А вось пра мову чамусьці забылі…

№ 18 (1353) 05.05.2018 - 11.05.2018 г

З 22 па 28 красавіка група кіраўнікоў беларускіх аматарскіх калектываў мастацкай творчасці з Арменіі, Італіі, Літвы, Латвіі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны і Эстоніі праходзіла творчую стажыроўку на базе сталічных і раённых устаноў культуры і адукацыі Беларусі. Стажыроўка была арганізавана Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур у адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2016–2020 гг.. Падчас азнаямляльна-творчай паездкі нашых суайчыннікаў у Рагачоў да іх далучылася і “К”.

/i/content/pi/cult/690/15178/23.JPGРагачоўшчына для гэтай паездкі была абрана невыпадкова. Край цудоўнай беларускай прыроды на беразе велічнага Дняпра, край, які даў Беларусі нямала выдатных дзеячаў культуры і мастацтва. А ўвогуле, для многіх Рагачоў назаўсёды павязаны з імем Уладзіміра Караткевіча, які тут часцяком бываў, паляваў, рыбачыў і — пісаў… Хто ж з беларусаў не памятае няўрымслівага рагачоўца Гервасія Выліваху з неўміручай “Ладдзі роспачы”?

Акрамя таго, мяне цікавіла паездка ў Рагачоў і як дыялектолага: хацелася на свае вушы пачуць жывое беларускае слова — вясковае, сакавітае, аўтэнтычнае. Справа ў тым, што менавіта тут, на Рагачоўшчыне, праходзіць паласа сярэднебеларускіх гаворак, якія сталіся калісьці вызначальнымі для нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Да таго ж, дасюль у маўленні мясцовых жыхароў айчынныя дыялектолагі знаходзяць архаічныя рысы, якія захаваліся тут яшчэ з часоў агульнаўсходнеславянскай еднасці. Хацелася гэтае старажытнае слова не толькі пачуць, але і занатаваць у сшытак ці запісаць на дыктафон. Праўда, сваёй мэты я так і не дасягнуў. Але пра ўсё па парадку.

Дзе вашы смартфоны?

/i/content/pi/cult/690/15178/24.JPGДарога да Рагачова і назад здалася мне не такой ужо і далёкай. Аўтобус, у якім мы ехалі, поўніўся штохвіліны размовамі і абмеркаваннямі ўбачанага і пачутага.

Першымі сваімі ўражаннямі госці пачалі дзяліцца пасля заканчэння невялікай канцэртнай праграмы ў Рагачоўскім гарадскім доме культуры. Падчас выступлення Заслужанага аматарскага калектыву Беларусі ансамбля “Добры вечар”, узорнага ансамбля танца “Медуніца” і артыстаў мясцовага народнага тэатра літаральна ўсе смартфоны гасцей былі паднятыя ўгару. Можна сказаць, што запіс невялікага канцэрта ішоў фактычна ў рэжыме “нон-стоп”, прычым, некаторыя з гасцей адразу дзяліліся адзнятым у сацыяльных сетках і атрымлівалі дзясяткі “лайкаў” і ўхвальных каментарыяў.

— Хочацца не толькі запісаць усё на свой тэлефон, але і ўзяць запіс гэтага канцэрта ў арганізатараў. А яшчэ “мінусоўкі” ды любыя іншыя аўдыя- і відэаматэрыялы, якія могуць спатрэбіцца мне ў рабоце, — кажа актывістка беларускай суполкі Арменіі Ірына Локіс. — Справа ў тым, што ў нас у Ерэване ёсць свой невялічкі, на 7 чалавек, ансамбль “Народныя карані”, і некаторыя з прадстаўленых рагачоўцамі канцэртных нумароў, думаю, будуць даспадобы гасцям беларускіх імпрэз, якія мы ладзім сіламі сваёй суполкі ў сталіцы Арменіі.

Цікава, што з 2001 года пры суполцы дзейнічае нядзельная школа, у якой дзяцей навучаюць беларускай мове, расказваюць пра гісторыю і культуру Беларусі. Па словах Ірыны Локіс, ёй вельмі хацелася б, каб навучалі таксама і тым шматлікім народным рамёствам, якія прадэманстравалі беларусам замежжа супрацоўнікі Стрэнькаўскага Цэнтра рамёстваў: ад стварэння
абярэгавай лялькі да вырабу гліняных збанкоў.

Згушчонка = культура?

