Вялікі рэспект малой радзіме

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

У мяне не атрымалася прыгадзіцца там, дзе нарадзіўся. Чарнобыльская бяда, нараджэнне сыноў, страх за іх лёс пераўтварылі веткаўца ў мінчука. Пасля пярэбараў жыву з перакананнем, што Ветка дэлегавала мяне ў сталіцу ўпаўнаважаным па інфармаванні беларускага насельніцтва пра стан спраў на веткаўскіх абсягах. Гэта, так бы мовіць, доўгатэрміновы абавязак. У Год малой радзімы, па маім перакананні, падыходы да творчасці варта перагледзець у бок большай аналітычнасці і павышанай адказнасці за тое, пра што пішаш. Удакладню. У рэдакцыйнай пошце я хацеў бы рэгулярна бачыць не толькі навіны пра канцэрты з нагоды Года малой радзімы, але і грунтоўныя матэрыялы пра перспектывы развіцця малой радзімы, пра тыя праблемы, што працэсу замінаюць. Хто як ні ўраджэнцы гэтых населеных пунктаў ведаюць пра сапраўдны стан спраў у роднай глыбінцы?

/i/content/pi/cult/691/15184/5.JPG

Паверце, нам не стае такіх матэрыялаў ад нашых пазаштатнікаў. Матэрыялаў глыбокіх і прадуманых, надзённых і неабыякавых. Рука не падымецца скарачаць такія допісы і заганяць іх у фармат агляду. Ды вось бяда: мала такіх артыкулаў. Няўжо вас не хвалюе лёс роднай вёскі, пасёлка, мястэчка?

Раблю гэты агляд 7 мая, а заўтра выпраўляюся ў камандзіроўку на родную Веткаўшчыну. Паспрабую прывезці артыкул пра перспектывы і праблемы тамтэйшай культуры. А цяпер — уласна агляд дасланай нам пошты.

Загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Чорная піша: “У Год малой радзімы творчы канцэртны праект аб’яднаў шэсць мастацкіх гуртоў гарадскіх клубных устаноў. Выступіў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь — народны хор народнай песні імя Віктара Балаханава з Палаца мастацтваў Бабруйска. Праграму працягнуў народны фальклорны ансамбль “Бярэзінскі карагод” Цэнтра культуры і адпачынку Ленінскага раёна Бабруйска. Цэнтр адпачынку і творчасці Бабруйска прэзентаваў хор ветэранаў працы. А вось народны ансамбль песні “Весялуха” дзейнічае пры Палацы мастацтваў, а народны казацкі ансамбль “Вольніца” — пры Цэнтры адпачынку і творчасці. Завяршыў праект Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь — ансамбль народнай песні і музыкі “Бабруйскія музыкі” Цэнтра культуры і адпачынку Ленінскага раёна”.

Напярэдадні свята Перамогі, 7 мая, супрацоўнікі Бярэзінскай раённай бібліятэкі прапанавалі старшакласнікам сярэдняй школы № 2 спектакль “Птушкі з падрэзанымі крыламі” Тэатра маналога. Ён распавядае пра моладзь, якую фашысты звезлі падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Германію. У аснову маналогаў былі пакладзены ўспаміны землякоў, а таксама — літаратурныя сюжэты. Пра гэта паведаміла загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч.

Ашмяншчына, як і заўжды, адной навіной не абышлася. У мясцовай райбібліятэцы ў рамках праграмы “Экалогія. Кніга. Грамадства” прайшла раённая канферэнцыя “Экалагічная асвета: рэаліі і перспектывы”. У яе рабоце прынялі ўдзел бібліятэкары, работнікі культуры, адукацыі, прадстаўнікі прыродаахоўных устаноў. Наступная навіна пра раённы агляд-конкурс сюжэтна-гульнявых праграм сярод культарганізатараў клубных устаноў “Шырэй круг”. Праграмы клубнікаў аграгарадкоў Граўжышкі, Кальчуны, Жупраны прызнаны лепшымі і прадставяць раён на адборачным туры абласнога агляду-конкурсу сюжэтна-гульнявых праграм “Сто задум для ўсіх сяброў”.

