Дубінка — для ўзмацнення эфекту

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

Дзе этычныя межы інтэрактыву ў спектаклі?
Тэатр — месца, бяспечнае для гледача? На хвалі памкнення да інтэрактыўнасці з прыцэлам на імерсіўнасць пытанне гучыць ужо не так дзіўна, як можа падацца на першы погляд. Ці помніць рэжысёр, што нават самая высокая мастацкая ідэя не дае падстаў праяўляць у дачыненні да публікі агрэсію? Жаданне разбурыць чацвёртую сцяну і знайсці новае слова ў мастацтве можна адно пахваліць. Вось толькі, руйнуючы муры, як бы не траўміраваць іх абломкамі гледача...

“Непасрэднае ўцягванне ў дзею”

Падставай для гэтага артыкула стаў скандал, які палыхнуў у Пецярбургу, а пры дапамозе сацыяльных сетак імгненна выйшаў за яго межы. Паколькі культурная прастора ў нас з краінай-суседкай даволі блізкая, у афішах абедзвюх краін часта значацца адны і тыя ж назвы, расійскі розгалас не пакінуў у баку беларускую тэатральную грамадскасць.

Нагадаю сутнасць справы: тамтэйшая Майстэрня сучаснага тэатра ладзіла рэжысёрскую лабараторыю, падчас якой пастаноўшчыкі прапанавалі гледачам і практыкам тэатра эскізы будучых спектакляў. Адзін з іх — па п’есе Дзмітрыя Данілава “Чалавек з Падольска”. Як пазначыў сам рэжысёр Алег Хрысталюбскі — “з непасрэдным уцягваннем гледача ў дзею”. І гледачоў, сярод якіх была і дасведчаны тэатральны крытык, уцягнулі — калі той выпадак можна так назваць — напоўніцу: вывалаквалі з залы ў сцэнічны “пастарунак”, прыкоўвалі наручнікамі, лупцавалі сапраўднымі дубінкамі...

Зразумела, спадар Хрысталюбскі не збіраўся сваім эксперыментам чыніць гвалт над гледачамі, але… Палкая дыскусія ў сацсетках пад пастом пацярпелай глядачкі падзяліла каментатараў на дзве паловы: адны безапеляцыйна абвінавачвалі дзяўчыну ў адсутнасці супраціўлення тэатральнай правакацыі, іншыя сыпалі перуны на рэжысёра. Праўда, як водзіцца, недзе пасярэдзіне. Ды дзе тая этычная мяжа, якая дапамагла б абодвум бакам тэатральнага працэсу пазбягаць падобнага лабірынту траўматычных абставін?

Права не пайсці

/i/content/pi/cult/691/15200/22.JPGТэатральны крытык, старшы выкладчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ Алена Мальчэўская нагадвае, што ў грамадстве ўвогуле фарміруецца новая этыка зносін. Узяць хаця б такое простае, але пакуль яшчэ пазбаўленае адназначнага адказу пытанне: ці прыстойна пісаць у месанджары пасля 23 гадзін? Новыя ўмовы жыцця ссоўваюць многія межы ў творчасці, сучасны вектар развіцця мастацтва правакуе на карэляцыю этычных нормаў і ў тэатры.

Рэжысёр для камунікацыі з аўдыторыяй можа выбіраць шлях канфрантацыі ў розных ступенях. Мяккая форма выштурхне вас з зоны камфорту, прадэманструе нязвыклы шлях. Эксперт прывяла ў прыклад праект рэжысёра Штэфана Кэгі Remote X — спектакль-экскурсію, які прымушае выйсці з тэатральных сцен.

— А ёсць значна больш жорсткія канфрантацыі: прыгадаю хаця б п’есу Івана Вырыпаева “Ліпень”, — дадае спадарыня Алена. — Але шматлікія пастаноўкі гэтага сапраўды балючага тэксту не выклікалі скандалаў. Чаму? Мяркую, рэжысёр павінен быць адказным: перш за ўсё вызначыцца для сябе, чаго ён хоча, і пралічыць, да якога выніку можа прывесці канфрантацыя.

Па меркаванні крытыка, аўдыторыі таксама неабходна прыйсці да разумення, што сучасны тэатр не з’яўляецца адно забаўкай. Спектакль можа быць і выпрабаваннем, і новым досведам. А вось як на кожным з нас адаб’юцца тыя душэўныя хваляванні, не можа прадбачыць ні адзін рэжысёр. Частка публікі задумаецца, у кагосьці пачнецца ўнутраная праца над сабой, а іншы ледзь прытомнасць не страціць.

