Цяжка толькі першыя сто гадоў

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

Краснапольшчына: векавая тэатральная традыцыя — адна з крыніц мясцовых ініцыятыў
— Заходжу аднойчы ў РДК, бачу шыльду на дзвярах — “Народны тэатр”. Адчыняю — рэпетыцыя. І рэжысёр Валянцін Ермаловіч крычыць: “Калі вы ў тэатр, дык заходзьце і дзверы зачыняйце!” Я зайшоў… “Лічуся на сёння адным са старэйшых самадзейных артыстаў Краснапольшчыны”, — распавёў банкаўскі ахоўнік Іван Ткачоў. І дадаў: “Не бойцеся адчыняць невядомыя дзверы”. Аматарская сцэна нараджае не толькі філосафаў.

Мы пісалі і будзем пісаць пра вялікую сілу самадзейнага тэатральнага мастацтва. Яно пашырае кругагляд, выпрацоўвае здольнасць крытычнага асэнсавання рэчаіснасці, дапамагае ўсвядоміць уласныя творчыя сілы і выкарыстаць іх, так бы мовіць, па прамым прызначэнні. Быць артыстам (няхай сабе і аматарам) значыць цягам аднаго жыцця пражыць сто.

Менавіта сто гадоў спаўняецца летам Краснапольскаму народнаму тэатру. Сабраліся век таму браты Шашалевічы — драматург і паэт Васіль ды празаік Андрэй з псеўданімам Мрый — ды падумалі: “Ну як нашаму краю без свайго тэатра абысціся? Ды ніяк!” Прыкладна так тэатр і ўзнік. Першы спектакль адбыўся ў пажарным дэпо. У рэпертуары пераважалі беларускамоўныя творы. Краснаполле паступова станавілася тэатральным мястэчкам.

Сто памножыць на сто. У выніку — дзесяць тысяч варыянтаў жыццёвага выбару ў самых розных абставінах. І гэта толькі на аднаго сярэднестатыстычнага аматара тэатральных дзей (няхай сабе і пры ўмове, што жыць яму наканавана аж сто гадоў). А прайшлі праз школу Краснапольскага тэатра сотні людзей. Ці не таму ў гэтым кутку Магілёўшчыны, пацярпелым ад чарнобыльскай навалы, жывуць і не скараюцца, ставяць нестандартныя мэты і дасягаюць іх. Так, не ўсё атрымліваецца адразу. Іншым разам гучыць катэгарычнае “Не веру!”, і ўсё пачынаецца спачатку. Не бяды. Быў бы рэжысёр таленавіты, а артысты са сваёй задачай справяцца.

/i/content/pi/cult/693/15234/19.JPG

Увасабленне ідэй

Мары Мрыя

Першы раз я прыехаў на Краснапольшчыну, калі тут рубам паўстала пытанне пра асобную танцавальную залу. Цэнтр культуры не змяшчаў усіх ахвотных. Кепскім было і сцэнічнае асвятленне РЦК: спектаклі, можна сказаць, ставіліся ў прыцемках.

Другі раз я пабываў тут, каб паглядзець, як пад установы культуры прыстасавалі старыя сталоўкі сельскагаспадарчых арганізацый. Час пераканаў у правільнасці такога выбару. Банкетныя залы, аздобленыя калісьці з асаблівым густам, пераўтварыліся ва ўнікальныя музейныя этна-пакоі.

Трэці раз я наведаў раён, калі ў яго цэнтры быў узведзены маладзёжны цэнтр “Міраж”. Дыскатэкі тут і па сёння з’яўляюцца самым папулярным відам адпачынку — і даходным.

Чацвёрты раз… Пра яго сёння і гаворка. Краснапольская зямля змянілася непазнавальна. Зніклі чорныя прагалы разбітых вокнаў у будынках, што месціліся ці не ў цэнтры горада. З’явіліся новыя жылыя дамы. Пабудаваны аўтастанцыя і фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. Вельмі хваляць жыхары і новую грамадскую лазню.

