Рэнесансны палёт дэміурга

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

Да 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі, двойчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны Аляксандра Кішчанкі

/i/content/pi/cult/693/15239/26.JPG(Працяг. Пачатак у №№ 19 — 20.)

— І сапраўды, усё вялікае мастацтва мінулага грунтавалася на заказах уладарных асоб: ад караля да першаіерарха царквы. Не было б такіх заказаў — мы не ведалі б ні Беата Фра Анжэліка, ні Бацічэлі, ні Леанарда да Вінчы, ні Рафаэля, ні Мікеланжэла, ні Рубенса, ні Веласкеса, ні “першага жывапісца іспанскага караля” Гоі.

Ды і ўсё савецкае і постсавецкае манументальнае мастацтва: жывапіс, скульптура, афармленне інтэр’ераў і экстэр’ераў буйных будынкаў — хіба не дзяржаўны заказ? Мяне толькі заўсёды вельмі здзіўляла, як гэта ты без усякага заказу ўзяўся за рэалізацыю сваёй грандыёзнай ідэі “Габелена века”? Урэшце, пра гэта ты ўжо імкнуўся расказаць у прэсе, у тым ліку і ў нашай газеце “Культура”. Зараз жа хачу задаць іншае пытанне: твая захопленасць антычнай філасофіяй і гісторыяй сусветнага мастацтва вядомая. А хто табе блізкі ў паэзіі і музыцы?

— “Боская камедыя” Дантэ. Ранні Маякоўскі з яго “Воблакам у штанах”. “Будзятлянін” Велімір Хлебнікаў. Канешне, Ясенін. Люблю перачытваць Лермантава, Мандэльштама, яшчэ Рыльке, асабліва яго элегіі і санеты. А сённяшняя паэзія — у асноўным, паўтарэнне таго, што ўжо было, і мне яна мала дае ежы для розуму і сэрца. Ну, можа, яшчэ штосьці з Высоцкага, Пастэрнака, Еўтушэнкі, Вазнясенскага.

З беларускай літаратуры асабліва паважаю Уладзіміра Караткевіча і Рыгора Барадуліна. Караткевіч (а я з ім сябраваў) — рэдкі талент, які пакуль яшчэ далёка не разгаданы нашымі суайчыннікамі. Рыгор Барадулін — сапраўдны паэт-філосаф, але філасофія яго — не абстрактная, яна — цалкам з прадвечных беларускіх карэнняў зямных.

Сам я, як ты ведаеш, таксама магу балавацца вершамі. Ствараю такія своеасаблівыя экспромты. Пішу, у асноўным, для сябе. Калі не пісаць не магу. Так бы мовіць, думкі налётам. У іх, як правіла, няма пэўнага часу і месца, там усё велізарнае, бязмежнае, накшталт “касмічнага” верлібра.

Я імкнуся зазірнуць уніз, угару, убок — гэта элементы, як і ў маім жывапісе, перадаюць маё мысленне, мой свет, мае сумненні, захапленні, пачуцці. Напрыклад, вось такі верлібр: “Творец должен // Писать Время, // Черпая кистью // Лазурь небес // И пыльцу цветов, // Глядя в голубые // Глаза озер”…

— Ну, а музыка?

— Пра яе я магу гаварыць доўга. Калі коратка, скажу так. Для мяне гэта — перш за ўсё, усенародны пясняр Уладзімір Мулявін са сваім бліскучым калектывам, геніяльны музыкант, які па заслугах цалкам яшчэ не ацэнены сучаснікамі, таксама, як і Караткевіч. Прыйдзе час, і ён стане ў адзін шэраг з Янкам Купалам і Максімам Багдановічам, а яго спадчыну будуць вывучаць усе музыканты, і не толькі беларускія. Мулявін — ён і ў Афрыцы Мулявін. Балазе, наколькі ведаю, карыстаўся каласальным поспехам у Гане, Нігерыі і яшчэ дзесьці там... Вельмі хачу намаляваць яго кампазіцыйны партрэт.

А з класікі — другі народны кампазітар Мадэст Мусаргскі. Я не чуў, каб хтосьці з музыказнаўцаў растлумачыў, як “Мусараніну” — так звалі яго нешматлікія сябры — удалося першым раскрыць у музыцы сапраўдную, глыбінную душу народа. У яго операх “Хаваншчына”, “Барыс Гадуноў”, “Сарочынскі кірмаш” ёсць такія мадуляцыі і акорды, якія шмат у чым перадвызначылі, напрыклад, “палітру” Георгія Свірыдава, Дзмітрыя Шастаковіча, Ігара Стравінскага, Аліўе Месіяна, Леаша Берга. А гэта  — цэлая “касмічная” музычная планета ХХ стагоддзя. Таму Мусаргскі як выдатны рэфарматар музыкі ў разуменні глабальнай народнай сутнасці ніколі не састарэе. Для тлумачэння гэтага феномена я б рызыкнуў узяць у параўнанне Мікеланжэла, якога без архітэктуры, радыкальна ім перайначанай, таксама цяжка ўявіць. Як і Мадэста Пятровіча — без народнага сусветнага стрыжня.

— А што для цябе тэатр?

