Нечаканыя пераўвасабленні Дурнічкі

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

У красавіку на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбылася прэм’ера лірычнай камедыі “Дурнічка” Лопэ дэ Вега.

/i/content/pi/cult/691/15190/14.JPGП’еса, напісаная ў 1613 годзе, у перыяд найвышэйшага росквіту творчасці драматурга, адразу прыйшлася даспадобы рэжысёрам, акцёрам, а галоўнае — гледачам. Яшчэ пры жыцці Лопэ дэ Вега “Дурнічка” была настолькі папулярная, што знаходзіліся спрытнюгі, якія, пачуўшы арыгінал з падмосткаў, зараблялі распаўсюдам рукапісных “пірацкіх” копій камедыі.

Хуткае дзеянне тут спалучаецца з развіццём характару галоўнай гераіні Фінэі, якая мяняецца на вачах у гледача. Вясёлы іскрысты гумар і сатырычнае выкрыванне грамадскіх нораваў, якія мала змяніліся за мінулыя 400 гадоў, зрабілі гэтую п’есу вечнай і заўсёды актуальнай.

На коласаўскай сцэне яна ставілася яшчэ ў 1968 годзе рэжысёрам Віктарам Каралько. Праз паўстагоддзя да камедыі звярнуўся мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў. Па яго словах, ён хацеў стварыць “казку для дарослых” — прыгожы спектакль пра каханне з шыкоўнымі строямі, адпаведнымі позняму іспанскаму рэнесансу, і дэкарацыяй, стылізаванай пад тую эпоху (мастак Святлана Макаранка).

Сцэнічнае мастацтва развіваецца па спіралі, і сёння глядач ужо крыху стаміўся ад наўмыснай актуалізацыі, асучаснівання класічных твораў. Бо можа здарыцца, што актрысы развучацца насіць шыкоўныя сукенкі ранейшых часоў, ды і дуэль на рапірах — ужо амаль зніклая з’ява. Засвоіць класічны вершаваны тэкст — гэта таксама добрая школа для маладых артыстаў.

Калі казаць пра жанравае ўвасабленне, то звяртае на сябе ўвагу жаданне рэжысёра ўзмацніць лірычную плынь — або, у кожным разе, ураўнаважыць лірычныя і камедыйныя моманты п’есы. Апрача гэтага, ён дакладна выбудоўвае падзейную лінію твора, шукае псіхалагічную матывіроўку паводзін персанажаў праз іх успрыманне іншых герояў, імкнецца пашырыць аб’ём характараў, найперш цэнтральных персанажаў.

Галоўнай удачай спектакля хочацца назваць работу Святланы Сухадолавай у ролі Фінэі. У пачатку дзеі яна іграе хутчэй не дурасць, а прыродную чысціню, цнатлівасць, недасведчанасць у адносінах да навакольнага свету і людзей. Яе гераіня — быццам белы аркуш паперы, на якім можна напісаць любы тэкст ці намаляваць які заўгодна ўзор. Пасля сустрэчы з бедным паэтам Лаўрэнсьё (Арцём Герак) яна фактычна наноў нараджаецца, адкрывае для сябе невымернае багацце і размаітасць Сусвету. Актрыса выдатна паказвае трансфармацыю характару гераіні, якая ў другой дзеі захоўвае маральную чысціню, але дадае да яе розум, хітрасць, вынаходлівасць. Асабліва гэта праяўляецца, калі дзеля ўратавання кахання яна іграе сваё зваротнае пераўтварэнне ў дурнічку. Пэўнай кульмінацыяй спектакля і развіцця характару Фінэі з’яўляецца яе выдатны паводле паэтычнага хараства маналог пра каханне.

Крыху рацыянальна будуе сваю ролю малады артыст Арцём Герак. Ды і герой яго занадта прагматычны для свайго юнага ўзросту, што пэўным чынам супярэчыць ягонаму паэтычнаму прызванню. Відаць, і сам ён не чакаў, якія пераўтварэнні адбудуцца з ім самім і аб’ектам яго разлікаў, а пасля і жарсці. Усё ж такі, за гэтым персанажам адчуваецца шляхетная годнасць, што выяўляецца ў стрыманасці эмоцый, ашчаднасці рухаў і жэстаў. Чаго не скажаш аб яго саперніку Лісэа (Цімур Жусупаў). Ён уяўляе з сябе грубага, задзірлівага хлапчука, які, відаць, мае за плячыма немалы досвед усялякіх боек і дуэляў. Выканаўца ўжывае ў сваёй акцёрскай ігры найперш камедыйныя фарбы.

Касцюм Нісы, сястры Фінэі (Юлія Крашэўская) можна параўнаць з уборам інфанты альбо герцагіні, ды і ў самой гераіні чытаецца арыстакратызм, этыкет, дасведчанасць (яна знаўца Геліядора, Вергілія, старажытнагрэчаскай паэзіі) — і, адпаведна, стрыманасць у эмоцыях і рухах. Але калі рэўнасць запальвае яе, актрыса адкрывае іншы, прыродны пачатак у сваёй гераіні. Увогуле, у гэтай рабоце шмат нюансаў, адценняў. Таму хочацца адзначыць добрую шліфоўку ролі.

Кожная новая работа заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Рыгора Шацько — гэта сапраўдны падарунак для публікі. Вось і ў вобразе Актаўё, бацькі Фінэі і Нісы, ён вельмі тонка даносіць закладзеныя аўтарам гумар і іронію. Апрача таго, дзякуючы вялікаму акцёрскаму досведу, Шацько быццам вядзе за сабой маладых выканаўцаў, ствараючы вакол сябе шырокае энергетычнае поле. Старадаўнія паэтычныя радкі з яго вуснаў гучаць вельмі арганічна.

Спектакль абрамляюць харэаграфічныя застаўкі (балетмайстар Дзіяна Юрчанка). Рэжысёр такім чынам быццам пераносіць нас на вуліцы Мадрыда, дзе за прыгожай танцоркай (варта адзначыць грацыю, гнуткасць, вытанчанасць Ульяны Ацясавай) увіхаюцца кавалеры. Гэтыя вакальна-танцавальныя ўстаўкі быццам задаюць неабходны градус і драматычнаму дзеянню, якое адбываецца паміж імі. Жарсць у пластыцы павінна адпавядаць палкасці кахання, якое ўспыхвае паміж галоўнымі героямі. Стваральнікі спектакля сапраўды імкнуцца да гэтага.

У заключэнне хачу адзначыць, што спектакль “Дурнічка” ўвайшоў у праграму “Тэатральных сустрэч-2018” сёлетняга Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Такім чынам, ужо ў ліпені яго змогуць паглядзець не толькі віцебскія аматары сцэнічнага мастацтва, але і шматлікія госці форума.

Юрый ІВАНОЎСКІ