Рэнесансны палёт дэміурга

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

Да 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі, двойчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны Аляксандра Кішчанкі
У гэтага мастака пры жыцці, здавалася б, было ўсё: і званні, і дзяржаўныя прэміі, і шырокая папулярнасць. І памяць пра яго годна ўвекавечана дзяржавай: бронзавы помнік на могілках, мемарыяльная дошка на доме, дзе ён жыў ды працаваў, ягонае імя носіць Барысаўскі камбінат прыкладнога мастацтва, творы яго ўпрыгожваюць розныя музеі і ўстановы ў Беларусі ды за мяжой. Здаецца, што яшчэ трэба для пасмяротнага лёсу чалавека? Аднак я зноў і зноў вяртаюся да яго, творцы з Божай ласкі, чыё імя вядомае не толькі ў славянскім свеце, але і далёка за яго межамі — ажно да ЗША, дзе ў нью-ёркскай зале Эканамічнага савета ААН вісіць яго манументальны габелен “Чарнобыль”.

/i/content/pi/cult/691/15189/13.JPGБы тытан Адраджэння

Біяграфія і лёс Аляксандра Кішчанкі, чысціня яго думак, нястрымны тэмперамент, моц утрапёнай душы, вялікая сумленнасць, цвёрдасць руху да вызначанай мэты — усё гэта складае жывую, шматгранную асобу творцы, які здзейсніў сапраўдны подзвіг у сферы выяўленчай культуры сучаснасці.

Ягонае жыццё ўвабрала ў сябе і наватарскі станковы жывапіс, і эпахальнае манументальнае мастацтва мазаікі, і дзівосныя габелены, якіх да яго ў Савецкай Беларусі, па сутнасці, не было, і своеасаблівыя керамічныя эксперыменты, і скульптурную дэкаратыўную пластыку, і зграбныя, вытанчаныя малюнкі алоўкам і акварэллю, якія па майстэрстве не саступаюць іскрамётнай графіцы Пікаса або Маціса, і арыгінальную філасофскую паэзію ў жанры “белага верша”, і яго вусныя апавяданні, дзе арганічна спалучаюцца свая прастора, свае героі, характары, вобразы, далёкія ад звыклых стэрэатыпаў ды штампаў. І шмат чаго іншага.

Сапраўды, Аляксандр Міхайлавіч быў духоўным пераемнікам гігантаў еўрапейскага Адраджэння, і ў гэтым ракурсе ў сучасным свеце па маштабе таленту яму роўных мала. Думаецца, і ў найбліжэйшай будучыні з’яўленне падобнай асобы не прадбачыцца. Кажу тыя высокія словы з поўнай адказнасцю, бо гэты творца, без перабольшання, валодаў унікальнай здольнасцю рэнесанснага ўніверсалізму.

Зрэшты, сам па сабе ўніверсалізм яшчэ ні пра што не кажа, бо ад яго адзін крок да ўсяеднасці і халтуры. Кішчанка ж заўсёды — пачынаючы з ранніх работ — валодаў магічнай моцартаўскай здольнасцю высякаць чароўныя пластычныя мелодыі з усяго, да чаго дакраналася яго рука і бунтарскі розум.

У чаканні музея

З 1963 года і да канца жыцця яго “другой Радзімай” стала Беларусь — краіна, якая дала яму ўсё: грамадскае і дзяржаўнае прызнанне, папулярнасць, лепшыя ўмовы для рэалізацыі таленту. І ягоны выдатны ўклад у духоўную беларускую культуру другой паловы ХХ стагоддзя — бясспрэчны.

Аднак у мяне і па сёння на душы горкі асадак: чаму мастак такога маштабу да гэтай пары не заслужыў імянны музей у горадзе Мінску? Такі музей (ці галерэя) мог бы стаць не толькі цудоўным культурным і турыстычным аб’ектам, але і памяццю пра Майстра — народнага мастака Беларусі, двойчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі рэспублікі. Выдатнага творцу, якога, па сутнасці, выгадавала менавіта спрыяльная, жыватворная беларуская зямля.

Сёння ў нашай краіне, у розных гарадах ды райцэнтрах, існуе ўжо даволі шмат асобных імянных музеяў, галерэй і спецыяльных залаў у краязнаўчых музеях, прысвечаных творчасці таленавітых мастакоў, сярод якіх — Заір Азгур, Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў, Гаўрыла Вашчанка, Павел Масленікаў, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Марк Шагал, Хаім Суцін, Віктар Грамыка, Уладзімір
Стальмашонак, Барыс Аракчэеў, Валерый Шкаруба, Яўсей Маісеенка, Аляксей Кузьміч, Леанід Дробаў, Кастусь Качан, Уладзімір Пракапцоў... І гэта, канешне ж, вельмі добра. А вось для твораў Аляксандра Кішчанкі годнага музея пакуль чамусьці не знайшлося, як і адпаведнага месца для пастаяннага экспанавання яго “касмічнага” манументальнага “Габелена стагоддзя”. Але пра гэта ўжо пісалі і гаварылі шмат разоў. Зараз я — пра іншае.