Але заезд у Стрэнькі адбыўся напрыканцы гэтага насычанага падзеямі дня. Спачатку ж быў візіт на Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, які славуты не толькі сваёй згушчонкай, але і сваім ведамасным Цэнтрам культуры.

“Ахам” і “вохам” гасцей сапраўды не было ліку, калі яны завіталі ў яго залы. Імпазантны дэкор інтэр’ераў Цэнтра, глядзельная зала больш чым на 200 месцаў, 15 тысяч кніг у тутэйшай бібліятэцы — і, натуральна, Зала працоўнай славы, дзе прадстаўлены ўсе асноўныя вехі з жыцця прадпрыемства, шматлікія фотаздымкі і матэрыялы пра яго супрацоўнікаў — як былых, так і сённяшніх.

— У нас у Тарту я такога не сустракала, — падзялілася сваімі ўражаннямі член беларускай суполкі “Спадкі” з гэтага эстонскага горада Ірына Каламіец. — Так што Беларусь мяне сапраўды па-добраму ўразіла. Абавязкова раскажу пра ўсё, што пабачыла тут, сваім калегам — актывістам суполкі. Нас, праўда, пакуль не так многа — усяго сем чалавек, — але мы хоць і нядаўна “нарадзіліся” (рэгістрацыя суполкі адбылася год таму), ды ўсё адно вельмі актыўныя. Ужо ўдзельнічалі ў ІІІ фестывалі беларусаў свету, супрацоўнічаем з кіраўніком таварыства “Сябры” з Нарвы Людмілай Аннус, ладзім розныя мерапрыемствы… Так што ў Беларусі вы мяне яшчэ абавязкова пабачыце, абяцаю!

Прыклад сацыяльнай адказнасці бізнесу з боку рагачоўскага камбіната сапраўды ўражвае як замежнікаў, так і мясцовых жыхароў. Бо не сакрэт, што сёння, у нялёгкіх эканамічных умовах, любому, нават самаму паспяховаму прадпрыемству ўтрымліваць культурныя цэнтры на сваім балансе бывае досыць складана — і, скажам шчыра, абсалютна нявыгадна. І тое, што кіраўніцтва Рагачоўскага МКК знайшло сродкі на рамонт Цэнтра, што клапоціцца пра культурны складнік жыцця сваіх супрацоўнікаў — дарагога каштуе.

Было б добра пабачыць такія ці падобныя да такіх установы культуры на балансе іншых айчынных буйных прадпрыемстваў не толькі ў Рагачове, але ў Пінску, Глыбокім, Скідзелі ды шмат дзе яшчэ... Глядзіш, канкурэнцыя паміж ведамаснымі і дзяржаўнымі арганізацыямі сферы ўзняла б мясцовую культуру на нечуваны раней узровень. Мары, скажаце вы? Але ж марыць не забаронена…

“Калінка” — беларуская?

Пасля калектыўнага фотаздымка каля агромністай банкі згушчонкі наш аўтобус выправіўся на сяло. Дарогай мне не раз думалася, што зараз, на вёсцы, я змагу нарэшце пачуць сакавітае беларускае слова.

Так, менавіта ім сустракалі гасцей у Забораўскім сельскім доме культуры. Спевы па-беларуску, праўда, гучалі на ганку ўстановы. А вось унутры, у саміх памяшканнях СДК, калі гасцям дэманстравалі экалагічны музей “Тайны лекавых раслін”, экскурсавод тлумачыў гаючыя ўласцівасці разнатраўя чамусьці толькі па-руску. Ды і подпісы да шматлікіх экспанатаў таксама былі зроблены не на беларускай мове ці мясцовай, цікавай ды адметнай дыялектнай гаворцы, а зноў-такі на рускай. Таму мае мары пачуць што-нішто “па-мясцоваму” так і засталіся няспраўджанымі.

Дарэчы, такі ці падобны сцэнарый быў вытрыманы мясцовымі работнікамі сферы культуры і ў іншых вёсках раёна, якія мы наведалі цягам дня. Напрыклад, супрацоўнікі Стрэнькаўскага цэнтра рамёстваў зладзілі для гасцей на сакавітай беларускай (і, нават, як пачулася майму прафесійна-дыялекталагічнаму вуху, з дамешкам мясцовых гаворак) мове сапраўды шыкоўны абрад, дзе былі задзейнічаны “малады” (з ліку прыезджых) і “маладая” (з ліку супрацоўнікаў Цэнтра).