/i/content/pi/cult/693/15239/27.JPG— Тэатр — вялікае мастацтва. Тэатр нельга не любіць, калі яго стваральнікі — людзі высокага творчага палёту. Для мяне ідэальным прыкладам служэння музе Тэрпсіхоры з’яўляецца мой сябра Жэня Лысік, які паставіў у якасці мастака балет Валянціна Елізар'ева “Стварэнне свету”. Па экспрэсіі, яркасці, выразнасці колеру, па мнагазначнасці вобразаў — гарманічных і ў той жа час апакаліптычных — па прыгажосці музыкі і харэаграфіі яму няма роўных у сённяшнім тэатральным мастацтве.

Дый што я кажу? Мы ж з табой былі разам на гэтым спектаклі, і ты сам усё бачыў. Успомні фінальную сцэну, у якой Яўгену геніяльна ўдалося ўвасобіць незабыўна пяшчотны твар журботнай Мадонны, што лунае ў блакітнай прасторы. Па-добраму зайздрошчу гэтай наватарскай знаходцы. Хаця, шчыра кажучы, тэатры за адсутнасцю часу наведваю нячаста, але, калі выпадае такая магчымасць, з задавальненнем гляджу оперныя і драматычныя спектаклі з удзелам Алены Абразцовай, Марыі Біешу, Галіны Вішнеўскай, Стэфаніі Станюты, Генадзя Аўсяннікава, Аляксандры Клімавай, Расціслава Янкоўскага…

— Якую якасць у жывапісе лічыш самай важнай? Напрыклад, у рабоце над партрэтам?

— У жывапісе вельмі важны фактар асацыятыўнасці. Скажам, звычайны партрэт амаль заўсёды бывае адназначны. Але калі ў яго формах, акрамя першапачатковага знешняга падабенства, прачытваецца яшчэ штосьці, яшчэ адзін характар, яшчэ адна метафара, калі ўзнікаюць нечаканныя асацыяцыі — тады і атрымліваецца вобраз больш аб’ёмны і цікавы. Таму я заўсёды імкнуся прыдумаць свой фон з адпаведнай вобразу атрыбутыкай. Уласна кажучы, намаляваць падобны да мадэлі партрэт ад прафесіянала не патрабуе вялікіх намаганняў. Але гэтага мала. Асабіста я радуюся, калі ў мяне на палатне ўзнікае новая якасць не па законах акадэмічнай класікі, а спантана, часта нечакана нават для самаго сябе. Такім вось чынам я працаваў над большасцю натурных партрэтаў, неабавязкова называючы прозвішча мадэлі. Фоны, атрыбуты, аксесуары часцяком прыдумляў, аднак стараўся зыходзіць ад характара, нораву, прафесіі таго чалавека, якога хачу ўвасобіць на палатне.

Пры гэтым правобраз абавязкова павінен быць мне душэўна блізкім ці хаця б сімпатычным. Для мяне найлепшая мадэль тая, якая не толькі можа добра пазіраваць, але адначасова ўмее быць засяроджанай, зануранай у сябе. Гэта значыць зусім не тая мадэль, якая думае пра тое, каб сваім выглядам натхняць мастака.

— Кажуць, што жывапісец у кожным партрэце нейкім чынам адлюстроўвае сам сябе. Вельмі ёміста гэту думку выказаў Оскар Уальд у “Партрэце Дарыяна Грэя”: “Усякі партрэт, які напісаны з любоўю — гэта, па сутнасці, партрэт самаго мастака, а не таго, хто яму пазіраваў”.

— Гэта цалкам справядліва з пункту гледжання таго, што кожная работа афарбаваная светаадчуваннем, светапоглядам аўтара.

— Каго ты любіш у жыцці?

— Дзяцей. Іхні смех, іхнія гульні. Іх каласальную шчодрасць, сардэчнасць. Люблю музыку дзіцячых чыстых і высокіх галасоў. Мне здаецца, што менавіта дзеці мне добра ўдаюцца на карцінах, асабліва мой сын Максім. Літаральна нядаўна закончыў яго партрэт. Адлюстраваў хлапчука з чырвоным скрылем кавуна ў руках — як маленькага гаспадара Космасу.

— А каму б ты не падаў руку?

— Чалавеку подламу, злоснаму, прагавітаму… І таму, хто не мае ніякай уласнай маральнай і мастакоўскай пазіцыі.

— Ты сціплы чалавек? І якія твае адносіны да папулярнасці, да славы?

— Не бывае сціплых людзей, якія прысвяцілі сябе мастацтву. Яны могуць пакутаваць, сумнявацца, перажываць, памыляцца. Могуць зайздросціць поспеху калег ці, наадварот, радавацца. Самасцвярджэнне — у параўнанні. Ты ж сам пра сябе ўсё роўна ведаеш, чаго ты варты — незалежна ад таго, хто б што пра цябе ні казаў. Чалавек можа маляваць як Бог і пры гэтым быць далёка не анёлам.

А што тычыцца славы... Ведаеш, як алень імчыць лізаць соль, так і мастак — да славы. І гэта для творчых людзей заканамерна, натуральна. Але я не славалюбны, не фанабэрысты, не пыхлівы. Ты гэта ведаеш лепш за іншых. Папулярнасць прыходзіць і сыходзіць, Творчасць жа — калі яна сапраўды з вялікай літары — застаецца. І калі я адчуваю, што ў сваім мастацтве, якое для мяне з’яўляецца мерай чысціні свабоды духу, іду па правільным шляху, мне гэтага цалкам дастаткова.

Барыс КРЭПАК