Са службовага ўваходу

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

Вялікі тэатр — гэта не толькі аркестр, дырыжор, артысты оперы і балета. Гэта яшчэ і тыя людзі, якія робяць немалы ўнёсак у стварэнне спектакляў, але заўсёды застаюцца ў цені. “К” вырашыла распавесці менавіта пра такіх шчырых патрыётаў сваёй справы.

/i/content/pi/cult/693/15225/7.JPGНаталля ХАРАБРОВА, начальнік касцюмернага цэха:

“Не магу жыць без тэатра!”

Прафесію я выбрала, калі мне было пяць гадоў. Мае бацькі ўпершыню павялі мяне на балет — “Эсмеральду” Цэзара Пуні. Не самы дзіцячы спектакль, але я адразу ім “захварэла”. Спрабавала дома паўтарыць убачаныя рухі.

Праўда, мае бацькі зусiм не былi радыя майму захапленню. Тата — ваенны, мама — лекар... Яны спадзяваліся, што “хвароба” з часам пройдзе. Але не! Праз нейкі час я ўсё ж такі змагла ўгаварыць іх, каб яны даведаліся, якім чынам можна паступіць у балетную вучэльню. І выявілася, што я спазнілася на цэлы год. Дома я, вядома ж, закаціла істэрыку!

Маці ўсё ж вырашыла мяне туды адвесці. Тады вучэльня знаходзілася ў сценах Вялікага тэатра. У той год, калі я паступала, конкурс быў недзе адзін да пяці! Пасля таго, як мама пабачыла заплаканых дзяцей, якія выходзяць з класа, яна спадзявалася толькі на адно: каб мяне ўзялі. І гэта адбылося! Мне давялося стаць другагодніцай і зноў пайсці ў чацвёрты клас. Гэта быў 1959 год.

Першы балет, у якім я танцавала — “Сцежкаю грому” Кара Караева. Мы там увасаблялі цемнаскурых дзяцей. Нас грыміравалі марылкай і апраналі кучаравыя парыкі.

Стаць вядучай балерынай мне было не наканавана. Магчыма, задаткі ў мяне былі, але… так склаўся лёс. Скончыўшы вучобу і адпрацаваўшы год у тэатры, я паехала да сястры ў Ленінград, каб паспрабаваць свае сілы ў ваганаўскім вучылішчы (цяпер Акадэмія рускага балета імя А.Я. Ваганавай — І.К.). Восенню мне прыйшоў выклік на стажыроўку. Але мая педагог папрасіла яшчэ год папрацаваць у тэатры.

За гэты час я выйшла замуж і нарадзіла дзіця. На жаль, шанцам, які ў мяне быў, не скарысталася. Ці шкадую я? Напэўна, не. Бо ў мяне ёсць сям’я. Усё здарылася так, як і павінна.

Калі б я не працавала ў тэатры, то, напэўна, не змагла б убачыць усяго таго, што мне давялося. Дзякуючы сваёй прафесіі, я паспела аб’ездзіць палову свету, папрацаваць з цікавымі харэографамі. У 1970-я гады было праблематычна выехаць за мяжу, і мы адчувалі сябе першаадкрывальнікамі. Нам было цікава прадстаўляць сваю радзіму, пра якую тады мала хто ведаў. Куды б мы ні прыязджалі, у нас заўсёды пыталіся, дзе знаходзіцца Беларусь.

Адпрацаваўшы 20 гадоў балерынай, я зразумела, што справа ідзе да завяршэння маёй кар’еры. Калі ў тэатры праходзіць усё тваё жыццё, пакідаць яго страшна. Ды і незразумела, куды ісці. Цяпер шмат моладзі, якая працуе ў тэатры, паралельна недзе вучыцца. У нас такой магчымасці не было.

Мне прапанавалі вакансію спартыўнага харэографа. Папрацавала два месяцы — і зразумела, што не маё. Моцна сумавала па Вялікім. Гатова была працаваць кім заўгодна — абы толькі вярнуцца ў родныя сцены.

Аднойчы мне патэлефанаваў загадчык пастановачнай часткі: “Ёсць вакансія ў жывапісным цэху”. Ужо ніхто, напэўна, не ўспомніць, як я выходзіла на сцэну і падфарбоўвала дэкарацыі. Год так адпрацавала, а потым вызвалілася месца ў касцюмераў. Праз чатыры гады я стала начальнікам касцюмернага цэха.

Было вельмі боязна, бо я на той момант яшчэ не ведала да канца, як там што ўладкавана. Ды і памяць патрэбна фенаменальная: у тэатры захоўваецца больш за сорак тысяч касцюмаў. Ты мусіш усе іх ведаць і за ўсё адказваць. Тады ў цэху працавала 15 чалавек. Цяпер 26, і сярод іх — тры былыя спявачкі і восем балерын! Людзі, з якімі я разам вырасла.

Працаваць стала складаней, бо мы выпускаем у сезон шмат спектакляў. Толькі 70 ідуць у рэпертуары, а яшчэ больш тых, якія ўжо зніклі з праграмы, але касцюмы да іх захоўваюцца.

