Багацце і беднасць “багатырскай” вёскі

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

Вёска гэтая знаходзіцца, лічы, на ўскраіне Полацка. Нягледзячы на такую “дзёрзкую” назву, з культурай у яе, як і ў многіх іншых сёлах, усё кантрасна. Але аптымізму ў мясцовых работнікаў галіны — куды больш, чым неспакойлівых думак. Яны настроены і надалей працягваць рабіць сваю справу — шчыра ды на радасць грамадзе.

/i/content/pi/cult/691/15185/6.JPGУсё ж Лепшы падарунак — кніга

Багатырская сельская бібліятэка сваёй назве адпавядае. У тым сэнсе, што памяшканняў у яе багата. Першае аддадзена, уласна, пад літаратуру, у другім знаходзяцца літаратурна-этнаграфічная гасцёўня і лялечны тэатр, які гастралюе і за межамі вёскі — у школах і клубах раёна. А ў гасцёўні праходзяць тэматычныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да якіх-небудзь падзей, сустракаюцца з чытачамі пісьменнікі Полаччыны, людзі іншых творчых прафесій, дэманструюць свае навыкі народныя ўмельцы. У гэтым жа пакоі размешчаны і куток, звязаны з гісторыяй Багатырскай. Матэрыялу ўжо хапае як мінімум на невялікі музей краязнаўства, які загадчыца Ганна Жаркова і марыць калі-небудзь адкрыць.

У Багатырскай жыве каля 1800 чалавек, запісана ў бібліятэцы прыблізна дзевяцьсот (разам з насельнікамі прылеглых вёсак).

— У гэты будынак мы пераехалі некалькі месяцаў таму, — паведамляе бібліятэкар. — У старым, арандаваным, пацёк дах, і нас перасялілі сюды. Але перавага таго будынка заключалася ў тым, што ён стаяў у цэнтры вёскі — міма нас людзі не праходзілі. А гэты наш дом — на ўскраіне Багатырскай. За наведвальнасць даводзіцца змагацца — часцей сталі рэкламавацца нейкімі выязнымі акцыямі. Раней браў чалавек дзве-тры кнігі і вяртаўся за новымі праз пару тыдняў, а цяпер набірае на месяц наперад, і на гэты час знікае. Асноўны чытач як быў, так і застаўся — гэта людзі пенсійнага ўзросту. Але не ўсе з іх маюць сілы сёння да нас дабрацца — шпацыр не з лёгкіх. Таму і абслугоўваць па дамах сталі больш.

Іншая загвоздка — змяняльнасць фонду. Тычыцца гэта ўсяго спектру выданняў: з-за недахопу сродкаў бібліятэка не змагла выпісаць з перыёдыкі ўсяго таго, чаго хацела і на што ёсць попыт. На сярэдзіну сакавіка ва ўстанову не паступіла ніводнай (!) свежай кнігі. Выратоўваюць Ганну Паўлаўну сын, які прывозіць навінкі з платнага фонду “раёнкі”, і мясцовыя неабыякавыя грамадзяне, якія дораць бібліятэцы літаратуру, у тым ліку і актуальную.

З “дробных” праблем — неабходнасць устаноўкі на вокны жалюзі, замены старых мэблі і камп’ютара, завяршэння рамонту будынка (шэраг расколін у сценах закрываюць стэлажы). Вось так: аказваецца, сёе-тое ў Багатырскай бібліятэцы і па-беднаму.

Тым не менш — яшчэ пра яе багацці: сцены ўстановы абвешаны шматлікімі працамі з саломкі. Іх аўтар — сама спадарыня Жаркова, якая да таго, як трапіць у бібліятэку і праз нейкі час заняць цяперашнюю пасаду, загадвала метадычным аддзелам у “раёнцы”. Там яна і “заразілася” дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам.

А Таццяне Красікавай, якая да пенсіі працавала ў Полацкім вагонным дэпо, любоў да рукадзелля з дзяцінства прышчапілі бабуля з мамай. Вышыўкай і вязаннем яна сёння забяспечвае не толькі сваіх родных, але і прымае заказы з боку. Таксама вырабляе абярэгі, мяккія цацкі, лялькі. Займаецца ў народным клубе “Майстар” Полацкага раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальнай культуры аднаўленнем аўтэнтычных ручнікоў, робячы іх копіі (дарэчы, рамесніца вышывае і копіі карцін). Вырабы яе экспануюцца на конкурсах і фестывалях самага рознага ўзроўню — у тым ліку, і падчас “Славянскага базару ў Віцебску”. І прызамі яна не абдзеленая.

Хоць Таццяна Пятроўна ў Багатырскай не пражывае, удзел у ейным культурным жыцці яна прымае актыўнае: яе выставы ў тутэйшым Доме культуры праходзяць рэгулярна, там жа яна ладзіць і майстар-класы. Гэта значыць, у эксперты ў цэлым па культуры вёскі яна падыходзіла як мала хто лепей.