— Але гэта неабавязкова можа здарыцца менавіта на інтэрактыўным спектаклі, — працягвае думку спадарыня Алена. — Ты можаш прыйсці і на традыцыйную пастаноўку, але на падмостках здарыцца нешта, што развярэдзіць твае асабістыя псіхалагічныя раны.

Дык якое выйсце? Растлумачыць гледачу, што ён мае права ў любы момант сысці. Нас доўга вучылі: у тэатры трэба заняць дакладна вызначанае месца і не пакідаць яго раней, чым апусціцца заслона. Па меркаванні спадарыні Мальчэўскай, шараговы глядач не заўсёды ведае пра існаванне опцыі ў любы момант перапыніць тэатральную канфрантацыю.

Яшчэ адзін добры спосаб пазбегнуць магчымых псіхалагічных траўмаў — рыхтавацца да спектакля і ацэньваць свае магчымасці. Крытык узгадала глядачку, якая набыла білет на “Усё, што са мной побач”. У пастаноўцы няма і намёку на эратызм, але, па задумцы рэжысёра Фернанда Рубія, усе гледачы ляжаць у ложках. Патэнцыйная наведвальніца доўга высвятляла ў адміністратара, што будзе з ёй адбывацца падчас дзеяння і ўсё ж не пайшла ў залу. І гэта — яе права.

Паміж разняволенасцю і хамствам

/i/content/pi/cult/691/15200/23.JPGЗагадчык кафедры рэжысуры Акадэміі мастацтваў Віталь Катавіцкі запэўнівае, што вучоба ў БДАМ для будучых рэжысёраў і акцёраў пачынаецца з лекцый па этыцы. Яшчэ за савецкім часам студэнты абавязкова звярталіся да кнігі “Тэатральная этыка Станіслаўскага”. Дзесяцігоддзі мінаюць, але, па меркаванні Віталя Уладзіміравіча, у тэатры не змяняюцца галоўныя прынцыпы: павага адзін да аднаго, да сцэны, да гледача.

Прычыну канфліктаў паміж творцамі і гледачом загадчык кафедры бачыць у тым, што нашы дзеячы мастацтва імкнуцца капіраваць знешнюю форму сучаснага заходняга тэатра, не задумваючыся, што айчынны менталітэт патрабуе іншага падыходу. Па меркаванні суразмоўцы, мы хочам правакаваць так, як прынята на Захадзе, але ж не маем той унутранай лёгкасці і свабоды выканання.

— Асноўная задача дзеяча мастацтва — знайсці адказ на пытанне, якія мы, у чым наша самабытнасць, — тлумачыць ён. — У нас на чале мастацтва — унутраны канфлікт чалавека, у іх — сітуацыя. Як толькі мы пачынаем пераходзіць межы натуральнасці ў нашай свабодзе, пачынаецца хамства. Нездарма гавораць пра два розныя віды акцёрскай заціснутасці. Першы — калі чалавек занадта саромеецца, і таму скаваны на сцэне — лёгка выпраўляецца. А вось адваротны стан, калі разняволенасць мяжуе з хамствам… З гэтым вельмі цяжка справіцца, бо чалавек не разумее, дзе канчаецца яго свабода і пачынаецца свабода калегі ці гледача. Айчынныя акцёры часта “цяжкія” ўнутрана, таму не атрымліваецца лёгкасці гульні. Глядач не адчувае іроніі ды ўспрымае тое, што адбываецца вакол яго, за праўду. Таму ікрыўдзіцца.

Спадар Катавіцкі з усмешкай гаворыць пра правакацыі сучасных рэжысёраў, бо многае з таго, што моладзі падаецца вынаходніцтвам, было ўжо ў 1960 — 1970-я. Па яго адчуванні, розніца толькі ў адным: раней пастаноўшчыкі надавалі больш увагі мастацкай якасці сваіх твораў. Загадчык кафедры лічыць, што маладое пакаленне часцяком вульгарна ставіцца да перфарматыўных пастановак. Ды забываецца: любы матэрыял трэба не толькі сабраць, але і прывесці ў мастацкую форму.

— Ты павінен разумець, з якой мэтай гледача правакуеш. Каб ён табе морду набіў? Але які сэнс у такім спектаклі! — узрушаны суразмоўца. — Калі ж хапаць гледача за грудкі і пачынаць яго прыніжаць, то трэба мець на ўвазе, што апошні можа і ў суд падаць, бо такія ўчынкі знаходзяцца па-за мастацтвам. Здаецца, кожны рэжысёр хоча, каб унутры гледача нешта змянілася. Але дамагчыся гэтага можна адно сродкамі мастацтва.