У вольны час зазіраю на балет. Часам узгадваю пра тое, як сама танцавала на гэтай сцэне. Шмат каму з балерын падказваю, як той ці іншы рух зрабіць лепш.

Лаўлю сябе на думцы, што калі некаторы час адсутнічаю ў тэатры, а потым вяртаюся і чую класічную музыку — душа пераварочваецца.

/i/content/pi/cult/693/15225/8.JPGТаццяна БАЙДАЛАВА, мастак-скульптар:

“Мэблю ў кватэры расстаўляю як дэкарацыі”

У дзяцінстве я ўвесь час сніла сон, у якім я спускаюся па белай мармуровай лесвіцы. Тады я не ведала, што ён стане рэальнасцю.

Мне здаецца, мая праца сама мяне абрала. Памятаю, калі вучылася ў шостым класе, сцягнула ў мамы вясельную сукенку і зрабіла з яе касцюм снягуркі. Уяўляеце, да мяне прыехалі з раённага Дома культуры, каб узяць яго напракат!

З 14 гадоў я вучылася ў Бабруйскім дзяржаўным каледжы па спецыяльнасці “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Там і пачала майстраваць дэкарацыі. Нават спектаклі ставіла! Урэшце, мяне заўважыла кіраўніцтва тэатра імя Дуніна-Марцінкевіча і запрасіла на працу.

У нейкі момант я зразумела, што трэба развівацца далей. І вырашыла пераехаць у Мінск. Першае, з чым сутыкнулася — пошук працы. Я доўга не магла знайсці нічога прыдатнага, пакуль адным цудоўным днём ногі быццам самі не прывялі мяне да сёмага пад’езда опернага тэатра. Я села на лаўку, каб адпачыць, і доўга глядзела, як людзі заходзяць і выходзяць. Злавіла сябе на думцы, што з задавальненнем бы да іх далучылася.

Не паверыце, але ў той жа вечар раздаўся тэлефонны званок, і ў мяне спыталі, ці не хачу я працаваць бутафорам у Вялікім тэатры. Калі я патрапіла ў тэатр і ўбачыла белую мармуровую лесвіцу, адразу ўспомніла пра сон з дзяцінства.

Спачатку было цяжка, страшна, слёз нямала пралілася. Але я паставіла перад сабой мэту стаць прафесіяналам. Разумела, што замала добра валодаць рукамі ды інструментам — важна яшчэ і ўмець думаць, навучыцца слухаць мастака-пастаноўшчыка і працаваць з артыстамі, бо часам ты пэўныя дэталі робіш хутчэй у разліку на іх патрэбы, а не на глядацкае ўспрыняццё.

Мяне захапіла прафесія. У тэатры заўсёды ёсць вялікая канкурэнцыя. Не ўсе гатовыя да таго, што ты раптам станеш лепшым за яго. Не магу сказаць, быццам са мной хтосьці дзяліўся вопытам, калі толькі прыйшла працаваць. Я падглядала, спрабавала, эксперыментавала. Дый дасюль раблю тое самае.

Такіх умоў працы, як цяпер, у тыя гады не было. Мы туліліся ў абшарпаных падвалах са страшнымі дзвярыма. Але калі ўсе рыхтавалі прэм’еру, то яе дзень станавіўся сапраўдным святам. Людзей тады працавала менш, калектыў быў больш згуртаваны.

Я нават не ўспомню першы спектакль, над якім працавала. Але вельмі ярка ў памяць урэзалася падрыхтоўка да оперы “Іаланта” Пятра Чайкоўскага. Трэба было зрабіць круглыя дрэвы з залатымі яблыкамі. Я не разумела, як з металічнага шара стварыць дрэва! Яшчэ было шмат пытанняў пра залатое лісце. Гэта цяпер яго можна пайсці і купіць, а тады... Мы бралі марлю, праклейвалі яе, залацілі. Затое, калі прайшло шмат гадоў і паўстала пытанне аб аднаўленні спектакля, я была гатовая ўсё зрабіць па памяці. Нават без эскізаў.

На сёння для мяне няма складаных рэчаў. Я ўмею рабіць усё! Да прыкладу, было цікава прыдумаць для балета маскі, якія закрываюць увесь твар. Як правіла, такім не карыстаюцца, бо ў балеце артысты актыўна рухаюцца, ім трэба дыхаць. Але я такую маску вынайшла! Прызнаюся вам шчыра: маскі — мая стыхія!

Я працую ў тэатры больш за 30 гадоў. Перастала запамінаць даты. Усё, што пражыта, для мяне не так важна. Мне цікава, што будзе далей. Для мяне самае страшнае — спыніцца ў самаразвіцці. Калі адчуваю, што мяняюся, то ў мяне ўсё добра.

Я аформіла больш за 80 спектакляў. Ужо нават не лічу іх. У нейкі момант прыходзіць усведамленне: няважна, колькі і чаго ты зрабіла. Важна, каб ты ад гэтага атрымлівала задавальненне.

