Як сумясціць традыцыю з крэатывам?

№ 26 (844) 28.06.2008 - 04.07.2008 г

У той час, як напоўніцу ідзе падрыхтоўка ўрачыстасцей сёлетняга Дня Незалежнасці, кіраўнік творчай группы Студыі дакументальнага кіно пры Галоўнай дырэкцыі кінавытворчасці Белтэлерадыёкампаніі, рэжысёр-пастаноўшчык Надзея ГАРКУНОВА думае пра тэатральна-канцэртнае дзейства, якое магло б адбыцца праз год — у дзень 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Яно і не дзіва: мая суразмоўніца тры гады запар, пачынаючы з 60-годдзя славутай падзеі, ладзіла маштабны тэлепраект “Плошча Перамогі”, ператварыўшы велічны абеліск і гарадскую прастору вакол яго не проста ў “жывыя дэкарацыі”, а ў галоўную дзейную асобу па-мастацку асэнсаванай гістарычна-песеннай хронікі.

— Ідэі, — расказвае Надзея Гаркунова, — маюць адну прыроду: з’яўляцца, незалежна ад свайго маштабу. Такое іх нараджэнне — нармальны стан творчага чалавека, бо без крэатыву ў творчасці не бывае нічога.

— Тым не менш, патрыятычная тэма звычайна звязваецца з традыцыяй, а не з крэатывам. Вам жа ўдалося іх спалучыць, прывабіўшы сваімі праектамі людзей розных пакаленняў — і ветэранаў, і моладзь.

— Можа, справа ў тым, што ў мяне ў жыцці нічога не адбывалася “з-пад палкі”. Што ўвогуле азначае слова “абавязак” у дачыненні да тэмы вайны? Гэта — чалавечая норма. Ці не ў кожнага з нас, незалежна ад узросту, ёсць штосьці асабістае, звязанае з тымі гадамі. Няма той сям’і, дзе б хтосьці не загінуў, каго абмінула б тая навала. У мяне таксама: дзядуля па лініі бацькі быў начальнікам пагранзаставы ў Ліепаі, загінуў літаральна ў першыя гадзіны вайны. Я пра гэта ведала заўсёды, але, паколькі ніколі яго не бачыла, дый у нашай сям’і асабістыя подзвігі ніколі асабліва не акцэнтаваліся, гэта заставалася для мяне фактам, а не чымсьці перажытым. Але ўсё роўна гэтая тэма не магла мяне не хваляваць — да пэўнага часу, можа, дзесьці на ўзроўні падсвядомасці. Памятаю, ішла ўзімку ўвечары з сябрамі па нашай Круглай плошчы, як называюць яе мінчане. Спынілася і раптам убачыла абеліск Перамогі вачыма пастаноўшчыка: дамы, замкнёныя паўкругам, могуць ператварыцца ў вялізныя экраны, падземны пераход — у грымёркі для артыстаў. Будучае відовішча ўзнікла натуральна — быццам Божае зярнятка на мяне ўпала. І тры гады запар наша тэлерадыёкампанія разам з Мінгарвыканкамам, безумоўна, пры падтрымцы Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, ладзіла гэты праект, які пазней быў выпушчаны на DVD. Канцэрт стаў традыцыйным, і сёлета ў мяне таксама пачалі пытацца, ці будзе працяг. Нашай творчай камандзе, артыстам, гледачам гэта цікава, і мы гатовы адгукнуцца, калі гэта спатрэбіцца. У Еўропе, дарэчы, падобныя масавыя дзеі на адкрытым паветры даўно сталі традыцыяй. І ў нас можна было б арганізаваць штосьці накшталт штаба “Плошчы Перамогі”, каб рухаць гэты праект і надалей.

— А як прыйшла да вас ідэя будучага канцэртнага святкавання Перамогі?

— Мабыць, аднекуль зверху. Гэтыя думкі ў мяне ўзніклі, калі слухала, як Віктар Бабарыкін, кіраўнік Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, дырыжыраваў Пятай сімфоніяй Чайкоўскага ў Вялікай зале нашай філармоніі, выступаючы з Нацыянальным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі. Я падзялілася думкамі з Віктарам, і ён падтрымаў мяне. Але сёння, мне здаецца, яшчэ ранавата раскрываць гэтую ідэю для шырокай аўдыторыі. Усяму свой час.

— На сённяшні дзень для вас, мабыць, самае галоўнае — канцэрт народнага артыста СССР Ігара Лучанка на “Славянскім базары ў Віцебску”?— Так, ужо атрымана згода Іосіфа Кабзона весці гэты канцэрт. Але само дзейства будзе іншым, чым памятны леташні аўтарскі вечар Лучанка ў Палацы Рэспублікі.

Днямі завяршыла дакументальную стужку “No comments”, якая выйдзе на тэлеканале “ЛАД” 30 чэрвеня. У цэнтры яе — няпросты лёс юнай дзяўчыны, якая, думаю, пачала штосьці змяняць у сваім жыцці ўжо пад час нашых здымак. Паралельна працую над дакументальным фільмам пра Прэзідэнцкі аркестр Беларусі.