Лабараторыя сучаснасці

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

У беларускай сталіцы працягваецца маштабны фестываль “Арт-Мінск”, які аб’ядноўвае самыя розныя пляцоўкі. З мультымедыйным выставачным праектам Таццяны Радзівілка “Тэрыторыя чысціні” да яго далучыўся Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура.

/i/content/pi/cult/692/15212/17.JPGФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Неаднойчы ў яго вялікай скульптурнай зале, якая сцеражэ дух сацрэалізму, сучасныя мастакі рабілі праекты з разлікам на актыўны ўдзел манументальных гіпсавых і гліняных лідараў і герояў, якія стаяць там у поўны свой скульптурны рост і займаюць усе паліцы высачэзных сцен. Пляцоўка ў цэнтры залы традыцыйна станавілася месцам спрэчак і мастацкіх дыскусій. Але праект Таццяны Радзівілка — выключэнне. Не яго мэта спрачацца з часам, ён сам увасабляе гісторыю.

Тэрыторыя чысціні — гэта прастора медыцынскай лабараторыі, у стэрыльнай атмасферы якой пераасэнсоўваецца ўвесь мінулы вопыт. Фізіялагічнае, здавалася б, такое ўласцівае гэтаму месцу, схавана ў бляску, белым святле і блакітным цэлафане бахілаў. І з гэтай прычыны яно становіцца метафарай чагосьці больш глыбокага за тое, што ляжыць на паверхні. Да яго гледачу трэба ісці самастойна, услед за сваімі адчуваннямі гэтага бясконцага, цыклічнага руху бахілаў па падсветленай празрыстай і гладкай паверхні, што нагадвае лямпы аперацыйных, услед за відэашэрагам пустога працэдурнага кабінета, яго белых сцен, столі, сталоў. Разам яны ўтвараюць нейкі кокан, вакол якога здалёк фонам гучаць галасы людзей. Гэта месца для рытуалу і кропка адліку.

— Кожны момант жыцця можа стаць пачаткам, да якога ці нешта адбывалася, ці не, але ўсё роўна гэта будзе кропкай сыходу, першапачатковым штуршком, — кажа Таццяна Радзівілка. — Кожнае імгненне — гэта і ёсць працэдурная, стэрыльнае месца, пустэча якога далей будзе запаўняцца пэўнымі слаямі.

Сучаснасць і яе ўсведамленне — гэта тэма, міма якой цяжка прайсці як мастаку, так і гледачам. Як мы сябе адчуваем, трактуем мінулае, цяперашняе і будучае, з якіх паняццяў і сэнсаў будуем глебу пад нагамі. Зачэпкамі для такіх разважанняў на выставе становяцца медыцынскія рэчы.

— Мне вельмі падабаецца гэты праект, — кажа куратар, мастацтвазнаўца Вольга Рыбчынская. — Гледачу даецца абсалютная свабода ў трактоўцы. Сёння паўсюль у нашым постіндустрыяльным грамадстве мы бачым лаканічныя пасланні і адназначныя малюнкі. Хацелася, наадварот, паказаць усе магчымасці вызначэння сучаснасці.

/i/content/pi/cult/692/15212/18.JPGДругая частка праекта, якая выходзіць за межы медыцынскай лабараторыі, але працягвае гэты няспынны рух, толькі ўжо ў іншым вектары — лесвіца прагрэсу. Разам з абуткам, прымацаваным да прыступкаў, яна ўтварае суцэльную белую застыглую скульптуру.

— Сёння разуменне развіцця ад простага да складанага не спрацоўвае, — кажа Вольга Рыбчынская. — Цяперашняе — гэта не ўчора, сёння і заўтра. Яно можа доўжыцца і доўжыцца. Пра гэта і праект. Лесвіца з абуткам — гэта таксама час, які стаў аб’ектам, закасцянелай недынамічнай структурай, як той самы прагрэс, што ператварыўся ў пастаянную няспынную дзею. І толькі мастацтва — тое поле, у якім магчыма разуменне. Яно вельмі мімалётнае, як думка, але хаця б на гэтае імгненне ты можаш вызначыць для сябе і сказаць — вось гэта цяперашняе, якое са мной адбываецца зараз, а гэта мінулае, на якое можна забыцца ці прыняць яго, каб пайсці далей і пабудаваць свае прыступкі, якія вядуць, умоўна кажучы, у заўтра.

Такім чынам, праект “Тэрыторыя чысціні” прапануе гледачам месца для патэнцыяльна магчымых інтэпрэтацый сучаснасці. Гэта дэталёва прадуманае як па змесце, так і па форме, сабранае ў складаны механізм і цалкам завершанае мастацкае выказванне, рэалізаванае з улікам кантэксту пэўнага месца і разлічанае на свабоднае прачытанне.