Раны і маўчанне сцен

№ 18 (1353) 05.05.2018 - 11.05.2018 г

Як памяць пра Другую сусветную вайну захоўваецца ў Варшаве, Берліне, Будапешце і Бухарэсце? Жаданне параўнаць практыкі мемарыялізацыі тых падзей у суседніх краінах падштурхнула студэнтаў і выпускнікоў Варшаўскага ўніверсітэта правесці даследаванне “Гарады памяці”. Перакананы, што сёе-тое з убачанага будзе цікавым і для нас.

Варшава: сляды ад куль

/i/content/pi/cult/690/15170/12.jpgШпацыруючы па вуліцах Варшавы, ты раз-пораз бачыш сляды Другой сусветнай на ўласныя вочы. Найперш гэта выбоіны ад куль і снарадаў на сценах дамоў, якія не сціраюцца з твару горада. Выразныя сколы мармуру відаць нават на Калоне Жыгімонта Вазы XVII стагоддзя: у гэтым раёне варшаўскія паўстанцы вялі ў канцы лета 1944 года зацятае змаганне з немцамі. Сама калона была нацыстамі ўзарвана, і сёння рэшткі ляжаць побач з памятнай дошкай аб знішчэнні. Новая была ўсталявана ў 1949 годзе, падчас кіравання Баляслава Берута, пра што паведамляе яшчэ адна памятная дошка, захаваная з савецкіх часоў. На Прэзідэнцкім (былым Радзівілаўскім) палацы ацалела старая шыльда з назвай размешчанага побач сквера Адама Міцкевіча. І на ёй — таксама сляды ад куль.

На будынку даваеннай Дырэкцыі дзяржаўных чыгунак на пляцы Віленьскім сляды ад артылерыйскіх снарадаў на фасадзе захавалі падчас рэстаўрацыі 2015 года і змясцілі пад шкло. Побач — памятны надпіс, які паведамляе, што тут 10 — 14 верасня 1944 года адбывалася бітва за Віленскі вакзал.

У 1945 — 2011 гадах побач стаяў помнік Братэрства па зброі, які ўвекавечваў савецкіх салдат, што вызвалялі Варшаву. Аднак гарадскія ўлады дэмантавалі яго падчас будаўніцтва станцыі метро “Двожац Віленьскі”. Было прынята рашэнне, што на ранейшае месца манумент не вернецца. Хаця многія жыхары Варшавы, як сведчыла апытанне грамадскай думкі, лічылі, што яго варта аднавіць.

Зрэшты, манументальны комплекс на савецкіх ваенных могілках у польскай сталіцы, дзе пахаваны 21 468 воінаў 1-га Беларускага фронту, даглядаецца належным чынам.

Адразу пасля вызвалення сталіцы Польшчы ад немцаў з’явілася шмат “стыхійных” помнікаў — перш за ўсё на магілах ахвяр генацыду. Па сутнасці ўся Варшава была вялікімі могілкамі. У 1949 годзе скульптар Караль Тхорак распрацаваў праект тыпавой мемарыяльнай дошкі, якой можна было б адзначыць усе магчымыя месцы
знішчэння людзей падчас акупацыі. Сілуэт памятнага знака просты: мальтыйскі крыж і надпіс (з варыяцыямі): “Месца асвячонае кроўю палякаў, якія загінулі за свабоду
Бацькаўшчыны”. Ніжэй змяшчаецца інфармацыя пра колькасць людзей, забітых гітлераўцамі ў тым ці іншым канкрэтным месцы.

Апошняя такая дошка была ўстаноўлена ў 1994 годзе. У 1979 годзе ў Варшаве іх налічвалася 448! На жаль, падчас рамонту будынкаў і мадэрнізацыі вуліц многія страчваюцца. Таму ў 2013-м іх засталося ўсяго 160.

У часы сацыялізму былі ўстаноўлены таксама памятныя дошкі пра змаганне на вуліцах Варшавы падпольшчыкаў з арганізацый, блізкіх да камуністаў. Яны яшчэ застаюцца на будынках.

У надпісах на Магіле невядомага салдата, што на пляцы Пілсудскага, увекавечаны бадай усе асноўныя бітвы Другой сусветнай вайны, у якіх удзельнічалі палякі: ад баёў пад вёскай Леніна ў Горацкім раёне да штурму нямецкай крэпасці Монтэ-Касіна ў Італіі. Трэба адзначыць, што ва ўсіх гэтых баталіях прымалі ўдзел ураджэнцы Беларусі.

У Музеі польскіх яўрэяў “Полін”, дзе шмат увагі прысвечана трагічным падзеям апошняй сусветнай вайны, летась пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Польшчы з’явіліся аўдыягіды на беларускай мове.