Лазня — гэта, сапраўды, цудоўна: чысціня важная не толькі ў душы. Але за тры камандзіровачныя дні я так і не змог уцяміць адказ на вельмі важнае для мяне пытанне: чаму нават пад стогадовы юбілей тэатральнай суполкі яе так і не назвалі ў гонар рэабілітаваных пасмяротна братоў Шашалевічаў? Стагоддзя, напэўна ж, дастаткова, каб разабрацца, чыя творчасць стала здабыткам нацыянальнай літаратуры, а хто кануў у Лету? Ну, не бяды. Цяжка толькі першыя сто гадоў.

Па чырвонай дарожцы

А святло на тэатральнай сцэне РЦК з’явілася досыць прыстойнае. Іншае абсталяванне — таксама. Леташні фестываль “Тэатральныя вечарыны” правялі за кошт прааанаўскіх грошай (пачалі актыўна асвойваць і гэтую дзялянку фінансавай працы). Сёлетні, ужо сёмы рэгіянальны фэст аматарскіх тэатраў запланаваны на 15 — 17 чэрвеня. Фінансуюць мерапрыемства раён і вобласць. Часу засталося — коцік наплакаў.

Дырэктар раённага цэнтра культуры Юрый Падалякін яшчэ раз пралічвае фестывальны каштарыс. Рэжысёр Аляксандр Кузняцоў звязваецца з гасцямі, удакладняе іх склад. Замежнікаў будзе шмат. Чакаюцца не толькі аматарскія трупы, але і прафесійныя. Мастацкі кіраўнік РЦК Ірына Нікіціна шліфуе сцэнарый, сакрэтаў не выдае. Дазнаўся толькі, што ўсе тэатральныя зоркі пройдуць па чырвонай дывановай дарожцы.

А Дзіна, сабачка Ірыны Нікіцінай, спіць на прыступках РЦК, пакуль гаспадыня на працы. Сніць, напэўна, што разам з Іванам Ткачовым важна праходзіць па той дарожцы… Больш-менш спакойны, бадай, толькі сам Іван Ткачоў: сваю галоўную ролю ў прэм’ерным фестывальным спектаклі (пра постчарнобыльскае жыццё вёскі) ён вывучыў, так што мае поўнае права пажыць успамінамі:

— Аднойчы рэжысёр Валянцін Ермаловіч мяне ледзь не пабіў. Я на рэпетыцыі падліў каляжанцы замест вады... нешта мацнейшае. Раз’юшанасці рэжысёра не было мяжы! Гэта цяпер я цудоўна разумею, што без дысцыпліны нічога не зробіш.

Зайшла гаворка пра дысцыпліну, зноў згадаліся агульнатэатральныя праблемы. Іх ні дырэктар РЦК, ні яго рэжысёр не прыхоўвалі. А галоўная ў тым, што з-пад увагі спакваля выпалі школьнікі. Неяк перасталі верыць яны ў вялікую сілу мастацтва, самы шчыры дыялог у іх атрымліваецца з планшэтамі і смартфонамі. Сітуацыю спрабуе вырашыць Аксана Кузняцова — жонка рэжысёра Аляксандра Кузняцова. Пры РЦК яна кіруе дзіцячым тэатральным гуртком, ставіць казкі-мюзіклы. Хочацца верыць, тыя дзеці, калі вырастуць, пачнуць складаць канкурэнцыю Івану Ткачову.

Увесь год калектыў РЦК павялічвае аб’ём пазабюджэтных даходаў. Гэтыя грошы напярэдадні фэсту не будуць залішнімі. Вось і ў той дзень дырэктар Юрый Падалякін, рэжысёр Аляксандр Кузняцоў і амаль усе супрацоўніцы цэнтра пераўтварыліся ў спевакоў і танцораў ды адправіліся з канцэртам у аграгарадок Халмы. Натуральна, напрасіўся ў вандроўку і я. А сабачка Дзіна, бачачы, што яе ў Халмы не бяруць, вельмі пакрыўдзілася.

