“Джаконда”, да канца не спазнаная

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

Гэтай жанчыны няма на свеце ўжо больш за 20 гадоў, але яе вобраз — нібы і цяпер перад вачыма. Ніна Барысаўна Ватацы ўвайшла ў гісторыю беларускай культуры як адна з пачынальнікаў нацыянальнай бібліяграфіі, багдановічазнаўца № 1, ініцыятар стварэння, адзін з арганізатараў і дарадца Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Яна працавала ў галоўнай бібліятэцы Беларусі больш за паўстагоддзя. Цяжка нават уявіць, што адзін спецыяліст мог падрыхтаваць 23 бібліяграфічныя даведнікі па творчасці беларускіх пісьменнікаў!

/i/content/pi/cult/693/15238/25.JPGЯе жыццёвы шлях пачаўся 14 мая 1908 года ў горадзе Вендэне Ліфляндскай губерні (цяпер гэта латвійскі Цэсіс). Потым быў пераезд у Мінск. У 1927 — 1930 гадах Ніна Ватацы вучылася на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта БДУ. Па сканчэнні яе накіравалі на працу ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя Леніна.

Яе дырэктар Іосіф Сіманоўскі ўжо тады прадбачыў будучыя здольнасці маладой дзяўчыны, скіраваўшы ў аддзел беларускай бібліяграфіі. Прыцягнуў здольную маладую супрацоўніцу да ўдзелу ў часопісе “Кніга — масам”, у якім у 1932 годзе быў надрукаваны яе першы артыкул, прысвечаны афармленню кніг. Працавітасць і дапытлівасць, уседлівасць і, калі хочаце, талент бібліяфіла — вось тое, што дапамагло Ніне Ватацы за пяць гадоў прайсці шлях ад памочніцы бібліятэкара да старшага бібліятэкара-бібліёграфа.

Разам са старэйшымі бібліёграфамі Юліяй Бібілай і Фаняй Мільчынай, Ніна Барысаўна склала поўны каталог беларускай літаратуры. Трэба было прачытаць літаральна ўсе кнігі, што выдаюцца ў Беларусі, а таксама і ўсё, што было напісана пра беларускую літаратуру ў Савецкім Саюзе і за яго межамі. Бібліёграф павінен ведаць кожны твор, фіксаваць усе рэцэнзіі, складаць анатацыі, картатэкі, каталогі. І гэтая сціплая і руплівая праца яе задавальняла.

Кніга як лекі ад ранаў

Вялікая Айчынная вайна заспела Ніну Барысаўну ў горадзе Ульянаўску, дзе яна працавала ў педвучылішчы. У 1942 годзе на фронце загінуў яе муж Аляксандр Саўчанка. Але перажыўшы трагедыю, яна знайшла ў сабе сілы і мужнасць вярнуцца да любімай справы.

У 1942 — 1945 гадах Ніна Ватацы загадвала бібліятэкай эвакуацыйнага шпіталя ў горадзе Мелекесе Ульянаўскай вобласці. І яшчэ раз пераканалася, якую важную ролю адыгрывае кніга ў жыцці чалавека. Ніна Барысаўна бачыла, як яна дапамагала параненым чырвонаармейцам адкінуць свае цяжкія думкі, пераадолець боль. Бібліятэкарку заўсёды чакалі з нецярплівасцю: адзін прасіў прынесці новы том, другі, зусім кволы — пачытаць услых, трэці — дапамагчы напісаць ліст родным… І для кожнага Ніна Ватацы знаходзіла патрэбнае слова, кожнага магла суцешыць і падтрымаць.

У 1945 годзе, суправаджаючы аднаго з параненых, Ніна Ватацы зноў прыехала ў Мінск. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў аднаўляліся фабрыкі, заводы, разнастайныя ўстановы. Спакваля ажывала і “Ленінка”. Ніне Барысаўне прапанавалі вярнуцца на ранейшае месца работы. У размове з аўтарам гэтых радкоў яна згадвала:

— Унутры было брудна, і мы доўга прыводзілі ўсё ў парадак. Кніг засталося мала: амаль усё вывезлі ў Германію. Неўзабаве сёе-тое ўдалося вярнуць. Разбіралі, сістэматызавалі, “лячылі” іх… Аднаўлялі каталогі і картатэкі. Было халодна, галодна, але ўсе мы былі шчаслівыя тым, што зноў можам прыносіць людзям радасць сустрэчы з кнігай.