Няўжо дагэтуль няма прарока ў сваёй Айчыне? Няўжо трэба даказваць высокім чыноўнікам, што такія моцныя таленты, як Аляксандр Кішчанка, у Беларусі нараджаюцца мо раз у стагоддзе? Пагадзіцеся, сёння амаль немагчыма ўявіць наш прыгажун Мінск без манументальных твораў гэтага Майстра! Ды і ўсё сучаснае беларускае выяўленчае мастацтва без Кішчанкі будзе вельмі і вельмі няпоўным…

Сёння ў былой творчай майстэрні Аляксандра Міхайлавіча — у вядомым “доме мастакоў” па вуліцы Сурганава — дзе зараз працуе яго ўдава Ніна Кухарэнка-Кішчанка, захоўваюцца сотні ўнікальных жывапісных палотнаў, габеленаў, малюнкаў, эскізаў манументальных работ, дакументаў, фатаграфій, мастакоўскага рабочага інструментарыя. Што з часам адбудзецца з гэтым бясцэнным багаццем? Пойдзе па прыватных калекцыях за мяжу? Я ведаю: такіх паляўнічых за кішчанкаўскімі творамі ўжо шмат. Ці гэтыя шэдэўры ўсё ж стануць нацыянальным набыткам незалежнай беларускай дзяржавы?

Вось ужо прайшло даволі шмат гадоў пасля адыходу ад нас Аляксандра Кішчанкі. Але па-ранейшаму ўражвае яго “планета” жывапісу, асабліва калі наведваеш былую майстэрню маэстра і бачыш на сценах і стэлажах сотні цудоўных палотнаў, якія без гаспадара і гледачоў выглядаюць неяк сіратліва і страчана. Так, ён быў ні на кога не падобны, ён быў самабытны і гарачы, ён апяваў зямлю і Космас па строгіх законах уласнага сэрца і розуму.

/i/content/pi/cult/691/15189/12.JPGЁмістае слова “талент”

Ён маляваў жаночыя і дзіцячыя твары з пяшчотнасцю і асцярожнасцю вялікіх італьянцаў і не баяўся “ламаць” правілы мастацтва, якія ўстаяліся стагоддзямі. Па вялікім рахунку, яго жывапісныя карціны, мазаікі, габелены, графічныя кампазіцыі цяжка растлумачыць словамі — іх можна палюбіць, адчуць, зразумець. І толькі тады — у адзіным выпадку, калі душа твая адгукнецца на боль ці радасць мастака, яго творы будуць належаць табе —гэтаксама, як твае асабістыя патаемныя ўспаміны. Усе сумненні маэстра, пошукі ісціны, жыццялюбства і туга па вялікай і радаснай любові, яго пільнае даследаванне свету… Усё гэта ўмяшчалася ў такое ёмістае і дзівоснае слова — талент.

Вось мы часта гаворым: у гэтага чалавека “талент ад Прыроды”, “талент ад Бога”. І на гэтым супакойваемся. Так бы мовіць, без каментарыяў. А канкрэтна: што гэта такое? Здавалася б, я многае пра Кішчанку ведаў: як пра мастака і чалавека, як пра блізкага сябра і свайго земляка. Спрабаваў зразумець, як ён, выхадзец з патомнай сялянскай сям’і, у якой і словы “мастацтва” або “жывапіс” ніколі не вымаўляліся ўслых, здолеў стаць майстрам, стваральнікам, дэміургам.

Як яму ўдалося ў сваёй творчасці прывесці хаатычны свет бачных рэчаў “з беспарадку ў ідэальны парадак”, дзе гарманічна суіснуюць Зямля і Сусвет, “архітэктура” зямнога быцця і “архітэктура” Космасу? У гэтым сэнсе Аляксандр Міхайлавіч і сёння для мяне з’яўляецца скарбніцай нейкіх неразгаданых крыжаванак.

Мы занадта рана яго згубілі. Згубілі чалавека рэдкай мудрасці, святланоснага, вельмі ўважлівага да таго боку мастацтва, які абараняе дабрыню, душэўную гармонію і чалавечую праўду ад усіх наносных разбуральных сіл. І гэтая мудрасць, памяркоўнасць і высокая адоранасць, дзівосная далікатнасць успрымання ставілі яго на высокую мастакоўскую планку. У той жа час, ён з’яўляўся не толькі, так бы мовіць, духоўным настаўнікам для моладзі — ён таксама быў і эталонам уважлівасці да маральных праблем у выяўленчай культуры, эталонам адказнасці.

У гэтым сэнсе Кішчанка па-мастакоўску востра адчуваў актуальныя праблемы эпохі і, пераадольваючы натуральныя для ўсякага майстра няўдачы ды памылкі, рэалізоўваў свае задумы і праекты ўласцівай толькі яму паэтыка-філасофскай пластычнай мовай. Як мастак-філосаф, Кішчанка выбудоўваў у сваіх лепшых рэчах магістральную лінію — узаемаадносіны чалавека і светабудовы, акцэнтаваў увагу на матывах маральных, псіхалагічных, сацыяльных, агульнакультурных і нават экалагічных.

Глабальная ж тэма яго мастацтва — праз вобраз-сімвал, праз вобраз-алегорыю раскрыць душу чалавека ва ўсіх яе правах: у характары, псіхалагічным стане і настроі, у знаходжанні ў прасторы жывой прыроды і космасу. Ён разважаў пра памяць, пра веру як шлях да ўратавання чалавецтва, пра вяртанне да крыніц роднай прыроды, пра сваіх далёкіх і блізкіх продкаў, пра напаўзабытую гісторыю радзімы. Хіба асацыятыўныя абагульненні з сэнсавымі падтэкстамі не надаюць яго творам “сусветнага рэалізму” гучанне эпасу, дзе апавядаецца пра супярэчлівасці быцця і Космасу?

Кішчака маляваў тое, што можна назваць поліфанічнымі “медыятыўнымі карцінамі”. Ён адлюстроўваў розныя сферы свету навокал і ўнутры нас, у нябёсах і на зямлі. Бо чалавек, пагадзіцеся, — гэта не толькі мікра- але і макракосмас…