Ветка — ужо не мая

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

Пра збалансаваны рацыён культурнага “кармлення”
Я — перасяленец. Ніколі не саромеўся гэтага “статуса”, бо ні ў каго нічога не скраў. Скралі ў мяне: лес, рэчку, азёры і веткаўскія аблокі над веткаўскім балоннем. І калі здарылася магчымасць перасяліцца ў Мінск і хоць нейкім чынам выратаваць сыноў ад уплыву радыяцыі, мы з жонкай гэтую магчымасць выкарысталі. Мінула 27 гадоў. Натуральна, час ад часу наведваю малую радзіму, шматлікіх сяброў і знаёмых. Як журналіст, які спецыялізуецца на стане раённага культурнага развіцця, маю цудоўныя падставы для параўнання і аналізу. Дык вось, у маім асабістым рэйтынгу Ветка па знешнім выглядзе і культурным змесце займала сярод іншых раённых цэнтраў 118-е, апошняе месца.

/i/content/pi/cult/691/15199/21.JPGА вуліцы ўсё пусцеюць…

Цудоўны прыклад дыялектыкі развіцця беларускага мястэчка. Да 1986 чарнобыльскага года амаль усе (!) вуліцы майго горада не мелі асфальтавага пакрыцця. Вялізны статак свойскіх кароў, падымаючы аблокі пылу, па дарозе на пашу і з яе любіў наведваць дворыкі райкама партыі і пракуратуры. І была ў гэтым добрая патрыярхальнасць векавой традыцыі, на недахоп якой хварэюць нашы мегаполісы. У спякотныя выхадныя дні ўся Ветка загарала на Сожы. Вуліцы пусцелі. Але ўвечары ля РДК, ідучы міма танцавальнай “клеткі” па цэнтральнай вуліцы Пралетарскай, веткаўская грамада дэманстравала свету бронзавы загар. І ў гэтым таксама адчувалася ці не векавая традыцыя.

Свойскі статак знік, менавіта па гэтай прычыне балонне і падыходы да ракі зараслі і пераўтварыліся ў джунглі. Адышлі ў нябыт і пляжныя дэфіле. Нават у святочны дзень знакамітая веткаўская Чырвоная Плошча і прылеглыя вуліцы пусцеюць. Усё гэта здарылася за 27 апошніх гадоў.

Набыўшы асфальтавае пакрыццё дарог, Ветка стала вясковым мястэчкам, бо на замену тым, хто перасяліўся адсюль, сюды перасяляліся жыхары раёна. Ды плюс бежанцы з самых розных гарачых кропак. Адных рэлігійных суполак — аж 11! І ў кожнай — свае звычаі. Пагадзіцеся, цяжка паяднаць усіх сённяшніх веткаўцаў адзінай культурнай традыцыяй.

Вось і застаюцца ўвечары гарадскія вуліцы пустымі. Кажуць, з кожнага акенца гучыць свая песня: спеўнай армянскай сям’і Егіазара Фарашана, украінскіх бандурыстак і яноўскай бабулі, што прывезла ў Ветку абрадавыя спевы свайго кутка… І пакуль неяк не ствараюць яны арганічны фон для адзінай веткаўскай традыцыі. Ці вінаваты ў такой сітуацыі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі?

Безумоўна, патрэбны гады і гады, каб суполкі пераўтварыліся ў супольнасць. Для мяне ж зразумела адно: Ветка — ужо не мая. І пад гэтай высновай падпішуцца дзясяткі маіх землякоў-перасяленцаў. Тады чыя ж яна?

Брэндаў шмат, але…

Час зазначыць тое, што знешне Ветка змянілася за апошні год непазнавальна. Гомельскі аблвыканкам усё ж знайшоў летась грошы, каб грунтоўна добраўпарадкаваць раённы цэнтр. Прынамсі, за знешняе аблічча мястэчка душа ў мяне цяпер не баліць. Можна сказаць, са 118-га месца на першыя пераскочыла. Нават РДК (цяпер гэта Цэнтр культуры і народнай творчасці), які паўстагоддзя капітальна не рамантаваўся, адчуў на сабе, што такое сапраўднае будаўнічае аднаўленне. Але…

Вакальны ансамбль “Веткаўчанка” святкаваў нядаўна юбілей. Запрошаны былі на яго і тыя салісткі, якія з Веткі перасяліліся. Юбілейны канцэрт ладзіўся ў пятніцу. Наведалі мерапрыемства адзінкі! І гэта пры тым, што недахопу ў рэкламе, падаецца, не было. “А калі б канцэрт быў у суботу, сюды ніхто ўвогуле не прыйшоў бы! — даводзіла мне веткаўская знаёмая. — Мы ж у клуб толькі па дарозе з працы заглядваем!”

