Новыя рэкорды “Славянскага...”

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

Будучы Міжнародны фестываль мастацтваў у Віцебску зусім не юбілейны, а дваццаць сёмы па ліку, але прыемна здзіўляць і дзівіць публіку будзе так, нібы ён сёлета адзначае круглую дату. Мерапрыемствы, якія складуць яго афіцыйную частку, адбудуцца з 12 па 16 ліпеня, дадатковыя — 7 — 11-га і 17 — 18 ліпеня.

/i/content/pi/cult/692/15203/FXgGczMOYS0_opt.jpegАгульная колькасць праектаў форуму значна павялічылася. Толькі ў Летнім амфітэатры запланавана 19 канцэртаў, па дзве-тры iмпрэзы у дзень чакаецца на іншых пляцоўках. А многія мястэчкі Віцебска аддадуць на “водкуп” не адным толькі рамеснікам, але і вулічным музыкантам, прычым з розных краін. Паколькі ў аснове канцэпцыі фэсту ляжыць тэма малой радзімы, то яна знойдзе сваё адлюстраванне практычна ва ўсіх выступах артыстаў. Асабліва адсвяткуе форум 80-годдзе кампазітара Ігара Лучанка, якому 6 жніўня споўніцца 80 гадоў, 70-годдзе яго калегі з Расіі Аляксандра Марозава (аўтар “Малінавага звону” і “У краі магнолій” сустрэў яго ўжо 20 сакавіка) і 30-годдзе Усесаюзнага фестывалю польскай песні — прабацькі “славянкі”.

Як ніколі масава на форуме будуць прадстаўлены аркестры: тут і бэнды былых югаслаўскіх падданых Эміра Кустурыцы і Горана Брэгавіча, расійскія “Фанограф-Сімфа-Джаз” Сяргея Жыліна, “Вівальдзі-аркестр” Святланы Бязроднай і “Аркестр мары” Алега Меньшыкава (так-так — найпапулярнага акцёра і рэжысёра), і, вядома, беларускі калектыў пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга.

Сярод дэбютантаў фестывалю — яшчэ расійскія “зоркі”: гурт “Мумий Тролль”, Цімаці, Міхаіл Галустян, Аляксандр Рэва, якія дадуць сольнікі. Імі ж адзначацца старажылы форуму — Мікалай Баскаў, Ірына Алеграва, арт-гурт “Хор Турецкого”. Як звычайна, не застануцца абдзеленымі аматары шансона — іх чакае традыцыйны зборны канцэрт лепшых прадстаўнікоў гэтага жанру. У Лядовым палацы спорту гледачоў парадуе шоу братоў Запашных “UFO. Цырк з іншай планеты” (дарэчы, як інтрыгуюць арганізатары “Славянскага...”, з цыркавымі ёсць дамоўленасць аб тым, што яны павінны ўсталяваць новы рэкорд фестывалю, які занясуць у адпаведную кнігу).

На фэсце плануецца і шырокая выставачная праграма. Да прыкладу, у музеі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча прадставяць праект “Восіп Цадкін. Вяртанне”, які пазнаёміць наведвальнікаў з творчасцю выбітнага французскага скульптара-авангардыста, які нарадзіўся ў 1890-м годзе ў Віцебску. А ў Мастацкім музеі адкрыецца экспазіцыя “Ілля Рэпін. Месяцовая ноч. Работы здраўнёўскага перыяду”.

На сёння на мерапрыемствы “Славянскага базару ў Віцебску” ўжо прададзена больш за пяцьдзясят пяць тысяч білетаў, а ўсяго мяркуецца рэалізаваць удвая болей. Думаю, так яно і будзе на самай справе — форум варты таго!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"