Словы пра мастака і настаўнікаСяргея Каткова

№ 18 (1353) 05.05.2018 - 11.05.2018 г

Сяргея Каткова называюць сваім першым настаўнікам многія сённяшнія мэтры беларускага мастацтва. А вось ягоныя жыццёвыя ўніверсітэты былі складаныя: Масква, Смаленск, Ржэў, Усходняя Прусія… Нават 9 мая 1945 года вайна для яго не скончылася — наперадзе яшчэ быў удзел у Манчжурскай наступальнай аперацыі на Далёкім Усходзе. І пры гэтым Сяргей Каткоў запомніўся сваім вучням як далікатны і лагодны чалавек. Творца, які цаніў мір ды спакой, бо ведаў ім кошт. Менавіта такім ён паўстае ў нарысе Адама Глобуса.

/i/content/pi/cult/690/15180/28.JPGВокны

Сяргей Каткоў навучыў мяне любіць вокны. Навучыў хутка, бо сам ставіў эцюднік каля падваконня і пісаў заваконныя мінскія краявіды. Разам з Катковым іх пісалі і мы — ягоныя вучні-школьнікі. Пазней я прачытаў, што і Марк Шагал любіў заваконныя краявіды: менавіта з пісання такога краявіда ён пачынаў жыццё ў новай кватэры. Захапляўся вокнамі і рускі жывапісец Мікалай Андронаў.

Шагал і Андронаў напісалі шмат каштоўных і значных палотнаў з заваконнымі матывамі, але сціплыя краявіды Сяргея Каткова мне даражэйшыя за творы сусветнай класікі, бо гэта частка майго жыцця, частка майго дзяцінства, частка мяне. Я падыходжу да карціны Сяргея Каткова са стадыёнам на вуліцы Кірава і вяртаюся ў дзяцінства, у нашу студыю ў Палацы школьнікаў.

Я чую дзіцячыя галасы. Чую і бачу нас — хлопчыкаў і дзяўчат з пэндзлямі ды фарбамі. Бачу Гену Лаўрэцкага і Рому Заслонава, бачу Жэню Кіралава і Волю Сазыкіну, бачу Мішу Пракоф’ева і Сашу Кішчанку, Юру Яўменава і Гену Хацкевіча, Элу Гаркунову і Ніку Махнач... Бачу тых, каго Сяргей Каткоў навучыў любіць самыя звычайныя вокны і зменлівыя заваконныя краявіды.

Навічок

У маім дзяцінстве было шмат Леніна. Ён быў паўсюль, нават на грошах. Здавалася, што ты і крок не зробіш, каб не сутыкнуцца з правадыром пралетарыяту. А вось у мастацкай студыі, якой кіраваў Сяргей Каткоў, Леніна не было.

Я заўважыў, што тамака няма Леніна, калі адзін новы навучэнец намаляваў дом, на сцяне якога вісела пано з чорна-чырвоным, вугальна-вогненным Уладзімірам Ільічом. Новы навучэнец маляваў кепска, Ленін у яго атрымаўся худы, крывы і смешны. Студыйцы ледзь стрымліваліся, каб не засмяяцца. Мы смяяліся б, каб не Сяргей Каткоў, які забараняў зневажаць навічкоў.

Таго навічка-ленінца зняважыла ягоная маці, калі вярнулася і пабачыла крывога і смешнага Леніна. “Ты што гэта робіш? Ты каго гэта малюеш? — жанчына ляснула свайму сыну даланёю па патыліцы. — Хто табе сказаў маляваць Леніна?” Пабіты хлопчык зарумзаў: “Мне... Мне сказалі маляваць... Сказалі намаляваць тое, што мяне моцна ўразіла. Мяне ўразіў дом з плакатам... Я намаляваў...”