У гады майго дзяцінства Гомельскі абласны драмтэатр ці не штомесячна балаваў веткаўцаў сваімі пастаноўкамі (памятаю ці не кожную), часта выступала і абласная філармонія. А цяпер? Тая ж знаёмая падказвае: “Філармонія яшчэ бывае, а драмтэатр і дарогу, відаць, забыў!”

Сітуацыю спрабуе растлумачыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзмітрый Ісачанка: “Ды мы перакармілі жыхароў мерапрыемствамі!” Не пагаджуся:
культура — не каша, ад яе нестрававання не бывае. Хоць рацыён культурнага “кармлення” варта рабіць збанлансаваным.

Веткаўскі музей стараабрадніцтва, неглюбскія ручнікі (і там патрабуецца неадкладны рамонт памяшкання), фальклорны гурт “Стаўбунскія вячоркі” — брэнды сусветнавядомыя, самадастатковыя. І два з іх знаходзяцца па-за межамі Веткі. А леташнія канфлікты веткаўскіх музейшчыкаў з абласнымі ўладамі з-за спробы скасавання гомельскага філіяла значна сапсавалі стрэсаўстойлівасць кіраўніку ўстановы Галіне Нячаевай. Аднак я ведаю: яна моцная жанчына і здатная на тое, каб бясконца здзіўляць.

Горад павінен гучаць!

Дык якіх дзіваў прагне мая журналісцкая душа? Хачу, каб і па культурным змесце Ветка трымалася ў рэспубліцы на першых месцах. Хачу, каб горад гучаў!

Ля РДК знеслі нядаўна дом, у двары якога прайшло маё дзяцінства. Цяпер на месцы таго двара — утульны амфітэатрык. 8 мая зранку на яго сцэне імправізавана і без акампанементу танчылі тры дзяўчыны. Я зачаравана глядзеў на выпадковую дзею, якая паступова станавілася галоўнай на гарадской плошчы. І раптам у маёй галаве музыка загучала — з юнацтва. І дворык паўстаў з ніадкуль, і сябры насустрач выйшлі… Я ведаю — гэта настальгія, і ў кожнага часу — свая музыка. Дык няхай гучыць сённяшняя!

Пасярод плошчы — парк. Ён проста павінен стаць цэнтрам культурнага жыцця раённага цэнтра. Чамусьці я не памятаю, каб мясцовыя бібліятэкары нешта цікавае тут ладзілі. А павінны! Каб павыцягваць моладзь з піцэрый ды кавярань, дзе ў пашане — далёка не ліманад.

Ёсць у Ветцы цудоўны духавы аркестр. Штосьці я не памятаю, каб выступаў ён на свежым паветры. Ёсць у райцэнтры цудоўны народны тэатр. Штосьці я не памятаю, каб мне распавялі пра пастаноўкі, якія ён ладзіць на гарадскіх вуліцах. Ну, і, натуральна, музей. Ён не можа не развівацца. Значыць, і для ягоных праектаў знойдзецца месца ў паркавай зоне. Няхай тут сутыкнуцца і паяднаюцца мовы, рэлігіі, культуры. Няхай сённяшнія насельнікі мястэчка ўпэўнена зазначаць: “Ветка — наш горад!” Мы, карэнныя, не пакрыўдзімся.

Яшчэ пабачымся

Мне спадабаўся сённяшні начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Веткаўскага райвыканкама Дзмітрый Ісачанка. У адваротным выпадку, артыкул быў бы іншым. Ён — прафесійны баяніст, мае пяць міжнародных прэмій, дзве — Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Родам з Рэчыцы. Размеркаваўся ў Ветку ў 2009 годзе. Трэці год працуе начальнікам аддзела. І, падаецца, тут ён — надоўга.

А дагэтуль, цягам 27 гадоў, раёну не шанцавала на начальнікаў. Цякучка была страшэннай, што ніяк не спрыяла ўмацаванню працоўнай дысцыпліны. Нават магутны калісьці калектыў гарманістаў пачаў, даруйце, выраджацца. За справу ўзяўся Ісачанка — і праз год веткаўскія гарманісты сталі зоркай абласных дажынак. Адна бяда: часу на ўласны баян Дзмітрыю Іванавічу ўжо не стае.

Ён хоча рэалізаваць як мага хутчэй два праекты. Абодва звязаны з далейшым развіццём музея. Фестываль стараабрадніцтва павінен стаць міжнародным. І фінансаваць яго, падаецца, не адмовяцца стараверы Канады, ЗША, Лацінскай Амерыкі, Прыбалтыкі, Малдовы, Казахстана, Украіны… Другі праект звязаны з утварэннем у музеі фондаў адкрытага захоўвання. Занадта ўжо шмат рарытэтаў назапасілася ў Веткаўскім музеі. Не азнаёміцца з імі — вялікі грэх.

Так што ў любым выпадку: Ветка, мы яшчэ пабачымся.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"