Пад мірным небам

№ 26 (844) 28.06.2008 - 04.07.2008 г

21 чэрвеня ў выставачнай зале Дзяржаўнай установы “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама прайшло ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Служым Айчыне”. Сорак сем палотнаў дзевяці аўтараў для яе прадставіла Студыя ваенных мастакоў, створаная пяць гадоў таму па ініцыятыве міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-палкоўніка Леаніда Мальцава.

 /i/content/pi/cult/166/1523/Pad-mirnym-nebam1.jpg

А.Панцюк-Жукоўскі.
“Пад мірным небам”.

Менавіта ў горадзе Брэсце, які ведае ўвесь свет, бо там пачалася знішчальная Вялікая Айчынная вайна, адкрылася гэтая своеасаблівая выстаўка. Вернісаж працягвае Рэспубліканскую грамадска-культурную акцыю “Мы — беларусы!”. Ён прымеркаваны да Дня Незалежнасці і 65-годдзя вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На адкрыцці выстаўкі загадчык выставачнай залы, мастак Міхаіл Канькоў адзначыў, што сярод палотнаў вылучаюцца і жывапісныя творы брэсцкага мастака, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Пятра Данеліі “Холмскія вароты” і “Цярэспальскія вароты”. Гэтыя пейзажы адлюстроўваюць гераічныя муры Брэсцкай крэпасці, якімі яны былі ўжо ў пасляваенны час. Пётр Аляксеевіч у сваім выступленні з асаблівым хваляваннем гаварыў пра сваё ваеннае жыццё, пра творчасць, пра сучаснасць. Дадаў, што ўпершыню наведвальнікі выстаўкі — жыхары горада і госці — пазнаёмяцца з жывапіснымі творамі земляка Уладзіміра Уродніча, які прадставіў у экспазіцыі карціны “На Магілёўскім напрамку”, “Беразіна — наперад!”, “Насустрач мары”.
Кіраўнік Студыі ваенных мастакоў Мікалай Апіёк (на выстаўцы вылучаюцца яго манументальныя палотны “Аперацыя “Баграціён”, трыпціх “Шчыт Айчыны-2004”, “Выпускнікі мінскага Сувораўскага вучылішча”, “Вітаўт і Ягайла”) у сваім выступленні адзначыў, што галоўнае ў творчасці беларускіх ваенных мастакоў — распрацоўка гістарычнай і гераічна-патрыятычнай тэмы. Таму палотны такіх творцаў, як Міхаіл Савіцкі (“Без весткі зніклыя”), Леанід Дударэнка (“Аператыўныя вучэнні”, “Блакітныя берэты”),
 /i/content/pi/cult/166/1523/Pad-mirnym-nebam2.jpg
Маладыя вайскоўцы на вернісажы.
Уладзімір Гардзеенка (“Спецназ”), Георгій Лойка (“Сумесныя вучэнні”, “Пасля палётаў”, “Пачатак”), народны мастак Расіі Уладзімір Пераяславец (“Партрэт дэлегата Дзюкава”), і іншых — гэта пазіцыя мастакоў сучаснасці, гэта жаданне данесці да людзей тое, што перажыта і не выкрэслена з чалавечай памяці, гэта падзяка і ўсім удзельнікам вайны, якія здабылі нам Вялікую Перамогу, і ўсім, хто забяспечвае мір на зямлі. Нездарма толькі ў мінулым годзе выстаўкі Студыі ваенных мастакоў былі праведзены ў сарака мясцінах краіны.
З цікавасцю наведвальнікі выстаўкі (сярод якіх вылучаліся сваім каларытным выглядам маладыя вайскоўцы) слухалі выступленне старшыні Брэсцкага абласнога савета ветэранаў Сцяпана Амялюсіка, які ад імя ветэранаў падзякаваў мастакам за такую цудоўную і патрэбную выстаўку, за ўвагу да людзей, якія прайшлі вайну са зброяй у руках.
Са свайго боку намеснік загадчыка аддзела ідэалагічнай працы і сацыяльнай абароны Брэсцкага аблваенкамата палкоўнік Аляксандр Залатухін абяцаў прысутным у зале, што гэтую выстаўку змогуць пабачыць у наступныя дні амаль усе вайскоўцы Брэсцкага гарнізона.Наталля Вальшынец, намеснік дырэктара ДУ “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”, з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю гаварыла пра вялікую і патрэбную працу мастакоў, пра экспазіцыю як значную падзею ў культурным жыцці вобласці.Мне доўга не хацелася пакідаць выстаўку.
Асаблівае ўражанне атрымаў я ад палатна “Пад мірным небам” Аляксея Панцюка-Жукоўскага, на якім хлопчык з дзяўчынкаю на веласіпедзе па сцежцы праз залатое жытняе поле правозяць сонечнае святло, мірны блакіт нябёсаў у родную вёску. Гэты сімвалічны вобраз усёй выстаўкі надоўга застанецца ў памяці, як і сонечны суботні дзень 21 чэрвеня 2008 года ў горадзе Брэсце.

Леанід ВАЛАСЮК,
мастак
Брэст