Жывая энцыклапедыя

Амаль ва ўсіх энцыклапедыях і даведніках сцвярджаецца, што з 1945 года Ніна Ватацы працавала на пасадзе галоўнага бібліёграфа аддзела беларускай літаратуры і бібліяграфіі “Ленінкі”. На самой справе, гэта не зусім дакладна. Загадчык сектара абслугоўвання спецыялізаваных калекцый Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Яўгенія Галіеўская ўстанавіла, што згодна з загадам ад 18 жніўня 1945 года Ніна Ватыцы была залічана галоўным бібліятэкарам. З 1945 па 1948 год яна выконвала абавязкі загадчыка беларускага аддзела. А на пасаду галоўнага бібліёграфа Ніна Ватацы перайшла толькі ў 1952 годзе.

У тым самым годзе спачатку ў Мінску, а затым у Маскве быў выдадзены яе першы кароткі бібліяграфічны паказальнік, прысвечаны Якубу Коласу. У наступным годзе выйшаў і даведнік “Янка Купала”. А затым персанальныя бібліяграфічныя дапаможнікі, складзеныя Нінай Ватацы, з’яўляліся адзін за адным.

Імёны аўтараў, нумары, лічбы — вось, бадай, і ўвесь іх змест. Але колькі карпатлівай працы хавалася за кожным радком! Бібліёграф выявіла і сістэматызавала ўсе публікацыі пісьменнікаў і крытычныя водгукі на іх творы. А да ўсяго, пісала да сваіх выданняў грунтоўныя прадмовы, дзе нярэдка з’яўляліся невядомыя нават даследчыкам факты.

Дый што там! Здаралася, нават самі пісьменнікі звярталіся да Ніны Барысаўны, каб аднавіць у памяці звесткі пра тыя ці іншыя свае публікацыі! Балазе, памяць у яе была проста фенаменальная.

Ніна Ватацы дбайна вывучала творчыя набыткі дзясяткаў творцаў — і класікаў, і сучаснікаў. Але невыпадкова асаблівае месца ў яе спадчыне займае бібліяграфічны паказальнік “Максім Багдановіч” (1977), у якім зарэгістравана літаральна ўсё, напісанае паэтам і пра паэта да моманту выдання кнігі. А таксама — кожны з багдановічавых аўтографаў.

Шматгадовы даробак Ніны Барысаўны ў даследаванні жыцця і творчасці Багдановіча нават цяжка пераацаніць. Дзякуючы сваёй руплівасці ды інтуіцыі, яна не раз уводзіла ў навуковы ўжытак невядомыя раней творы, дакументы, фатаграфіі… Усё гэта лягло ў падмурак адкрыцця музея ў гонар паэта. Той дзень у снежні 1991 года стаў для яе сапраўдным святам.

Зрэшты, Ніна Ватацы ў сваёй працы дбала не толькі пра літаратуразнаўцаў-прафесіяналаў. У 1946 — 1956 гадах яна па сумяшчальніцтве выкладала на бібліятэчным факультэце Мінскага педінстытута, прымаючы непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы кадраў для соцень кніжніц. Многія яе вучаніцы — у ліку якіх і вядомая паэтка Вера Вярба — нават праз гады з удзячнасцю згадвалі выкладчыцу.

У тыя часы бібліятэкары з усіх куткоў БССР патрабавалі метадычную дапамогу. Менавіта ім адрасавалася кніга “Беларуская літаратура і работа з ёю ў масавых бібліятэках”(1958). Гэта быў першы ў БССР дапаможнік, які ўсебакова і глыбока асвятляў пытанні папулярызацыі мастацкай літаратуры.

Ветэраны бібліятэчнай справы, з якімі даводзілася гутарыць аўтару гэтых радкоў, добрым словам згадваюць і падрыхтаваныя Нінай Ватацы даведнікі “Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі” (1962) і “Беларуская савецкая драматургія” (1966). Апошні ўлічваў 552 драматургічныя творы і літаратуру аб іх за 1917 — 1965 гады — у тым ліку і кароткія зацемкі, якія друкаваліся ў газетах. Адметнай рысай даведніка стала і ўключэнне ў яго ненадрукаваных драматургічных твораў, якія, аднак, былі пастаўлены тэатрамі і разглядаліся крытыкай.

Праз 27 гадоў — у 1993-м — выйшаў новы бібліяграфічны даведнік Ніны Ватацы “Беларуская драматургія”. Там была змешчана інфармацыя ўжо пра 931 твор, апублікаваны, пастаўлены або прарэцэнзаваны за перыяд 1966 — 1986 гадоў.

У 1964 годзе па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле Ніны Ватацы быў створаны спецыяльны бібліяграфічны паказальнік “Беларускае літаратуразнаўства і крытыка (1945 — 1963)”. У 1986-м годзе Ніна Барысаўна прыняла ўдзел у рэдагаванні зводнага каталога “Кніга Беларусі, 1517 — 1917”.