У маёй прафесіі трэба быць універсальным спецыялістам: і ляпіць, і рэзаць, і валяць, і шыць, і вышываць, і плесці макрамэ… Ніколі не ведаеш, над чым прыйдзецца працаваць: гэта можа быць вялікая сяміметровая дэкарацыя або вытанчаная маска. Прафесія паглынае цябе настолькі, што ты можаш працаваць нават ноччу. А часам і зусім забываеш пра 24 гадзіны ў сутках.

Неаднойчы хацела кінуць усё. Напэўна, з-за назапашанай стомленасці. Бо ў сваю працу я ўкладаю шмат энергіі, і надыходзіць такі момант, калі яна вычэрпваецца. Некалькі разоў сыходзіла — і неўзабаве вярталася. Не ведаю, як гэта растлумачыць, але… тэатр не адпускае. Ёсць тут нейкая містыка.

Тэатр — гэта сям’я. Калі яе не будзе, усё ператворыцца ў нейкую фабрыку. Я люблю тэатр і гледача. Люблю, калі ён здзіўляецца. Дзе яшчэ можна так забыцца на тое, што цябе турбуе, як не ў тэатры? Мастацтва ўсіх робіць лепшымі.

Для мяне важна размяжоўваць працу і дом. Але я заўважаю, што мэблю ў сваёй кватэры расстаўляю як дэкарацыі. І па колерах ўсё падбіраю як для сцэны.

/i/content/pi/cult/693/15225/9.JPGНіна ІВАНКІНА, мастак па святле:

“Тут павінна пахнуць грымам, маззю, пылам, фарбай…”

Прафесію я абрала сама. Мне было ўсё роўна, куды ісці працаваць — хацелася толькі, каб гэта было звязана з музыкай. Са школьнай лавы прыйшла ў тэатр на пасаду звычайнага асвятляльніка. Увесь вольны час выдаткоўвала на тое, каб паслухаць оперу або паглядзець балет. Была проста зачараваная! Тады на нашай сцэне спявалі Галіна Вішнеўская, Марыя Біешу, Алена Абразцова, Зіновій Бабій, Тамара Ніжнікава, Аркадзь Саўчанка.

На пачатку ў мае абавязкі ўваходзіла размясціць на сцэне той ці іншы прыбор ды ўключыць яго. Прайшлі гады, я набралася вопыту, мяне сталі прыцягваць да іншай, больш адказнай працы, да пастановачных працэсаў, і мне гэта вельмі падабалася. Я адчувала сваю значнасць. З простага асвятляльніка стала мастаком па святле!

У 1985-м годзе мне даверылі першы спектакль — оперу “Вайна і мір” Сяргея Пракоф’ева, якая патрабавала мноства тэхнічных магчымасцяў: пажары, дым... Сапраўды, трэба вучыцца на складаных рэчах. Тады я і адчула, што — магу!

Пасля гэтага маёй непасрэднай працай стала стварэнне светлавых партытур да спектакляў. Мяняюцца мастакі, рэжысёры, балетмайстры, артысты... Трэба навучыцца працаваць з кожным. Яны творчыя асобы са сваімі высокімі матэрыямі, а ты павінна іх пачуць. У мяне гэта атрымлівалася — і атрымліваецца дасюль! За сваю кар’еру мне давялося папрацаваць з Юрыем Грыгаровічам, Сямёнам Штэйнам, Мсціславам Растраповічам...

Але менавіта без Валянціна Елізар’ева маё жыццё ў тэатры, напэўна, было б зусім іншым. Усе яго спектаклі мы рабілі разам! Я люблю кожны балет Елізар’ева, мне падабаецца яго бачанне. Аднак асобна вылучаю “Карміну Бурана”. Для мяне гэта шэдэўр мастацтва. Шкада, што цяпер яго няма ў рэпертуары.

Калі да мяне прыходзіць разуменне той ці іншай сцэны, бачу яе, літаральна адчуваю пах...

З чаго пачынаецца тэатр? З вешалкі і электрыка! Калі адкрываецца заслона, глядач сутыкаецца найперш са светлавым вырашэннем спектакля.

50 гадоў я ўжо хаджу па гэтай сцэне! Менавіта ў сценах Вялікага я сустрэла свайго будучага мужа. Спачатку ён быў артыстам балета, потым гукарэжысёрам. 40 гадоў мы з ім знаходзіліся побач па 24 гадзіны ў суткі! Цяпер са мной працуе дачка. А ўнучка стала балерынай і танцуе ў Кракаве. Так склалася, што з мяне пачалася наша дынастыя.

Не раз задумвалася над тым, каб сысці. Але… усе тыя, хто выраслі ў тэатры, застаюцца ў ім назаўсёды. Бо ён становіцца другім домам. Тут усё тваё.

Самае галоўнае, каб у тэатры захоўваўся тэатральны дух. Тут павінна пахнуць грымам, маззю, пылам, фарбай. Усё гэта і стварае атмасферу.

Іна КОРСАК