Сёлета 19 красавіка адзначалася 75-я гадавіна паўстання ў Варшаўскім гета. Апоўдні па ўсім горадзе завылі сірэны. У трамваях былі расклеены плакаты з інфармацыяй пра герояў паўстання. Многія жыхары горада начапілі сабе на адзенне жоўтыя папяровыя кветкі — адсылку да зоркі Давіда, з якой яўрэі мусілі хадзіць па гета, пакуль іх там не знішчылі гітлераўцы.

/i/content/pi/cult/690/15170/13.jpgБерлін: камяні спатыкнення

Менавіта тэма Халакоста найбольш выразна адлюстравана ў гарадской прасторы сталіцы Германіі. Гэта не толькі асобныя помнікі. Гэта яшчэ камяні ў бруку або асфальце з імёнамі замардаваных яўрэяў і ўдзельнікаў руху Супраціўлення. Ініцыятыва ўстаноўкі такіх “камянёў спатыкнення” (па-нямецку Stolpersteine) належыць мастаку Гунтэру Дэмнігу. У Берліне іх ужо каля васьмі тысяч!

Матывам пакаяння прасякнуты і музей “Тапаграфія тэрору”, дзе расказваецца пра сутнасць палітыкі нацыстаў і ўвекавечваецца памяць ахвяр таго рэжыму. Месца для экспазіцыі выбрана невыпадковае: тут раней была турма гестапа. Яе сутарэнні, адкрытыя падчас раскопак, уключаны ў экспазіцыю.

Будапешт і Бухарэст: маўчанне нашчадкаў

У варшаўскіх маладых даследчыкаў, якія наведалі сталіцы Венгрыі і Румыніі, склаліся супярэчлівыя ўражанні ад таго, як там успрымаюць падзеі Другой сусветнай вайны.

У Будапешце на плошчы Свабоды адначасова стаяць помнікі савецкім салдатам, дыктатару Хорці — саюзніку Гітлера, амерыканскаму прэзідэнту Рэйгану, ахвярам Халакоста… У былой сядзібе фашысцкай партыі, а затым тайнай паліцыі часоў сацыялізму адкрыты музей “Дом тэрору”.

Польскія студэнты адзначылі, што ў прасторы Будапешта не акцэнтаваны саўдзел венграў у забойстве мясцовых яўрэяў. Акцэнт робіцца на акупацыі Венгрыі Германіяй у сакавіку 1944 года. У той самы час — ніякіх згадак пра ўдзел Венгрыі ў ваенных дзеяннях на баку нацысцкай Германіі з 1941 года — у тым ліку і на тэрыторыі СССР.

У Бухарэсце няма помнікаў падзеям Другой сусветнай вайны. Увогуле, тут мала выкарыстоўваюць гэты тэрмін, замяняючы яго эўфемізмам “1940-я гады”. Чаму? Магчыма, таму, што Румынія, будучы саюзнікам нацысцкай Германіі, прайграла вайну, страціўшы канчаткова Бесарабію — сучасную Малдову. З таго часу ў грамадстве заўсёды існавала пэўная катэгорыя людзей, якія прагнулі рэваншу. Варшаўскія студэнты знаходзілі на мурах дамоў у Бухарэсце графіці ў гонар дзеячаў “1940-х гадоў”, якія імкнуліся стварыць “Вялікую Румынію” ў саюзе з Гітлерам. Адзін з іх — дыктатар Антанэску, адказны за знішчэнне мясцовых яўрэяў. Але для кагосьці ён… нацыянальны герой.

Даследаванне засведчыла, што яшчэ не ўсе старонкі той вайны аднолькава ўспрымаюцца ў еўрапейскім соцыуме. Калі Польшча была яе ахвярай, то Венгрыя і Румынія ўдзельнічалі нейкі час у баях на баку Гітлера. Гэта і сёння адбіваецца на настроях у грамадстве.

Варшаўскія маладыя даследчыкі паспрабавалі сістэматызаваць сабраную інфармацыю, і ў выніку сфармулявалі тры падыходы да адлюстравання падзей вайны ў музеях і мемарыяльных комплексах краін Цэнтральнай Еўропы. Першы — мартыралагічны, мэта якога ўвекавечыць ахвяр. Другі — гераічны: адзначыць подзвігі ўдзельнікаў вайны. Трэці — пачуццё віны і пакаянне за злачынствы.

У Беларусі ёсць свае традыцыі мемарыялізацыі месцаў, звязаных з падзеямі Другой сусветнай вайны. Аднак пры гэтым вопыт Варшавы і Берліна мог бы даць новы імпульс для працягу работы па ўвекавечванні герояў і ахвяр тых страшных часоў.

Віктар КОРБУТ

Фота аўтара