Утопія, якая працуе

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

“Гэта не хіпстэрскі — антыхіпстэрскі фестываль”, — выдаў азначэнне Cinema Perpetuum Mobile адзін мой калега. Міжнародны кінафорум кароткаметражнага кіно, які вядомы запальным лозунгам “DIY or die!” (Зрабі сам альбо памры!) і нагадвае па атмасферы адначасова Нью-Ёрк і Амстэрдам, Капыль ды Гродна, прашоў у Мінску ў сёмы раз.

/i/content/pi/cult/692/15214/20.JPGКантэкст

“Просім заняць вашыя месцы згодна з набытымі квіткамі, прыняць расслабленую позу і паглыбіцца ў свет новага шчасця”, — сёлетні маніфест CPM прапанаваў гледачу настроіцца на “ўцехі для вачэй”, цырк, “наш з вамі апошні спектакль”. Але, як заўжды на гэтым фестывалі, нельга ўспрымаць гэтыя словы літаральна.

Кароткі метр, зроблены не толькі прафесіяналамі кіно, але і пачаткоўцамі — выдатная нагода адчуць пульс жыцця, настроі, захапленні і турботы свету. Cinema Perpetuum Mobile — гэта сінефелія як сродак спасціжэння таго, што мы лічым рэальнасцю. Углядвацца ў новыя “парасткі” — фільмы-нарысы ці эксперыменты — можа быць для кагосьці складана і стомна, але акурат у падобнай “зялёнай траве” цікава ўбачыць спробы і постаці таленавітых аўтараў.

Арганізаваны сем гадоў таму суполкай сінефілаў-энтузіястаў фестываль — унікальная рэч для Мінска. Таму я пішу гэты ўступ, каб падкрэсліць спецыфіку СPM і нагадаць пра кантэкст, у якім варта “чытаць” яго кіно. Няхай паціскаюць плячыма эксперты ці сыходзіць з паказаў выпадковы глядач. Ды і самі рупліўцы-арганізатары стамляюцца ад энергазатратнага і патрабуючага шмат увагі і высілкаў хобі. СPM — гэта наша беларуская ўтопія, што дзіўным чынам усё ж працуе.

/i/content/pi/cult/692/15214/21.JPGНе проста добрыя фільмы

Сёлета фестываль адбыўся, дзякуючы намаганням праграмных дырэктарак-энтузіястак Леры Грын і Веры Варанковай.

— Колькі фільмаў было даслана? Прыкладна каля трох з паловай тысяч стужак, — ахвотна адказвае на мае пытанні Лера. — Адкінулі шмат. Планавалі, што складзецца пяць праграм, але ў выніку з дапамогай сяброў і калег выйшлі на дзесяць.

Праграма постдакументальнага кіно “У свеце людзей і жывёл”, дзэн-праграма suRRveillancе, “Гэта не кіно”, беларуская Utopia Unicorn, музычнага відэа Distortion — куратары кожнай праграмы фарміруюць падборкі фільмаў так, каб стварыць пэўнае выказванне па тэме.

— Кароткі метр настолькі гнуткі і дэмакратычны, што дазваляе схапіць актуальныя змены і настроі ў грамадстве, — каментуе Лера. — Ён вельмі хуткаплынны, і таму важна паказваць свежыя работы, якія нараджаюцца менавіта зараз. Праз пэўны час карціны ўжо губляюць актуальнасць і выглядаюць састарэлымі.

Не ведаю як каму, але для мяне нават такія блокі як suRRveillancе (“Сюррэалістычнае назіранне”) — неацэнны матэрыял, расповед пра тое, як асэнсоўваюць сваю паўсядзённасць аўтары. Скажам, рэжысёрка Кацярына Нарко з Беларусі ў стужцы Hich-zen здымае маляўнічыя палёты чаек над Свіслаччу. Дзяніс Галак у “Мурашцы і Жуку” ў камп’ютарнай анімацыі робіць адвольны пераказ вядомай басні Кандрата Крапівы. А Куэсці Фраун з Германіі у стужцы Little Baggy (“Маленькі пакецік”), каля дзесяці хвілін бяжыць на экране за звычайным пакетам, уяўляючы яго сваім сабакам, і напрыканцы шпацыру ўжо палова залы згодная ўбачыць у рэчы жывую істоту.

