Сталіца палеская, сталіца культурная

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

У высокім культурным статусе Пінска я асабіста ніколі не сумняваўся. Не толькі таму, што сам адтуль родам. Шматкроць на свае вочы бачыў тыя маштабныя акцыі, якія ладзяць супрацоўнікі ўстаноў культуры горада і раёна на самым высокім арганізацыйным узроўні. І таму ўдвая (ці нават утрая) прыемна пісаць пра тое, што культурныя здабыткі Пінска ў наступным годзе змогуць ацаніць усе беларусы: сталіца Заходняга Палесся займее высокі статус культурнай сталіцы Беларусі.

/i/content/pi/cult/691/15194/pt.jpegРашэнне аб наданні статусу было прынята на апошняй калегіі Міністэрства культуры краіны. І яно невыпадковае. Справа ў тым, што культурнай сталіцай Беларусі Пінск мог стаць ужо сёлета: яшчэ ў 2017 годзе горад выходзіў у фінальны тур конкурсу на такое званне разам з Наваполацкам — які, урэшце, і перамог. І таму цяпер пінчане не хаваюць сваёй радасці.

— Мы вельмі ўсцешаны тым, што Пінск атрымаў статус культурнай сталіцы Беларусі, — адзначыла “К” намеснік старшыні Пінскага гарвыканкама Марына Кавалеўская. — І гэты статус для нас вельмі важны, бо мы за яго доўга змагаліся — і перамаглі!

Дарэчы, па стане захаванасці старадаўняй планіроўкі, наяўнасці помнікаў архітэктуры, гісторыі Пінск сёння лічыцца адным з найцікавейшых гарадоў краіны: у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўключана 186 такіх аб’ектаў. Асаблівую важнасць мае гістарычны цэнтр, дзе 163 аб’екты ўтвараюць унікальны горадабудаўнічы помнік рэспубліканскага значэння.

Сетка ўстаноў культуры сталіцы Палесся на сёння налічвае 11 арганізацый, дзе працуюць 54 калектывы аматарскай мастацкай творчасці. З іх 20 калектываў маюць званне “заслужаны”, а таксама найменне “народны” і “ўзорны”.

Цікава, што Пінск таксама з’яўляецца адным з цэнтраў адраджэння лютневай музыкі Беларусі. Так летась, калі адзначалася 920-годдзе горада, у сталіцы Палесся быў праведзены першы рэгіянальны фестываль “Старажытныя ўзоры”.

Як абяцаюць у гарвыканкаме, на працягу “сталічнага” года ў Пінску рэалізуюцца шматлікія праекты, пройдуць канцэрты лепшых творчых калектываў і выканаўцаў як Пінскага, так і іншых рэгіёнаў Беларусі, адбудуцца фестывалі, конкурсы, выставы абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. І гэта, натуральна, толькі маленькая частка таго, чым плануе здзіўляць пінчан ды і, хочацца верыць, шматлікіх гасцей чароўны горад над Пінай.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"