Дзякуй, хлопцы! Дзякуй, паэты!

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

19 мая ўпершыню пабываў на літаратурным фестывалі “Агмень” імя Анатоля Сыса. Ладзілася свята на падворку роднай хаты паэта ў вёсцы Гарошкаў, што ў Рэчыцкім раёне. А непадалёк ад Гарошкава месціцца вёска Заспа — тут нарадзіўся і пахаваны паэт Віктар Стрыжак. Ягоную магілку наведаў таксама ўпершыню. Даўно хацеў гэта зрабіць, бо адчуваю сябе перад хлопцам вялікім даўжніком.

/i/content/pi/cult/693/15235/080_opt.jpegЯ не буду займацца структурным аналізам стану беларускай паэзіі. Зазначу хіба што: рыфмуюць многія, а паэтамі застаюцца адзінкі. Не стану і таленты хлопцаў параўноўваць, бо для мяне неаспрэчна, што абодва — паэты выключнага грамадзянскага напалу. І кожны з іх пражыў мала толькі таму, што згарэў ад перанапружання, бо сам абраў для сябе такі пажаранебяспечны лад жыцця. Так, Сыс паспеў выпусціць некалькі зборнікаў, Стрыжак — усяго адзін. Але толькі таму, што першы здолеў пераехаць з правінцыі ў сталіцу раней. Аднак і не пра гэта я. Каб не вы, хлопцы, я, напэўна, яшчэ гадоў у дваццаць паставіў бы крыж на журналістыцы і пачаў бы працаваць па першай сваёй спецыяльнасці: ляснічым дзе-небудзь пад Архангельскам. Далей — спрэс метафізіка.

У Веткаўскай раённай газеце “Перамога Кастрычніка” мой кар’ерны рост адбываўся даволі хутка з той простай прычыны, што цякучка рэдакцыйных кадраў была страшэнная. Таму цягам года я паспеў папрацаваць карэспандэнтам сельскагаспадарчага аддзела, загадчыкам аддзела пісьмаў. Апафеозам журналісцкага, так бы мовіць, удасканалення за першы год працы ў рэдакцыі стала кіраўніцтва аддзелам сельскай гаспадаркі — трэба сказаць, самага “гарачага” ў газеце. І так здарылася, што ў маім аддзеле карэспандэнтам працаваў спачатку Анатоль Сыс, а праз пэўны час — Віця Стрыжак. У Ветцы іх жыццёвыя лёсы так і не перасякліся, бо Анатоль з’ехаў па літаратурную славу ў Мінск. Дык вось (галоўнае!), і першы, і другі прыклалі нямала намаганняў, каб зрабіць з мяне беларуса.

Кім я тады быў? Маладым чалавекам, які імкнуўся навучыцца пісаць. Беларускую мову я ведаў няблага, але не размаўляў на ёй. Вершы пісаў па-руску. Вось тут у маё жыццё літаральна ўварваўся Сыс. Па-першае, са сваімі карэспандэнцкімі функцыямі ён спраўляўся выдатна, з ахвотай замаўляў матэрыялы ў пазаштатнікаў і рэдагаваў іх якасна. Па-другое, усё вышэйназванае дало яму падставы для майго выхавання. Спачатку ён пачытаў мае вершы і зазначыў: “Як і ва ўсіх!” З таго моманту я і не спрабую рыфмаваць. Потым, каб абудзіць маё сумленне, Анатоль пачаў перакладаць свае, ужо знакамітыя вершы на рускую мову і раздрукоўваў іх толькі для мяне. Мне сапраўды было сорамна. Наступным крокам майго настаўніка сталі лекцыі па гісторыі краіны ліцвінаў. Менавіта тут я і прачнуўся.

Стрыжак вельмі шкадаваў, што не заспеў Сыса. Дзіўнае дзіва: іхнія вёскі — суседнічаюць, але пазнаёміцца ім
надарылася толькі ў Мінску. Але гэта асобная гісторыя. Пачатковая школа для мяне скончылася, пачалася прафесійная. Мы з Віцем абмяркоўвалі перспектыўныя публікацыі, пастараліся даваць больш аналітыкі ды крытыкі, за што час ад часу атрымлівалі гузакоў ад раённага начальства. А яшчэ ў рэдакцыйнай качагарцы зімнімі вечарамі мы пісалі са Стрыжаком вялізны раман пра маленькага чалавека, які ўсяго баіцца, нават гучна дыхаць. Гэта былі цудоўныя бяссонныя ночы. Мы вучыліся не рабіць памылак, якія нарабілі нашы продкі. Цудоўна памятаю той момант, калі адчуў адказнасць за Беларусь перад сваімі сынамі, калі зразумеў, што журналісцкае слова павінна быць важкім і шчырым.

У кожнага — свой шлях да беларускасці. Пра свой я пастараўся распавесці. Дзякуй, хлопцы!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"