“Здзіўляла неўтаймоўнасць вашай энергіі”

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

У пачатку красавіка Літаратурны музей Максіма Багдановіча і Інстытут сусветнай літаратуры імя А.М. Горкага Расійскай акадэміі навук падпісалі дамову аб супрацоўніцтве. Беларускі музей атрымаў высакаякасныя копіі лістоў з перапіскі, якую вёў Адам Багдановіч з Максімам Горкім, Кацярынай Пешкавай і Аляксандрай Волжынай з правам выкарыстоўваць іх у навукова-даследчай і выставачнай дзейнасці.

/i/content/pi/cult/691/15188/10.JPGШлях да супрацоўніцтва

Архіў Максіма Горкага, у якім захоўваецца цікавая для беларускіх даследчыкаў перапіска Адама Багдановіча, да апошняга часу быў вельмі закрытай установай. Спробы дабрацца да матэрыялаў беларускімі даследчыкамі рабіліся яшчэ гадоў дваццаць таму.

Тагачаснаму галоўнаму захавальніку фондаў музея Багдановіча перапіску Адама Багдановіча і яго будучай жонкі Аляксандры Волжынай тады не выдалі — з той прычыны, што лісты нібы ўжо рыхтаваліся да публікацыі. А вось з лістамі Багдановіча да Кацярыны Пешкавай даследчыца пазнаёмілася, але пад пільным наглядам, каб матэрыялы не былі перапісаны.

Прычына магла быць, напрыклад, у нежаданні дзяліцца каштоўнымі дакументамі і мець адзінае права на іх выкарыстанне. Цікава, што ў фармуляры тых архіўных матэрыялаў быў на той час толькі адзін подпіс — Леаніда Зубарава. Гэта беларускі пісьменнік, аўтар некалькіх твораў пра Горкага і сям’ю Багдановічаў. У сваіх кнігах ён змясціў радкі з перапіскі Адама Багдановіча, аднак тыя выданні маюць не навуковы, а літаратурна-дакументальны характар. Так і атрымалася, што да апошняга часу з асобнымі лістамі перапіскі, якая захоўваецца ў Архіве Горкага, былі знаёмыя толькі два чалавекі.

— Некалькі гадоў таму я прымала ўдзел у канферэнцыі, якая праходзіла ў Ніжагародскім музеі Горкага, — распавядае вядучы навуковы супрацоўнік музея Багдановіча Ірына Мышкавец. — Там пазнаёмілася з загадчыцай Архіва Максіма Горкага ў Маскве Аленай Мацівасян. І, скарыстаўшыся магчымасцю, запытала, ці можна атрымаць доступ да матэрыялаў. На маё здзіўленне, яна ветліва пагадзілася і запрасіла прыязджаць.

А ў лістападзе мінулага года я патрапіла ў Маскву на форум “Новы вектар гуманітарнага супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве”. Там завяршыла свой даклад прапановай зрабіць сумесны праект — выдаць нашы матэрыялы ў адзінай кнізе.

“Горкаму ад Салодкага”

Сяброўства Адама Багдановіча і Максіма Горкага распачалося ў 1896-м годзе — вельмі трагічны для сям’і Багдановічаў час. Ад сухотаў памірае Марыя Апанасаўна, і на руках Адама Ягоравіча застаюцца маленькія сыны Вадзім, Максім, Леў і нованароджаная дачка Ніна. У той час ён працуе ў Гродзенскім аддзяленні Сялянскага зямельнага банка і просіць пераводу па службе. Сям’я збіраецца ў Ніжні Ноўгарад, і Адам Ягоравіч клапоціцца пра рэкамендацыйныя лісты, каб увайсці ў культурнае асяроддзе горада.

На мінскай чыгунцы ў той час працаваў пісьменнік Яўген Чырыкаў, які і параіў звярнуцца да свайго сябра, нікому не вядомага тады Максіма Горкага, адзначаючы, што той можа хутка ўвесці ў кола мясцовай інтэлігенцыі. І дае рэкамендацыйны ліст, на якім піша: “Горкаму ад Салодкага”.

