Птушка з камп’ютэра не вылеціць

№ 26 (844) 28.06.2008 - 04.07.2008 г

Два выпускнікі мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка — Аляксандр Сакалоў і Васіль Цімашоў — зрабілі падарунак для адміністрацыі, цяперашніх і будучых вучняў сваёй навучальнай установы. Саша ўпрыгожыў інтэр’ер фае гімназіі дзвюма калонамі, аформленымі вытанчанымі рэльефнымі фігурамі, а Васіль аздобіў лесвіцу аб’ектамі з металу і каменя. Іх дыпломныя праекты, бадай, самыя значныя за ўсю гісторыю існавання каледжа, і камісія ацаніла іх самымі высокімі адзнакамі.

 /i/content/pi/cult/166/1524/Ptushka.jpg
— У сваім праекце я
спалучыў два матэрыялы — мёртвы бетон і жывое дрэва, і атрымалася вельмі цікавае сумяшчэнне, — гаворыць Аляксандр Сакалоў. — Уся работа нараджалася на імправізацыі. Мы з маім сябрам днявалі і начавалі ў каледжы, працавалі разам амаль паўтара месяца. Нам дапамагалі ўсе — ад педагогаў да тэхнічак і вадзіцеляў. І вельмі прыемна, што ўсім спадабалася. Мы пакінулі свой след у гісторыі школы, аб чым марыць амаль кожны вучань.
Васіль выплавіў са сталі некалькі прыгожых твораў, якія працягнуліся з першага па трэці паверх на лесвіцы. Тут і яйка, з якога ўсё пачыналася, і кветка, і птушка, а ў фінале — маленькая фігурка жанчыны.
Настаўнік Павел Лявонаў адзначыў на абароне, што гэтыя маладыя людзі — вельмі працалюбівыя і таленавітыя, і выказаў спадзяванне, што ў будучыні іх уклад у скульптуру стане важкім. “Хлопцам ужо цесна ў майстэрні, — гаварыў ён, — ім патрэбна выходзіць на новы ўзровень”.
У складзе дыпломнай камісіі быў загадчык кафедры скульптуры БДАМ Уладзімір Слабодчыкаў. Ён упэўнены, што хлопцы добра падрыхтаваны і маюць усе шанцы паступіць у акадэмію.
Папрацаваць рукамі, адчуць на самой справе, што такое скульптура, — вось што, па яго словах, патрэбна ўсім маладым творцам, гэта навучыць іх хутчэй, чым калі яны будуць праектаваць нейкія аб’екты на камп’ютэры, як зараз робяць многія. 

C.Ю.