Стыхія сапраўднасці Мікалая Таранды

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

Ёсць такое паняцце, як “геній месца”. Яно пазначае асаблівую істоту, якая адухаўляе навакольнае асяроддзе ў пэўных прасторавых межах. Менавіта дзякуючы ёй мы ўспрымаем мясцовасць як “жывую”. Мікалая Таранду можна вобразна параўнаць з гэтым genius loci. Жывапісныя і графічныя работы мастака, якія наведвальнікі маглі ўбачыць на персанальнай выставе “Рытмы творчасці” ў Віцебскім мастацкім музеі, несумненна, пра тое сведчаць.

/i/content/pi/cult/694/15251/15.jpgНават знешнасць творцы кажа пра асобу, укаранёную ў навакольнай прасторы, на тып чалавека, “свайго” для гэтага месца, як прынята казаць — тутэйшага. Стыхіяльнасць Мікалая Таранды, пэўна, агульнабеларуская, аб чым гаворыць яго асабістая і творчая біяграфія. Нарадзіўся ён у Вялікім Падлессі — вёсцы Ляхавіцкага раёна з мноствам сваіх містычных паданняў і цудатворным абразом Найсвяцейшай Багародзіцы, які ў народзе так і называецца “Падлескі”. Затым у жыцці Мікалая Таранды быў Віцебск, дзе ён вучыўся на вядомым мастацка-графічным факульцеце педагагічнага інстытута. Пасля вучобы мастак апынуўся ў Оршы, з якой звязана ўся далейшая яго біяграфія.

Але ж творчая гісторыя Мікалая Таранды межаў не ведае, бо яго паездкі ў пошуках натхнення і новых адкрыццяў ахопліваюць усю Беларусь і шмат рэгіёнаў Расіі. Таксама натхнялі мастака цудоўныя краявіды Літвы, Балгарыі і Славакіі. На выставе “Рытмы творчасці” былі прадстаўлены пошукі творцы ў розных відах выяўленчага мастацтва, шматлікіх напрамках і тэхніках. Але такая разнапланавасць Мікалая Таранды толькі падкрэслівае ўнутранае адзінства: яго стыхіяльнасць вызначаецца сілай Роднай Зямлі. З яе ён чэрпае энергію, з ёй мае арганічную ментальную сувязь.

Зямля, калі мець з ёй роднасныя стасункі, надае адчуванне непарыўнасці духоўнай прасторы, экзістэнцыяльную паставу па-над бегам часу, непахісны ўнутраны спакой і гармонію існавання. Усё гэта мы бачым у творах майстра — прычым не толькі ў прыродных пейзажах, якіх на выставе больш за ўсё.

Але на ёй прадстаўлена і графіка, якая мае дачыненне яшчэ да савецкага перыяду — з абавязковымі будоўлямі і прадпрыемствамі. Нягледзячы на пэўныя стэрэатыпы, якія сёння пануюць у адносінах да індустрыяльных пейзажаў таго часу, трэба падкрэсліць, што ў Мікалая Таранды такі сацрэалізм зусім не выглядае афіцыёзам. Прадукцыйная праца ўспрымаецца мастаком як працэс арганічны, а ў якасці кампазіцыйнага цэнтра вызначаецца не тэма або тэхналогія, але заўсёды аб’ект прыроды ці чалавек.

Так, у графічнай рабоце “Давыд-Гарадок”, выкананай у тэхніцы лінагравюры ў 1975 годзе, мы бачым пейзаж з дымлівымі трубамі, будоўляй і шматлікімі лодкамі і кацерамі на рацэ Гарынь. Але ж кампазіційным цэнтрам з’яўляецца водны выгін ад кацера, што плыве ўдалечыні — здаецца, непрапарцыйны па памерах. Відавочна, гэта надае твору адчуванне натуральнай дынамікі, з якой сінхранізуюцца рытмы чалавечай дзейнасці. А кампазіцыйны цэнтр іншай графічнай работы з красамоўнай назвай “Рытмы будоўлі” — акружнасць бяздоннай нябеснай прасторы. Яна нібы абрамлена будаўнічай тэхнікай, нябёсы быццам набліжаюцца да зямлі разам з вялізным бетонным кольцам, якое апускае пад’ёмны кран.

Жывапісныя работы Мікалая Таранды стылістычна вельмі розныя, і тут далёка не толькі рэалізм, як часам стэрэатыпна ўспрымаюць творчасць гэтага мастака. Большасць карцін маюць пэўныя сувязі з постімпрэсіянізмам, з яго рухам ад узнаўлення знешняй, так званай “бачнай” рэчаіснасці ці перадачы хуткаплынных уражанняў да выяўлення сутнасных станаў быцця.

Шмат твораў, якія адносяцца да апошняга перыяду мастака — гэта арыгінальнае злучэнне метадаў фавізму, з яго інтэнсіўнай каляровай экспрэсіяй, і абстракцыянізму, які праяўляецца ў паступовым адыходзе ад фігуратыўнасці.

І ва ўсім мы бачым не проста творчыя эксперыменты, але спробы выявіць стыхіяльную сутнасць рэчаіснасці. Паказальнымі ўяўляюцца музыкальныя назвы многіх жывапісных карцін: “Мелодыя лета”, “Месяцовая саната”, “Травеньская сюіта” і гэтак далей. Калі зямля надае перажыванне гармоніі існавання, то музыка ўвасабляе найбольш адчувальны выраз гэтай гармоніі.

Творчасць Мікалая Таранды не толькі сведчыць пра глыбіню ўсведамлення свету мастаком, але ж і дае ўважлівым гледачам магчымасць дакрануцца да разумення неспазнаных першасных сіл быцця.

Георгій КАРЖАНЕЎСКІ
Фота аўтара