Беларусь святочная

№ 26 (844) 28.06.2008 - 04.07.2008 г

Кожны раён, кожнае мястэчка і кожная вёска Беларусі рыхтуюцца да святкаванняў Дня Незалежнасці. Урачыстыя сходы і канцэрты распачынаюцца 2 ліпеня. Самымі разнастайнымі мерапрыемствамі насычаны ўсе выхадныя. А завершацца яны Купаллем. Святы дзяржаўныя — святы народныя...

Брэстчына
Рытмы маладосці

У Дзень Незалежнасці абласны цэнтр ладзіць VI Абласны фестываль эстраднай песні “Рытмы маладосці”. У ім бяруць удзел больш за 300 выканаўцаў з усіх куткоў Брэстчыны.

Мясцовая тэлерадыёкампанія праводзіць конкурс “Лепшы DJ”.

Ва ўсіх раёнах і аграгарадках з 3 па 6 ліпеня не спыняецца феерверк святочных мерапрыемстваў.

 
Віцебшчына
Дзеці намалююць Радзіму

Апрача мітынгу-рэквіема, канцэрта мастацкай самадзейнасці і літаратурнай гадзіны “Мая Бацькаўшчына — мая Беларусь”, што запланаваны ў Міёрах, пройдзе і конкурс-выстаўка дзіцячых малюнкаў “О край родны, край прыгожы”, да якога рыхтуецца Дзісненская гарпасялковая бібліятэка.

Раённы гісторыка-краязнаўчы музей у Бешанковічах адкрые фотавыстаўку “Помнікі і памятныя месцы, звязаныя з падзеямі 1944 года”. А ў Лепелі распачнецца Свята кветак.

Талачын — юбіляр, гэтымі днямі ён будзе святкаваць не толькі Дзень Незалежнасці, але і ўласнае 575-годдзе.

 
Гомельшчына
Традыцыйная “Дружба”

Агульнадзяржаўныя мерапрыемствы распачынаюцца ў вобласці традыцыйным фестывалем “Дружба”. У Добрушскім раёне, на месцы, дзе злучаюцца славянскія краіны, збяруцца беларусы, расіяне і ўкраінцы: узгадаюць мінулую вайну, ушануюць подзвіг воінаў-вызваліцеляў, спяюць гімн сяброўству...

Мітынгі, шэсці, тэатралізаваныя дзеі і канцэрты пройдуць у кожным населенным пункце Гомельшчыны.

 
Гродзеншчына
“Беларусы” ў Лідзе

Тэатралізаванае свята “Зямля пад белымі крыламі” пройдзе ў Ашмянах. Шчучын рыхтуе праграму “Квітней, мая Беларусь!”.

А ў Лідзе 3 ліпеня выступае вакальны ансамбль “Беларусы”. Масты адзначаюць Дзень Незалежнасці культурна-спартыўнымі мерапрыемствамі, маладзёжнай дыскатэкай і феерверкам, а ў Іўі чакаюць “Песняроў”. Ваўкавыск ладзіць мітынг “Ганарымся, што мы — беларусы!”, у Бераставіцы адкрываецца летняя канцэртна-танцавальная пляцоўка.

 
Магілёўшчына
Адкрываецца ратуша

2 ліпеня ў Магілёве запланаваны канцэрт “У коле сяброў” з удзелам аркестраў рускіх народных інструментаў “Ясная Паляна” (Тула) і народных інструментаў пад кіраўніцтвам Л.Іванова (Магілёў).

3 ліпеня ў Мемарыяльным комплексе “Буйніцкае поле” запланаваны тэатралізаваны мітынг “Табе мой горад, прысвячаю”, прымеркаваны да 64-й гадавіны вызвалення абласнога цэнтра ад фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

А ў Магілёве ўрачыста адкрываецца гарадская ратуша. Тут пройдзе цырымонія ўручэння штогадовай прэміі Магілёўскага гарвыканкама “Дасягненне”. У скверы 40-годдзя Перамогі да ночы будзе доўжыцца тэатралізаванае свята “Мой чароўны Магілёў”.

 
Міншчына
Чакае “Горад майстроў”

У Бярэзінскім раёне пасля мітынгу і канцэрта ўсіх удзельнікаў свята чакае кірмаш “Горад майстроў”. Аналагічны кірмаш парадуе аматараў народнай творчасці і на Валожыншчыне. Дзень Незалежнасці супадзе са святочнымі мерапрыемствамі з нагоды 785-годдзя Нясвіжа.

Урачысты мітынг і ўскладанне кветак да мемарыяла “Курган Славы” пройдуць у Смалявіцкім раёне.

 

Ул. інф.