Ноч ды дзень — чвэрць стагоддзя прэч

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

2 ліпеня 1993 года на базе помнікаў гісторыі і культуры Нясвіжа быў створаны аднайменны Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік. Сёлетняя Ноч музеяў там ладзіцца ў гонар 25-годдзя ўстановы.

Святкаванні распачнуцца 18 мая. Да Міжнароднага дня музеяў Палацавы ансамбль і Ратуша расчыняць свае дзверы для ўсіх ахвотных: уваход на сталыя экспазіцыі будзе вольным. У Вялікай выставачнай зале палаца манціруецца юбілейная выстава “Чвэрць стагоддзя”, на якой гісторыю музея распавядуць праз прызму экспанатаў, публікацый і фотаздымкаў.

19 мая ў Ратушы аматараў квэстаў будуць чакаць падказкі Старога захавальніка, якія прымусяць удзельнікаў занурыцца ў гісторыю рэгіёна і папрацаваць на мяжы сваіх здольнасцяў. Нясвіжскі палац прапануе тэатралізаваныя экскурсіі, падчас якіх гасцей з гісторыяй сваёй сям’і будуць знаёміць Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка, Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька і Антоній Вільгельм Радзівіл. Наведвальнікі змогуць пачуць у старадаўніх інтэр’ерах жывую музыку, класічныя арыі ды навучыцца танчыць паланэз.

Увечары распачнецца арыгінальная музейная праграма ў экспазіцыі і на замкавых валах, якая завершыцца інтэрактыўным шоу з удзелам адной з найцікавых інструментальных груп Беларусі Palladium Electric Band. Алег Паўля, Алена Палякова і Кацярына Кардзелюк прапануюць аранжыроўкі класічных твораў Вівальдзі, Паганіні, Шнітке, а таксама поп-музыку з элементамі нацыянальных матываў.

Кульмінацыяй вечара стане рок-канцэрт “Нясвіж + J:Морс = Ноч музеяў”. Самыя гучныя хіты папулярнага айчыннага гурту гэтым разам прагучаць у атачэнні палацавых муроў. Па словах спецыяліста па арганізацыі мерапрыемстваў і рэкламе музея-запаведніка Марыны Цішчанка, незвычайную праграму “Натхненне — Нясвіж” адкрые ўласна дырэктар установы Сяргей Клімаў. Весці мерапрыемства будзе топавы акцёр Купалаўскага тэатра Павел Харланчук-Южакоў. За паўтары гадзіны музыканты паспрабуюць знайсці адказ на пытанне, як на працягу стагоддзяў беларускі горад мог натхняць тысячы таленавітых людзей па ўсім свеце.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"