На дапамогу навічку прыйшоў Сяргей Пятровіч Каткоў: “Выдатны малюнак. Проста цудоўны. Свежы. Востры. Ваш сын правільна выканаў маё заданне. Яго ўразіў дом і вялікі плакат. Ён намаляваў дом з плакатам. Намаляваў шыкоўна. За гэты малюнак я падару яму кітайскі пэндзлік...” Сяргей Пятровіч узнагародзіў навічка залацістым пэндзлікам. Навічок сыходзіў са студыі задаволены. Больш я ніколі не сустракаў таго аматара плакатаў і ягоную зласлівую маці з цяжкай рукою.

Вяровачка

/i/content/pi/cult/690/15180/26.JPGУ Сяргея Каткова ў портках замест рэменя была звычайная вяровачка, завязаная на акуратны банцік. На такіх вяровачках у мінскіх дварах вешалі сушыць бялізну. Каб хто з маіх знаёмых мужчын замест рэменя запраўляў у порткі вяровачку, я раней не бачыў. Была ў той вяровачцы надзвычайная, простасць, нетутэйшасць і рускасць. Думаю, падобнай вяровачкай мог падперазацца Леў Талстой ці Сяргей Ясенін. З маіх знаёмых мужчын вяровачкай замест рэменя карыстаўся толькі Сяргей Каткоў, таму яна і помніцца.

Вясна

Сяргей Каткоў захапляўся пісаннем з натуры. Выходзіў з палатном і эцюднікам яшчэ цёмным ранкам, а на сняданак вяртаўся з напісаным краявідам. У эцюдах Каткова шмат светласці, сонечнасці і лета. Ёсць на ягоных карцінах і адліжная зіма, і шматфарбная восень. Толькі я не памылюся, сказаўшы, што ўлюбёны час Каткова — вясна. “Нельга прапусціць вясну”, — нагадваў ён нам, сваім вучням, яшчэ ў лютаўскія маразы. “Трэба рыхтавацца да вясны. Трэба выходзіць на эцюды ў першыя цёплыя дні”.

Мы прыкноплівалі паперу на планшэты і хадзілі пісаць паводку на Свіслачы. Мы пісалі вербы над рэчкай з крыгамі. Пісалі сакавіцкае неба ў рачной вадзе. Мы вярталіся ў студыю з бруднымі чаравікамі поўнымі вясновай вады. Абмывалі абутак і сушылі яго на батарэі. Сяргей Каткоў хваліў не столькі нашы неахайныя акварэлькі, колькі нашу мужнасць і наш намер — не прапусціць вясну.

Тоўсты хлопчык

У студыю да Каткова яго прыводзіў бацька. Большасць з нас на заняткі да Сяргея Пятровіча прыходзілі самі, а гэтага таўстуна прыводзіў высокі хударлявы сівы тата. Таўстун побач з сівым таткам выглядаў на ягонага ўнука, а не на сына. З намі ён не размаўляў. Мы нават не ведалі, як яго імя, таўстун і таўстун. Ён любіў маляваць мора і караблі. Свае намаляваныя караблі таўстун упрыгожваў рознакаляровымі сцяжкамі. Каткоў хваліў таўстуна за сцяжкі.

Я крыху зайздросціў таўстуну, які бачыў і маляваў мора. Ён бачыў і маляваў караблі з каляровымі сцяжкамі. Я мора ніколі не бачыў, хіба што ў тэлевізары ды кіно, але тэлевізійнае і кіношнае мора мяне зусім не натхняла. Трэба сказаць, што ў нашай мінскай студыі шмат хто з дзяцей маляваў мора, але самае лепшае мора з караблямі атрымлівалася ў таўстуна, якога прыводзіў да нас сівы бацька.