Адчуй сваю публіку

Тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў кажа, што на Захадзе таксама адбываюцца гісторыі падобныя на піцерскую, але яны не маюць такога вялікага рэзанансу. Справа ў базавым падыходзе, які грунтуецца на традыцыях авангарднага, абсурдысцкага тэатра, што панаваў у іх на працягу ўсяго ХХ стагоддзя. Да таго ж, заходнія калегі праводзяць маштабныя даследаванні паводзін гледача ў інтэрактыве. Тамтэйшыя рэжысёры ведаюць псіхалогію сваёй публікі і дзейнічаюць зыходзячы з разумення, што яе ўключанасць у дзею мае некалькі ступеней.

/i/content/pi/cult/691/15200/24.JPGХтосьці з публікі гатовы на любы варыянт удзелу ў спектаклі, а хтосьці хацеў бы толькі назіраць збоку. Калі нейкі спектакль не прадугледжвае пасіўнай аўдыторыі, прынята людзей загадзя пра тое папярэджваць. Таму адна з галоўных сучасных праблем, пра якую гаворыць, напрыклад, газета The Guardian — як своечасова ўвесці гледача ў курс справы.

— У Беларусі публіка спецыфічная: толькі вузкі сегмент аўдыторыі ведае, што ў тэатры магчымы інтэрактыў, — працягвае суразмоўца. — Шматлікія нашы даследаванні паказваюць, што ў любой зале (за выключэннем якой-небудзь суперпрэм’еры), амаль палова гледачоў бывае ў тэатры вельмі-вельмі рэдка — а нехта мо і наогул патрапіў туды ўпершыню. Спрактыкаванай публікі, на якую разлічваюць на Захадзе, у нас проста не існуе. Таму спектаклі высокай ступені інтэрактыўнасці і не ладзяцца. Возьмем адну з самых удалых айчынных пастановак дадзенага кірунку — “Быў у пана верабейка гаварушчы”. Яна мае ўсе ўмовы для ўключэння інтэрактыўнасці: гледачы, якіх пасадзілі за адзін стол з акцёрамі, могуць уключацца ў іх размовы. Але спектакль зроблены так, што ты туды нават не ўклінішся.

Так, сучасныя тэатры імкнуцца прывабіць публіку не дэкарацыямі, а занурэннем у атмасферу. Але многія з рэжысёраў і акцёраў не ведаюць, што з імерсіўнасцю рабіць. Па меркаванні спадара Стрэльнікава, выпадак з расійскім спектаклем — якраз прыклад таго, што адбываецца, калі не ўмееш карыстацца адмысловымі тэатральнымі сродкамі і метадамі. На яго думку, лепшая магчымасць даведацца правілы ўзаемадзеяння з аўдыторыяй — гэта папрацаваць з вулічным тэатрам: у неабмежаванай прасторы, калі ты перагнеш палку, глядач ад цябе проста ўцячэ.

— Павінна праводзіцца праца з аўдыторыяй, бо на сёння ўсе размовы з гледачом зводзяцца да яго абавязкаў: павінны прыйсці, выключыць мабільныя тэлефоны, не перашкаджаць. А як чалавеку зразумець, як паводзіць сябе ў інтэрактыве? — задаецца пытаннем тэатральны крытык.

Аляксей, дадам, — таксама і рэжысёр. Менавіта на яго інтэрактыўным спектаклі “Мова Х”, удзел у якім бяруць маладыя і прыгожыя актрысы, адзін з гледачоў пачаў нахабна “распускаць рукі”. І здзівіўся, калі яго ў гэтым папракнулі.

— Гэты інцыдэнт — яшчэ адна падстава гаварыць пра тое, што ўсім уключаным у тэатральны працэс неабходна ведаць правілы гульні, — кажа ён.

І сапраўды, нельга злоўжываць даверам гледача да рэжысёра і акцёраў — інакш з тэатра чалавек можа выйсці з адчуваннем, што ім скарысталіся. Але тут жа хачу падкрэсліць: для рэгуліроўкі працэсу знешнія забароны адносна тэатра не патрэбныя. Як запэўнівалі мяне ўсе мае суразмоўцы, галоўны пасыл наконт этыкі інтэрактыўнага тэатра гучыць так: найперш павінна развівацца супрацоўніцтва, бо карэкціраваць працэс мусяць усе, у ім задзейнічаныя.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"