Падчас абраду “маладому” трэба было “паказаць” сябе з выгоднага боку: скажам, перапілаваць бервяно пілой, натачыць сякеру, раскалоць ёй дровы на падпал — усё для таго, каб заслужыць права ўвайсці ў Цэнтр рамёстваў пад руку з сваёй “маладой”. Дзея ладзілася са смехам і жартамі і сталася сапраўды запамінальнай. Зноў у руках прыезджых “стракаталі” смартфоны і фотаапараты.

А пасля была экскурсія па гэтай унікальнай і самабытнай установе, пра якую “К” ужо шматкроць пісала — і, як можна здагадацца, зноў тлумачэнні даваліся на рускай мове. Такімі ж рускамоўнымі былі і расповед пра стварэнне абрадавай лялькі, і майстар-клас па вырабе прадметаў з гліны… Мажліва, рагачоўцы перажывалі, што беларусы замежжа не надта добра валодаюць беларускай мовай, і выкарыстоўвалі рускую ў якасці дапаможнага сродку міжнацыянальных зносін? Можа і так. Але я сам на свае вушы не раз чуў просьбы замежных кіраўнікоў аматарскіх калектываў размаўляць з імі па-беларуску, спяваць песні на беларускай… Праўда, пажаданні гэтыя так чамусьці і не былі пачутыя.

Між тым, не сакрэт, што беларуская аўтэнтыка, самабытныя народныя рамёствы і вырабы, якімі і заваблівалі гасцей рагачоўцы, не могуць жыць без свайго натуральнага апірышча і гаючай крыніцы — роднай мовы. Дэманстраваць свае здабыткі беларусам, якія аказаліся далёка за межамі краіны і цяпер прыязджаюць сюды фактычна за глытком гэтай “жывой” вады ў выглядзе абрадаў, звычаяў, беларускай мовы і культуры, — ці не ёсць гэта нонсэнсам і непавагай да свайго каранёвага, спрадвечнага, таго, што і адрознівае нас, беларусаў, як нацыю ад іншых народаў свету?

Фінальнай кропкай у гэтай паездцы стаўся выступ узорнага ансамбля танца “Медуніца” пры дзіцячай школе мастацтваў у вёсцы Побалава, якую мы наведалі напрыканцы дня. Выканаўшы некаторыя беларускія народныя танцы, удзельнікі калектыву пачалі дэманстраваць і іншыя танцавальныя нумары, якія даўно склалі гонар суседняму з беларусамі, народу, — напрыклад, рускі фальклорны танец “Калінка”…

Рагачоўскаму раёну ў плане культуры ёсць чым ганарыцца. І ганарыцца заслужана. Гэта і праца па захаванні народных рамёстваў, і шматлікія замежныя гранты, лік якіх перайшоў ужо за дзясятак і якія прынеслі ў пазабюджэтную скарбонку аддзела каля 500 тысяч еўра, і новыя крэатыўныя знаходкі кшталту “Свята мёду” ці “Музея лекавых раслін”, і маштабны рэгіянальны фестываль мастацтваў “Зоры над Дняпром” ды многія іншыя культурныя дзеі і акцыі, пра якія “К” будзе не раз яшчэ пісаць.

Іншая справа, што пры ўсіх гэтых напрацоўках, да якіх звяртаюцца і будуць звяртацца работнікі культуры з іншых рэгіёнаў Беларусі, было б няблага ўсё ж да дробязей прадумваць сцэнарый таго ці іншага мерапрыемства, на якое прыязджаюць госці з-за мяжы. Не ўлічаная рагачоўцамі родная мова, можа, для кагосьці і не была “парушынкай” у воку ці “стрэмкай” у пальцы. Але некаторым гасцям, як яны прызнаваліся мне неаднойчы, вельмі шчаміла на сэрцы, што рускай мовы падчас наведвання ўстаноў культуры Рагачоўшчыны — ды і Мінска — яны пачулі значна больш, чым беларускай.

Шчаміла, дарэчы, і мне — і як дыялектолагу, і як журналісту беларускамоўнай рэспубліканскай газеты з назвай “Культура”. Не ведаю, ці перадаецца гэтае шчымлівае пачуццё паветраным шляхам. А іначай як яго яшчэ перадаць работнікам сферы культуры Рагачоўшчыны — ды і многіх іншых куткоў Беларусі?

Мінск — Рагачоўскі раён — Мінск
Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"