Музейны аўтобус, які стварае арт-зону

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

Прамінула чарговая Ноч музеяў. Штогадовая акцыя, якая збірае мноства тых, якія ў звычайныя дні і не падумаюць наведаць гэтыя культурныя ўстановы. Акцыя, у якой музеі — часта насуперак і сваім шэрым будням, і нават самой першапачатковай ідэі “Ночы музеяў” — ператвараюцца ў пляцоўкі для карнавалу. Такім чынам яны спрабуюць завабіць да сябе наведвальнікаў ды, калі ўсміхнецца ўдача, зарабіць грошай. Перафразуючы вядомую прымаўку, адна ноч цэлы год корміць.

/i/content/pi/cult/693/15226/10.JPG

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Ноч… не толькі музеяў

Сёлета Ноч музеяў у Мінску была, магчыма, самай масавай па колькасці ўдзельнікаў (але, адзначым, не гледачоў). Да акцыі далучыліся не толькі дзяржаўныя ўстановы са сваімі філіяламі, але і шмат якія галерэі ды камерцыйныя квазімузейныя ўстановы. І нават — зусім немузейныя. Скажам, мінскі планетарый праводзіў ноч адкрытых дзвярэй, калі кожны ахвотны — прытым, абсалютна бясплатна! — змог наведаць яго абсерваторыю і паглядзець на далёкія зоры. А сетка кінатэатраў Silver Screen адзначылася дэманстрацыяй фільмаў /i/content/pi/cult/693/15226/11.JPGпра вядомых мастакоў.

Хаця для справядлівасці трэба адзначыць, што ў “шырокім” разуменні тэрміна “музей”, прапанаваным Міжнароднай радай ICOM, у яго трапляюць і планетарыі, і батанічныя сады, і шмат што яшчэ. Таму… уласна, чаму б і не?

Але, з іншага боку, гэтая Ноч музеяў была, напэўна, і самая “немасавая” — калі меркаваць не па колькасці ўдзельнікаў, а па колькасці наведвальнікаў. Вялізных чэргаў сёлета асабліва і не назіралася. Вядома, такое суб’ектыўнае ўражанне магло скласціся праз большую колькасць арт-пляцовак, якія “расцягнулі” публіку паміж сабой. І гэтая тэндэнцыя ўжо захоўваецца не першы год — апантаных вандроўнікаў з музея ў музей становіцца ўсё менш і менш. Думаецца, віной таму сталі не толькі даволі дарагія ўваходныя білеты. Самі па сабе праграмы, якія прапаноўваюць музейныя арттрэгеры, ужо “не чапляюць” так, як раней.

Магчыма, людзям трошкі надакучыў фармат, які з году ў год паўтараецца. Каб здзіўляць і ўражваць, трэба кожнага разу павялічваць напругу і атрактыўнасць імпрэзы, але музеі на такое апрыёры не здатныя, бо гэта — зусім не іх профіль. Там-сям пасля наведвання застаецца паслясмак “самадзелкіных”… І нават модны квэст, які сёлета прысутнічае ў той ці іншай форме ледзь не ў кожным другім музеі (у трэцім — дакладна), не здатны выратаваць сітуацыю. Магчыма, гэта і добра, бо музеі — не квэстэнарыумы.

У выніку ж складваецца сітуацыя, калі ўзрослая канкурэнцыя на “рынку паслуг” спрыяе толькі большай разасобленасці паміж удзельнікамі акцыі. Кожны спрабуе перацягнуць увагу — а, значыцца, наведвальніка і грошы — на сябе. У выніку, такі падыход становіцца згубным для ўсіх.

Таму, магчыма, варта было б наадварот падумаць пра арганізацыю сумеснай работы, што ў галіне культурных індустрый і крэатыўных тэхналогій цяпер модна называць калабарацыяй.

Культурная калабарацыя

Першая яе пераканаўчая спроба была зроблена акурат сёлета — што, напэўна, увойдзе ў гісторыю Ночы музеяў. Як нярэдка бывае, ініцыятарам новага для нас пачыну выступіў Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура. Больш за тое, гэта была не проста калабарацыя з “калегамі па цэху”, а цікавы і варты пераймання прыклад дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва.

Акцыя X-CHANGE аб’яднала чатыры пляцоўкі: сам музей-ініцыятар, незалежную культурную прастору “Корпус”, а таксама афіляваныя з “Белгазпрамбанкам” галерэю “Арт-Беларусь” і культурны інкубатар Оk 16. Пад агульнай шапкай у рамках Ночы музеяў быў запланаваны абмен досведам работы з мастацтвам і пераадоленне межаў традыцый і стыляў дзеля стварэння новай культурнай прасторы.

Пры тым, прасторы не толькі віртуальнай, але і фізічнай. Хаця ўсе чатыры пляцоўкі размешчаны адносна недалёка адна ад адной — іх лёгка можна паставіць цугам на карце горада і ў няспешным мацыёне наведаць па чарзе, — для наведвальнікаў быў запушчаны адмысловы музейны аўтобус, які злучыў месцы дзеяння ў агульную начную арт-зону. Зусім як калісьці на модных рэйвах дзевяностых…

Агульную ідэю “культурнага абмену” кожная з прастораў раскрыла ва ўласцівай менавіта ёй манеры. У абшарпаных завадскіх цэхах на Кастрычніцкай, 16 танчылі “Лебядзінае возера” і выконвалі Вівальдзі. У музейных залах на Азгура, 8 можна было паглядзець музычныя перформансы і кантэмпарары-балет. Прастора “Корпус” напоўніла ноч блышыным арт-рынкам пад музычную экскурсію-імправізацыю “тут і цяпер”, а галерэя “Арт-Беларусь” — лікбез-лекцыямі і майстар-класамі па сучасным мастацтве.