Густ інтэлігентнай гаспадыні

Што вельмі важна, прафесійныя якасці дапаўняліся ў гэтай асобе чалавечымі. Далікатнасць, уважлівасць, заўсёдная абаяльнасць… Тыя, каму пашчасціла ведаць Ніну Барысаўну, параўноўвалі яе інтэлігентную ўсмешку з усмешкай Джаконды.

“Яна была падобна да сонейка і любіла жыццё, людзей. Да яе прыбалтыйскага прозвішча Ватацы (дзявочага) і ўсяго лёгкага, “сонечнага” характару вельмі пасавалі заўсёды раздзеленыя на просты прабор чорныя валасы, — згадвае ў сваім артыкуле яе маладзейшая калега Людміла Сільнова. — У дзявоцтве яна насіла доўгія чорныя косы-змеі — звычайна, як мы бачылі на здымках, дзве; пасталеўшы, лавіла і ўтаймоўвала іх ззаду заколкамі. Валасы да глыбокай старасці былі натуральна чорныя, як глыбіні мора. Такой і запомнілася яна нам: на галаве, як адмеціна звыш, белая рыска-руна, падобная да месяцовай дарожкі на цёмнай вадзе. Заўсёды ветлівая ўсмешка, з якой яна звярталася да вас, была вам падарункам і ўзорам па-сапраўднаму інтэлігентных зносін, што асабліва стала каштоўным у крызісныя часы галоснасці, перабудовы і разбурэння былых культурных каштоўнасцей. Гэта лёгкая, светлая (да глыбокай старасці белазубая!) усмешка чалавека з доўгім, часам драматычным, а часам зайздросным лёсам нагадвала мне птушку — сімвал акультуранага паветра і дакранання, а таксама сімвал мудрасці, інтэлекту і хуткасці думкі. Усё гэта ў асобе Ніны Барысаўны і было вызначальным! (…) Такой яна і засталася ў памяці калег і маёй. Арыстакратычная і адначасова дэмакратычная, адкрытая сэрцам насустрач людзям. Таямнічая, да канца не спазнаная”.

Аўтар гэтых радкоў неаднаразова сустракаўся з Нінай Барысаўнай і з удзячнасцю ўспамінае высакародства душы і маральныя якасці гэтага чалавека, усё жыццё якога было прасякнутае думкай — як лепш дапамагчы людзям. Асабліва часта нам даводзілася бачыцца ў 1969 — 1973 гадах, калі я быў аспірантам-завочнікам Інстытута гісторыі АН БССР і пісаў кандыдацкую дысертацыю пра жыццё і творчасць першага рэктара БДУ Уладзіміра Пічэты. Справа ў тым, што ў 1927 — 1930-х гадах Ніна Ватацы слухала яго лекцыі і неаднаразова сустракалася з ім па розных справах. І кожны раз мяне здзіўляла эрудыцыя галоўнага бібліёграфа, яе такт і далікатнасць.

Менавіта тады Ніна Барысаўна пазнаёміла мяне са сваёй даволі складанай гаспадаркай. У аддзеле беларускай літаратуры і бібліяграфіі было звыш 270 тысяч кніг. Кожны дзень супрацоўнікі абслугоўвалі прыкладна 150 — 200 чалавек. Сярод іх — пісьменнікі, журналісты, вучоныя, аспіранты. Наплыў тады быў несупынны.

“Яна старалася ў кожным чалавеку разглядзець тое добрае, што вылучала яго сярод іншых, — згадвае пра Ніну Ватацы Яўгенія Галіеўская. — Была вялікім аптымістам. Гэтыя рысы характару вельмі адметныя для Ніны Барысаўны, таму да яе цягнуліся людзі… У доме беларускага бібліёграфа, літаратуразнаўцы Ватацы заўсёды былі парадак і чысціня. Ва ўсім адчуваўся густ інтэлігентнай гаспадыні”.

У адной з нашых размоў Ніна Барысаўна шчыра прызналася:

— Кніга ў маім жыцці — гэта ўсё. Яна дала мне адукацыю. Яна дапамагла мне набыць прафесію, якой я ганаруся і, нарэшце, яна навучыла мяне глыбока любіць людзей.

Ніны Барысаўны не стала 3 жніўня 1997-га на 90-м годзе жыцця. Перакананы, што ўклад заслужанага дзеяча культуры Беларусі Ніны Барысаўны Ватацы ў развіццё беларускай бібліяграфіі і літаратуразнаўства дастойны таго, каб яе імя было ўвекавечана ў горадзе Мінску, дзе яна плённа працавала больш за паўстагоддзе.

Эмануіл ІОФЕ, прафесар БДПУ, доктар гістарычных навук