Спадніца з-пад печы

Канцэртаў такіх давялося пабачыць шмат. І амаль усе яны праходзілі пры паўпустых залах. Думаў, што зноў будзе штосьці падобнае. Але мастацкі кіраўнік тамтэйшага СДК Наталля Дзегцярова, з якой я таксама даўно знаёмы, запэўніла: глядач будзе. І сапраўды, людзі ішлі, праз касавы апарат набывалі білеты коштам у рубель і ўладкоўваліся ў зале на 83 месцы. У выніку, аншлага ўсё ж не было, але большасць білетаў раскупілі. Народ аказаўся прывучаным да канцэртаў, а гэта ў рабоце клубнікаў — вялікая справа. Колішняя ініцыятыва задзейнічаць магчымасці аўтаклуба максімальна пераўтварылася ў завядзёнку. І структура канцэрта, адчувалася, даўно адпрацаваная і шчыльна прывязаная да самых разнастайных густаў вяскоўцаў.

Яшчэ пра некалькі ініцыятыў. Этнапакой у вёсцы Яноўка здзівіў мяне не толькі калекцыяй ткацтва, а таксама і заўважнай скіраванасцю на юную аўдыторыю. Тут дырэктар СДК Людміла Крапіўніцкая займаецца з гурткоўцамі практычным радзімазнаўствам. Школьнікі засвойваюць не толькі асновы пляцення, але і на ўласныя вочы бачаць непаўторныя па колеравых гамах і арнаменталістыцы ўзоры ткацтва з даўно зніклых вёсак раёна.

Вось фартух, якім у свой час была заткнутая пячная адтуліна. Рэч прыйшлося адмываць доўга і асцярожна, каб не сапсаваць вытканы цуд. А вось ручнік, зроблены падчас Другой сусветнай вайны. А вось задымленыя керамічныя вырабы. Я казаў ужо, што падобныя ўнікальныя па калекцыях этнапакоі існуюць ці не ў кожным СДК Краснапольшчыны.

Наступная ініцыятыва звязана з музеем. Раней там усё рыпела ад старасці. Дый экспазіцыя, мякка кажучы, састарэла. Колішняя намесніца старшыні мясцовага райвыканкама Тамара Каваленка стала дырэктарам музейнай установы — і адразу ўзялася за яе грунтоўнае аднаўленне. Цяпер ледзь скрыпіць толькі музейная лесвіца. Не, яе таксама адрамантавалі, але рыпенне пакінулі дзеля антуражу. Яшчэ раз схіляю галаву, Тамара Фёдараўна, перад вашай энергічнасцю. Гэта талент — быць карыснай і аўтарытэтнай на любой пасадзе.

І апошні ўспамін тэатральнага ветэрана Івана Ткачова:

— Мне на развітанне Валянцін Ермаловіч прамовіў: “Нават і не падумай тэатр кідаць!” Што ён меў на ўвазе? Тэатр — выхоўвае, а творчасць — дысцыплінуе, вучыць выкарыстоўваць Богам дадзеныя здольнасці з максімальнай карысцю.


Знаёмцеся!

“Горскія харашухі” на Краснапольскім Арбаце

/i/content/pi/cult/693/15234/20.JPGМы знаёмыя больш за дзесяць гадоў. З гэтай жанчыны толькі іконы маляваць. Асветленая, бязважкая, адухоўленая, артыстычная. Спявае, піша вершы, малюе, да драбніц разбіраецца ў метадалогіі стварэння мясцовага традыцыйнага касцюма. Тут ёй сапраўды няма роўных. Як сцвярджаюць клубныя калегі, Валянціна Марчанка вельмі здзіўляецца, калі шматлікімі здольнасцямі не валодаюць іншыя. Яна гэтым паветрам дыхае лёгка і нязмушана. Падаецца, што і лятаць у ім можа.

