Скансэны на скрыжаванні эпох

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

“Драўляны Дыснэйлэнд” альбо машына часу?
Дактарантка Віленскага ўніверсітэта Надзея ЧАРАПАН піша дысертацыю пра досвед наведвальнікаў і сацыяльна-культурную ролю этнаграфічных музеяў на вольным паветры ў Беларусі, Літве і Швецыі. Даследчыца правяла шмат часу ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, Літоўскім музеі народнага побыту ў Румшышкес і ў стакгольмскім Скансэне — гутарыла з наведвальнікамі, удзельнічала ў экскурсіях, забаўляльных і адукацыйных праграмах, а ў літоўскім музеі нават жыла цэлыя два тыдні. І зараз Надзея гатовая падзяліцца тымі высновамі, да якіх прыйшла.

/i/content/pi/cult/692/15218/26.JPGГрыбы, прабежкі, сабакі

Ідэя музея на вольным паветры ўзнікла ў Скандынавіі ў канцы XIX стагоддзя як рэакцыя на хуткую і небяспечную для традыцыйнай культуры індустрыялізацыю. Створаныя ў розны час, але паводле адзінай мадэлі, шведскі, беларускі і літоўскі скансэны валодаюць рознымі рэсурсамі, але маюць падобныя структуры (комплекс будынкаў і ландшафт) і экспазіцыі (у асноўным, драўлянае дойлідства). Кожны з гэтых музеяў праводзіць разнастайныя адукацыйныя і забаўляльныя праграмы з мэтай распаўсюджваць веды аб традыцыйнай культуры, матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыне і побыце.

На сёння галоўнай канцэптуальнай праблемай скансэнаў з’яўляецца тое, якім чынам стварыць сувязь паміж аб’ектам паказу — спадчынай даіндустрыяльнай эпохі, і наведвальнікамі — прадстаўнікамі эпохі постіндустрыяльнай. Ці могуць гараджане ХХІ стагоддзя ідэнтыфікаваць сябе са спадчынай “вёскі”? Наколькі яна ім зразумелая? Якія сэнсы і новыя функцыі выконваюць музеі на вольным паветры ў розных культурных кантэкстах? На гэтыя пытанні мне і хацелася знайсці адказы.

Я прыйшла да высновы, што розныя катэгорыі наведвальнікаў маюць рознае ўяўленне пра адзін і той жа музей, і яно можа зусім не адпавядаць афіцыйнай місіі і візіі самой установы. Напрыклад, група італьянцаў падчас экскурсіі ў Літоўскім музеі народнага побыту пабачыла грыбы і пачала іх збіраць, таму экскурсавод вымушаны быў зрабіць незапланаваны перапынак. Здагадайцеся, пра што гаманілі напрыканцы экскурсіі шчаслівыя грыбнікі? Вядома, зусім не пра нюансы этнаграфіі.

Для сучасных гараджан музей на вольным паветры — гэта перш за ўсё месца для рэлаксацыі. Людзі прыходзяць туды з сябрамі, сям’ёй, дзецьмі. Для выгулу сабак (Румшышкес), прабежкі (Стакгольм), пікніка (Азярцо). Адна наведвальніца Скансэна нават здзівілася майму пытанню “Як вам музей?”, бо стакгольмцы з гадавым абанементам ходзяць у Скансэн у першую чаргу як у заапарк…

І сапраўды, “жывыя” экспанаты (коні, козы, авечкі, куры, каты) надаюць статычным драўляным будынкам дынаміку і подых жыцця. Думаецца, і нашы скансэны маглі б развіваць натуралістычны кірунак, ствараць адмысловыя праграмы, звязаныя з прыродай і экалогіяй. Напрыклад, датычныя бортніцтва, рыбнай лоўлі і іншых традыцыйных заняткаў. Таксама перспектыўным кірункам для беларускага і літоўскага музеяў маглі б стаць экалагічныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў Скансэне для дзяцей і моладзі.

Лічу, музеям неабходна дасканала вывучаць аўдыторыю і рупліва будаваць сістэму камунікацый для розных катэгорый гасцей. Чаму наведвальнікі павінны цікавіцца музеямі, калі музеі не цікавяцца імі? На жаль, беларускія ўстановы рэдка праводзяць грунтоўныя даследаванні аўдыторыі. Дый тыя, што ладзяцца, маюць зазвычай эканамічны ўхіл, і пытанні там кшталту “Колькі грошай вы патрацілі ў музеі?”

З гідам альбо без

Як сведчаць праведзеныя мной інтэрв’ю, адукацыйны элемент скансэнаў важны найперш для тых, хто едзе туды на экскурсію — як у складзе арганізаваных груп, гэтак і індывідуальна. Значнай перавагай беларускага музея з’яўляецца тое, што гіда можна замовіць непасрэдна на ўваходзе. У Літве абавязкова папярэдняя рэзервацыя, таму часта тым, хто хацеў бы даведацца больш (у асноўным, замежным турыстам), даводзіцца хадзіць без суправаджэння — што вельмі часта негатыўна ўплывае на ўспрыняццё экспазіцыі і культурных кодаў.