Каментарый Таццяны КРАСІКАВАЙ:

— Між іншым, мае работы і работы маіх калег таксама ёсць у бібліятэцы! Што ж тычыцца кнігі — яна наогул мяне выбаўляе, калі хочацца адарвацца ад будзёншчыны. Ёсць вольная хвілінка — вазьму які-небудзь твор і “прападаю” ў ім. Вельмі люблю беларускую літаратуру. Ужо і не памятаю, колькі разоў перачытвала раман Івана Шамякіна “Вазьму твой боль”. А ўнучцы парэкамендавала “Джэйн Эйр” Шарлоты Брантэ. Малодшы ўнук гартае дзіцячыя кніжкі з малюначкамі, старэйшы аддае перавагу ўсё-такі электронным выданням. Мяркуючы па тым, што, як ні зойдзеш у бібліятэку, у ёй, у асноўным, людзі дарослыя, яго равеснікі таксама папяровую літаратуру ігнаруюць. Можа, застанься бібліятэка па старым адрасе, яны раз-пораз у яе заходзілі б, але пасля пераезду, мабыць, зусім сталі забываць сюды дарогу. Пераязджаць трэба было, вядома, але перыферыя вёскі — не месца для такой установы.

У адным флаконе

Дырэктар Багатырскага сельскага дома культуры Алена Лукавiцкая па выніках 2016 года была ўдастоена звання “Чалавек года Полаччыны” і занесена на раённую Дошку гонару за значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё Полацкага раёна. І гэта пры тым, што разгарнуцца як след кіраўніку ў сваіх ідэях цяжкавата: абмежаваная прастора, якая складаецца з актавай залы і двух вельмі маленькіх памяшканняў, не дазваляе рэалізаваць нешта грандыёзнае. Хаця 10 калектываў СДК плюс творчыя сілы ўсё той жа бібліятэкі, школы адукацыйнай і Дзіцячай школы мастацтваў, што знаходзяцца ў тым жа будынку, здольныя на многае.

— З аднаго боку, гэта суседства зручнае, — кажа Алена Пятроўна. — Разам мы прыдумляем і арганізоўваем сумесныя праекты. З другога, амбіцыі нашы скоўвае недахоп плошчаў. Добра, што моладзь на такія нязручнасці ўвагі асабліва не звяртае: на яе нам грэх скардзіцца. Ды і не даводзіцца нават прыкладаць неймаверныя намаганні, каб прыцягнуць яе ў гурткі або на імпрэзы — ідзе яна да нас ахвотна. І мы стараемся быць сучаснымі, каб зацікавіць яе: у ДК можна ўліцца ў рок-ансамбль, заняцца брэйк-дансам. Хоць у прыярытэце ў нас фальклорныя напрамкі — і ў музыцы, і ў танцах.

Увогуле, бязвыхадных становішчаў для СДК не існуе! Многія свае мерапрыемствы ён праводзіць на вуліцах вёскі, залучаючы ў іх ледзь не ўсіх яе жыхароў. Вось, да прыкладу, праекты гэтай зімы — свята-конкурс “Калядны разгуляй”, які сабраў у Багатырскай прадстаўнікоў амаль ста дамоў культуры раёна, і гульня-трэнінг з элементамі (во як!) тымбiлдынга “Мароз-волат”. А ў чэрвені пройдзе чарговы “Маладзёжны партал” — набор з квэст-праграм, віктарын, спаборніцтваў, выступленняў артыстаў.

— Нам бы яшчэ матэрыяльна-тэхнічную базу палепшыць, — дзеліцца набалелым дырэктар. — Гукавая і светлавая апаратура старэнькія, пастаянна патрабуюць абнаўлення абутак і касцюмы — да буйных святаў купляем нешта, шыем, а так проста самі правім. Але нашы просьбы на гэты конт “у вярхах” не застаюцца без адказу: па магчымасці, з часам іх выконваюць.

Ну і зусім ужо адкрыта выказалася спадарыня Лукавiцкая напрыканцы: “Настрой бы падняць супрацоўнікам клубных устаноў! Гаворка нават не пра заробкі і фінансаванне. Мы, работнікі культуры на сяле, калі шчыра, як усе цяпер жывём. У галаве пастаянна адно і тое самае пытанне: аптымізуюць нас заўтра або, можа, паслязаўтра?..”

Каментарый Таццяны КРАСІКАВАЙ:

— Каманда ў Сельскiм доме культуры падабралася выдатная. Мы ж маем зносіны з кіраўнікамі такіх устаноў краіны, дык нярэдка ад іх можна пачуць скаргі на тое, што моладзь не надта адгукаецца на ініцыятывы. У нас жа — амаль заўсёды аншлагі. Пра што гэта кажа? Пра тое, што імпрэзы цікавыя людзям, цікавыя менавіта юнаму пакаленню. Я бачу, што яно з задавальненнем і само прымае ўдзел.

Але да таго рамяства, якім займаюся я, падлеткі (дзяўчаты, вядома, перш за ўсё) ставяцца з меншым запалам: нуднаватым яно ім падаецца. А словы пра тое, што гэта ж наша гісторыя, спадчына, мала “прабіваюць”. Як ні старайся іх выхоўваць на народных традыцыях, яны жывуць днём сённяшнім, яго спакусамі і прапановамі. Але падштурхоўваць моладзь у бок творчасці нацыянальнай усё адно трэба абавязкова. Работнікі СДК гэта і робяць. За што ім — вялікі дзякуй.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"