Лясы прыгажосці замест спрэчных “-ізмаў”

№ 26 (844) 28.06.2008 - 04.07.2008 г

Мастак Іван Глявіцкі замалада здзіўляў людзей сваёй прыгажосцю. Сапраўды: твар — нібы з фарфору, белы, шчокі ружовыя, вочы блакітныя, валасы светлыя. Далібог, як у анёла. Бывае ж такі падарунак прыроды мужчыне! І сам відны, высокі, добра апрануты, у чырвонай кашулі, як артыст. Такім малады мастак з Беларусі трапіў у творчую секцыю жывапісцаў у горадзе на Няве і застаўся там да нашых дзён. Такой прыгожай і яркай была і засталася і па сёння яго творчасць, шматлікія жывапісныя палотны, што падабаюцца гледачам і вельмі паспяхова разыходзяцца з персанальных выставак у Санкт-Пецярбургу. Айчынныя і замежныя пакупнікі не шкадуюць грошай за яго жывапіс.

 /i/content/pi/cult/166/1525/Lyasy.jpg
Так Беларусь яшчэ раз паказала здольнасці свайго народа ў
вельмі патрабавальным прафесійным асяроддзі. А пачалося ўсё даўно, больш за шэсцьдзесят гадоў таму, у Ленінградскім вышэйшым мастацка-прамысловым вучылішчы імя В.І. Мухінай, і займацца вучобай Глявіцкаму давялося аж восем гадоў — такі доўгі тэрмін быў прадугледжаны гэтай знакамітай навучальнай установай. Іван тады згадзіўся на ўсё, ён марыў пра мастацтва з маленства і паехаў вучыцца ў Ленінград з Сібіры, дзе апынуліся ў тыя часы бацькі. Не хапала грошай, дык ехаў на буферах вагонаў, — такі моцны быў імпэт ва ўсіх жыхароў Шклоўшчыны, а ўсе родныя — менавіта з-пад Магілёва, і заўсёды ехалі з вёсак вучыцца ў паўночную сталіцу, дзе часцяком і заставаліся назаўсёды.
Так і вёска Юрынава, радзіма Глявіцкага, пакінула аб сабе толькі духмяны водар шаўковых лугоў, квітнеючых яблынь ды смалістага сасонніка. А паэзію роднага краю мастак перанёс у свае карціны і стаў сапраўдным песняром моцнай, некранутай, дзікай прыроды Поўначы. Пейзажы і нацюрморты зіхацяць пералівамі блакітных і зялёных, ружовых і жоўтых, серабрыстых тонаў, нібы прамытыя боскім дажджом, і вабяць вока прыгажосцю спалучэнняў. Прыгожы чалавек, відаць, не можа не рабіць адпаведным сваё віртуальнае асяроддзе, і людзям заўсёды цікава і прыемна сустракацца з яго жывапісам.
У Санкт-Пецярбургу жыве цэлае суквецце мастакоў з Беларусі, у тым ліку са Шклоўшчыны, і гэта дзіўны факт, што адносна невялікі раён даў столькі дзеячаў культуры. І горад Круглае, ды іншыямясціны таго краю такія ж. Старажытны Дняпро і хваёвыя лясы, вольны вецер палёў плённа паўздзейнічалі на светаадчуванне чулых людзей, і цяпер Беларусь мае падставу ганарыцца сваімі выхаванцамі ў многіх краінах. Імя Івана Паўлавіча Глявіцкага сёння беларусам малазнаёма, калі не сказаць — зусім невядома... А замежныя заказчыкі даручаюць яму зрабіць найадказнейшыя рэчы: у тым ліку партрэт расійскага імператара Мікалая ІІ. І.Глявіцкі паспяхова выконвае заказы, робіць вялікі, як і ўсе іншыя яго палотны, па памеры парадны партрэт і едзе ў Галандыю і Францыю, суседнія з імі краіны, адусюль прывозячы замалёўкі. Ён піша шырока, свабодна, з натхненнем, і фарбы нібы льюцца з-пад яго рукі і нязмушана кладуцца на палатно. Гледачам падабаецца жывы імпульс энергіі, што зыходзіць з палотнаў, яны ахопліваюць пачуцці і ўзнімаюць іх да бясконцасці.
Мастак больш за ўсё натхняецца пейзажамі Валаама, дзе толькі маўклівыя камяні ды вялізныя дрэвы сустракаюць яго на кожным кроку. Чалавечая пустэча дазваляе размаўляць з прыродай сам-насам і нараджае новыя і новыя вобразы паўночнай прыгажосці. Добра, што ў наш стракаты час з мноствам спрэчных поспехаў у розных ”-ізмах” ёсць і такі жывапіс, няхай трохі імпрэсіяністычны, які, аднак, мае попыт. Ён звяртае нас і да наваколля, а не толькі да самааналізу мастака.

Ірына ЕЛАТАМЦАВА,
кандыдат мастацтвазнаўства