І яшчэ. Валянціну Аляксандраўну вельмі лёгка пакрыўдзіць неразуменнем яе творчых ініцыятыў. Калі яна працавала ў Горах дырэктарам школы, сабрала вакол сябе мясцовых бабулек-пявунняў. Так і ўзніклі “Горскія харашухі”. Многія не разумелі, што ж лучыць гэтых кабет. Уменне лятаць у спеўнай прасторы! Потым для сваіх “Харашух” яна прыдумала “Краснапольскі Арбат” — пешаходную зону ля райцэнтраўскага рынка. Тут у кірмашовыя дні выступалі самадзейныя артысты, рамеснікі ладзілі майстар-класы і прадавалі сувенірны тавар.

Вельмі ўдалым атрымалася мерапрыемства. А Марчанка сумуе. Маўляў, чаму яно не стане традыцыйным? Тлумачу ёй, што свае ініцыятывы рэалізоўваць трэба самой. Цяжка, але іншага шляху няма.

А “Харашухі” для Марчанка — адхланне. Пра іх Валянціна Аляксандраўна гатова распавядаць бясконца: “Жыццялюбнасць ды гумар бабулек — узор для кожнага з нас. Вось песні ў нас доўгія-доўгія. І калі мы вярнуліся з гастроляў, суседкі запыталіся ў нашай салісткі Лідзіі Магілеўцавай: “Штосьці не было вас даўно?” Тая адказала: “Як даўно? Мы і “Салавейку” спець па дарозе не паспелі, як вярнуліся!”

Яшчэ Марчанка любіць вёску. І вельмі перажывае, што тая беззваротна знікае. Раней у “Горскіх харашух” быў ансамбль-спадарожнік “Крынічка”. Цяпер, калі школы адна за адной зачыняюцца, пра якія спадарожнікі можна марыць. Але яна марыць і працуе на знос. Напэўна, малюе і вершы піша толькі па начах…

Можна лічыць гэты тэкст прызнаннем калі не ў каханні, дык у шчырай любові — дакладна. Няхай так яно і будзе.

 


Замест заканчэння

Ганчарня — універсальная

/i/content/pi/cult/693/15234/pages-10-11-S.jpg

Я да чаго ўсё гэта? Неяк непрыкметна набліжаецца да нас юбілей Краснапольскага тэатра. А сто гадоў — гэта не жартачкі. Гэта чарговая нагода для ўмацавання станоўчага іміджу краіны, для грунтоўнага піяру трываласці нацыянальных каранёў. Хіба нашы рэспубліканскія ідэолагі гэтага не разумеюць? Дзе рэклама, дзе інвестыцыі са спонсарамі? Для мяне асабіста сто гадоў Краснапольскага тэатра — як час паўраспаду радыянукліду, пасля якога пачынаецца якасна новае культурнае жыццё. Ці пачнецца?

А да тэатра ў мяне толькі адзіная… не, не прэтэнзія, а просьба. Калектыў такога пашанотнага ўзросту не можа не мець у сваім рэпертуары пастаноўку пра бацькоў-заснавальнікаў — братоў Шашалевічаў. Так, драматургічнай асновы няма пакуль у прыродзе. Дык чаму б не стварыць яе агульнымі намаганнямі пры падтрымцы, да прыкладу, магілёўскіх літаратараў?

І напрыканцы невялічкая заўвага з іншай нагоды. Зусім нядаўна мясцовы дом рамёстваў прырос яшчэ на адзін від умельстваў — ганчарства. Адпаведную майстэрню зрабілі (зноў за прааанаўскі кошт) у колішнім будынку кінавідэапрадпрыемства. А будынак такі, што я спачатку думаў: “Лепей новы ўзвесці”. А потым прыгледзеўся да падворку і зразумеў: незвычайная ўстанова культуры можа атрымацца. Ганчар Аляксандра Чарткова цалкам з гэтым пагаджаецца. Дворык можна прыстасаваць пад выставачную прастору, пад правядзенне майстар-класаў і продаж ганчарных вырабаў. Было б жаданне.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"