— Мы наўмысна паказваем дзіўнае і нестандартнае, бо проста дэманстраваць добрае кіно — для нас ужо не дастаткова. Мусіць быць сэнс у адмысловай падборцы, — падкрэслівае Лера Грын. — Магчыма, не ўсе да падобнага падрыхтаваныя, але для нас такая праца і роздум — прынцыповыя.

Ад “Кіно жывёлаў”…

Пабачыўшы пэўныя “опусы”, міжволі задаешся пытаннямі — што ёсць кіно сёння, што аўтар хоча выказаць уласнай работай, як зрушваюцца межы жанраў і кірункаў у актуальным кінапісьме?

У прыватнасці, умоўную мяжу паміж ігравым і дакументальным кіно было прапанавана вызначыць гледачу у постдакументальнай праграме “У свеце людзей і жывёл”. Цвіком у ёй стала дэбютная стужка італьянца Эміліа Ваварэла Animal Cinema (“Кіно жывёл”), якая складаецца з фрагментаў відэа, зробленых… жывёламі — камера, якую свядома ці несвядома скралі падчас сваіх вандровак розныя птушкі і звяры, літаральна знаходзіцца ў шчупальцах, лапах ці кіпцюрах. Эміліа, знайшоўшы адпаведныя ролікі “жывёльнай” кінатворчасці на youtube, зманціраваў карціну. Мы прызвычаіліся, што роля таго, хто назірае, належыць чалавеку, а вось калі здымаюць жывёлы — гэта змяняе погляд на прыродны свет.

Выкшталцонымі можна назваць музычную праграму Distortion (“Скажэнне”) і Taboo (“Табу”). У першай безумоўным хітом стаў кліп берлінскага рэпера Romano Copyshop, які абыгрывае ўтылітарную прыроду спажывецкага грамадства: спявак ў атачэнні вялізных і падобных адзін да аднаго шматпавярховікаў Ганконга чытае рэп пра сваю мінулую працу ў капіравальным цэнтры.

У “Табу”, прысвечанай даследаванню сексуальнасці, добрым было ўсё — ад сюжэтнай “Батанікі” Нёла Люзена да сатырычнага фетыш-кіно Coupling Везера Германдары і Марыі Лаўры Спагнолі. Ды асабліва ўразілі тыя работы, у якіх з дапамогай анімацыі вялася размова на даволі “закрытыя” тэмы, якія, тым не менш, мусяць абмяркоўвацца ў грамадстве.

…да “Гэта не кіно”

Эксперыментальная праграма Echoes of Chroma (“Адгалоскі колеру”) зроблена з дапамогай запрошанай медыямастачкі Ханны Харкес. Калажы, пікселізацыя, кіслотныя адценні, што выкарыстоўваліся ў фільмах, вымагалі сапраўднай працы для вачэй, паглыблялі ў магчымасці каляровай выявы. Складана не ўзгадаць работу Стэйсі Стырз “Грані алхіміі” ў гэтым блоку — аўтарка выкарыстоўвае кадры з нямога кіно з удзелам вядомых актрыс Мэры Пікфард і Джанет Гэйнар, ствараючы ў калажнай тэхніцы цалкам самастойны аповед у духу Франкенштэйна.

У анімацыйнай праграме нечаканым стаўленнем да тэхнікі вылучаецца стужка Ugly (“Пачвара”) Мікіты Дыякура з Германіі. Аніякай філіграннай прапрацоўкі “камп’ютарных” персанажаў — героі літаральна распадаюцца на зададзеныя лініі, плоскасці ды ледзьве злучаюцца ў аб’ёмны вобраз. Але гэты ход — свядомы, мова выявы становіцца зместам, дэманструючы раз’яднанасць і ўмоўнасць навакольнага свету, быцця.