Па-за зонай камфорту

Як адзначыў сукуратар праекта, старшы навуковы супрацоўнік Мемарыяльнага музея-майстэрні Зміцер Міхееў, культурная калабарацыя ў фармаце арт-кластараў — гэта ўжо даўно нават не мэйнстрым, а жыццёвая неабходнасць:

— Гэта спроба стварыць новую культурную супольнасць. Натуральна, за адну ноч яе не створыш, але… Можна атрымаць значны досвед, які здатны прадэманстраваць, што можа зрабіць у плане прасоўвання сучасных культурных індустрый дзяржаўная ўстанова разам з недзяржаўнымі. Мы ўжо супрацоўнічаем не першы год і з Гошам Заборскім з Оk 16, і з Аляксандрам Багданавым з “Корпуса”: музей ладзіў з імі супольныя праекты яшчэ да таго, як яны ўзначалілі ўласныя пляцоўкі. А цяпер у нас з’явілася ідэя арганізаваць калабарацыю ўжо ў новым фармаце — не з асобнымі культуртрэгерамі, а менавіта з незалежнымі культурнымі інстытуцыямі. На нашу думку, гэта можа даць шмат карыснага і новага досведу.

І сапраўды, нейкія рэчы арганізацыйна прасцей можна рэалізаваць, калі партнёрам выступае дзяржаўная структура — скажам, усе належныя ўзгадненні ў мясцовай адміністрацыі адбываюцца значна хутчэй. З другога боку, ёсць і тыя пытанні, якія лягчэй вырашаць менавіта прыватнікам.

— Маючы сур’ёзныя абмежаванні ў выкарыстанні бюджэтных сродкаў і жорсткі кантроль за гэтым, мы не заўжды можам, скажам, аператыўна правесці выплату. А для нашых прыватных партнёраў гэта не праблема,  — тлумачыць Зміцер Міхееў. — Іншая справа, што такая сістэма можа працаваць толькі пры ўзаемным даверы.

Кожнай супольнай акцыі, ініцыяванай музеем-майстэрняй, папярэднічаюць даволі няпростыя і доўгія перамовы, падчас якіх усё дэталёва абмяркоўваецца. А пасля — абавязкова падпісваецца дамова паміж партнёрамі. Зміцер Міхееў перакананы, што гэты этап абмінаць не выпадае: ён важны не толькі з юрыдычнага пункту гледжання. У рэшце рэшт, пра вусныя дамовы можна альбо папросту забыцца, альбо па-рознаму іх зразумець…

Сапраўды, адна справа — прыдумаць супольны праект, а зусім іншая — яго рэалізаваць. Калі даходзіць да размеркавання абавязкаў — хто што робіць, хто за што і колькі плаціць, — на гэтым этапе часта пачынаюцца непаразуменні і крыўды. Калі ж надыходзіць час дзяліць прыбыткі — вядома, у выпадку іх атрымання — то можна назаўжды пасварыцца з ужо былымі партнёрамі.

Як тлумачыць музейны куратар, у гэтым сапраўды палягаюць шматлікія цяжкасці ў супрацы не толькі з прыватнымі, але нават і з дзяржаўнымі ўстановамі, бо механізмы сумеснай работы абсалютна не распрацаваныя:

— Так, усе юрыдычныя аспекты належна прапісаныя, але часта не хапае практыкі іх выкарыстання, і гэта можа значна затармазіць увесь працэс, — лічыць Зміцер Міхееў. — Але хаця любая такая спроба калабарацыі — гэта выйсце з зоны камфорту, у якой можна было б спакойна сядзець і “кляпаць” штосьці звычайнае, мы свядома ідзём на рызыку. Гэты сімбіёз неабходны для таго, каб прапанаваць нешта маштабнае, нейкі абсалютна новы культурны прадукт.

Апекчыся, але не спыняць рух

— І мы самі, і Оk 16, і “Корпус” штодня ствараюць нешта новае ў культурным жыцці, але наша супольная Ноч музеяў — гэта своеасаблівы маніфест пра тое, што можна рабіць гэта разам — а значыць, куды мацней і цікавей, — перакананы спадар Міхееў. — Музей Азгура мае даволі багаты досвед супрацоўніцтва з самымі рознымі структурамі — узяць хаця б той жа Міжнародны open-air фестываль нямога кіно і жывой музыкі “Кінемо”, які сёлета ўжо шосты год запар будзе праводзіцца на нашым падворку супольна з праектам Cinemascope і Асацыяцыяй маладых беларускіх кампазітараў. Але нельга спыняцца на чымсьці адным, каб паступова не дэградаваць. Увесь час патрэбны рух! Нават калі мы дзесьці і абпальваемся, гэта ўсё адно дае карысны досвед. Прынамсі, у нас такі падыход.

Сапраўды, “апекчыся” на ніве дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва можна лёгка. Скажам, гэта тычыцца тых жа юрыдычных нюансаў. Нарматыўная база існуе, але дасканала яе часта папросту не ведаюць — асабліва “прыватнікі”, якія толькі пачынаюць сваю працу ў культурнай індустрыі. “К” ужо пісала пра неабходнасць стварэння метадычных дапаможнікаў і правядзення адукацыйных семінараў (гл. № 15 за 2018).

Аднак жа і працаваць разам, насамрэч, можна. Прынамсі, досвед работы Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура гэта яскрава прадэманстраваў. Не без цяжкасцяў і без гарантаванага поспеху, але рызыкнуць і паспрабаваць можна заўжды.