У хуткім часе знаёмства Багдановіча і Горкага перарастае ў сяброўства, а потым яшчэ і ў сваяцтва. Тагачасны карэспандэнт “Нижегородского листка” знаёміцца ў Самары з Кацярынай Паўлаўнай Волжынай і бярэ з ёю шлюб. А пазней, улетку 1898-га, знаёміць Адама Багдановіча з сястрой жонкі Аляксандрай. Паміж імі ўзнікае палкае пачуццё і распачынаецца перапіска, якая доўжыцца паўгода.

/i/content/pi/cult/691/15188/11.JPG“Захапленне падзеленага кахання”

“Сонейка, калі чытаў твой ліст 25-га верасня, я ўпіваўся захапленнем падзеленага кахання”, — піша будучай жонцы Адам Багдановіч.

— Усе яе лісты — гэта суцэльнае “кахаю”, а яго — “сонейка”, “любая”, “ненаглядная”. А потым можа быць хіба адзін сказ: “Дзеці ўсе здаровыя”, — кажа Ірына Мышкавец. — Мы, канешне, спадзяваліся даведацца з гэтай перапіскі больш звестак пра сям’ю Багдановіча… Аднак усё адно нам удалося выявіць новыя факты. Напрыклад, раней лічылася, што пасля пераезду ў Ніжні Ноўгарад з Гродна сям’я Багдановіча жыла ўдалечыні ад Бацькаўшчыны. А па лістах высвятляем, што ў 1898-м годзе, калі ішла актыўная перапіска паміж Адамам і Аляксандрай, з бацькам быў толькі сын Вадзім, а Максім і Лёва разам з цёткай Марыяй у гэты час знаходзіліся ў Мінску. Адпаведна, быў такі перыяд, калі хлопчыкі жылі на Радзіме.

Аляксандра вельмі хвалявалася, як яна ўвойдзе ў сям’ю, ці змогуць яе прыняць дзеці. І ў адным з лістоў Адам Ягоравіч перадае ёй радкі з ліста сына Вадзіма да стрыечнай сястры ў Мінск — “учора да нас прыходзіла мама”. І дадае — “гэта ён пра цябе”. Ёсць у архіве і невялікая цыдулачка: “На хвіліначку, Адам, прыйдзі дзеля Бога. Лёва да таго гарэзіць, што не магу з ім справіцца”. Гэта пісала Аляксандра — відаць, на працу мужу.

Сямейнае шчасце было вельмі кароткім. 13 лістапада 1899 года Аляксандра нарадзіла сына, а праз два дні — памерла. Дзіця назвалі ў гонар маці — Аляксандрам. Яго выхоўвала Кацярына Паўлаўна Пешкава. Аднак ва ўзросце двух з паловай гадоў хлопчык таксама адышоў у лепшы свет.

Лёс архіваў

Перапіска Адама і Аляксандры захоўвалася ў сям’і Багдановічаў. Спачатку ў Адама Ягоравіча, потым у яго сына Паўла — першынца ад трэцяга шлюбу. Пасля смерці Максіма Горкага музейныя ўстановы пачалі старанна збіраць матэрыялы, якія тычыліся пісьменніка. Павел вырашыў аддаць усё, што мела дачыненне да сям’і Горкіх — у тым ліку і перапіску свайго бацькі з Аляксандрай.

У беларускія зборы сямейны архіў Адама Багдановіча трапляў паступова і ў розныя гады. Частку яго перадала ў музей бібліёграф Ніна Ватацы, атрымаўшы ад Паўла. Яшчэ адна частка знаходзілася ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аднак паколькі гэта не навуковы архіў, ён быў таксама перададзены на захаванне ў музей Максіма Багдановіча.

