Хор Перамогі

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

Шматлікімі святочнымі мерапрыемствамі 9 мая краіна сустрэла святы для кожнага яе жыхара Дзень Перамогі. Марафон урачыстасцяў стартаваў яшчэ напярэдадні. У сталіцы адным з іх стаў канцэрт “Песні Перамогі”: пад такой назвай увечары 8 мая на адкрытай пляцоўцы ля Трыумфальнай аркі Музейна-паркавага комплексу “Перамога” выступілі расійскія арт-гурты “Хор Турэцкага” і “Soprano Турэцкага”.

/i/content/pi/cult/691/15197/19.JPGФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Праект гэты, у якім у выкананні мужчынскага і жаночага калектываў гучаць песні ваенных гадоў і творы, складзеныя ў іх памяць пазней, быў створаны ў 2015-м, калі ўвесь свет адзначаў 70-годдзе заканчэння самай страшнай вайны XX стагоддзя. Мэтай акцыі, скіраванай супраць войнаў, гвалту і тэрарызму, з’яўляецца развіццё міжнародных культурных сувязяў і ўмацаванне дружбы паміж народамі нашай планеты. Сёлета музычны гістарычны марафон упершыню ахапіў восем дзяржаў: акрамя Беларусі гэта Францыя (Парыж), Славенія (Любляна), Аўстрыя (Вена), ФРГ (Берлін), Расія (Масква), Ізраіль (Ашдод) і ЗША (Нью-Ёрк).

А для журналістаў мінскаму выступу папярэднічала дзённая прэс-канферэнцыя, якая прайшла ў зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, на якой яны маглі пагутарыць з кіраўніком абодвух ансамбляў Міхаілам Турэцкім. Ён, у прыватнасці, паведаміў пра тое, як нараджаўся праект; што артысты, выконваючы гэтую праграму ў нерускамоўных краінах, ідуць на хітрасць, калі пачынаюць і сканчаюць яе мясцовымі і сусветнымі хітамі. Праанансаваў Міхаіл Барысавіч бліжэйшыя беларускія канцэрты сваіх падшэфных — ліпеньскі ў Віцебску, на “Славянскім базары...”, і, хутчэй за ўсё, вераснёўскі — сталічны, які, магчыма, пройдзе ў “Мінск-Арэне”. І падрабязна распавёў пра свае беларускія карані. Пра тату, што з’явіўся на свет у Магілёўскай вобласці, які ваяваў на Ленінградскім фронце, і якому сын калісьці паабяцаў, што абавязкова выступіць у Берліне. Пра маму, што нарадзілася ў Пухавічах. Менавіта ў гэты аграгарадок маэстра адправіўся па завяршэнні сустрэчы з прэсай — на магілу сваякоў, якія загінулі ў час Другой сусветнай...

Святочны ж канцэрт у беларускай сталіцы прайшоў сапраўды з радасцю і са слязамі на вачах. Літаральна ўсе песні (“Вечны агонь”, “Смуглянка”, “Кацюша”, “Цёмная ноч”, “Дзясяты наш дэсантны батальён”, “Сіняя хустачка”, “Агеньчык”, “Ехаў я з Берліна”, “Ці хочуць рускія вайны?” і іншыя) станавіліся яго прамежкавымі кульмінацыямі, калі публіка — і стары, і малады — падхоплівала амаль кожную з іх і тады пляцоўка каля цэнтральнага ўваходу ў комплекс ператваралася ў велізарны хор, хор Перамогі!

Апафеозам жа стала выкананне песні “Беларусiя” трыма беларускімі выхадцамі “Хору...” — Міхаілам Турэцкім, Паўлам Беркутам і Алегам Бляхарчуком. Які вось што прасіў перадаць чытачам “К”:

— Вайна пакінула след у жыцці велізарнай колькасці сем’яў, мая не стала выключэннем. Дзядулю было 18, калі ў 1941 годзе яго прызвалі ў Маскву (сам ён з Магілёўскай вобласці). Там ён адвучыўся на дыверсанта, і ў 1942-м яго закінулі назад у Беларусь — партызанам, падрыўніком. Дзядуля пускаў пад адхоны фашысцкія цягнікі, аднойчы, выконваючы заданне, быў паранены. Ён вельмі неахвотна распавядаў пра падзеі вайны. Але кожны год у Дзень Перамогі я хадзіў з дзядулем на парад. Дзякуючы гэтаму з юных гадоў мог дакранацца да гісторыі, усведамляючы ўсю важнасць подзвігу людзей, якія змагаліся з варожымі захопнікамі і падарылі нам мірнае неба над галавой.

У нашым гістарычным марафоне няма ні адной песні, якая б не кранула сэрцы людзей розных пакаленняў. Мы расказваем гісторыі аб любвi і веры, мiры і надзеі. Я заўсёды адчуваю асаблівае трапятанне падчас выканання кампазіцыі “Бухенвальдскi набат”. Выступаючы ў самым сэрцы Берліна, на плошчы Жандарменмаркт, адчуваў дрыжыкі ў каленях, спяваючы радкі “Люди мира, будьте зорче втрое, берегите мир, берегите мир!” Мы нярэдка бачым слёзы гледачоў, якія спяваюць ва ўнісон з намі. У такія хвіліны ўсведамляеш, наколькі важны гэты праект. Замежнікі не з постсавецкіх краін, дзелячыся ўражаннямі, кажуць, што праз нашу музыку лепш разумеюць падзеі, якія адбыліся. Адзін мужчына, напрыклад, так хацеў праспяваць разам з намі, што падрыхтаваў транскрыпцыю тэкстаў некалькіх кампазіцый лацінкай і прынёс іх з сабой!

Музыка, безумоўна, аб’ядноўвае. Адна з вышэйшых яе місій і мэтаў — міратворчая. Я рады быць часткай такой важнай падзеі. Веру і спадзяюся, што з кожным годам геаграфія гістарычнага музычнага марафону будзе пашырацца і “Песні Перамогі” пачуюць і праспяваюць разам з намі людзі ва ўсім свеце!

Усё далей адыходзіць ад нас 9 мая 1945 года, але мы па-ранейшаму памятаем, якой цаной дасталася нашым бацькам і дзядам Перамога, і кожны год адзначаем гэты дзень разам з ветэранамі. Я нарадзіўся і вырас у Мiнску. Я горды і шчаслівы, што напярэдадні вялікага свята змог выступіць на Радзіме. Няхай ніколі больш не паўторацца падзеі 1941 — 1945 гадоў, хай мы і будучыя пакаленні не спазнаюць на асабістым вопыце, што такое вайна.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"