Настрой на ўзлёт

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

Лета яшчэ не пачалося, а Маладзёжны тэатр эстрады ўжо гатовы да пары адпачынкаў. Не ў тым сэнсе, што завяршае сезон — ні ў якім разе! Проста там падрыхтавалі прэм’еру, і дзеянне ў эстрадна-гумарыстычным шоу “Ад вінта!” адбываецца ў перапоўненай зале чакання — як гэта бывае менавіта ўлетку.

/i/content/pi/cult/691/15193/15.JPGЧарговае рэвю, складзенае з эстрадных нумароў розных жанраў (пераважна, зразумела, песень), працягвае лепшыя традыцыі гэтага тэатральнага калектыву і адначасова пазбаўляецца некаторых былых залішкаў дэцыбелаў, жартачак “ніжэй пояса”, песень сумнеўнай мастацкай якасці. У новым спектаклі ўсё больш стрымана і на сваім месцы, хаця ўсё ж адна-дзве рэплікі здольны ўвагнаць у чырвань узнёсла рамантычных каханкаў. Але добры тэмпарытм (рэжысёр — Марыя Траццякова), разнастайныя інтэрактыўныя ўстаўкі, ад якіх удзельнікі-гледачы адчуваюць не збянтэжанасць, а сапраўдны экстаз, удалыя салісты з адметным рэпертуарам, мноства больш вытанчаных смешных рэплік і, галоўнае, агульны сонечны настрой шоу вымушаюць хутка забыцца на /i/content/pi/cult/691/15193/16.JPGмагчымыя выпадковыя хібы.

Як заўсёды ў нашым тэатры эстрады, спектакль мае паспяховую “арт-падрыхтоўку”, што пачынаецца з фае і глядзельнай залы. Кожнага, хто ўваходзіць, ветліва сустракаюць, аказваюць знакі ўвагі, праводзяць да пазначанага ў білеце месца, часам разыгрываюць невялічкую мімічную сцэнку. Так што ўсмешкі-смяшкі, а то і заразлівы смех чуюцца задоўга да пачатку. А потым яшчэ і карамелькі раздаюць — “Улётныя”. Створаны “адпачынкавы” настрой захоўваецца цягам амаль дзвюх гадзін без антракту.

Ёсць у спектаклі і парадыйна-клоўнскі нумар братоў Дубешкаў, і некалькі выступленняў шоу “Алюр”, і заўжды бяспройгрышны выхад дзяцей з творчай майстэрні “Хвілінка”. Спеўнымі кульмінацыямі ўспрымаюцца нумары Іны Афанасьевай, Іскуі Абалян, Вікторыі Алешка. Ды ўсё ж самым, бадай, прывабным элементам праграмы становіцца яе харэаграфія, за якую адказваў Дзяніс Кашавой. Тут і асобныя пластычныя, харэаграфічныя нумары, і так званая “падтанцоўка” да эстрадных песень. У танцы добра абыграны разнастайныя побытавыя прадметы, артысты хвацка “кіруюць” чамаданамі на колцах. У рухах няма звышкасмічных адкрыццяў, але ўсё зроблена стыльна, гарманічна, без прысмаку аскоміны, з адчуваннем вясёлай, заліхвацкай гульні.

Віртуальная зала чакання, у якой апынаюцца гледачы, напаўняецца не стомай і жаданнем хутчэй яе пакінуць, а атмасферай сяброўскіх зносін, гэткага віншавання з днём падарожжа ў добры настрой. Ці ж не гэта галоўнае?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"