Так і атрымалася, што матэрыялы, якія тычацца сем’яў Горкага і Багдановіча патрапілі ў розныя зборы розных краін. Акрамя перапіскі Аляксандры Волжынай і Адама Багдановіча, у Маскве захоўваюцца 42 лісты Адама Багдановіча да Горкага. На самой справе, іх было значна больш, як і лістоў Горкага да Багдановіча, якіх на сёння выяўлена толькі дзевяць. Аднак тыя, што былі адпраўлены да 1918-га, згарэлі разам з домам падчас белагвардзейскага мецяжу ў Яраслаўлі, дзе жыла сям’я Багдановіча.

“Заўсёды здзіўляла мяне неўтаймоўнасць вашай энергіі”, — пісаў сябру Максім Горкі. У той час Багдановіч марыў выдаць свае навуковыя працы прасіў пісьменніка (тады ўжо знакамітага) аб дапамозе. Нават прысвяціў кнігу Горкаму і Пешкавай, з надзеяй, што толькі адна згадка вядомых усім імёнаў можа паспрыяць публікацыі матэрыялаў.

Былі просьбы і іншага характару. Так, у 1920-я гады да Багдановіча звяртаецца рэвалюцыянерка Бонч-Асмалоўская і просіць, каб праз Максіма Горкага ён дапамог Івану Іванавічу Метліну — старому хвораму рэвалюцыянеру, які жыве ў Мінску і не атрымлівае пенсіі. Як потым высветлілася, Метлін — хросны бацька сына пісьменніка Яўгена Чырыкава.

Што цікава, у Маскве захоўваюцца 110 лістоў Багдановіча да Кацярыны Пешкавай — перапіска працягвалася з 1904 года і да апошніх дзён жыцця Адама. А вось адказы на іх Кацярыны Паўлаўны захоўвае Літаратурны музей Максіма Багдановіча.

“Дарагі Адам Ягоравіч! Пісьмо Ваша атрымала. Не злуйцеся, але так заматалася, што няма калі адказаць. Праца, канешне, знойдзецца. Калі спатрэбіцца, прыязджайце. Тут высветлім, дзе больш зручна ўзяць працу, людзі талковыя ўсюды патрэбны. Жывём. Пакуль з харчаваннем вельмі цяжка. Прывітанне. Кацярына Пешкава.”

Гэта пісьмо — з 1918 года. Адам Багдановіч у той час працаваў у Яраслаўскім аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка і збіраўся пераехаць у Сімферопаль. Але не атрымалася, ён застаўся ў Яраслаўлі і хваляваўся, што пасля ліквідацыі банка апынецца без працы.

У беларускім фондзе знаходзяцца розныя варыянты ўспамінаў Адама Багдановіча пра Горкага. Самы першы і вялікі з іх — на 149 аркушах. У 1937 годзе са скарачэннямі і цэнзурнымі праўкамі ён быў надрукаваны пад назвай “Горкі на Радзіме”. Першапачатковы параўнальны аналіз паказаў, што ў ім былі вытрыманы патрабаванні ідэалогіі, прыбраны раздзелы, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, цытаты з біблейскіх тэкстаў, выкрэслена слова “душа”.

Таксама ў музеі захоўваюцца машынапісны тэкст “Горкі і Шаляпін у Ніжнім” з рукапіснымі праўкамі Адама Багдановіча і чарнавікі яго лістоў да Горкага, перапіска з выдавецтвамі і Музеем імя Максіма Горкага, куды ён перадаў частку сваіх асабістых архіваў.

Электронныя копіі тых матэрыялаў, якія захоўваюцца ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, таксама перадалі ў Маскву. Сёння беларускія і расійскія даследчыкі вывучаюць іх супольна, рыхтуючы да публікацыі пад адной вокладкай. Пры падтрымцы Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы плануецца юбілейнае выданне кнігі-альбома “Горкі і Багдановічы” з публікацыяй эпісталярыя, успамінаў Адама Багдановіча пра Максіма Горкага, унікальных фотаздымкаў, што захоўваюцца як у Маскве, так і ў Мінску.

Фота з архіва Інстытута сусветнай літаратуры
імя А.М.Горкага