Хто каго перафарсіць

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

Сёння выставачныя пляцоўкі краіны традыцыйна далучацца да міжнароднай акцыі Ноч музеяў і будуць працаваць у нязвыклы час. Але ўсіх жадаючых ды бескаштоўна музейшчыкі запрашаць не спяшаюцца. Час яшчэ не наспеў.

/i/content/pi/cult/692/15208/nabarouskaja_opt.jpegАлена НАБАРОЎСКАЯ, галерэя “Арт-Беларусь”:

Вялікая справа, што ў 1980-я Берлін і Парыж першымі арганізавалі такую акцыю. Бо музейная праца інэртная сама па сабе, скіраваная на зберажэнне. Адпаведна, людзі, якія ёй займаюцца, таксама арыентаваныя ўглыб, на роздум. Гэта не заўжды актуальна для наведвальнікаў. Першыя спробы правесці Ноч рабіліся менавіта для таго, каб наладзіць з імі дыялог ды ўвогуле паказаць, што любы музей — мастацкі, гістарычны, канцэптуальнага ці відэаарта — гэта не пра мінулае і не пра будучае, а акурат пра цяперашняе. Што робіць Ноч музеяў адной з самых важных падзей на працягу года, калі ўсе ўстановы могуць расслабіцца і дазволіць сабе крыху эксперыментальнага свавольства, каб раскрыцца публіцы з іншага боку.

Іншая справа, што ў Беларусі праводзіць акцыю пачалі пазней — у 2000-я, складаны для музейнай сферы час, калі перадусім трэба было зарабляць грошы. На любым гістарычным этапе мы выконвалі дзве задачы — намагаемся нагнаць тое, што ўжо ёсць у іншых, а таксама быць у гульні тут і цяпер. Вось такая дваістасць паводзінаў, мне падаецца, і прывяла да таго, што Ноч музеяў стала акцыяй “хто каго перафарсіць”. І той накатаны сцэнарый насычаных імпрэз, у якім больш няма асаблівай неабходнасці, працягвае паўтарацца. Адкуль ён з’явіўся? Ад буйных музеяў, якім было трэба прыцягнуць да сваіх плошчаў вялікую колькасць людзей. Адна справа зрабіць праграму для галерэі ў 300 метраў, зусім іншая — на некалькі паверхаў. Прыдумлялі ўсё што заўгодна — квэсты, маскарады і гэтак далей, і публіка ішла, бо варыянтаў было няшмат. А цяпер ужо наведвальнікі не такія “згаладалыя”, таму ад яскравых касцюміраваных імпрэз паступова адыходзяць. Бо карнавал усё ж такі адцягвае ўвагу ад таго, што ёсць у музеі. Калі прааналізаваць сучасныя праграмы акцыі, там ужо больш працуюць з самімі карцінамі, гукам. То бок паступова прыходзяць да таго, каб глядзець на мастацтва.

Толькі ў публікі ўжо сфарміраваліся пэўныя чаканні, і калі ў праграме няма шматлікіх забаў, то з’яўляецца многа каментароў кшталту “Няма чаго паглядзець”. Хочацца сказаць: “Дык глядзіце на карціны! ” Дзеля таго ж усё і робіцца. Лічу, сучасныя музейныя супрацоўнікі — гэта мясцовыя героі, таму што ім трэба і тварам у гразь не ўдарыць, і ў той жа час чаканні публікі змяняць, прывіваць густ да іншага адпачынку. Так, слухаць лекцыю ў гадзіну ночы не самы радасны занятак, але гэта прывядзе да таго, што паход у музей не будзе прымеркаваны толькі да Ночы музеяў. Людзі даведаюцца, што там заўжды шмат цікавых рэчаў.

Канечне, гэта больш тычыцца Мінска. Калі паглядзець праграму Ночы музеяў па ўсёй Беларусі, то там яшчэ “і жук, і жаба”. Але такая сітуацыя ў любым разе пакуль лепш, чым проста адчыніць дзверы для наведвальнікаў. Публіка яшчэ не гатовая, хаця буйныя музеі хутка прыйдуць да гэтага. Немагчыма ды непатрэбна ўвесь час рабіць з выставачных залаў івэнт-пляцоўку. Часам лепш дадатковую раму набыць. Месячны бюджэт патраціць на адно мерапрыемства ніхто не можа сабе дазволіць, адсюль і часам высокія кошты на білеты. Мне крыўдна, калі з’яўляюцца наезды на цанавую палітыку музеяў. Па-іншаму пакуль быць не можа. Калі ўсё будзе бясплатна, прыйдуць тысячы людзей. А любы экспанат не любіць вялікай колькасці народу.

Ёсць шмат дарадчыкаў, якія ведаюць, як і каго запускаць у музей. Але хто там працуе? Мы не бачым шмат маладых супрацоўнікаў. Напрыклад, аховы, якая кантралявала б уваход. Гэта ў Метраполітэн-музеі такія сек’юрыці, што і экскурсію могуць правесці — як вартаваць прадметы мастацтва. У нашых музеях пакуль няма магчымасці паставіць вароты-металашукальнікі. Усё не зменіцца за адзін дзень, але паступова змяняецца. І Ноч музеяў — адзін з крокаў на гэтым шляху. У першую чаргу важны для саміх музейшчыкаў, бо для іх акцыя — бескаштоўная магчымасць выказацца так, каб цябе пачула максімальная колькасць людзей: “Музей — гэта класна! ”