/i/content/pi/cult/690/15180/27.JPGШарыкавая ручка

Са з’яўленнем у нашым побыце шарыкавай ручкі ў мяне звязана два здзіўленні. Першае — цяжка верылася ў аднаразовасць яе стрыжня. Здавалася, што яго — калі моцна пастарацца — можна будзе заправіць якім чарнілам. Другое маё здзіўленне — шарыкавай ручкай малюе Сяргей Каткоў. Малюе спакойна. Малюе без пераробак. Я бачыў як Сяргей Пятровіч Каткоў маляваў шарыкавай ручкай мінскія дамкі. Ён маляваў звычайны краявід з цаглянымі дамамі. Кожная рыса адразу клалася на сваё месца. Адразу захацелася паўтарыць прыклад настаўніка. Карцела самому маляваць празрыста, светла, дакладна і ўпэўнена. Гэта было настолькі ж цяжка, як і заправіць аднаразовы стрыжань. Але я не здаваўся, маляваў і маляваў.

Я і праз пяцьдзясят гадоў не здаюся — малюю і малюю. Бо добры прыклад настаўніка застаецца з табою на ўсё жыццё.

Трамваі

Мінск майго дзяцінства трамвайны. У самастойныя падарожжы я ездзіў на трамваях, бо танней. Паездка на трамваі каштавала тры капейкі, а на аўтобусе ці тралейбусе — чатыры. Адна капейка для малодшага школьніка — грошы, за якія можна набыць каробку з запалкамі ці выпіць шклянку газіраванай вады. Тагачасны горад я помню ўбачаным праз трамвайныя вокны. Ад вуліцы Чарнышэўскага я ездзіў да вуліцы Энгельса, дзе стаяў Палац школьнікаў. Ездзіў у студыю да мастака Сяргея Пятровіча Каткова. У трамваі я стараўся стаць каля вакна на задняй пляцоўцы, каб глядзець на бліскучыя рэйкі і зменлівыя краявіды, на вялікія вокны дзіцячага басейна, на інстытут фізкультуры, на вежу, што ўздымаецца над паліграфкамбінатам, на тралейбуснае дэпо, на жоўтасценны хладакамбінат і дзіцячы парк над павольнай рэчкай.

У студыю я — дысцыплінаваны вучань — прыязджаў раней за настаўніка. Разам са студыйцамі сядзеў на прыступках пад дзвярыма майстэрні і чакаў Каткова. Мне было прыемна сядзець пад жоўтымі лакіраванымі дзвярыма, побач з якімі вісеў мой малюнак з чырвонаскурым індзейцам-кап’яносцам, які стаяў на варце нашай любімай студыі. Сяргей Каткоў прыязджаў у Палац школьнікаў гэтаксама на трамваі. Ён ехаў з возера. Мяне радаваў той факт, што ў студыю і са студыі мы з настаўнікам ездзілі на жоўта-чырвоных грукатлівых трамваях. Я ездзіў на “адзінцы”, а ён на “пяцёрцы”. Пазней Мінск стаў для мяне тралейбусна-аўтобусным, потым — метрапалітэнным і таксовачным. Стаў ён чыгуначным і самалётным, але мой самы ўлюбёны Мінск — трамвайны, у якім я ездзіў на задняй пляцоўцы вагона ў студыю да Каткова.

Таленты

У студыі Сяргея Каткова ўсе вучні былі таленавітымі, а ўсе дзяўчаткі ў дадатак да сваёй таленавітасці мелі тытул прынцэсы. Сярод таленавітых вылучаліся яшчэ і геніяльныя дзеці.

Ніка Махнач геніяльна малявала леапардаў і казуль, тыграў і цыркавых коней. Лёгкай рукой Ніка магла паставіць на адной арэне ажно пяць наравістых жарэбчыкаў і аднаго святочна апранутага дрэсіроўшчыка. Юра Яўменаў геніяльна маляваў караблі, чаўны і брыганціны з напятымі ветразямі. Ён маляваў касмічныя караблі і касманаўтаў у шаравідных скафандрах. Міша Пракоф’еў мог усё, што бычыла яго ўважлівае брунатнае вока, перанесці на паперу.

Лёс так склаўся, што ў геніі нашай студыі я не патрапіў. Нават тытула прынца ў мяне не было. Давялося туды хадзіць звычайным таленавітым хлопчыкам.