Аўтар трэцяга ліста — Наталля Моўчан, бібліятэкар сельскай бібліятэкі вёскі Будзёнаўка. Райбібліятэка распрацавала праект “Ашмяншчына — малая радзіма вядомых людзей”. А бібліятэка ў Будзёнаўцы наладзіла літаратурна-краязнаўчую вечарыну “Таленты роднай зямлі”. Чытачы сустрэліся з мясцовай паэткай Геленай Яжэвіч. Завітаў і казачнік Франц Пячкоўскі — былы дырэктар школы, пенсіянер і разьбяр. Апошняя на сёння навіна з Ашмяншчыны — пра ініцыятыўнасць работнікаў культуры з аграгарадка Кракоўка. Тут у рамках раённага агляду-конкурсу канцэртных клубных праграм “Зямля бацькоў — мая зямля” прэзентавалася праграма “Беларусь — мая зямліца, мой выток, мая крыніца”. Сведкі сцвярджаюць, што мерапрыемства прайшло на адным дыханні.

Наталля Кардашова распавядае пра мастацкага кіраўніка і дырыжора Мікалай Макарэвіча, які дзесяць гадоў узначальвае сімфанічны аркестр Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі. Мікалай Уладзіміравіч з’яўляецца адначасова дырыжорам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Сімфанічны ж аркестр пад яго кіраўніцтвам выйшаў на новы ўзровень канцэртнай дзейнасці.

5 — 6 мая ў Гродне прайшоў XVIII Міжнародны фестываль славянскіх баявых мастацтваў, прысвечаны 73-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Першы дзень мерапрыемства быў прысвечаны рэспубліканскаму турніру па армейскім рукапашным і нажавым баі. Падчас другога дня майстэрства прадэманстравалі каля сарака клубаў адзінаборстваў з Гродна, розных гарадоў Беларусі і блізкага замежжа. На Кургане славы адбыліся: турніры — па гістарычным фехтаванні, лучнікаў, байцоў “сценка на сценку”. Не абышлося і без джыгітоўкі коннаспартыўнага клуба “Ярмак”. Упершыню адбыўся адкрыты агляд-конкурс па страявой падрыхтоўцы. А госці свята маглі набыць сувеніры народных майстроў з раённых цэнтраў рамёстваў Гродзеншчыны.

Загадчык аддзела культурна-адпачынкавай дзейнасці Уздзенскага раённага дома культуры Людміла Цвірко напісала: “У Цепленскім сельскім доме культуры другі раз прайшло раённае свята аматарскіх тэатральных клубных калектываў “Запрашае тэатр!” На ім сапернічала больш за 60 удзельнікаў тэатральных гурткоў. Спачатку трэба было зрабіць маляўнічую афішу. Конкурс распачалі выхаванцы нядзельнай школы вёскі Цеплень (кіраўнік Людміла Жукоўская). Яны распавядалі пра сэнс жыцця ды чалавечыя якасці. Цікавым было выступленне тэатралаў з Прысынкаўскага СДК, якім кіруе Ірына Навышная. Гран-пры атрымалі артысты з Каралёўскага сельскага дома культуры (кіраўнік Наталля Стральцова).

Супрацоўнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Бялькевіч запрашае на выставу-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Казкі і паданні майго краю”. У выставачнай зале згаданай установы “прапісаліся” беларускія міфічныя істоты і казачныя персанажы. Аўтары больш як тысячы работ — удзельнікі гурткоў, вучні школ мастацтваў, навучэнцы і студэнты. Выстава працуе да 1 чэрвеня.

Абласны конкурс танцавальных калектываў “Скокі ва ўсе бокі” прайшоў у Смаргоні. У раённым Цэнтры культуры сапернічаў 41 калектыў. Вядучы метадыст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Іна Лебядзевіч распавяла, што на суд журы былі прадстаўлены народныя і сучасныя танцы ў выкананні калектываў са званнем “узорны”, а таксама тых, хто выкарыстаў конкурс для набыцця творчага і сцэнічнага вопыту.

І яшчэ адна інфармацыя з Бабруйска. Сезон творчых справаздач на сцэне Палаца мастацтваў працягнулі народны ансамбль танца “Прыгажосць” (кіраўнік Дыяна Ганчарова), узорны харэаграфічны гурт “Крынічка” (кіраўнік Ірына Міхневіч) і ўзорны ансамбль танца “Званочкі” (кіраўнік Марыя Кузьміцкая). Было шмат прэм’ер. А якасць нумароў пацвердзіла, што ўсе тры калектывы ўпэўнена развіваюцца. Пра падзею паведаміла метадыст арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў Бабруйска Ірына Аўсяннікава.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"