунак — бліскучы жывапіс, які не меў аналагаў і прататыпаў.

Потым была яшчэ адна грандыёзная выстава — у Нацыянальным мастацкім музеі, насычаная незвычайна таленавітай і арыгінальнай графікай. Яна зноў зрабіла фурор, засведчыўшы, што Аляксандр Кішчанка дасягнуў дасканаласці ў авалоданні ўсімі даступнымі яму сродкамі выяўлення. Ясны, дакладны, выразны малюнак. Чарадзейства каларыту, здольнага перадаць і адчуванне лёгкасці асяроддзя, і гаму тонкіх чалавечых пачуццяў. Глыбіня перспектывы, законы якой не былі для яго таямніцай, і таму ён мог “ламаць” іх так, як хацеў. Свабоднае прасторавае мысленне, якое зрабіла фігуры персанажаў раскаванымі ды надало ім магутную ўнутраную энергію і дынаміку. Гармонія ў дакладным узаемадзеянні аб’ёмаў і ліній, максімальна выразная асязальнасць і матэрыяльнасць вобразаў… Вось сродкі, якія зрабілі магчымым тое свята прыгажосці, якое ствараюць для нас лепшыя творы мастака.

Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што Беларусь — яго другая радзіма-маці, якая прывяла мастака на сусветны Алімп — можа ганарыцца сваім творцам. Ён зрабіў усё, што было яму прызначана Лёсам. Бы фармацэўт з зёлак, маэстра складаў з колераў тую адзіную колеравую гаму — гаму-панацэю — якая заўсёды будзе служыць чалавечай душы. А што можа быць больш цудоўным, чым колер, нібы вытканы з гарманічных музычных акордаў і ўплецены ў магутную візуальную партытуру палатна! Яго аўтарскае “Я” — гэта золата пялёсткаў сланечніку і біруза нябёсаў; чароўна-чысты беларускі арнамент і рытмы старадаўніх саламяных узораў, таямнічае рэха Космасу і чалавек, які жыве на Зямлі — з яго высакароднымі памкненнямі, меланхалічнымі роздумамі і пачуццём радасці.

Мастак высокага і светлага таленту, добрай і шчодрай душы, першаадкрывальнік новых сусветаў у мастацтве, Аляксандр Міхайлавіч застанецца назаўсёды і ў гісторыі айчыннай культуры, і ў памяці ўдзячных людзей, дзеля якіх ён жыў і ствараў.

Дык чым жа для Кішчанкі было Мастацтва? Напэўна, верхам цяжкага шчасця. Дзякуй Богу, яно заўсёды суправаджала мастака, які абраў для сябе нялёгкі жыццёвы шлях. Як казалі старажытныя: per aspera ad astra.

У аповесці Уладзіміра Караткевіча “Ладдзя Роспачы” ёсць такія радкі: “Чалавек насіў сваё неба з сабою...” Аляксандр Кішчанка таксама насіў сваё неба з сабою — у творах і ў шчодрай, адкрытай свету душы.

Барыс КРЭПАК