Талерантнасць да сябе самаго

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

У аснову спектакля “Талерантнасць” пакладзена п’еса сучаснай французскай актрысы, драматурга і пісьменніцы Ясміны Рэза, да творчасці якой Мікалай Пінігін звяртаўся яшчэ ў 1990-я і з таго часу некалькі разоў увасабляў яе “Арт”.

/i/content/pi/cult/692/15210/15.jpgФота Таццяны МАТУСЕВІЧ

П’еса “Бог разні”, напісаная ў 2007-м, паспела абысці многія тэатры свету, паводле яе быў зняты фільм, прэзентаваны на Венецыянскім кінафестывалі. А ў нас яна загучала па-беларуску, у цудоўным перакладзе Уладзіміра Лянкевіча. Дробная рэдактура тэксту тычыцца некаторых нашых рэалій і была выкліканая жаданнем наблізіць дзеянне да беларускага гледача. Прыкладам, да альбома Оскара Какошкі, які згадваецца ў п’есе, дадаўся яшчэ адзін — нашага Хаіма Суціна.

Аднак гэтыя дэталі не змянілі сутнасць п’есы: дзве прыстойныя, здавалася б, сям’і селі за стол перамоў, каб згладзіць наступствы бойкі іх сыноў-падлеткаў, а скончылі агульнай сваркай. Не толькі між-, але і ўнутрысямейнай. Сітуацыя — да болю знаёмая і добра праецыруецца на многія іншыя “міралюбныя” размовы ад прыватнага да грамадскага маштабаў.

Але ж ёсць у спектаклі яшчэ адна “папраўка”, якая рэзка змяняе яго сэнс у параўнанні з п’есай. Тая заканчваецца гэткім “шматкроп’ем”, Пінігін жа дадае сцэну з’яўлення мігрантаў — уласна прыдуманую. Спектакль набывае драматургічную рэпрызу: за тым жа “сталом перамоў” зноў апынаецца чацвёрка герояў, толькі з іншага, пазаеўрапейскага сусвету. Яны, падобна на тое, не будуць канфліктаваць між сабой — наадварот, яшчэ больш з’яднаюцца. І гэта ўспрымаецца як цывілізацыйная перасцярога: адзінства здатнае перамагчы раз’яднанасць нават без усялякіх ваенных дзеянняў.

У гэтым сэнсе “Талерантнасць” падаецца прамым працягам пінігінскай “Чайкі”, дзе ў апошняй сцэне на нас ляцела камета, сімвалізуючы прыродна-касмічную катастрофу. У “Талерантнасці” ж катастрофа — чалавечая, яна нясе пагібель найперш не фізічную, а духоўную. Тая пагібель — у страце ўласнага аблічча, чалавечай годнасці, каштоўнасцяў шматвекавой еўрапейскай культуры. Невыпадкова на афішы — малпавы лапы.

У такім супрацьстаўленні няма ні расізму, ні этнафобіі — ёсць толькі прапанова зняць ружовыя акуляры і цвяроза зірнуць на сябе і іншых. Фінал вымушае больш пільна прыгледзецца да “прышэльцаў” і ўбачыць у іх тое, што было б няблага пераняць: еднасць, павагу да старэйшых, імкненне трымацца разам — іншымі словамі, калектывізм у яго лепшым сэнсе.

Вядома, можна нафантазіраваць, што фінальная “квартэтная размова” мігрантаў можа скончыцца іх сваркай паміж сабой: маўляў, усё ў свеце паўтараецца — гэткі “бег па замкнёным коле”. Ды лепей усё ж задумацца. І пачаць… так-так, з той самай талерантнасці. Не толькі да “чужынцаў” — найперш да сябе саміх.

Але выказаныя ў спектаклі думкі — чыстай вады публіцыстыка. Як жа яна вырашана на мастацкім узроўні?

Над сцэнай змешчаны два экраны. На левым ідзе бясконцы выпуск навін — з пастаяннымі “разборкамі” паміж людзьмі і народамі. На правым — “падгляданне” за героямі ў камеру, змешчаную акурат над сталом. Такі ракурс ператварае людзей у казурак, і думка пра гэта не дае спакою задоўга да фіналу з яго выхадам на тэму мігрантаў.

Сцэнаграфія Руслана Вашкевіча ў манеры гіперрэалізму (кватэра-студыя “ў разрэзе”, каб бачны былі санвузел і частка кухні) настройвае на псіхалагічную дакладнасць, а не тэатральную ўмоўнасць. Праўда, у апошняй сцэне французскія панарамныя вокны (наўмысна матавыя, каб не адцягваць увагу на знешнія падзеі) расчыняюцца — і за імі бачная бутафорская вуліца, якая ў дадзеным кантэксце ўспрымаецца чымсьці накшталт пацёмкінскай вёскі. Тое ж і ў акцёрскай ігры: натуральнасць паводзін, якую мы чакаем, увесь час абарочваецца пародыяй на яе, тэатральнымі крыкамі “на паказ” (маўляў, глядзіце, як я іграю).

А замест паступовага пераходу ад мірных перамоў да ваяўнічасці —звыклая “бытавуха”. Не паспеўшы глынуць, героі імгненна напіваюцца ў зюзю — і артыстам даводзіцца падтрымліваць іх такі стан ледзь не палову спектакля. І выглядае яно не смешна — хаця ў зале раз-пораз і падхіхікваюць — а неяк нязграбна, вымушаючы не сачыць за героямі, а спачуваць артыстам.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"