У Скансэне экскурсіі таксама толькі па папярэдняй дамове, але амаль у кожным будынку працуюць адукатары, якія шмат распавядаюць пра хату і сям’ю, якая ў ёй жыла, таму дадатковае інфармацыйнае суправаджэнне і непатрэбнае. У беларускім і літоўскім музеях ёсць супрацоўніцы ў будынках, але іх асноўныя функцыі — наглядчыцкія. Тым не менш, часта яны адказваюць на пытанні наведвальнікаў. А наколькі правільна і навукова абгрунтавана — гэта ўжо іншая тэма.

Падчас назірання за ўдзелам школьных груп у інтэрактыўных экскурсіях у Швецыі і Беларусі я заўважыла агульную асаблівасць: найбольшую зацікаўленасць у дзяцей выклікаюць прадметы і будынкі, якія не сустракаюцца ў іх штодзённым жыцці. Напрыклад, ветракі, пералазы, драўляныя цэрквы.

У беларускім скансэне значна акрэслілася і моўнае пытанне: школьнікі 6-7 гадоў недастаткова валодаюць беларускай мовай для разумення экскурсіі. У такой сітуацыі некаторыя настаўнікі заахвочвалі экскурсавода працягваць па-беларуску і дапамагалі з перакладам незнаёмых слоў, а іншыя, наадварот, прасілі перайсці на рускую.

“Шлюбны дзень”

/i/content/pi/cult/692/15218/27.JPGЯшчэ адзін распаўсюджаны від інтэрактыўных мерапрыемстваў — музейныя святы і фестывалі, якія, з аднаго боку ствараюць эфект пагружэння ў асяроддзе і збіраюць вялікую публіку, а з другога — як паказвае маё даследаванне, замінаюць успрыняццю экспацізыі і нават утвараюць для музея пагрозу. Напрыклад, падчас фестывалю электроннай музыкі Granatos Live у жніўні 2017 на тэрыторыі музея ў Румшышкес адбыўся пажар, які знішчыў некалькі помнікаў драўлянага дойлідства.

Многія апытаныя мною наведвальнікі фэстаў ехалі не ў музей, а менавіта на музычныя выступы ўлюбёных гуртоў — як, напрыклад, Onuka, які браў удзел у “Камяніцы-2017”. Некаторыя экспазіцыяй нават не цікавіліся. У той самы час, оўпэн-эйры з’яўляюцца не толькі адным з варыянтаў паляпшэння фінансавага становішча музеяў, але таксама могуць быць выкарыстаны і як новы інструмент камунікацыі з моладдзю. Толькі, вядома, не за кошт экспазіцыі...

Папулярнай забавай з’яўляюцца таксама і інтэрактыўныя праграмы для дарослых. У літоўскім музеі часта праводзяцца хрэсьбіны, вяселлі і дзявочнікі, у беларускім карыстаецца попытам вяселле. Часам яно замаўляецца па скарочанай праграме, і тут не ідзе гаворкі пра культурнае паглыбленне. Але многія маладыя пары прагнуць, каб усё было “па-сапраўднаму”.

У Скансэне таксама праходзяць вяселлі, аднак для іх выдзяляюць адзін дзень на год, звычайна ў пачатку ліпеня. Напрыклад, летась шлюбам там пабраліся больш за тысячу чалавек. Рэгістрацыі ідуць у адмысловых намётах на тэрыторыі ўсяго музея. На жаль, падчас такога “канвеера” культурны кампанент бадай адсутнічае, бо асноўная мэта — каб усе ахвотныя паспелі ажаніцца.

У такім фармаце наведвання ствараецца спажывецкае стаўленне да музея. Скансэн страчвае сваё аблічча і прызначэнне, ператвараючыся ў драўляны Дыснэйлэнд.

Не для нас?

— Музей не для нас, туды мы водзім турыстаў, — так апісала румынскі этнаграфічны скансэн мая сяброўка з Бухарэста.

Этнаграфічныя музеі ператвараюцца ў своеасаблівыя рэзерваты сялянскай культуры, архітэктуры і побыту народа, якія пачалі гінуць з пачаткам індустрыялізацыі і амаль канчаткова зніклі ў апошнія дзесяцігоддзі. Сучасныя наведвальнікі з цяжкасцю ідэнтыфікуюць сябе з тымі аб’ектамі, якія прадстаўлены ў музейнай экспазіцыі. У такой сітуацыі музеі павінны нарошчваць камунікацыі, знаходзіць новыя падыходы да інтэрпрэтацыі культурнай спадчыны, змяншаючы кагнітыўную прорву паміж наведвальнікам і аб’ектам паказу.

Беларускаму музею народнай архітэктуры і побыту я б хацела параіць правесці даследаванне аўдыторыі, каб пазнаёміцца і пасябраваць з ёй, а потым распрацаваць сістэму інфармацыйнага суправаджэння на мове сучасных людзей, якая будзе закранаць іх пачуцці, выклікаць эмоцыі. Трэба рабіць больш тэматычных праграм і абмяркоўваць сучасныя праблемы. Імпульс да развіцця музею надаюць маладыя супрацоўнікі, якія, на маю думку, з’яўляюцца рухомай сілай і валодаюць значным патэнцыялам для стварэння новых цікавых накірункаў і камунікацый. Спадзяюся, што іх імпэт, свежыя ідэі і адданасць музею будуць заўважаны кіраўніцтвам і наведвальнікамі.

Алена ЛЯШКЕВІЧ,
фалькларыст
Фота аўтара