Нішто нікуды не знікае

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

Кліматычныя сюрпрызы кшталту “Гэтымі днямі выпала паўгадавая норма ападкаў” здольныя справакаваць у людзей стрэс і ў любым выпадку вымушаюць змяніць стэрэатыпы ўспрымання роднай прыроды. Тое ж часам здараецца, калі трэба асэнсаваць інфармацыю ў аб’ёме, які значна перавышае сярэднестатыстычны. Такі вось “час пік” для аматараў мастацтва маем мы ў нашай сталіцы. На працягу некалькіх тыдняў галерэі і экспазіцыйныя залы горада абрынулі на галовы мінчукоў процьму ўвасабленняў разнастайнай эстэтыкі. Гаворка ідзе пра міжнародны фестываль мастацтва “Aрт-Mінск-2018”.

/i/content/pi/cult/691/15183/4.JPGХаця б беглы агляд на некалькіх старонках усяго, што адбываецца на 18 фестывальных пляцоўках, — справа абсалютна нерэальная. Так што я ў агульных рысах распавяду пра свае ўражанні аб трох “базавых” экспазіцыях “Aрт-Miнск-2018” — у Палацы мастацтва, Нацыянальнай бібліятэцы і Цэнтры сучасных мастацтваў.

Асабіста для мяне на фестывалі адкрыццяў не было. Увогуле, ужо некалькі гадоў я хаджу на выставы як у музей. Ну дык што з таго? — магчыма, запытаеце вы. А тое, што ў музей зазвычай ходзіш на сустрэчу са знаёмымі творамі, каб аднавіць у памяці ўжо перажытае, а на выставу выпраўляешся па новыя эмоцыі і ўражанні. І тую акалічнасць, што творы (дарэчы, зусім някепскія) вандруюць з выставы на выставу, наўрад ці можна лічыць нармальнай. З гэтым жа я сутыкнуўся і на “Арт-Мінску”.

Найбольш цэласнай у канцэптуальным сэнсе, эстэтычна выверанай і зручнай для гледача я назваў бы выставу ў Цэнтры сучаснага мастацтва на праспекце Незалежнасці. Пасля яе экспазіцыі ў Палацы і Нацыянальнай бібліятэцы падаліся той кнігай, змест якой табе ўжо вядомы. Гэта як пачытаць прадмову, перш чым узяцца за сам твор. А вось выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы падалася даволі кансерватыўнай па форме і змесце. І — пры наяўнасці якасных твораў — яна, на жаль, пазбаўленая эмацыйных акцэнтаў.

Фестываль даў неабыякавым да эстэтыкі людзям магчымасць агледзець ці не ўсю панараму нашага выяўленчага мастацтва. Я з убачанага магу зрабіць выснову, што сёння рэй вядзе амбіцыйная моладзь, якая не бачыць сваю творчасць чарговым звяном у ланцугу традыцый — нацыянальных і сусветных. Часам мне здавалася, што ім тая традыцыя патрэбна, каб на яе тле самасцвярджацца, а калі-нікалі і адкрыта з яе іранізаваць ды нават кпіць. Хаця, аб’ектыўна, і праз такое стаўленне адбываецца засваенне культурнай спадчыны.

Яшчэ адно назіранне. Нішто нікуды не знікае. Усе набыткі савецкай эпохі і першых дзесяцігоддзяў Незалежнасці маюць працяг у творах сучасных беларускіх мастакоў. Сёння ў нашым выяўленчым мастацтве няма адзінай альбо хаця б дамінуючай ідэі, няма стылістыкі, якая б падпарадкоўвала сабе эстэтычную прастору. На выставах фестывалю можна пабачыць звыклы рэалізм, сімвалізм, а таксама — гратэск і іронію, уласцівыя сацарту; праявы стылю фэнтазі, розныя формы выяўленчай абстракцыі. Не ведаю, ці ў гэтым праяўляецца ўласцівая нам схільнасць трымацца сярэдзіны, не ўхіляцца ў крайнасці — або вялікі нацыянальны стыль як увасабленне нацыянальнай ідэі проста яшчэ не саспеў.

Але азнаёміўшыся з прадстаўленым на “Aрт-Miнску-2018” замежным мастацтвам, схільны думаць, што мы, зрэшты, такія самыя, як і нашы суседзі. А яны маюць падобныя да нашых клопаты і праблемы.

P.S. На адной з выстаў пашчасціла перастрэцца з вядомым нашым мастаком, які толькі вярнуўся з Парыжа, значную частку сваёй вандроўкі прысвяціў яго музеям і мастацкім салонам. Адпаведна, яму было з чым параўноўваць наш фестываль. Першае, што ён адзначыў, — нават у параўнанні з Парыжам выставы “Арт-Мінска” глядзяцца зусім някепска. Таму няма нам чаго камплексаваць: з мастацкім патэнцыялам, які маем, мы — канкурэнтаздольныя на глабальным узроўні.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"