Пэўны полюс у гэтым разважанні пра кіно заняла і праграма пад куратарствам рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага з іранічнай назвай “Гэта не кіно”. Рэтраспектыва кароткаметражных работ “самага невядомага беларускага рэжысёра” Івана Коўшыка правакавала на пытанне, што сёння ёсць кіна- ці медыяпрадукт. “Ляпы накладваюцца на ляпсусы, за які б жанр аўтар не браўся”, — у якасці пэўнага канцэпта Мікіта прапанаваў глядзець на работы Івана, як на дасціпны парад памылак, што складваецца ў творчы метад. Але “тая колькасць візуальных знаходак, што выкарыстоўваецца ў фільмах Івана, здольная закрануць чалавечыя эмоцыі”, — лічыць Лаўрэцкі. Куратар пакінуў гледачу права самому вырашыць, ці з’яўляецца відэа спадара Коўшыка — кіно. Са свайго боку магу заўважыць, што яны цікавыя, хутчэй, рэтраспектывай развіцця відэакультуры і засваення медыйных сродкаў маладым аўтарам. Ды, вядома, персанальнай праекцыяй Івана на актуальныя з’явы ў масавай культуры.

Мары беларусаў

Праграма беларускага кіно мела тэматычны кірунак ўтопіі і чараўніцтва — Utopia Unicorn. “Мы паспрабавалі сабраць тыя стужкі, якія распавядаюць пра мары беларусаў”, — патлумачыла Вера Варанкова. Галоўнай карцінай блока стала кіберпанкавая казка “Планета-сэрца” Дзяніса Галака, заснаваная на вядомай “Русалачцы” Андэрсена. Галоўнай гераіняй гісторыі Галака становіцца робат-дзяўчына Тры-А, якая марыць аб чалавечым сэрцы. Будзем шчырымі, фільм не варта параўноваць з паўнафарматнымі работамі падобнага кірунку, але як незалежная спроба стварэння такога кіно карціна заслугоўвае ўвагі.

Яшчэ адзін фаварыт праграмы — стужка Ліны Мядзведзевай “Твае вочы”, у якой былі задзейнічаны вядомыя мінскія кінакрытыкі Тарас Тарналіцкі і Максім Карпіцкі, а таксама мастацтвазнаўца Мікіта Моніч. Калі бачыш на экране хлопцаў, што іграюць прадстаўнікоў гопніцкай тусы — талентам запрошаных акцёраў нельга не захапіцца. Тым не менш, цікавая не адно гульня ў персанажаў-антыподаў, а нечаканы ход у стужцы, калі жанр крымінальнай камедыі пашырае свае межы да філасофскага выказвання. У стужцы гаворка ідзе пра здольнасць бачыць свет вачыма іншага чалавека. Прыгожы пераход на экзістэнцыйнае сартраўскае пытанне адбываецца нечакана ды адначасова павольна  — і шкада, што другая, пераманціраваная версія “Тваіх вачэй” пазбаўляецца ад пэўных арганічных мастацкіх рашэнняў.

— Я вельмі ўдзячны, што мяне запрасілі быць у журы CPM, — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад ўбачанага на фестывалі медыямастак Максім Сарычаў. — У кароткаметражным кіно шмат творчай свабоды — гэта здорава. Цудоўна, што ў нас ёсць фестываль, які дэманструе зрэз падобных творчых работ. Мне спадабалася кіно Тадэвуша Цішбэйна з Германіі, які працуе на высокім канцэптуальным узроўні з гістарычнай тэмай, музычнае відэа гурта IOTAPHI, дзе здымаліся дзяўчаты-атлеты з Асацыяцыі сіндрома Даўна Грэцыі. Гэта ўдалы прыклад інклюзіі: прыгажосць і любоў да людзей — аніякай спекуляцыі. Што да беларускай праграмы, на жаль, у параўнанні з замежнай яна прайгравала. Але я спадзяюся, што тое — сітуацыя менавіта гэтага года, а налета мы ўбачым больш засяроджанае кіно.

Шапіто CPM згарнулася, але ў парадзе візуальных трукаў уважлівы глядач мог заўважыць, што цырк — часам не адно форма, а штосьці больш сутнаснае і парадаксальнае. Ды і ўтопія можа выглядаць інакш, чым мы прызвычаіліся.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"