Дзеці мастакоў

Палова студыйцаў у Сяргея Каткова былі дзецьмі мінскіх мастакоў. Сашуля Кішчанка прыходзіў і маляваў сваю мамачку. Рытачка Шчамялёва малявала танцулькі. Элачка Гаркунова яркімі фарбамі рабіла партрэты смяшлівых дзяўчатак, падобных да сябе. Жэнік Кірылаў здзіўляў усіх сваім бачаннем падводнага свету з сінімі рыбамі ды блакітнымі медузамі. Ромачка Заслонаў мог намаляваць цэлы духавы аркестар з трубамі, валторнамі і геліконам. Дзеці мастакоў малявалі не горш за студыйных геніяў і прынцэс.

Дзякуючы таму, што сталічныя мастакі давяралі Сяргею Каткову любімых сыноў і дачок, у нашай студыі было шмат фарбы і паперы, выдатныя гіпсавыя галовы і добрыя дошкі для малявання. Нам давалі аўтобус, каб мы ездзілі на эцюды і на пленэры ў Полацк, Хатынь і Лагойск.

Наша студыя была самай лепшай у Беларусі, бо там было шмат мастакоўскіх дзетак; а шмат мастакоўскіх дзетак у нашай студыі было таму, што яна была найлепшай у Беларусі. Можна было пра гэта і не казаць, але чаму не сказаць, калі ты ведаеш, што гэта стапрацэнтная праўда, і ніхто, акрамя цябе, пра яе не скажа.

Запіскі

Большасць маіх мінскіх раўналетак жыло ў кепскіх умовах. Жылі ў бараках, у прахадных пакоях камунальных кватэр, у аднапавярховых дамках, якія не сёння дык заўтра знясуць, у абы-як злепленых хрушчобах, у цёмных і вільготных двухпавярховіках. Таму мамкам маіх раўналетак хацелася, каб іх дзеці хадзілі ў Палацы для школьнікаў. Там светла, чыста і ўрачыста. Там вучаць любіць прыгажосць і рабіць дабро.

Такой была маці Мішы Пракоф’ева. Яна вадзіла сына ў студыю да Каткова. Міша фенаменальна маляваў. Яго хвалілі. Ягоныя малюнкі друкаваліся ў часопісах і кнігах. Яны выстаўляліся ў розных краінах. Мішу гэта не хвалявала зусім. Ён любіў рэчку. Любіў бязмэтна бадзяцца па Мінску. Любіў сядзець у кінатэатры па тры сеансы ўзапар. Таму Міша Пракоф’еў прагульваў студыю. Казаў маці, што ідзе да Сяргея Пятровіча, а сам бег на рэчку пускаць караблікі, выразаныя з сасновай кары.

Маці паскардзілася на сына Сяргею Пятровічу. Тады і прыдумаліся запіскі. Маці давала сыну запіску “Выйшаў з дому ў 8:00”. Міша мусіў паказаць запіску Каткову, і той пісаў на паперцы: “Выйшаў са студыі ў 13:00”.

Нейкі час запіскі працавалі, але нядоўга. Міша кінуў маляванне. Рэчка, вуліца і кінатэатры перамаглі Палац школьнікаў. Шкада, бо талент у Мішы Пракоф’ева быў вялікі, і, акрамя таленту маляваць, ніякіх іншых здольнасцяў у хлопца не знайшлося. Ну, хіба ён яшчэ пераканаўча хлусіў, падманваў так, што мы яму верылі.

Рост

У Сяргея Каткова быў напалеонаўскі рост. Кажучы проста, ён быў маленькі. Ніякіх напалеонаўскіх планаў у яго не было. Як для мяне — ён мірны чалавек, які любіў дзяцей і мастацтва. З-за свайго росту ён быў нам, студыйцам, бліжэй за ўсіх астатніх дарослых — вялізных, мажных і высозных. Здавалася, што Каткоў ставіцца да нас як да роўных. Мы яму верылі, мы яго любілі і слухаліся, не раўнуючы так некалі французскія салдаты слухаліся свайго Напалеона.

Адам ГЛОБУС,
мастак і літаратар